Несалодкая жанчына

Несалодкая жанчына

Мінулы год у Беларусі быў “яблычным”. Прынамсі, у нашым садзе ўсе дрэвы былі абсыпаны пладамі. З канца ліпеня ранняспелыя гатункі пачалі ападаць і, па меры іх назапашвання, перапрацоўваліся.

Саспелыя восеньскія яблыкі мы знялі з дрэў у кастрычніку і, змясціўшы ў неглыбокія драўляныя скрыні, апусцілі ў падвал.

Ёмісты дыхтоўны склеп, зроблены бацькам нашага вялікага сямейства ў шасцідзесятых гадах мінулага стагоддзя, ідэальна прыстасаваны для захоўвання гародніны і садавіны, а таксама для саленняў, варэнняў і іншых нарыхтовак на зіму.

Пасартаваныя па ступені лёжкасці (здольнасці вытрымаць доўгае захоўванне), яблыкі захоўваліся на халодным бетонным выступе склепа. Сістэматычна я пераглядала іх, выдаляючы плады з прыкметамі загнівання; самыя ўстойлівыя да псавання праляжалі ў сховішчы да канца траўня.

Чаго граху ўтойваць: яблыкі, якія захаваліся, “састарэлі”. Медыкі ацанілі б стан плада, які праляжаў у склепе восем месяцаў, як абязводжанне: зніжаны тургар (напружаны стан абалонак жывых клетак) скуры (лупіны) і выражаныя “маршчыны”.
 
Выгляд леташняга фрукта выклікаў асацыяцыі з печаным яблыкам, аднак смакавыя якасці плада не змяніліся.

Бясконцая пераборка-сартаванне яблыкаў леташняга ўраджая некалькі стаміла мяне. У бягучым годзе падчас цвіцення пладовых дрэў я абышла сад і задавалена адзначыла, што толькі на трох-чатырох яблынях будзе садавіна.

Зялёная спачатку завязь да канца ліпеня налілася сокам, ператварыўшыся ў румяныя яблыкі; у жніўні плады пачалі патроху падаць.

Муж збіраў яблыкі, якія ўпалі на землю, выкідваў гнілыя, а плады без прыкмет пашкоджання  прыносіў да дома і ставіў на бачнае месца. Глядзі, маўляў, якое дабро прападае!

На “яблычны” перыяд часу ў мяне даўно склаўся пэўны алгарытм хатняй працы. Справіўшыся з самымі неадкладнымі справамі, я бралася за сартаванне яблыкаў. Размясціўшыся на зручнай лаўцы ў двары, лепшыя плады я адкладвала на ежу, а іншую палову перапрацоўвала, разразаючы на часцінкі – на сушку ці для вырабу варэння.

Вось і ў той раз, абставіўшыся каструлямі і вёдрамі, я прыступіла да перапрацоўкі пладоў. Літаральна з першай жа хвіліны аб’явіліся “памагатыя” – восы. Яны гудзелі і кружыліся над ёмістасцямі з зыходным матэрыялам, яблычнымі адходамі і “гатовай прадукцыяй”.

– Не, мусіць трэба ісці дадому, – падумала я, назіраючы за дзясяткам перапончатакрылых насякомых. – А наогул, лянота: перанось усё гэта “багацце” на кухню, размяшчайся там, колькі часу зойме! Не, не пайду, можа, не паквапяцца на мяне!

Паспяхова перабраўшы яблыкі, пабачыла яшчэ адзін невялікі кошык, які стаяў асабняком.

– Тут трыху засталося, хутка скончу, – вырашыла я, высыпаючы ў вядро з вадой рэшткі пладоў. Прамыўшы іх, узялася за апрацоўку першага з гэтай партыі яблыка; наўпрост з-пад нажа паспела выляцець аса.

– Адкуль узялася казурка ў яблыку, якое было пагружана ў ваду? – здзівілася я.
Зірнуўшы на змесціва невялікага вядра, уразілася: на паверхні вады боўталася сем восаў!

Я ўспомніла нядаўні выпадак вызвалення з вады непрыязнага да чалавека насякомага, калі “неўдзячная” казурка адказала “выратавальніцы” хваравітым укусам.

З асцярогай я пацягнулася за яблыкам, акружаным “вадаплаўнымі” восамі. Узяўшы ў руку плод, уважліва яго разглядзела. У адным месцы цэласнасць лупіны фрукта была парушана, а мякаць плада выедзена; аса, якая знаходзілася ў яблычнай “хатцы”,  была занятая паглытаннем салодкіх валокнаў.

– Дык вось чаму пад дрэвам так шмат гнілых пладоў! Казуркі надкусяць фрукт і пакідаюць у ім дзірку – вароты пранікнення ў плод сумчатых грыбоў, якія выклікаюць развіццё маніліёзу, пладовай гнілі яблыні, – сцяміла я.
 
Восы былі ўжо ўсюды: кружылі вакол мяне, плавалі ў вядры з яблыкамі, спрабавалі сесці на лустачкі пладоў і лязо нажа …

Розумом я разумела, што некалькі ўкусаў казурак у вобласць галавы могуць прывесці да дрэнна прагназуемых вынікаў. Аднак пакінуць працу не магла: ўва мне прачнулася адчайная авантурыстка: уджаляць ці не?

 Мая рызыкоўная задума мела даўнюю гістрыю: раней, у любой кампаніі, восы менавіта мяне выбіралі ў якасці ахвяры.

Сябры жартавалі:

– Ну, калі цябе ўвесь час кусаюць восы, значыць ты – салодкая жанчына!
У гэты раз восы зусім не цікавіліся маёй асобай, аддаючы перавагу салодкім і сакавітым яблыкам.

На наступны дзень у тэлефоннай размове са Святланай Андрэеўнай Крэк я пацікавілася яе здароўем. Старшыня ветэранскай арганізацыі пасёлка, захавальнік гісторыі сучасных Целяхан, коратка распавяла аб самаадчуванні і паскардзілася на асу, якая, забраўшыся ў хатні абутак, укусіла яго ўладальніцу за вялікі палец нагі.

– Мусіць, вырашыла, што гэта яе жыллё, вось і “адпомсціла” мне, “захопніцы”, –  пажартавала суразмоўца.

– Не, прычына ў іншым: яна адчула ў Вас салодкую жанчыну, – суцешыла я пацярпелую.

Пра тое, што ні адна з амаль дваццаці восаў, якія “прымалі ўдзел” у пераборцы яблыкаў, не паквапілася на мяне, я далікатна змаўчала.

Несалодкая жанчына …


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Еще раз прочитала с не меньшим интересом.
Сколько забот и хлопот доставляет собирание и переработка фруктов.
Думаю, осы в этот период сытые от еды сладких яблок, поэтому они
добрыми и равнодушными становятся к людям, которые совсем не сладкие.
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   09.09.2023 07:13     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Сердечно благодарю за отзыв!

Слава Богу, "осиные" яблоки уже закончились, а другие, позднеспелые сорта, не вызывают у насекомых такого интереса, как к наливным сладким.

Так что, можно немного отдохнуть и от яблок, и от ос.

С улыбкой и теплом.

Нелли Фурс   09.09.2023 11:24   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.