Раздзел 19. 09-11-2024
Як гэта крохка – думкі, выведзеныя на аркушы ад рукі. Няпроста паверыць, што ім па сілах адолець бог ведае колькі кіламетраў і ўсё-ткі быць прачытанымі тым самым чалавекам. Хто чакаў ды чакаў, лунаў у спадзевах, упрошваў паспяшацца, асыпаў праклёнамі, занураўся ў журбу, прывыкаў існаваць пры пачуццёвым штылі, ізноў запальваўся марай – і так па коле. Спасцігаў усю амплітуду разбоўтанага душэўнага стану, каб разгарнуць мяты трохкутнік і ўчытацца ў радкі – бледную замену голасу. Пісьменныя або не вельмі. Накрэмзаныя спехам або абдуманыя, узважаныя. Словы, ад якіх лагодна зацінае ў грудзях або выбухае абурэнне напалам з жаданнем схапіць чыстую паперчыну і абрынуць на далёкага суразмоўцу град натацый.
Яны паляцяць у зваротным кірунку – і шматкроп’і, і гнеўныя клічнікі. Новая хваля невядомасці: дойдуць ці не? Колькі рук мінуць, пакуль трапяць у патрэбныя? І ці знойдзе дарогу адказ?
Можа, у гэтым небагата разважлівасці: цэлы мяшок пошты – на бяззбройную “этажэрку” з фанеры і паркалю. Можа, небагаты і выбар... Што ж, паставім пытанне рубам: каму даверыць рэйс?
– Братачкі, вам лістоў прываліла! Налятай ды разбірай!
У адрозненне ад лётчыка У-2, чый зычны голас іскрыў жыццесцвярджальнасцю, баявая машына ледзьве дапаўзла да канца паласы і сціхла з нейкім старэчым крактаннем. Пакуль не збегліся да яе з усіх куткоў прабывальнікі аэрадрома і не абкружылі гаманлівым кальцом, крэпкая рухавая постаць у лётным камбінезоне палезла ставіць дыягназ матору. Няпэўна цвыркнула і адцягнула над каўняром штосьці пярэстае – ці то шыйную хустку, ці то шалік.
– Э-э, ясачка, так справа не пойдзе! Ты мне жывой патрэбна. Хаця б на бліжэйшыя гадзіны!
– Што, сувязь, гарачавата сёння? – лена запытаўся адзін з тэхнароў, прыхіліўшыся да борта, і кіўнуў на кулявыя адтуліны ў паркалі. Ён і некалькі яго сябрукоў падаспелі першыя – падкласці калодкі пад самалётныя колы.
– Ух, і не кажыце, хлопцы. Спякота, няма ратунку! – лётчык, які пры больш пільным разглядзе аказаўся лётчыцай, карцінна абмахнуў далонню твар з сімпатычным россыпам рабацінак. У вачах, не падманутых ні на хвіліну, прыскоквалі... ну, калі не чарцяняты, то гарэзныя кацяняты як мінімум. – Што, нудна, бадай, на сонцы скварыцца? Санаторый! А то я б работкі падкінула...
– Ад усіх ад вас – работкі! З гэтым да кіраўніцтва, мы людзі паднявольныя! – з гонарам адкруціўся тэхнар і шаснуў прэч.
Лётчыца весела прымружылася. “Ніч-чога новага!” – чыталася ў гэтым позірку. Выцягнуўшы з-за каўняра хвост шаліка ў кветачкі, яна раскруціла яго, як у пацвярджэнне слоў пра спякоту, і вынаходліва павязала на самалёт – на стойку цэнтраплана. Хай ветрыцца!
– Гэй, там, спадарства, пяшчотней бы з машынай, а? – прыкрыкнула яна. – Плоскасці паабломваеце!
Разнашэрснае спадарства, галоўным чынам з лётнага і тэхнічнага саставу, дарвалася да задняй кабіны. Не разлічаны на такі націск У-2 гаротна парыпваў, пакуль дзясяткі рук трыбушылі мяшок з поштай і расцягвалі газеты. Ну, не населі ўсім кагалам, і на тым дзякуй! Вунь сціплы лейтэнанцік, напрыклад: у куламесу не сунецца, перачэквае ўбаку, пакуль адхлыне першая хваля. Бы хлапчаня, у якога няма ні капейкі на эскімо, затое ёсць перакананасць, што прадавачка адцягае за рудую чупрыну. Адны вочы пабліскваюць у нецярпенні – выдаюць, колькі не прамоўлена слоў, колькі напластоўваецца думак. Невідушчаму бачна: ёсць ад каго чакаць.
Што да жаночай часткі жадаючых, то яны схему даўно адпрацавалі. Самая рослая і прабіўная ўзлезла на плоскасць і, пакуль чародка астатніх натхняльна павісквае ўнізе, перадае над кучарамі ды банцікамі ліст за лістом. Адна з дзяўчат, мітуслівая такая, як вавёрка, ажно стос адхапіла. Шчасціць жа людзям! Прыладзілася зводдаль на траве, скрыжаваўшы ногі, і ссыпала лісты перад сабой.
– Та-ак... Гэта Валька, гэта мамка... Гэта Надзечка з дзецьмі – нарэшце! – дзелавіта мармытала яна, адкладваючы па адным. – Ад гэтага спазнюка адкрыць апошнім, каб было непанадна...
Не ўсе маглі пахваліцца значным уловам. Узяць хоць таго хударлявага старшага лейтэнанта са скальпельна-вострым позіркам, які пачаў выбірацца з натоўпу ўсяго з парай трохкутнікаў. Не сказаць каб засмучаны, наадварот – самаздаволенасць цераз край.
– Што, з’еў? Прыляцелі-такі лісты! – даводзіў ён камусьці, чыя русявая макушка віднелася з-за разгорнутай газеты. – Яшчэ б не нагналі пасля той зацемкі...
– Гэта каторая ў майскім нумары?
– Анягож. Вылавілі хлопцы ў газеце інструктарскае прозвішча, дык чаму не накрэмзаць радок-другі па старой памяці...
– Там жа і фота ў друк далі?
– Ясны пень, не ўсё ж на сценцы ў сталовай вісець! Зрэдку можна і на “Камсамольскую праўду” замахнуцца... Э, народ, вы б хоць цэліліся! Не на бамбакіданні!
Лётчыца, якая паспела паглыбіцца ў даследаванне матора У-2, азірнулася разам з вастравокім героем газетных публікацый. Яму ў рукі ўпаў абцерханы канверт – важкі, на дзіва пухлы... Ён і не глянуў, няўважліва працягнуў назад:
– Почырк разбірайце! Мусіць, ізноў Федаруку з першай. Панапіхваюць фотакартак...
– Табе-табе! – рассмяяўся з таямнічым выглядам нехта са знішчальнікаў – доўгі-добры, вышэйшы на паўгалавы. Знарок адступіў, абедзве рукі прыўзняў: – Авой, хоць бы ўчытаўся для прыліку, разведчык! Бярэш, ці эскадрылляй адкрыем? Атмасферу арганізуем паўрачысцей, такія справы...
Адрасат засек зацікаўлены позірк лётчыцы, і калючыя вочы яго з папярэджаннем звузіліся. Плюнуўшы на наяўнасць сведкаў, ён раздражнёна перавярнуў канверт, угледзеўся ў надпісы... І быццам непранікальнае шкло ўраз аддзяліла яго ад прысутных – рыхтык выраслі навокал вітрыны. Унутраную цішыню не парушыў бы ні шум з вуліцы, ні бразгат дзвярнога званочка: увага скрыжавалася на аб’ёмістым канверце.
Перачытаць скупыя радкі, варушачы вуснамі. Імкліва і прагна абмацаць паперу кончыкамі пальцаў.
Мо праўда фотакарткі? Ці што? Ці ўсё-ткі, раптам – памылка?
Ды ў чым памылка, усё сінім па белым! Каб толькі ведаць, што ўнутры... Скрозь канверт не разабрацца, а побач жа вочы, вочы!
Сысці? Але ён хіба саплівы вучлёт, які калоціцца, што адлічаць з аэраклуба за нялюбую камсамолу перапіску?
А ліст – вось ён. Шамаціць, паслухмяна прамінаецца пад пальцамі. Не, замякка для фота... Колькі там аркушаў? Наогул ці шмат аркушаў можна запхнуць у паштовы канверт? І дзеля чаго, каго?..
Нафантазіраваць далейшыя развагі лётчыца не паспела: адрасат, не ў змозе марудзіць, рвануў паперу... Празмерна рэзка! Аддзёрты шматок застаўся ў пальцах, а канверт плюхнуўся ў траву і разлезся па швах.
– Якога...
Разадзьмуўся ад ветру шалік лётчыцы, запаласкаўся паўпразрыстым сцягам у кветачкі; разрозненыя паперчыны падхапіла павевам і шчодра сыпанула прысутным пад ногі. Каштоўнае змесціва канверта, пару секунд таму ўпарадкаванае аркуш да аркуша, бязладна разляцелася вакол самалёта.
У адзін голас ахнулі кучары-банцікі, заглухла ўсюдная гаворка. Асцярожная паўза: кожны, здавалася, прыкідваў, ці дазволена яму дыхнуць.
І вось бязмоўе перарвана чыімсьці скавана-няўпэўненым:
– Ну й штукень, а ападкаў жа не прарочылі?..
Над натоўпам з палёгкай раскаціўся смех – правераны, самы надзейны сродак стрэсці напругу. Сям-там нядружна выбухнулі воплескі, якімі звычайна ўганароўваюць шклянку, калі тая на вачах ва ўсіх едакоў эфектна разбіваецца на мільён аскепкаў. Праўда, змятаць шкло і выціраць ліпкую лужыну даводзіцца недарэку з дзіравымі рукамі, ратаваць жа папяровыя ападкі ўзяліся ўсе.
– Ёсць, злавіў нягодніка!
– Наваліся, хлопцы, а то ж будзе плявузготы: ад летуноў нават лісты паўцякалі.
– Калі браць прыгоды за сёння, некаторым самае тое – паперкі лавіць...
– Ой, і я схапіла!
– А на што, уласна, палюем, таварышы?
– Стаяначка... Ды гэта малюнкі, безліч!
– Дзіцячыя!
– Ідзі ты! Опа, насамрэч. І яшчэ... І вось!
– А ў мяне ліст – почырк дарослы...
– Нішто сабе пошта, мне б хоць чвэртачку. Хоць раз на паўгода!
– Ідэя! Чэснае слова, ідэя: выставу зладзім! Хто за? І люду ўцеха, і сталовай аздоба. Ізноў жа, плакатным афарміцелям меней галаўнога болю...
– Ш-ш-ш, ладна вам. Разахвоціліся...
– Што, трэцяя, няўжо заціснеце? Займелі цэлы пачак – і ў кусты. Рабяты вунь месяцамі не атрымліваюць!
– А ну, раз у зборы: галасаванне за выставу дзіцячага малюнка! Як, дарэчы, гаспадар – ці дае дабро? Глеб, ды чуеш ты?
Між тым названы Глебам застаўся адзіным, хто не зрушыўся з месца і не выпусціў з сябе ні гуку, пакуль навокал дзейна збіралі аркушы. У першы ж момант, замест таго каб падняць канверт, ён адсунуўся ад яго, як ад гранаты з вырванай загваздкай, – не ўсвядоміў нават, што выпалі з рук і сіратлівыя трохкутнікі былых навучэнцаў. У ім адбывалася нешта складанейшае, чым можна было разгадаць збоку. Нешта зблытанае і супярэчлівае, чаму не атрымлівалася даць рады пад гаману. Часам гэтак жа няпроста сабрацца пасля выхаду з ціхай крамы: выскокваеш на людную вуліцу, абдымаючы пакунак з адрэзам крэпдэшыну на сукенку, а думкі разлятаюцца, спуджаныя прарэзлівым трамвайным звонам, стукам абцасаў па брукаванцы, гукамі аркестра са скверу...
І адчувалася чамусьці, што прычына ступару не ў дурным промаху з канвертам, не ў татальнай увазе і нават не ў апладысментах. Адрасат дзікавата азіраў паперкі і як бы намагаўся зразумець, што прынята з імі рабіць і ці не асыплюцца яны попелам, калі памкнешся дакрануцца. Нямое пытанне: вось гэта, у с ё г э т а – мне?..
Малюнкі. На аркушах у клетку, у лінейку і чыстых; складзеныя то ў чатыры столкі, то ў дзве, а то і меншыя, няскладзеныя; ахайна-гладкія або ў гармонік ад паспешлівасці. Усе рознай ступені мастацкай адоранасці, усе падпісаны ўнізе адным і тым жа цвёрдым почыркам – падобна, выхавальніцкім ці настаўніцкім? Словы глыбока адціснуты на паперы, у літар “Р” – размашыстыя, бы завостраныя вертыкальныя палачкі...
Лётчыца змагла ўпэўніцца асабіста, калі адабрала ў ветру той самы канверт, які захаваў унутры ўсяго некалькі малюнкаў, і прабегла па ім вачыма праз авіяцыйную звычку вылоўліваць дробязі. Паштовыя штэмпелі, штамп “Прагледжана ваеннай цэнзурай”, ад каго ды каму, нумар палявой пошты авіяпалка. “Харкаўскі дзіцячы дом” – сведчыла прыпіска.
Нейкая святочна-зялёная пляма вабіла знутры канверта – вецер паслужліва адгарнуў край верхняга малюнка. Цэнтр жаўтаватага аркуша займала няскладная дарослая постаць колеру навагодняй ёлкі замест хакі, а навокал былі рассыпаны постаці малыя, аднолькава шэрыя. Ці па задуме, ці па магчымасцях мастак задзейнічаў толькі два алоўкі – зялёны і просты хімічны (апошні месцамі размазаўся сінню). А да верху аркуша ціснуліся некалькі строф верша, выпісаныя няроўнымі друкаванымі літарамі. Літары “Я”, праўда, глядзелі ў супрацьлеглы бок, а “Й” і “Ў” час ад часу гублялі верхнія рыскі.
МОЙ МІЛЫ ТАВАРЫШ, МОИ ЛЁТЧЫК,
ВАЗЬМІ МRНЕ УРЭШЦЕ З САБОИ,
ЦRПЕР НЕ МАЛЫ R ЎЖО ХЛОПЧЫК –
САМ-РАЗ ЛRЦЕЦЬ РАЗАМ У БОЙ.
МНЕ МАМКУ ЗАРЭЗАЛІ НЕМЦЫ,
СRСТРЫЧКУ СПАЛІЛІ ЖЫУЁМ...
Аркуш патануў у пагрозлівым цені, і з пальцаў вышмаргнулі канверт, з-за чаго адтуль ледзь не вывалілася рэшта малюнкаў. Адрасат ачомаўся: вусны крэпка стулены, у вачах – утрапёны, ліхаманкавы бляск, у руках – разварушаны стосік паперы. Лётчыца прымірэнча паказала пустыя далоні: адбой, ніхто нічога не чытае! На шчасце, яе адцясніў нехта спакайнейшы, старэйшы і ў прыдачу старшы па званні, паклаў разнерваванаму таварышу руку на плячо.
– Вось ты дзе, браце! Як думаеш, ці не сабраць нам пасылачку ў адказ? У хлопцаў сёе-тое знойдзецца. Тушонка, да прыкладу. Пліткі шакаладу з непарушнага запасу...
Камэск, значыцца. Магла і не выглядваць знакі адрознення: хапае жэсту, пары фраз ды навыку някрыўдна пераключыць увагу.
– Апанасаўна толькі дзякуй скажа. Бачыш, іх вывезлі ў тыл. Мабыць, да акупацыі паспелі... А гэта ж сотні паўтары будзе, цяпер мо і больш! – гаспадар ліста напружана не ўзнімаў вочы ад стосіка. Гледзячы так, наўрад ці бачаць, хіба нешта ўнутры сябе. – Яна... Слухай, яна памятае. Як можна ўсіх памятаць?
– Ну ты ж сваіх памятаеш, – камэск уклаў яму ў руку трохкутнікі, знойдзеныя ў траве. – Ды і потым, сам казаў: “Камсамолка”, зацемка... Колькі тых клопатаў – нумар нашай часці выведаць. Ты, дарэчы, як, узяў бы шэфства?
– Прапусціце вы! Рассуньцеся, ну! – узвысіўся нечы абураны вокліч. Хтосьці запознена прапіхваўся да самалёта скрозь развясёлы натоўп. – Мне што, свісток міліцэйскі займець і сігналіць? Не часць, а цырк на дроце!.. Ой!
Жаданне споўнілася так нечакана, што не засталося часу на карэкціроўку хуткасці. З гурту аднапалчан куляй вылецела дзяўчына і пад гэтае дзіцячае “Ой!” (нібы перанятае ў чародкі банцікаў) з размаху наскочыла на...
Не-не, атрымальнік канверта і так адхапіў паўкіло ліхтуг. Досыць з яго. Сутыкненне адбылося з яго суразмоўцам камандзірскіх паводзін і аказалася н е п а п р а ў н а й памылкай.
Да легкадумных шчабятух, зрэшты, небарака была мала падобная. Над пераноссем – трывожная зморшчына, твар нейкі ўзрушана-памяты, ці што. Ускінула яго ды і адхіснулася з акругленымі вачыма, пазнаўшы начальства. Не дзіва збаяцца: які вайсковец, хоць прыгожага полу і ў дваццаць з хвосцікам, на цвярозую галаву стане разгульваць у такім выглядзе? Сама лейтэнант, а прыбегла расхрыстай. Рамень у руцэ, чорная шавялюра кудлаціцца, як у вядзьмаркі пасля шабасу... І гэткае дзейства – перад маёрскімі пагонамі! Чуйныя да разгубленасці прыяцеля, яны наўрад ці спусцяць нехлямяжасць у адзенні. Начальніцкую гімнасцёрку быццам не з раніцы насілі: падкаўнерык бялюткі, сукно не выцвілае, не паадмыванае ў бочцы з бензінам да бясколернасці – як з паліцы знятае, нават з прыкметнымі жаночаму воку складачкамі-згінамі. Увага да формы – не апошняя справа, між іншым. Полк звычайны, не гвардзейскі, з Героямі нягуста. А ставіць у прыклад кагосьці трэба. І калі ў наяўнасці “Залатая Зорка” ды пры годным абмундзіраванні...
Чакаць бы ўспышкі, але маёр толькі скіраваў уважлівы позірк уніз. Моўчкі. Дзяўчына скіравала таксама... і ў яе пужліва падціснуліся пальцы на босых нагах, а твар зрабіўся пунсовы.
Праўда што: ніжэй падаць няма куды.
Сцягнула на горле расшпілены каўнер – і шась на паўсагнутых назад, у самае зборышча. Як гоніцца хтосьці. Ды лепш бы гналіся...
Сцэна заняла ўсяго некалькі секунд, а лётчыца ледзь сама не правароніла галоўнага. Хто-хто, а нізенькі падпалкоўнік не змушаны быў расчышчаць дарогу папераджальнымі выгукамі – дзякуй пасадзе. Эх, аць-два... Падцерці спагадлівую ўсмешку, наструніцца салдацікам. Замерці з выпрастанай спінай, якая пасля трох рэйсаў ные ў паясніцы...
– Ці ваша харугва? – шпурнуўся ён папрокам замест прывітання, махнуўшы ў бок У-2. Пярэсты газавы шалік усё гэтак жа развяваўся над сумна-зялёным морам сукна. – Праўду кажуць: дзе пачынаецца авіяцыя, канчаецца парадак. Што сувязь, што знішчаль... ніцы... Ат, кветкавыя войскі!
– Так точна, мая. Старшы сяржант Лапіцкая! – як нічога ніякага адтарабаніла лётчыца. Усмешка запрыкмецілася-такі ў куточках вачэй і вуснаў, стаілася ў рабацінках. – А можа, квяцістыя войскі? Квітнеючыя?
Падобна, кучаравая вядзьмарачка хутчэй згадзілася б скінуць па зорцы з кожнага пагона, чым біць праціўніка пад гэтакай харугвай. Хаця ў чым ганьба?
– Квітнець майстрыхі! Просіш вас па-добраму, умольваеш – а вы за сваё. Рас-пус-каецеся! – галоўны ўгледзеўся ў натоўп і безнадзейна пакруціў галавой, пыхнуўшы ў вусы. Не будзь ён у лётнай форме, нагадаў бы якога-небудзь інтэрнацкага каменданта: усе душэўныя сілы перавяліся, пакуль жучыў безгаловых студэнтак-жыхарак. – Ды вольна, вольна... Камандзір палка падпалкоўнік Круглы. Ці ёсць пакет для кіраўніцтва?
– Пакета няма... А просьба маецца. Асабістая! – лётчыца ажывілася, улавіўшы чалавечую, не статутную інтанацыю. – Тэхнароў бы падключыць, таварыш камандзір! Нешта мне стук матора не падабаецца. Машына трывалая, але не з новых. Ці мала што...
– Патрапалі? – падпалкоўнік прайшоўся спрактыкаваным позіркам па фюзеляжы У-2, па хваставым апярэнні, вычэпліваючы дробныя прыкметы паветранай сутычкі.
– Ёсць крыху. Адмыслова ідзем на брыючым – і ўсё роўна згледзелі, коршакі, паласнулі... Мы – уверх, уніз, каб не выйшла прыцэльна... Ды не трэба тут моцнага рамонту, адно каб даляцець. А там нашы рабацягі належна возьмуцца!
Камандзір палка, прыжмурыўшыся, даследаваў цяпер не “кукурузнік”, а яго гаспадыню – з усё большым інтарэсам, які перарастаў у прыязнасць. Позірк па-каменданцку зразумелы: ставіць на студэнтцы крыж ранавата. Разняволенасць, але не развязнасць. Націск, але без нахрапу. Дзелавы падыход... І яшчэ гэтае “мы” – самалёт і я. Цікава...
– Паглядзяць, чаму не? Нашы авіяспецыялісты няйначай не ў адных “лавачках” кемяць! А пакуль можна дух перавесці, пасля коршакаў-та... Хай вунь дзяўчаты кампотам пачастуюць, на абед быў.
– Толькі калі ў гадзінку ўкладземся. Мне яшчэ ў дывізію, а тут!..
– Вось і хораша, якраз данясенне ад нас даставіце...
У лётчыцы шчокі звяло ад намаганняў захоўваць самавітасць: падпалкоўнік кажа-кажа, а сам бяздумна канверт цярэбіць. Можа, не настолькі пераканаўчы, як той, што трэснуў ад напору прывітанняў... Але яшчэ не адкрыты і, калі браць пад увагу хваляванне кароткіх няўклюдных пальцаў, не франтавы.
– А ўсё-ткі. Што гэта вы, таварыш Лапіцкая, за высокае мастацтва выдумалі? Анучку нейкую... на баявы самалёт!
“Вавёрка” з тэхнічнага саставу, якая на траве сартавала лісты, састроіла кіслую міну. Лётчыца неўзаметку падміргнула ёй.
– Вы, таварыш падпалкоўнік, на шалік не напускайцеся! Ён у мяне, калі хочаце, таксама баявы. На заданні хаджу часцей адна, без штурмана, ды і прыкрыцця ніякага. Не тое што ў вашага брата. А груз даставіць – як штык! От і круціш галавой, нібы на кірмашы, калі пабойваешся за свае кішэні. А то як спаліць фрыц на паўшляху разам з пакетам дакументаў... Шыя аб каўнер сціраецца ўшчэнт!
– Ну-ну... – няпэўна хітнуў галавой камандзір палка, узважваючы, ці дастаткова заслуг шаліка для таго, каб развешваць яго на цэнтраплане. Узважыў, кашлянуў, працягнуў вольную руку для поціску: – Што ж, пакуль не развітваюся, а за пошту – дзякуй. Цаляйце ў афіцэры, старшы сяржант, не затрымлівайцеся.
– Паўзем паціху-пакрыху. На хуткасці сто кэмэ ў гадзіну! – лётчыца бадзёра адказала на поціск. “Дзякуй і вам шчыры!” – мовіла адным позіркам, услых жа прыйшлося выдаць безаблічнае, зашмальцаванае: – Служу Савецкаму Саюзу...
Ад самалёта яна пайшла адной з апошніх, калі пераканалася, што мяшок пошты пусты, а тэхнікі цвёрда ведаюць сваю задачу і не плануюць пераабсталёўваць “кукурузнік” у знішчальнік. Хаця як мінімум узбраенне было б дарэчы.
– Правесці вас? Мабыць, адпачынак не лішні, – па-простаму звярнуўся да яе той самы камэск-акуратыст, які ўвагнаў бедную расхрысту ў такую збянтэжанасць.
Добра, што не было ў лётчыцы завядзёнкі пасаваць перад старшым камандным саставам. Зашмат вас кожны дзень, усіх не забаішся.
– Ваша праўда, таварыш маёр, – прызнала яна паўжартам-паўсур’ёзна, расціраючы шматпакутны ніз спіны. – Разважаю вось, куды б мне прызямліцца, каб седзячы, але як бы лежачы. Лётаем шмат апошнім часам...
Ківок разумення: яму было з чым супаставіць гэтыя рэйсы. Хоць бы з тым данясеннем, якое камандзір палка абяцаў з ёю адправіць. Ці трэба агучваць тое, што без таго займае думкі? І ейныя, і ягоныя. І, можа быць, думкі яго даўгалыгага сябра ў капітанскім званні, высакаватага для лётчыка... Ага, яна ўжо бачыла яго – ён першы трымаў канверт з дзіцячымі малюнкамі.
– У “этажэрачкі” – і нелады з выбарам пасадачнай пляцоўкі? А зазвычай такая непераборлівая! – у вачах капітана ззялі цёплыя бліскаўкі дружалюбнасці. – Ну ды хадзем, яўна штосьці знойдзецца!
Па дарозе знішчальнікі між сабой не перамаўляліся. Прынамсі ўслых. Апошні раз-пораз паглядваў на камандзіра, але пры чужым чалавеку рот адкрываць не спяшаўся. Паглядваў нязвычна – коратка і зорка, так вывучаюць употайкі незнаёмца, калі не хочуць сябе выдаць. І дзіўнота: калі позіркі ўсё ж сутыкаліся, захаваць раўнавагу маёру было прыкметна складаней, чым пры сутыкненні тым, фізічным. Хіба на пасадзе нядаўна? Бо пры пэўным камплекце металічных вырабаў на грудзях няўтульнасць мусіць развейвацца. Хаця б таму, што за вырабамі гэтымі – не перакладванне паперак у штабе, а канкрэтныя лікі ў лётнай кніжцы: колькасць вылетаў, баёў, збітых... Якія звесткі фіксуюць знішчальнікі? (Яна пакратала праз тканіну камбінезона ордэн Чырвонага Сцяга, прыкручаны да гімнасцёркі.) Маёру дакладна хапіла б налётанага, каб кропельку болей расправіць плечы, нават пад глыбокім сяброўскім позіркам.
– Дарма... – толькі і ўздыхнуў капітан. Незразумела, з сумнай усмешкай. Нібы ўсё, аб чым ён маўчаў, укладвалася ў адзінае гэтае слова.
Каб прытушыць няёмкасць, лётчыца кіўнула на разгорнуты аркуш у яго руцэ:
– Ці добрае пішуць, таварыш капітан? Калі не сакрэт. Лезу тут не ў сваё...
Ён прасвятлеў тварам:
– Крыўдзіце! Якія сакрэты між франтавікамі? Не роўня, канешне, малюнкам, але...
Замітусіўся, разгладзіў аркуш, спісаны акруглым, у далікатных завітушках почыркам. Паўзверх радкоў была абведзена маленечкая, як лялечная, далонька з растапыранымі пальцамі.
– Вось дык мілата! Ён, яна?
– Яна. І хлапец ёсць... Ну, там ахламон будзь здароў! А адбітак мінулы раз такенькі быў – адсюль і дасюль, я памераў, – ён паказаў на ўласнай вялізнай, ва ўвесь аркуш, далоні. – Цяпер на столькі больш!
– Не ўпустую я ляцела, значыцца. А то ведаеце: не ўяўляеш, што каму вязеш. Мо прыемнае, а мо... – лётчыца азірнулася на пакінуты самалёт. – Эх, бачце – не пашчасціла дзяўчынцы. Здаецца, сёння без пошты!
Людзі разбрыдаліся па аэрадромных справах, ля У-2 не засталося нікога, акрамя некалькіх хлопцаў у тэхнічных камбінезонах. І толькі самотная дзявочая постаць усё марудзіла непадалёк. Постаць, якая адсюль здавалася зусім малой – напэўна, з-за таго, што так і не раздабыла боты.
Нізка схіліўшы кудлатую галаву, дзяўчына спрабавала зацягнуць на таліі рамень, але, відаць, не трапляла шпяньком у дзірку. Ніякіх лістоў ёй не прыйшло.
Свидетельство о публикации №223092700757