Дзень пажылых людзей

Дзень пажылых людзей

У снежні 1990 года Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый было прынята рашэнне штогод адзначаць 1 кастрычніка Міжнародны Дзень пажылых людзей.
Мэтай правядзення свята з’яўлялася прыцягненне ўвагі сусветнай грамадскасці да праблем і патрэб людзей пажылага ўзросту, падтрыманню ў іх пачуцця патрэбнасці супольнасці, павышэнне ступені інфармаванасці грамадскасці об дэмаграфічным старэнні грамадства.

На рашэнне ААН актыўна адгукнуліся скандынаўскія краіны, у якіх з спрадвечных часоў і з вялікім размахам, адзначаўся Дзень пажылых людзей. Да еўрапейцаў далучыліся жыхары Амерыкі, а потым і насельніцтва ўсяго свету. Традыцыйна свята адзначаецца ў Расіі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Латвіі, а з 1992 года Дзень пажылых людзей сталі адзначаць і ў Беларусі.

Шчыра кажучы, я не памятаю святкавання гэтага дня падчас кіраўніцтва нашай краінай Станіслава Шушкевіча, старшыні Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, які ў 1991 годзе падпісаў Белавежскія пагадненні, што канстатавалі распад Совецкага Саюза. Спадару Шушкевічу, як і яго хаўруснікам, быў абыякавы лёс магутнай дзяржавы, а лёс асоб пажылага ўзросту – тым больш!

У сакавіку 1998 года выйшаў Указ Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які афіцыйна зацвердзіў штогадовае святкаванне 1 кастрычніка Дня пажылых людзей у Рэспубліцы Беларусь.

У Баранавіцкай раённай сістэме аховы здароўя ў пачатку двухтысячных гадоў склалася добрая традыцыя напярэдадні Дня пажылых людзей праводзіць свята для медыкаў, ветэранаў працы. Віншаванні, уручэнне сувеніраў, самадзейны канцэрт, салодкі стол з чаяваннем, успаміны …

Пасля майго сыходу на пенсію старшыня прафесійнага саюза медыцынскіх работнікаў Баранавіцкага раёна Наталля Якубовіч увесь час запрашала мяне на святкаванне Дня пажылых людзей.

– Цю, якая ж я пажылая, мне яшчэ і шасцідзесяці няма! Вы мяне лепш на Дзень моладзі запрашайце, абавязкова прыеду! – нязменна адказвала я прафсаюзнаму лідэру.

Дзесяць гадоў Наталля Міхайлаўна настойліва клікала мяне на свята; затым, магчыма, прылічыўшы калегу да катэгорыі “вечна маладых”, перастала.

Ніколі не забывае пра свята Таццяна Стэцко, якая раней працавала намеснікам галоўнага ўрача па паліклінічным раздзелу работы Баранавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Прычына такой памятлівасці – у кур’ёзным выпадку, які адбыўся некалькімі гадамі раней: наша калега кроўна пакрыўдзілася на жартоўнае віншаванне яе з Днём пажылых людзей.

З таго часу ў нас з прыяцелькай стала добрай традыцыяй віншаваць са святам адзін аднаго, а таксама былых супрацоўнікаў, якія валодаюць добрым пачуццём гумару.
У гэтым годзе Таццяна апярэдзіла мяне, патэлефанаваўшы літаральна перад маім выхадам на святкаванне Дня пажылых людзей. Абмяняўшыся “ветлівасцямі”, успомнілі рэакцыю нашай немаладой агульнай знаёмай, якая так пакрыўдзілася на шчырыя віншаванні калегі.

– Радавацца трэба, а не крыўдзіцца, бо ўзрост Марыі Іванаўны на той момант набліжаўся да сямідзесяці гадоў. Не ўсім удаецца дажыць да такіх гадоў, – заўважыла я з уласцівай медыкам іроніяй.

Завяршыўшы размову з калегам на такой “жыццёсцвярджальнай” ноце, адправілася на святкаванне Дня пажылых людзей.

Целяханскі Цэнтр культуры і вольнага часу быў святочна ўпрыгожаны. Віншавальна-забаўляльная праграма пачалася кароткім уступным словам вядучай імпрэзы Наталлі Бінкевіч, якая распавяла пра гісторыю свята.

Старшыня сельскага выканаўчага камітэта Аксана Мялік павіншавала прысутных з падвойнай урачыстасцю: Днём пажылых людзей і Днём настаўніка, які адзначаецца ў Беларусі ў першую нядзелю кастрычніка.

Арганізатары свята не выпадкова назвалі праграму віншавальна-забаўляльнай. Віншаванні прадстаўнікоў галіновых прафесійных саюзаў і ўручэнне імі сувеніраў былым работнікам прадпрыемстваў і арганізацый, чаргаваліся з нумарамі мастацкай самадзейнасці.

Выступоўцы старанна абыходзілі слова “пажылы”, называючы свята Днём людзей элегантнага або самавітага ўзросту, а то і проста – мудрых, умелых, дасвечаных …
Старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі Целяханскага сельскага выканкама Святлана Крэк, напярэдадні свята ўзнагароджаная Граматай раённага Савета ветэранаў за “…велізарны унёсак па ўцягванні ветэранаў у актыўнае змястоўнае жыццё…”, назвала сваіх падапечных “залатым фондам нацыі”.

Нібы ў пацвярджэнне яе слоў створаны пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ансамбль “Сэрцы, якія спяваюць” выканаў жартоўную песню “Ой, бяда, ой бяда, бяда, бяда, а я дзеўка, а я дзеўка малада…”. Самадзейныя артысткі з такім натхненнем спявалі, што не было ніякіх сумневаў, што кожная з іх пазіцыянуе сябе галоўнай гераіняй хіта. Многія гледачы падпявалі вакалісткам, суправаджаючы спевы апладысментамі.

Пасля заканчэння выступлення Аксана Мялік уручыла Граматы Целяханскага сельскага выканкама ўдзельніцам калектыву, пачаўшы выкананне ганаровай місіі з васьмідзесяцідзвухгадовай Кацярыны Рыгораўны Агур’янавай, адной з салістак музычнага гурта.

У канцэртнай праграме таксама прынялі ўдзел творчыя калектывы: вакальны ансамбль “Надзея” і “Клуб аматараў песні “Ліра”.

Віншавальна-забаўляльная праграма завершылася выкананнем салісткай Цэнтра культуры і вольнага часу Жаннай Абрамчук песні на вершы Міхаіла Рабініна “А жыццё працягваецца”, якое не пакінула абыякавымі гледачоў. Падняўшыся з месцаў, прадстаўнікі “залатога фонду нацыі” і самадзейныя артысты, якія далучыліся да іх, захоплена танчылі, падпяваючы выканаўцы.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! С интересом прочитала публикацию. Это замечательно, что у нас есть такой праздник, в котором поздравляют людей зрелого возраста и пожилых. Конечно, человек 60 лет не причисляет себя к пожилым, людям, которым за 80. Но принять поздравление и посмотреть концерт - конечно сделает это с большим удовольствием.
Здоровья Вам и всяких благ!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   27.11.2023 14:46     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отклик!

Вы абсолютно правы: я с удовольствием смотрю концертные программы и на День пожилых людей, и на День молодёжи.

Возраст, на мой взгляд, это состояние души, которая может быть и молодой, и не очень.

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   28.11.2023 13:51   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.