Руская рулетка

Руская рулетка

У чарговы прыезд сына Дзяніса мы вырашылі з’ездзіць у грыбы. Я прапанавала нашай суседцы Ніне Берасневай, вялікай аматарцы збору грыбоў, скласці нам кампанію; мая сяброўка з радасцю пагадзілася.

Сёлета пачатак восені, як і ўсё лета, ў Беларусі выдаліся засушлівымі, таму перад выездам мы абмеркавалі, куды ж нам накіравацца?

– Паедзем у наваколле вёскі Бабровічы, тамака непадалёк возера, ды і наогул нізкія месцы, дзе вільгаць захоўваецца доўга, – прапанавала я.

Сын і сяброўка, такія ж заўзятыя грыбнікі, як і я, не пярэчылі: галоўнае – выехаць у любы лес, дзе растуць грыбы.

Прыехаўшы на месца, прама ў машыны ўбачылі мноства сыраежак. Пачаўшы іх збор, зразумела, што не толькі ў нашай сям’і любяць смажаныя сыраежкі: амаль усе пладовыя целы аказаліся чарвівымі.

Мая сяброўка накіравалася ў размешчаны непадалёк бярозавы гаёк; высокі і спартыўны сын таксама хутка знік з поля зроку.

Па маіх шматгадовых назіраннях, рэзультатыўнасць збору грыбоў не залежыць ад аддаленасці ўчастка лесу, які абследуецца грыбніком, ад транспартнага сродку. Па гэтай прычыне падчас ціхага палявання я не перабягаю з месца на месца, а павольна цягнуся туды, куды мяне вядуць ногі.

У той раз яны вывелі мяне на кампанію маладых людзей, паводзіны якіх у лесе нагадвалі радкі Аляксандра Пушкіна: “Цыганы шумным натоўпам па Бесарабіі качуюць…”. Праўда, моладзь не “качавала”, а размераным шпацырным крокам ішла па лесе.

 Кампанія з шасці чалавек, апранутая ў футболкі, шорты і лёгкі летні абутак, без галаўных убораў, пад жарты, прымаўкі і гучны смех, рухалася па лесе раўналежным са мною курсам.

Зрэзаўшы чарговы польскі грыб* і разагнуўшыся, убачыла, што да мяне набліжаецца юнак васемнаццаці-дваццаці гадоў, які трымае ў руцэ паліэтыленавы пакет.

– Не, гэта не грыбнік, – вырашыла я, – сапраўдны зборшчык бярэ ў лес кошык або вядро і ніколі не складуе свае трафеі ў сінтэтычны мяшок, у якім дары лесу хутка становяцца вільготнымі.

Я не памылілася. Падышоўшы да мяне, малады чалавек павітаўся і спытаў:

– Вы разбіраецеся ў грыбах?

– Так, як быццам нядрэнна, – адказаўшы на прывітанне, сказала я.

– Паглядзіце, калі ласка, што я тут назбіраў, – папрасіў юнак.

Агледзеўшы “здабычу” візаві, я пацвердзіла, што ўсе сабраныя ім пяць грыбоў – ядомыя.

Юнак аказаўся дапытлівым:

– А як называюцца гэтыя грыбы?

– Чатыры – польскія і адна чырвоная прыбалатуха, – ужыўшы беларускую назву павуцінніка слізістага, адказала я.

Падзякаваўшы, малады чалавек сабраўся далучыцца да сваёй кампаніі.

– А вы даўно прыехалі ў лес? – пацікавілася я.

– Не прыехалі, а толькі што прыйшлі. На выхадныя дні мы з сябрамі знялі хатку ў гэтым маляўнічым месцы. Хтосьці прапанаваў прагуляцца па размешчаным побач лесе, вось я і прыхапіў пакет. На ўсялякі выпадак, – дадаў мой суразмоўца.

Кампанія з цікавасцю назірала за намі: чым жа іх сябра зацікавіла гэтая “цётка”, у такую спякоту апранутая ў падабенства супрацьчумнага касцюма і гумовыя боты, вырабленыя яшчэ ў мінулым стагоддзі?!

– Поспеха Вам, толькі не бярыце невядомыя грыбы, – парэкамендавала я маладому чалавеку.

Павольна ідучы па зялёным моху, успомніла, што ў дзяцінстве мы ніколі не збіралі польскія: трубчасты ніз капялюшыка сінеў пры націсканні, чым выклікаў сумневы ў ядомасці грыба. Дзяля справядлівасці трэба сказаць, што ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя пералік грыбоў, якія нарыхтоўваліся ў нашай мясцовасці, быў вельмі абмежаваны: белыя, чырвонагаловікі, падбярозавікі, маслякі, рыжыкі, зялёнкі, сыраежкі і лісічкі. Польскія, апенькі, грыбы-парасоны, ваўнянкі  і грузды лічыліся другараднымі грыбамі і не разглядаліся ў якасці прадукта харчавання.

А вось аб чырвоных прыбалатухах суседскай дзятве распавяла “цётка Каця Белкіна”, якая выдатна ведала грыбы, што растуць у нашай мясцовасці, а таксама спосабы іх прыгатавання:

– Няма нічога смачней, чым салёныя чырвоныя прыбалатухі, - прыгаворвала яна, зразаючы і ўважліва аглядаючы ножку грыба (павуціннік слізісты вельмі любяць лічынкі насякомых, грыбных мушак або грыбных камароў, якіх ва ўжытку называюць “чарвякамі”).

Чарговая знаходка вярнула мяне з дзіцячых успамінаў у сучаснасць. Адправіўшы падбярозавік у кошык, на сучасным слэнгу падумала:

– Безвежавая, аднак, моладзь. Збіраць невядомыя грыбы – верх легкадумнасці.

Прыгадаўся выпадак пяцігадовай даўніны, калі мы выехалі ў грыбы з Дзянісам і пяцігадовымі ўнукамі Гары і Давідам. Заўважыўшы парачку чырвонагаловікаў, спыніліся на лясной дарозе прыкладна ў пяцістах метрах ад шашы. Грыбоў было шмат і, уцягнуўшыся, мы і не заўважылі, што на сцежцы з’явілася яшчэ адна машына.

Прыкладна хвілін праз дзесяць да нашай кампаніі падышла сямейная пара; двое дзяцей дашкольнага ўзросту засталіся ў аўтамабіля.

Прывітаўшыся, жанчына спытала:

– Якія грыбы вы тут збіраеце?

Я пералічыла назвы сабраных намі грыбоў.

– А пакажыце, як яны выглядаюць? – папрасіла жанчына.

Мы з Дзянісам здзіўлена пераглянуліся: цікавы падыход да вывучэння ядомых грыбоў.

Пакуль сын праводзіў грыбную “асвету”, я думала аб нетутэйшай мяккай гаворцы суразмоўцы.

– Вы, напэўна, с поўдня Беларусі? – пацікавілася я пасля завяршэння “вучобы”.

– Не, мы з Украіны. У нашай мясцовасці грыбы не растуць, а вельмі хочацца паспрабаваць, – адказала малароска.

– Вы вельмі рызыкуеце, збіраючы невядомыя грыбы. У сезон рэгіструецца шмат атручванняў грыбамі, у тым ліку, са смяротным зыходам, – прачнуўся ўва мне медык.
 
Жанчына паблажліва ўсміхнулася, маўляў, не трэба мяне больш вучыць, я ўсе ядомыя грыбы ўбачыла і запомніла.
 
– Хоць дзяцей дарамі лесу не карміце, – падтрымаў мяне сын.

Украінка няпэўна паціснула плячыма; пасля нашага ад’езду сям’я засталася ў лесе.

– Упэўнены, нягледзячы на папярэджанне, усё роўна набяруць неядомых грыбоў. Я бачыў, з якой спрытнасцю вырывала з зямлі пладовыя целы наша “вучаніца”, –  вымавіў Дзяніс.

– Ты маеш рацыю: з такой бестурботнасцю і наплявальніцкім стаўленнем маці і жонкі да здароўя і жыцця сваіх блізкіх, у членаў гэтай сям’і сёння павінна адбыцца гульня ў рускую рулетку, – пагадзілася я.

У памяці ўсплылі лічбы непрадузятай статыстыкі. Смяротнасць пры атручэнні грыбамі складае ад двух да пяці адсоткаў; у Беларусі штогод гінуць дзесяць-пятнаццаць чалавек, а ў Расіі – каля трыццаці чалавек, якія пакаштавалі “не тыя” грыбы.

*Польскі грыб адносіцца да роду махавікоў. Мае карычневы або каштанавы капялюшык, адценне якога можа мяняцца ў залежнасці ад узросту грыба. Добра ўплывае на памяць, зніжае рызыку развіцця атэрасклерозу, павялічвае разумовую актыўнасць, абнаўляе нервовыя клеткі і добратворна ўплывае на стан скуры, волас і пазногцяў.

Разам с тым, лічыцца, што польскі грыб назапашвае радыёнукліды (у меншай меры гэтая ўласцівасць ставіцца да ўсіх трубчастых грыбоў, уключаючы “высакародныя” баравікі, чырвонагаловікі, падбярозавікі і маслякі) і складае групу так званых “акумулятараў” радыяцыі.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Да, кто плохо понимает в грибах, лучше не ходить собирать их, а купить на рынке. От некоторых грибов нет противоядия.
Здоровья Вам и всяких благ!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   16.11.2023 10:01     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Согласна с Вами: дикорастущие грибы, как и Восток, дело тонкое...

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   17.11.2023 16:17   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.