Раздзел 20. 24-03-2025

...у якім не апошнюю ролю адыгрывае давер



Хто-хто, а Мацей Зелянкоўскі з першай хвіліны ведаў, што ад новай гімнасцёркі варта чакаць адных непрыемнасцей. Як не ў час! Ранішні неспакой прытупіўся быў, славутае чуццё на праблемы змаўчала нават тады, калі Ліда адправіла на заданне саму сябе. Аказалася, правільна: ці месца нерваванню ў гісторыі са шчаслівым фіналам? І вось ізноў варушыцца ўнутры цьмяная трывога... Беспрычынная ці слушная? Праігнараваць яе або дазволіць ёй перарасці ва ўпэўненасць?

Можа, несправядліва ён паставіўся да няшчаснай адзежыны. І да Рыгора. У гэтым ёсць іронія: так не давяраеш майстэрству сябра, што хапаешся за прымхі? Ды якая розніца, у чым сесці ў самалёт – у форме з іголачкі ці адной ніжняй бялізне? І ўсё ж Зелянкоўскаму было з чым параўнаць. Нястрашна пад ціскам абставін адступіцца ад прымхі, калі ў цябе іх цэлы набор – усіх масцей. А вось калі доўгі час трымаешся чагосьці аднаго... І раптам ірвеш усе сувязі, адмаўляеш істотнасць такіх блізкіх сімвалаў і падсэнсаў.

Як мінімум лепш было пачакаць да заўтра.

Не тое каб Зелянкоўскі меў права ўмешвацца... Проста не быў гатовы да наступстваў. Не настолькі даўно скончылася для яго шпітальная эпапея, каб перастаць абапірацца на Рыгора і пачаць за яго хвалявацца.

Дзейсны сродак суняць боязь перад невядомым – наблізіць яго. Таму добра, што менавіта Зелянкоўскаму даручылі ўзначаліць дзяжурнае звяно. Якім бы ні было тое невядомае, лягчэй сустрэцца з ім твар у твар! Нават калі паветраную трывогу так і не абвесцяць і давядзецца марна прасядзець рэшту дня ў самалёце ў гатоўнасці “сорак секунд да ўзлёту”.

Прыбыццё пошты заспела Зелянкоўскага неспадзеўкі, і яго планшэт застаўся ў аэрадромнай зямлянцы эскадрыллі, закінуты на верхнія нары. Калі прырода не балавала лётным надвор’ем, там можна было перачакаць, пакуль не разбягуцца хмары, а заадно даспаць тое, што адабрана нязменным пад’ёмам на світанні. І цяпер, ізноў спусціўшыся з яркага сонца ў паўзмрок, Зелянкоўскі рушыў усляпую, ведаючы, што працягнутай рукой зараз намацае шурпатыя дошкі другога яруса. Але насустрач імкліва хіснуўся цень – і рука натрапіла на нешта... жывое!!

– Фу-ты, напалохала! Ледзь сэрца не выскачыла. А я ж думаў, няма нікога, – выдыхнуў Зелянкоўскі, які, прызнацца, пералякаўся так, што для чалавека з яго прафесіяй гэта выглядала нястала. – Эфект нечаканасці адпрацаваны на пяць!

Падобна, у гэты момант Ліда жарты не ўспрымала. Наколькі дазваляў разгледзець прыцемак, да якога прывыкалі вочы, на гэты раз яна ўсюды была прыдзірліва зашпіленая ды зацягнутая, не падкапацца. Тым не менш не здолела зашпіліць неспакой. Падскочыла ўпрытул, горача залапатала – вось-вось на дыбачкі ўзнімецца:

– Мацей Васіліч, хоць вы злітуйцеся! Не магу я больш сядзець, сіл няма! Прыдумайце мне справу... Якую-небудзь... Якую заўгодна!

– Ціха-ціха, я на хвілінку. Дзяжурства ў мяне! – паспрабаваў ухіліцца ён. Для перастрахоўкі ўдакладніў: – Наконт падзяжурыць – адпадае, чуеш? Уся чацвёрка вызначана, і каб ніякіх экстрэмальных планаў!

– Ды не планую я... Проста сканаю зараз ад нудоты, і ўсё... Ну прыдумайце! Хоць што, калі ласка! Вынайдзіце, чым карысным мне сябе заняць!

– Можна было і раней спахапіцца. Перш чым бязглуздзіцу ўтварыць. Не? – Зелянкоўскі з непрыступным выглядам абмінуў Ліду і зняў з нараў планшэт.

– У вас не атрымліваецца, таварыш капітан. Вы ж не сярдуеце, праўда? І абавязкова падкажаце нешта. Як заўжды! – яна ўмольна падсунулася зноў. Шырока расплюшчаныя вочы цямнелі, падкрэсленыя бледнасцю і павялічаныя пакутнымі ценямі. – У каго яшчэ мне пытацца?

Сказаў бы ў каго, ды перамовы тыя заканчваюцца гучна... і плёну чамусьці не прыносяць. Хутчэй наадварот.

– Ну хоць разабралі вы з Глебам вылет? Да чаго прыйшлі? Як паправіш пралікі? – спытаў ён дзеля фармальнасці, але па тым, як выцягнуўся яе твар, сцяміў, што далей за мацюкі справа не пайшла.

Мінус бал вам, таварыш былы інструктар. За эмоцыямі ісці толькі навічку даравальна, а вы ў нас, між іншым, трэці. І таму ўсе пункты рэгламенту памятаць мусіце.

– Эх, спрачальнічкі! Вас яшчэ і мірыць, мезенцамі счэпліваць? Як вы разам ваяваць збіраецеся? – Зелянкоўскі з дакорлівым чмыханнем апусціўся на бліжэйшыя нары. – Сядай тады, вунь там. Зробім працу над памылкамі.

– А як жа... дзяжурства?

– Нічога, час ёсць. Сядай, кажу!

Выпрабоўваць лёс яна не стала і жвава прымайстрылася на супрацьлеглых нарах, зашамацеўшы сенніком. От ваярка знайшлася! Падэшвы да зямлі не дастаюць, а карысную справу падавай!

Зелянкоўскі ўзвёў вочы да бярвёнаў, з якіх была складзена столь. Паспрабуй тут чыхвосціць, калі першы гатовы ўступіцца... Ясна і дурню, што недарэчна патрабаваць ад яе разважлівасці аса. А калі не патрабаваць зусім, ці вырасце той ас? І ці разумна гэта – зрабіць дапушчэнне, што вырасці ён сапраўды здольны?..

– Заблукаць-та як прымудрылася? Раён жа знаёмы. І ў звяне бралі з сабой, і ў пары. Мала бралі?

– Сама б хацела дазнацца... – Ліда згорбілася, разглядваючы пераплеценыя сціснутыя пальцы. – Ну вярнулася ж?

– Вярнулася... Лепш бы не вылятала, калі на тое пайшло. Ну ды ліха з ім! Блага не гэта. Блага, што кінула вядучага. Калі вызвалася суправаджаць, то слова трымай! Добры лётчык заўжды адсочвае, ці не патрэбна таварышу дапамога.

– У тым ліку слабейшаму, – Ліда звузіла вочы.

– Слабейшаму – безумоўна!

– Хм! То бок Глеб – дрэнны лётчык?

– То бок старшы лейтэнант Федарэнка дзейнічаў па абставінах... І мог трохі не разлічыць. Людзі мы ці механізмы? Памыліцца дазволена і Глебу, і мне... – Зелянкоўскі злавіў сябе на тым, што выгароджвае таго, каго сам асудзіў, і забуксаваў на гэтай думцы.

– Тады што было зроблена не так? Хто вінаваты – я ці ён?

– А мне адкуль ведаць? Мяне ж там не было! А ты – была. Вось і растлумач мне, у чым быў збой.

Яна застагнала, прыкра гайданула нагой, зажмурылася. Выпусціла паветра праз нос, пакорліва расплюшчыла вочы.

– Ён пайшоў так, – паказала рукой уваход у баявы разварот. – А я так, – далучыла другую. – Здавалася, вось-вось дацісну, але вугла не хапіла, і... – рукі разышліся далёка адна ад адной і ўпалі назад на калені. – Усё.

Зелянкоўскі не адводзіў чакальнага позірку, і Ліда ўскудлаціла сваю грыву, працягваючы мазгавы штурм.

– Можа, мне трэ было павярнуць актыўней. Або Глеб паспяшаўся і не падумаў... Але ён пад агнём быў – калі думаць? Добра, інакш: важна зноў сысціся, – яна, пакусваючы губу, вярнула рукі ў пазіцыю, калі гэта яшчэ было магчыма. – За кошт чаго я магу нагнаць? Дзе зрэзаць?.. А што, калі мне адразу перайсці ў набор вышыні і цюкнуць “месер” зверху? Глеб строчыць адсюль, я – адтуль, і?..

Калі яшчэ паназіраеш такое ператварэнне! Толькі што перад табой скуголіла змучанае дзяўчо, а вось знішчальнік-пачатковец аналізуе няўдалую сутычку, накідвае прапановы па тактыцы. Суладна перасоўваюцца рукі, ілюструючы вуснае апісанне, і кожны рух падмацаваны гнуткім бессвядомым нахілам корпуса.

Колькі Ліда на фронце? Год наскрабецца? Няхай са шпіталем і трэніровачным палком у прамежку. І, відаць, слаба ўяўляе аб’ём, які засвоіла. Рыгор згадваў: пэўныя веды да таго ўтульна атабарыліся ў гэтай галаве, што Ліда пускае іх у ход, не асэнсаваўшы. Не хапала, каб яна адчула сябе горшай за... ды хаця б за тую малайчынку, якая на вучэбным самалёціку шнырыць пад носам у хуткасных варожых знішчальнікаў. А ім кулямёты і пушкі скарыстаць – мілая справа.

– Вы не слухаеце! – Ліда пляснула па сенніку, і пылінкі замітусіліся ў струмені сонечнага святла, які падаў з увахода. Ускочыўшы, яна адбегла ў глыб зямлянкі, у змрок, дзе між нарамі прытуліліся стол ды лаўка. – На чорта пытаць, калі адказ да лямпачкі?

– Здатныя ж вы, паненка, абвінавачваннямі кідацца...

– Вывучылі на сваю галаву: знішчальнік – зброя нападу. Толькі атака! Раней, спрытней, трапна! – Ліда дала выспятка ножцы стала, і на ім тонка зазвінела незапаленая газнічка. – Напад – найлепшая абарона!

То і відаць, што гэта яе ўлюбёны метад.

– Мяне таксама абстраляеш папрокамі? Сяброўства скончана? Усяго з-за жаўтаротых бядот! – Зелянкоўскі, пасміхаючыся, укладваў ліст ад жонкі ў планшэт. – Э-э, куды цяпер лішнія шакаладкі падзець? Усё дадому адпраўлю, што зробіш...

– А я не сама ем, я збройніцу падкормліваю! Чаго яна мне наладзіць на паўпусты страўнік? – парыравала Ліда. – І дужа вы разумееце жаўтаротыя бядоты, таварыш капітан! – яна з асаблівай інтанацыяй прамовіла два апошнія словы.

– І што ж – капітан! Знайшла шышку, усяго месяцы два намеснічаю. Сказаць, з чаго я вайну пачаў у сорак першым? Дванаццаць разоў схадзіў на заданні, а пасля... вазьмі ды разбі самалёт! – і шлёп далонню аб далонь.

– Гэта ў якім вылеце? У трынаццатым? – Ліда фыркнула, хоць і намагалася дэманстраваць абражаную абыякавасць.

– Што рагочаш? Хлопцамі нашымі праверана: калі трынаццаць перажыў, далей не так калаціся. Адлётае Ігнат поўны чортаў тузін – тады выдыхну.

– Не з-за ліку гэта! Проста напрацоўка.

– Шкада, матор аб ёй не ведаў! Чхаў ды чхаў... Урэшце цішыня. Свежых патрапленняў ніводнага, ды і перад узлётам аблазілі, а тут – заглух. Я нават цераз лінію фронту не перацягнуў, плюхнуўся на нейтралку. Ат, фацэтна селі! Варонка на варонцы. І “ішаку” майму каюк, і самога асколачкамі нашпігавалі... – (Ліда пакасілася на яго з недаверам.) – А ты, мусіць, лічыла, што дзядзька Мацей проста з прыбабахам! Эх, як мне навучыць вас прыглядацца, прыслухоўвацца? Яны ж, падказкі, усюды. Нашэптваюць, калі памножыць пільнасць на два, а калі ісці без страху.

– Гэтак кроку не зробіш, каб не ўляпацца ў прымху... А што, старое адзенне напраўду ратуе?

І яна пстрыкнула па забытай на стале шпульцы нітак. Якою скарыстаўся нехта, каму трэ было правярнуць сваю чорную справу – нашыць пагоны, пакуль абаронца забабонаў прылёг падрамаць...

Дарэчы, а сам Зелянкоўскі ні аб чым не забыўся? Аб чымсьці важным, звязаным з ніткамі, адзін выгляд якіх зварухнуў нешта ў памяці. Смяешся, сябра, з жаночай логікі, а памяць маеш дзявочую! Вось-вось успомніцца, толькі ўхапі неслухмяную думку за загрывак...

– Дык ці біць трывогу, калі чароўная адзежка ператвараецца ў анучу? – нецярпліва нагадала аб сабе Ліда. – Або карысці ад гэтых пагалосак не больш, чым ад “фатальных” лікаў?

– Асабіста не выпала спраўдзіць. З маёй удачлівасцю форма жыве нядоўга. Мо ў гэтым і соль? – Зелянкоўскі ўсур’ёз задумаўся, і пальцы слізганулі па тактыльна знаёмых рубцах на запясці. – Але ёсць тут у нас для роспытаў... так бы мовіць, свой лётчык-выпрабавальнік. Праўда, пераадзецца назад не змусім... Слушны выбрык ці не, а пасуе, халера!

Расчуўшы ўсмешку, Ліда сурова скрыжавала рукі на грудзях.

– А можна прыбраць вось гэты тон? Я спытала таму, што не бачу сувязі! З раніцы камэск разводзіць паніку без дай прычыны, а пад вечар лёгка адхрышчваецца ад запаветнай гімнасцёркі. Хаця яна, на секундачку, шчаслівая! Хіба магчыма змяніцца за... дзень?

Зелянкоўскі адхіліўся назад, у густы цень ад верхніх нараў, і па лапатках разліўся зябкі халадок земляной сцяны.

– Змяніцца... Гэта нескладана і хвілін за пятнаццаць, – прагаварыў ён павольна. – Гледзячы чаго і колькі дадаць. Або адняць? Скажам, чатыры. Восем мінус чатыры. Ці дастаткова, каб зрушыць характар?

Пераступае з нагі на нагу. Не разумее. Колькі часу прайшло з таго моманту, калі яна, ускінуўшы падбародак, годна высілася над маладняком, нібы стромкае маладое дрэўца над батальёнам дзьмухаўцоў. І што куды дзяецца! Цяпер – позірк спадылба, напружаны надлом плеч, гатовых да ўціску...

– Нас было восем, Жучок. А потым – чатыры. Пятнаццаць хвілін, і паловы эскадрыллі як не было. Неблагая такая арыфметыка?

– Гэт-та чаму? У вылеце? На зеніткі нарваліся, так? А мо праціўнікаў было зашмат? – зачасціла Ліда, спешкай спрабуючы кампенсаваць той роўны голас, які чула. Страшнавата было дзяўчынцы змоўкнуць і апынуцца ў няправільнай, будзённай цішы зямлянкі.

Зелянкоўскі хітнуў галавой:

– Не вылет быў. Налёт. Праштурмавалі нас хвацка...

– Вас? Аэрадром?

– Калі падключыць фантазію, можна і так назваць. Пляцоўку пад аэрадром. Мы на яе пераляцелі напярэдадні, нават спаць заваліліся пад самалётамі. А пакуль кухня не дагнала, і есці не было чаго. Наогул пераляталі часта, не да абсталёўвання...

Расшыфроўка на гэты раз не спатрэбілася: паведамленні Саўінфармбюро вымагалі навыку чытаць між радкоў. Бо ў зводках, красамоўных і шматслоўных пры пераліку поспехаў Чырвонай Арміі, заведзена апускаць дэталі, калі лінія фронту перасоўваецца на ўсход замест захаду.

– І? – Ліда падступіла бліжэй, разбіраючы выраз твару Зелянкоўскага. – А падняць па трывозе дзяжурнае звяно? Калі мігам узляцець, перахапіць...

– Мы тады пільнавалі двойкамі: недахоп машын. Ды не ў тым справа... Паднялі ж увесь полк, усіх, хто паспеў. Але момант быў упушчаны, таму паспеў мала хто. Сама больш чалавек шэсць. А ў хуткім часе і ўзлятаць не стала на чым: тыя самалёты – на заданні, гэтыя – у рамонце, яшчэ пара-тройка дагарае на стаянках...

Халадок, які асвойтаўся на ўзроўні лапатак, папоўз уздоўж пазваночніка, і плечы звяло ад неспакойнага свербу. Той жа сверб, помніцца, прагнаў яго ад палаткі, з якой несліся вабныя пахі блізкага абеду, і прымусіў вярнуцца да ўласнага “ішака”. Муляцца побач, пэцкаць пальцы аб зафарбаваныя латкі і для нечага паглядаць у бляклы ад спёкі нябесны блакіт, пакуль у шлангу цурчыць гаручае, пераліваючыся ў бензабак...

– Няўжо не было як адбіцца? Трыма эскадрыллямі не прагнаць варожую групу! – палка ўсклікнула Ліда, быццам менавіта Зелянкоўскага варта было вінаваціць у стратах.

– Я ж кажу, не мелі мы на полк ні тэхнікі, ні... ні людзей вопытных. Ды і збітымі згубілі не ўсіх: хтосьці хоць паспеў у самалёт заскочыць, а кагось – на аэрадроме... – ён бездапаможна адчуў, што сказы выходзяць каструбаватыя, словы не падпарадкоўваюцца, і заблукаў сярод гэтых слоў, сам сябе перарваў: – Даруй, паганы з мяне апавядальнік... Я быў у паветры, не ўсё разгледзеў. А там і мяне падпалілі. Хочаш – у Глеба спытай, ён бачыў з зямлі.

– Дык гэта калі вы... вас...

– Сапраўды, падсмаліўся я трохі. Другое раненне, другі ўходаны “ішак”... Ну й выбар: ці то сябе ратуй, ці то самалёт! Думаў, пасаджу-такі, а не, пралічыўся крышачку...

Нядобры агонь палымнуў у вачах Ліды, рукі сціснуліся ў кулакі.

– Трохі, крышачку! Каб потым са шпіталяў столькі месяцаў не вылазіць... Фенаменальна! Грандыёзна!

Яна парывіста адвярнулася і ўперлася лбом у верхнія нары. Зелянкоўскі мякка патузаў яе за рукаў, дацягнуўшыся цераз праход.

– Ну было і было. Даўно было! Няма чаго рабіць трагедыю. Парашут не запалаў, і то дасягненне! – (Яна маўчала, удаючы крыўду.) – Мо паспеў бы выкараскацца раней, але сустрэчная паветраная плынь, зараза, уціснула... Сёння, дарэчы, роўна год мінае, дзень у дзень.

– Сёння! – Ліды ўздрыгнула, спіна ў яе скамянела. – Сёння...

Два імклівыя крокі, і яна села побач, на самы край нараў, каб ногі цвёрда стаялі на земляной падлозе. Таропка пашурхала далонямі па сцёгнах, быццам каб суцішыць мурашкі. Пачала загінаць пальцы на руцэ: вялікі, указальны, сярэдні... Безыменны патрымала, але не загнула.

– Я прытым ведаць не ведаў, што нас стала чацвёра. З лістоў толькі дазнаўся. А калі на свае вочы не бачыш, неяк веры няма, што ўсё было... Вось як камэск наш згарэў – гэта бачыў. “Ішак” задыміў, па дузе пайшоў і грымнуўся рыхтык ля тадышняй сталоўскай палаткі. Выбух быў – дзяўчаты нашы ледзьве павыскоквалі.

– Камэск? Але...  Т о й  камэск?.. Так, вы казалі – год. Год у камандзірах... – Ліда разглядвала насы сваіх ботаў, па-дзіцячы завернутых унутр. – Не, так і так стаў бы на кіраўніцтва. Натура! – зазначыла ўпэўнена.

– А хто ў яго пытаўся? Камэск патрэбны – камэск будзе. З выбарам, ведаеш, было тугавата. Добрая эскадрылля – Андрэй ды Глеб! Нас жа з Рыгорам абодвух справадзілі на лячэнне, дык ён неяк хутка адстраляўся, з рукой сваёй. І назад, да рабят. А я... эх!

– Тады не роўна год. Меней.

– Меней, болей! Сама вазьміся планаваць баявую працу, маючы ў лётным саставе тры адзінкі. А тэхнікі – адну адзінку. Яшчэ адну атрымаеш, калі з парэшткаў некалькіх самалётаў складзеш цэлы. І чорт разбярэ, ці збіраюцца вас папаўняць... Тут месяц стагоддзем падасца!

Хаця што Ліда... Зелянкоўскі, можа, сам уразіўся, калі згледзеў у сябра ссівелыя скроні. А часавы прамежак, калі падысці бюракратычна-суха, не такі працяглы: вось чэрвень, а вось наступны красавік. Чаму толькі нямногім шчасліўцам, не схільным да ўскладненняў, усё даецца з лёгкасцю, з якой яны дыхаюць?

– А зараз вы зноў мяне супакоіце, так? Скажаце, што гэта нармальна – нічога не рабіць! – зрывіста выгукнула Ліда. – Усе робяць, спрабуюць! І церпяць ад гэтага. А я... сяджу. Запасная. У гатоўнасці нумар адзін.

Забаўная яна. Любое глыбокае пачуццё, любая шквальная эмоцыя выплюхваюцца з яе праз гнеў. Прыкрасць, страх, расчуленасць... Звыклая такая, самая зразумелая для ейнага цела рэакцыя.

– А ты – чакаеш, – сказаў Зелянкоўскі проста. – Чакаеш і матаеш усё на вус. Ухапіцца раней і не знесці – які ў гэтым сэнс? Матай, сачы... Яно будзе. Яно дагоніць. Гэта яшчэ тая навука – жыць у гатоўнасці нумар адзін.

Доўга Ліда ў часцях ды на франтах, а яшчэ пераймаецца: іншыя геройствуюць, яна не. Хаця галоўная складанасць – у чым? Не дзявочая нават, а так, агулам... Быць тут і захаваць сваю асобу некранутай. Усё ведаць, усё бачыць і не пераламацца пад цяжарам. А мовіш – смяротна пакрыўдзіцца! І невядома, якімі словамі растлумачыць, да чаго хутка выпальваюцца гарачынёй валасы, бровы, вейкі. Да чаго проста сказіць гэты профіль з упарта падціснутымі вуснамі, профіль, акрэслены ў бурштыне сонечнага святла, і ператварыць у балючую маску без рысаў. Усё ліпіць на павуцінцы: здарыцца – не здарыцца, зачэпіць – абміне. Сёння найбольшая непрыемнасць – дурное непаразуменне з камандзірам, заўтра ж давядзецца з усёй асцярожнасцю выцягваць з кабіны непрытомнае цела, а бескарысныя ордэны будуць гулка бразгаць аб борт...

Але што гэта ён, ордэнаў Ліда не напрацавала. Скрыжаваць пальцы, каб крамола не была падгледжана рэчаіснасцю. І ўрэшце падабрацца да вырашэння праблемы, з-за якой дыялог быў пачаты.

– Між іншым, хацеў я з табой параіцца... Наконт Сашы. Як на тваю думку: ці ёсць у хлопца характар? Ты з ім знаёмая даўжэй.

– Ну, ёсць. І больш устойлівы за мой. А што? – Ліда, якая тужліва падперла была галаву, неўразумела ўзняла яе зноў.

– А вось дылема. Пакуль маё звяно дзяжурыць, сказалі яму памуштраваць Арцёма па веданні мапы. Усё б нічога, але заадно Колю Волкава навесілі. А Коля задзірака – жах, сама ведаеш...

Пакуль гаварыў, яна несвядома выпроствалася, выцягвалася, нібы звялы парастак, у карэньчыкі якому лінулі вады. Нават міргаць перастала – і, здаецца, дыхаць.

– Я і сумняваюся: ці па плячы яму з абодвума? Надзейней, калі побач будзе і хто байчэйшы. Хто дасць у карак пры выпадку...

– Вы даручаеце? Праўда? Мне можна пастаяць у Колькі над душой?! – Ліда адным пругкім скачком зляцела з нараў. – Ура-а-а, катаванне бяздзейнасцю абвяшчаю скончаным!..

– Гэй-гэй, катаванне ў сіле. Нахамутала – адказвай! – затрывожыўся Зелянкоўскі, уявіўшы, якімі вачыма паглядзіць на яго Рыгор, калі дазнаецца аб самаўпраўстве. – Сашу толькі дапамагчы...

– Ёсць дапамагчы Сашу! – заззяла яна. – Пабягу знайду яго. Які вы!..

З размаху тыцнулася вуснамі яму ў шчаку, дзеўбануўшы носам, і цераз прыступку рванула ўверх, у сонца і блакіт. Зелянкоўскі таксама памкнуўся ўсхапіцца – і ляпнуўся макушкай аб верхнія нары, асеў з вохканнем-стогнам.

– Пільнасці не губляйце, Мацей Васіліч! – бадзёра данеслася ад выхаду. – Правільна, пастукайце па драўніне, каб усё ў мяне выйшла!

І Зелянкоўскі азірнуцца не паспеў, як апынуўся ў зямлянцы адзін.

– Шалёная! – засмяяўся ён, паціраючы галаву і прыкідваючы, ці не ўскочыць гузак. Адназначна дзівосная гэта рэч – жаночае мысленне. І тое, як мала часам трэба чалавеку – ведаць, што яму давяраюць.

Уздыхнуўшы, ён прыслухаўся да перакрыкванняў звонку, у якіх, яму здалося, можна было разабраць узрадаваны дзявочы голас.

І прагучаў у бязмоўі зямлянкі ціхі выразны стук. Раз. Два. Тры.


***

Не справа, канешне, перакопваць такія ўспаміны перад дзяжурствам. Каб потым, гадзінамі седзячы ў кабіне, вяртацца да гутаркі, перабіраць няўклюдныя фармулёўкі, шкадаваць аб тым, што было або не было прамоўлена. І зноў згадваць. Зелянкоўскі яшчэ да самалёта не дайшоў, а ўшчэнт знясіліўся ад прымхлівага свербу скуры, дарма што фантомнага. Ледзь спахапіўся і не дакурыў да канца папяросу, якую згодна з традыцыяй належала адкласці на потым: палова перад заданнем, палова пасля... Калі ж над бортам “лавачкіна” нумар трынаццаць пры яго набліжэнні ўскінулася чорная віхрастая галава, ён на пару секунд анямеў, уявіўшы тое, што напрошвалася ў першую чаргу.

– Стойце-дзядзь-я-сыду-зараз-дзядзь-вы-не-выдавайце-мяне-ладна? – з плоскасці паспешліва з’ехала дробная постаць у неахайна-мехаватых апратках. І аказалася – дзякуй богу! – дзіцячай.

– Цьфу, паблытаў. Думаю: што за трасца, ізноў Ліда! – Зелянкоўскі з палёгкай рухнуў на верны цурбан, які з раніцы чакаў яго на звыклым месцы.

Рэпліка чамусьці выклікала ў няпрошанага госця такое абурэнне, што ён забыўся аб раскаянні.

– Як так? У мяне валасы кароткія! Вы яшчэ пры тэхніках скажыце. Выдумаюць сабе немаведама што і пускаць перастануць!

Апломб выглядаў камічна ў выкананні дзіцёнка з плямай чырвонай фарбы на носе ды са скамечанай анучкай у руцэ, якая апісала ў паветры ўзрушаны паўкруг.

– І даўно ты залічаны ў наземную каманду? Тэхнікі, значыць, за сяброў, а летунам не выдаваць... Ці не з табой мы сёння сустракаліся, га, нячысцік? А вунь і анёлкі!

Зелянкоўскі памяркоўна кіўнуў на хмызы, у цянёк. Там бялявыя двайняты сканцэнтравана тыкалі палачкамі ў зямлю, заганяючы кагосьці – мо нейкага жучка ці мураша – пад нізенькі полаг галін, перавязаных травінкамі. Будучае жытло падапечны незалюбіў і ніяк не заганяўся, але гэтым толькі павялічваў даследчыцкі імпэт. Сусвет сціснуўся да лапіку зямлі з адзіным насельнікам (больш не змесціцца), нават адпала патрэба ў дарослым наглядзе. У гэтую хвіліну двайнят цалкам задавальняла кампанія адно аднаго.

– Праз малышню ўсе мае праблемы. Факт! – катэгарычна абвясціў “нячысцік” і з трох метраў рашуча шпурнуў анучку ў вядро. Прамазаў. – Вось, бачыце? Усё накасяк. Воля-Толя, каб іх! Насамрэч жа ніякай волі. Вечна думай: куды прыткнуць, чым заняць... А ў мяне ледзь пачало наладжвацца!

– Такі сабе занятак – каля баявых машын сноўдацца. Цікаўнай Амілі нос прышчамілі! – Зелянкоўскі з дастатковым спрытам, каб малы не паспеў ухіліцца, пацёр яму кончык носа, але фарба даўно высахла. – Ты глядзі, без дазволу ўлазіць забаронена. Усё строга!

– Без якога без дазволу? – шчыра здзівіўся той. – Мне заданні даюць! У “трынаццаткі” ліхтар знутры і звонку адшураваны, вунь зіхціць. Мая работа! А яшчэ пафарбаваць даверылі – зорачкі па трафарэце. Першая эскадрылля збівала. А яшчэ, яшчэ абяцалі паказаць той самалёцік паштовы, у яго кан-струк-цы-я прасцейшая!

Узбуджанае тарахценне, ямачкі на шчоках, іскрынкі ў вачах – знікла журба без следу. Вось і Ліда гэтак ажывілася. І гэтаксама не хочацца расчароўваць...

– Эх, ад спраўнасці машыны залежыць чалавек. Я, напрыклад. Напартачыш, не ўмеючы, і мяне падставіш – вось адкуль забарона. Самалёт жа, не трактар...

– А я і ў трактарах разумею! Кропельку. Пры мне часта корпаліся, пакуль фурычыў. Весялей, чым дзятву гля... Пчхі!

– Праўду кажаш. Зашпіліся, вецер памацнеў пад вечар, – заўважыў Зелянкоўскі. – Сынок у мяне па гадах такі, як ты. Ну, меншы трохі. Ахрэмка...

– А мяне Анцікам клічце.

– Гэта як Антось?

– Блізу таго. А ён да каго падобны? Я да мамы! – незразумела пахваліўся Анцік з-за насоўкі, у якой схавалася большая частка яго твару.

– І мой да мамы. Ва ўсім. А ёй у радасць: не хапала яшчэ аднаго шукальніка прыгод... Дарэчы!

Зелянкоўскі дастаў з нагруднай кішэні жончыну фотакартку з зубчастымі краямі, якая прыйшла з лістом. Нядаўняя: валасы падаўжэлі з таго разу, калі ён вырваўся на два дні дадому. Цэлую вечнасць таму, яшчэ пасля першага ранення. Позірк наўпрост у кадр, наўпрост у вочы – ці то пытанне, ці то просьба, ці то маўклівая гатоўнасць да ўсяго. На адвароце – два сказы па дыяганалі: “Прымацуй так, каб я цябе бачыла. Буду бачыць – не наробіш глупства...”

– Прычоска нічога, харошая. Але мама мая ўсё адно прыгажэйшая! – ізноў ямачкі з хітрынкай.

Зелянкоўскі не пакрыўдзіўся:

– Свая заўсягды прыгажэйшая! Расказаць бы ёй, у якіх краях блукаеш. І малечу цягаеш за сабой. Вы трое, мабыць, з вёскі, дзе наш полк кватаруе?

– Ага. Толькі не думайце, што мы родныя. Стрыечныя! Я пакуль у цёткі жыву, мамы іхняй. Сама наказала: далёка ад сябе малых не пушчаць. Раблю як умею! – нявінна ўсміхнуўся Анцік і замурзанай рукой нацягнуў кепку.

Зашпільваючы кішэню, Зелянкоўскі намацаў унутры нешта яшчэ – ды так і абмёр. Гузік! Няўжо дасюль з ім не разабраўся? У першай палове дня было не да таго: то Ліда, то разбор, то злётанасць... А потым... Забыў, запусціў!

Ён зірнуў на гадзіннік. Чартыхнуўся. І, скінуўшы на траву рамень, таропка пацягнуў з сябе гімнасцёрку. Колькі ён бяздумна тачыў лясы!

– Што гэта вы, дзядзь?

– Гімнасцёрка не па форме. Трэба прышыць, выправіць... Паспею!

– Але перад вылетамі... Гэй, чуеце? Калі вылет будзе, не шыюць!

– Што?..

Зелянкоўскі застыў і ўтаропіўся ў Анціка: сам па-за адзежынай, а рукі – яшчэ ўнутры.

– Не шыюць, – павучальна паўтарыў дзіцёнак. – Нельга таму што!

– Я не на сабе, я зняўшы, – для чагосьці пачаў апраўдвацца Зелянкоўскі.

– А ёсць розніца? Кажуць, ад таго не шчасціць. Ці мо ў першай эскадрыллі брахуны завяліся?

Схаладнелы Зелянкоўскі занырнуў назад у каўнер. Век жыві – век вучыся, а дурнем памрэш! Адзіны носьбіт прыкмет у эскадрыллі так праштрафіўся. Падчас раздачы абеду якраз балбаталі нешта пра абмен вопытам – жарты жартамі, ды сапраўды не лішняе...

А Рыгор – шыў. Той, каму варта было берагчыся. Ох, хутчэй бы скончыўся гэты кляты дзень! Куды ні ступіш – пастка!

“І ніколі я не раблю глупства... Так імкнуся не рабіць! Адкуль яно вышмыгвае? – прыбіты Зелянкоўскі забраўся на плоскасць свайго Ла-5 і ўладкаваў фотакартку на прыборнай дошцы. – Асвойвайся, Кась, тут самае месца!”

Ён з уздыхам пагладзіў “чортаў тузін” па фюзеляжы, як каня па баку. Латкі, латкі – месца жывога няма. Хоць збольшага і чужыя.

“Не думаў, браце, крыжык займець? – загучаў у галаве жыццярадасны голас, уладальнік якога ўмеў прамаўляць самыя насмешлівыя пасажы самым сур’ёзным тонам. – Нячыстая сіла ўраз перастане быць нябачнай. І прыме выгляд кампетэнтных супрацоўнікаў паважанай партыйнай арганізацыі!”

У гэты момант раздаўся палахлівы віск: Воля ўскочыла, адчайна размахваючы рукой.

– Ён  п а ў з е! – верашчала яна. – Зніміце яго!

– Спужалася, спужалася! – Толя захоплена пляскаў у ладкі. – Паўзі па ёй!

Яго сястра ў паніцы наляцела на зараснік, небяспечна пахіснула сплеценае жытло, і Анціку давялося кінуцца на дапамогу, каб віск не ператварыўся ў сумеснае румзанне. А на траве, дзе ён стаяў да таго, засталася светлая пляма.

– Стой, баец, насоўку згубіў, – усміхнуўся Зелянкоўскі. – Сімпатычныя каруначкі!

Ружовыя плямы ўспыхнулі на шчоках Анціка.

– Ай, цётка майстрачыла... Няма іншага! – ён хуценька запіхнуў здрадніцкую насоўку ў кішэню.

Няма іншага... Шмат якія рэчы не акрэсліш выразней. Зелянкоўскі разумеў, як гэта – прыйсці замест чалавека, прыняць у яго пасаду і самалёт. Закрыць сабой пустое месца, ведаючы, што насамрэч яно так пустым і застанецца, як за абедзенным сталом. Свае ўменні не рызыкнеш прыраўняць да ўменняў папярэдніка, сваімі ўсмешкамі не заменіш згаслыя. Хто наважыўся б на такое блюзнерства – замяніць асобу?

А ў Рыгора быццам ані думкі аб тым, што ў найгоршым выпадку, які страшнавата фармуляваць словамі, яны будуць вымушаны кімсьці яго замяніць.


Рецензии