Журботная спадчына

Журботная спадчына

26 верасня 2023 года старшыня Целяханскага сельскага выканкама Аксана Мялік размясціла ў Вайберы прапанову зладзіць суботнік па навядзенні парадку на Гортальскім пахаванні воінаў Першай сусветнай вайны. Абгаварыўшы меркаваны аб’ём работ, папрасіла вызначыцца з датай правядзення акцыі.

Першымі адгукнуліся члены гісторыка-патрыятычнага клуба “Памяць”, прапанаваўшы правесці “суботнік” у пятніцу, 29 верасня.

Для выканання работ па добраўпарадкаванні цвінтара патрабаваліся касцы, грабцы і капальнікі-рыхліцелі.

Я запісалася ў апошнюю катэгорыю працаўнікоў: не несці ж граблі праз плячо па цэнтральнай вуліцы пасёлка! А невялікую і лёгкую матыку можна і ў аб’ёмную кайстру схаваць!

Мая цікавасць да суботніка была выклікана яшчэ і той акалічнасцю, што я ніколі раней не была на гэтай брацкай магіле, хоць адлегласць ад Целяхан да Гортальскіх могілак – усяго каля трох кіламетраў.

Аксана Іванаўна падахвоцілася падвезці да месца работ “бязконных” удзельнікаў суботніка; я скарысталася яе запрашэннем.

Прыехаўшы на месца, здзівілася: усюды чысціня і парадак, што тут прыбіраць?!

Аказалася, што напярэдадні мерапрыемства член гісторыка-патрыятычнага клуба “Памяць” Аляксандр Рабцэвіч ужо скасіў траву на тэрыторыі могілак.

Пры бліжэйшым разглядзе месца пахавання кожны знайшоў сабе працу. Хтосьці зграбаў і выносіў у кантэйнеры для складвання смецця ўжо падсохлую траву; хтосьці чысціў ад пустазельнай расліннасці прамежкі паміж пліткамі дарожкі, якая вядзе да мемарыяла; хтосьці палоў і рыхліў зямлю пад маладзенькімі самшытамі і туямі; хтосьці прыводзіў у парадак помнік …

Іван Багдановіч, старшыня аб’яднання воінаў-інтэрнацыялістаў, які прадбачліва захапіў з сабой аб’ёмныя плеценыя кошыкі, ледзь паспяваў выносіць траву.

– Вось табе і “чысціня”! Гэтым сенам казу можна пракарміць зімой, – гледзячы на чарговы напоўнены травой кошык, падумала я з сялянскай руплівасцю.

Скончыўшы працу, я змагла дэталёва разглядзець ружавата-шэры гранітны помнік, на стэле якога размешчана чорная пліта ў выглядзе няправільнага чатырохкутніка. У яе левым верхнім куце – выява Георгіеўскага крыжа; пад ёй – тэкст:

 “Тут спачываюць
воіны рускай імператарскай арміі,
якія аддалі свае жыцці
за Айчыну
ў баях Першай сусветнай вайны
1914-1918”

У самым нізе барэльефнай дошкі надпіс:

“Устаноўлена ў 2018 годзе
да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны”.

Побач з абеліскам – высокі праваслаўны крыж з надпісам на чорнай металічнай шыльдзе:

 “Брацкая магіла рускіх салдат 105 пяхотнага Арэнбургскага палка, 331 пяхотнага Орскага палка, загінуўшых у гады Першай сусветнай вайны

Івацэвіцкі раён
Аг.*Горталь, сельскія могілкі
Целяханскі выканаўчы камітэт…”

Ніжэй – інвентарная таблічка чырвонага колеру з надпісамі на беларускай мове:

«Рэспубліка Беларусь
Воінскае пахаванне
Прычыненне шкоды караецца па закону».

Аляксандр Аляксандравіч Кот, старшыня Целяханскага гісторыка-патрыятычнага клуба “Памяць”, спасылаючыся на дадзеныя Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, распавёў мне наступнае.

 “З восьмага па дзесятае кастрычніка 1915 года вайскоўцы 27-й пяхотнай дывізіі выбілі немцаў з вёскі Горталь у раён Целяхан і пасля дзясятага кастрычніка 1915 года лінія фронту стабілізавалася да канца вайны. 105-й  пяхотнай  полк у тым баі страціў пяцьдзесят чатыры чалавекі забітымі і больш за трыццаць – прапаўшымі без весткі. Пасля чаго гэтыя могілкі і ўтварыліся**”.

Вяртаючыся дадому, я з цеплынёй думала аб сваіх добрасардэчных і памяркоўных земляках. Мясцовымі жыхарамі ва ўзорным парадку ўтрымліваюцца пахаванні рускіх і нямецкіх воінаў, цывільных палякаў і яўрэяў, якія знайшлі апошні спачын на беларускай зямлі.

*Аграгарадок

**Першае фота Гортальскіх могілак, зробленае вайскоўцамі 331-га пяхотнага Орскага палка, датавана 1916 годам.

Аўтар выказвае падзяку Аляксандру Аляксандравічу Кату за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.


Рецензии
Хорошие у Вас земляки, Нелли! Сделали доброе дело.

С уважением.

Татьяна Шмидт   25.12.2023 19:15     Заявить о нарушении
Благодарю за отзыв, уважаемая Татьяна!

Нелли Фурс   26.12.2023 14:44   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.