Выбар за мной

Недзе паміж бруднай коўдрай з шэрых аблок і стомленай адзінотай зямлі снавалі сумныя людзі. Думкі ў іх былі амаль аднолькавыя: работа, дом, дзеці. Адзін з іх вылучаўся: у яго не было ніякіх думак і ўжо даўно. Канечне, былі нейкія, але не надоўга. Нібы ён пайшоў ў зімовую спячку разам з наваколлем.
Кожны наступны дзень быў падобны да папярэдняга. Куды імкнуцца? Ні мар, ні жаданняў… Спакойнае шэрае існаванне. Днём ціхая, аднастайная праца, такі ж аднастайны адпачынак увечары…
У адзін з такіх вечароў Дзмітрый крыху затрымаўся на рабоце: не паспяваў з выкананнем плану. Каля адзінаццатай гадзіны ён выйшаў з работы і здзівіўся, што ўсё навокал было агорнута густым туманам. “Пасярод зімы? Туман? У наш час гэта не дзіва,” – падумаў Дзмітрый і пабрыў да прыпынку.
Некаторы час мужчына ішоў нібы ў забыцці. Праз дзясятак метраў шляху ён заўважыў, што яго абутак набрыняў ад вільгаці, якой была поўная жухлая трава, на якой знаходзіўся. Дзмітрый зразумеў, што заблукаў, адышоў ад дарогі. Памкнуўся да яе – і апынуўся ў лужы…
“Што рабіць? Я не ведаю, дзе знаходжуся! Буду ісці ў адным напрамку. Я ж змагу выйсці да дарогі,” – прамільгнулі думкі. І ён спакойным крокам накіраваўся ў той бок, куды задумаў.
Густы туман не даваў яму разгледзець агеньчыкі фар аўтамабіляў на шашы. І нічога не было чуваць. Толькі адзінота. Пустэча. Вакуум.
Раптам ён заўважыў мігценне. Дзмітрый накіраваўся туды, каб знайсці дапамогу і зарыентавацца, у якім напрамку яму ісці.
Пачуліся ўпэўненыя крокі. Падлеткі сціхлі. Каля вогнішча знаходзіліся дзяўчыны і юнакі(гадоў па пятнаццаць). Сярод іх увагу Дзімы прыцягнула да сябе нічым непрыкметная Паліна. Непрыгожая дзяўчынка-падлетак з чароўна-задумлівымі шэрымі вачыма. Ён ведаў яе імя, але не мог зразумець адкуль.
Дзмітрыя ніхто не заўважыў, нібы і не было яго побач. Але перад маладым чалавекам развярнулася карціна, што была далёкай ад яго свядомасці.
Падлеткі пачалі падстракаць дзяўчынку пераскочыць праз вогнішчаа, інакш яны не прымуць яе ў сваю гуртоўку. Паліна супраціўлялася. Адзін з гэтых падлеткаў нават здаўся Дзмітрыю даволі знаёмым. Ён болей за ўсіх вырываў з дзяўчынкі ўсе нервы. Дзіма хацеў закрычаць. Палёт дзяўчыны праз касцёр імгненна скончыўся жахлівым лямантам. Дзяўчынка ўспыхнула нібы запалка.
Дзіма ў жаху паляцеў адтуль, не мінаючы кустоў, не зважаючы на мокрыя ногі і мароз. Твар у яго гарэў, кроў пульсавала па венах. “Як я мог такое дапусціць? Што я за чалавек?” – не мог дараваць сабе хлопец.
Калі рукі яшчэ не перасталі калаціцца, малады чалавек заўважыў у тумане невялікую вясковую хатку, дзе, верагодна, святкавалі Раство. Елка зіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі, побач мітусіліся дзеці: хацелі зляпіць снегавіка. Бацькі накрывалі святочны стол.
Дзмітрый уваліўся да іх у хату і папрасіў дапамогі. Нешта выпытаць у яго было немагчыма, таму гаспадары выклікалі “хуткую”, а выратавальніку паспрабавалі дапамагчы ачуняць. Чамусьці Дзмітрыю здаліся знаёмымі твары гэтых людзей.
Праз пару гадзін стала вядома, што дзяўчынку выратавалі, але ў яе шмат апёкаў. Юнак здаволены пайшоў шукаць дарогі, нягледзячы на тое, што яго прасілі застацца да раніцы.
Зараз у яго галаве ўсплывалі думкі: “Адкуль я ведаю гэтых людзей? Хто яны?”
Туман і шэрань не рассейваліся. Дарога сцягнулася. Што рабіць? Ужо хутка золак.
“Адкуль гэтае ззянне? – юнак пакрочыў да яго. – Што  ўжо рабіць? Усё роўна заблукаў.”
Калі ён падышоў бліжэй, пабачыў сівога дзядулю.
-Ну што? Дайшоў? – пачуў Дзмітрый, а ў адказ ні слова.-Я цябе даўно чакаў, шмат гадоў. Нічога не хачу ад цябе чуць. Нічога не хачу тлумачыць. Ты сам усё зразумееш. Але калі не зменіш сваё жыццё, погляды, будзеш жыць нібы сярод лесу, адзін і без ніякіх думак. Зрабі выбар. Як ты лічыш? Хто я?
Юнак памкнуўся нешта сказаць, але вусны яго былі скаваныя ці то здзіўленнем, ці то нечаканасцю.
-Правільна. Я тваё сумленне і твая сталасць. Падумай…
 
Дзверы кабінета расчыніліся.
-Чаму ты тут? Ты дадому не хадзіў? Ну ў цябе і твар, -  зашчабятала маладая сакратар. – Я скажу дырэктару, што ўсю ноч працаваў. Едзь. Адпачні. А пасля абеду на работу. Марш!
Дзмітрый страпянуўся. Ён успомніў усё, што адбывалася ноччу. І тут зразумеў, чаму яму здаваліся знаёмымі людзі. Гэта быў ён, калі дзяўчыну прымушалі скакаць праз касцёр, гэта былі яго бацькі, што дапамаглі ў цяжкім становішчы.
Калі Дзмітрый тэлефанаваў сваім бацькам? Калі сустракаўся з імі?
Прыехаўшы дадому першай справай набраў знаёмы нумар і пачуў родны голас матулі:
-Алё?
-Маці?
-Дзімка! Ты? Сцяпан, хутчэй сюды, сын тэлефануе! – паклікала маці.
Да гутаркі далучыўся тата. Ніхто з іх не лічыў хвілін, размова лілася сама па сабе. Сын мімаволі разважыў, што патрэбна ўзяць выхадны дзень, каб наведацца да родных.
Калі ён прыехаў у вёску, дзе жылі яго бацькі, адзначыў, што гэтыя мясціны ён бачыў у сне. Успомніў і сенцы той хаты, дзе яму прыйшла на дапамогу сямейная пара. 
Малады мужчына зайшоў у хату. Яго з радасцю сустрэлі састарэлыя бацькі. Упэўнена разлівалася па венах душэўная цеплыня . Пачуўся ціхі стук у вакенца. Хто гэта?
-А! Гэта Паліна! – з радасцю ўсклікнула маці і расчыніла дзверы. Разам з марозам у хату ўварваўся туман і неверагоднае святло. На парозе з’явілася яна. Асвечаная іскрынкамі снегу дзяўчына здавалася неверагодна прыгожай. Адны вочы, шэрыя, вялікія, ад якіх немагчыма адарвацца…
На Раство, кажуць, шмат чароўных выпадкаў здараецца…
Вось і сёння недзе паміж бруднай коўдрай з шэрых аблок і стомленай адзінотай зямлі снуюць людзі. Але не. Калі прыгледзецца, то гэта цёплы подых зімовага хараства, гэта ціхае чаканне чароўных змен да лепшага…


Рецензии