Суседзi
Можа, каб не патрэба дапамагчы маці – пасля таго як не стала бацькі, ёй акрамя Васіля трэба было падняць і выпусціць у людзі яшчэ дзвюх дачок – ён бы паехаў вучыцца ў горад. Можа, нават у інстытут паспрабаваў бы, настаўнікі вельмі раілі здольнаму хлопцу працягваць вучобу.
Але не атрымалася.
Прафесія, праўда, у Васіля зараз, таксама сталася, карысці не прыносіла: ну дзе вы бачылі тыя печкі? Нават у іхняй, не такой каб надта сучаснай вёсачцы дачнікі абзаводзіліся паравым атапленнем, а хто для прыгажосці, то і коміны куплялі – ды не сапраўдныя, комін-то Васіль таксама здольны быў скласці, але на яго ж і дрэвы патрэбныя. Часовыя гаспадары, што прыязджалі толькі летам на ўік-энды, такім не замарочваліся, куплялі гатовую – электрычную – падробку, штэпсель у разетку сунуў, і любуйся.
Печка любіць клопат, гэта Васіль ведаў як ніхто. Калі яе не забываць, то аддзячыць: цяпло ў хаце будзе трымацца не адну гадзіну. А якая смачная бабка, прыгатаваная на сапраўдным агні! А як хораша прытуліцца да печкі ўвечары пасля марозу, кожную костачку знутры сагрэе, любую хваробу вылечыць...
Печка, вёска хоць крыху і выратавалі яго сум пасля скасавання шлюбу. Тую зіму ён нібы сапраўды саграваўся цяплом бацькоўскай хаты. Маці амаль ні пра што не пыталася, толькі час ад часу прасіла зрабіць нешта па гаспадарцы. І, дзякаваць Богу, замест таго, каб заглынуцца гарэлкай, як здаралася з большасцю хлапцоў-равеснікаў, Васька сяк-так акрыяў.
Дрэнна, праўда, было тое, што працы ў самой вёсцы амаль не было. Уладкавацца ў калгас? Летам на ровары амаль гадзіну да сельсавета яшчэ куды ні йшло, асабліва па добрым надвор’і, але калі пачыналіся восеньскія дажджы, дабірацца ў цэнтр, як казалі пра сельсавет, было зусім няёмка.
Карацей, жыццё не надта ўдалося. Але, як калісьці казала бабка, жывым у магілу не палезеш. Дзівак шукаў хаўтуры, час ад часу на колькі тыдняў з’язджаў, падпрацоўваючы ў суседніх раёнах, і перыядычна, нават зараз, задаваўся сам-насам з сабой пытаннем: а мо, не варта было разыходзіцца з жонкай, трэба было цярпець, прыладжвацца, заставацца дзеля дзяцей?
Калі б Валя не зацяжарыла, мо, яны б і не ажаніліся. З самага пачатку было зразумела, што агульнага ў іх няшмат. Хоць таксама вясковая, дзяўчына ставіла сабе за мэту прабіцца ў жыцці як мага вышэй, колькі дазволяць здольнасці, а мо, і болей – варта толькі не баяцца адпіхнуць тых, хто не ўмее распараджацца абставінамі на сваю карысць.
Пазнаёміліся на вяселлі: Васіна траюрадная сястра выходзіла замуж. Ён толькі вярнуўся з арміі і вырашаў, што рабіць далей: застацца ў вёсцы (на чым настойвалі ўласныя сёстры, бо самі раз’ехаліся з родных мясцін, і дапамагаць, даглядаць маці, калі што, не было каму) ці ўсё ж паспрабаваць уладкавацца ў горадзе. Падчас службы ён атрымаў правы, і шафёрам, быў упэўнены, яго возьмуць хоць куды, ці ў аўтакалону, ці на якое прадпрыемства, а то і на аўтобус. Валя тады працавала ў сталоўцы машынабудаўнічага завода і таксама агітавала за пераезд у горад.
Але жыццё ў іх не складвалася, не падабалася, хоць і пакой у інтэрнаце амаль адразу выдзелілі неблагі. Нарадзіўшы Алёнку, жонка, нягледзячы на матчыны асцярожныя запрашэнні, у вёсцы не спяшалася нават лета праводзіць. І калі можна было зразумець, што са свекрывёй Валя не хоча дзяліць уладу на кухні і ў гародзе, то нават да родных бацькоў яна ездзіць не надта імкнулася. “Дзіцёнку трэба цывілізацыя” – успомнілася Васілю высакамерная ўсмешка, пафарбаваныя нават у дэкрэце вейкі і перманентныя кудзеркі былой спадарожніцы па жыцці.
Яму здавалася, дзіцяці перш за ўсё трэба любоў і клопат, але Валянціна разважала па-свойму. “Я маці, мне відаць лепш” – з такім наступным дэвізам яна ў паўтары гады аформіла Алёнку ў яслі і, нягледзячы на тое, што малая месяц праз два саплівіла і хварэла на ўсе дзіцячыя інфекцыі, выйшла на працу.
Праз тры гады яны атрымалі кватэру. Здавалася, шчасце, але вялікага душэўнага ўздыму Васіль не адчуваў. Валянціна жыла сваім жыццём, Алёнка расла паміж садам і канікуламі ў вёсках: калі дачка падрасла настолькі, каб заставацца без матчынага дагляду, на папячэнні бабуль, Валя перайначыла палітыку дыстанцыравання і пачала падкідваць дзяўчынку то ўласнай маці, то свекрыві. Вася на той час стараўся браць адпачынак, каб разам з дачкой пабыць на радзіме. Валянціна з імі не ездзіла.
А калі Алёнка пайшла ў школу, жонка зацяжарыла зноў. Гэта здарылася нечанакасцю і для Васіля, і, пэўна, для яе самой, бо другое дзіця не ўпісвалася ў жыццёвую стратэгію Валянціны. Яна нават разважала, ці не зрабіць аборт, да абурэння мужа, але, мусіць, пабаялася за ўласнае здароўе, таму ўрэшце пакінула цяжарнасць. Але і да сына вялікай мацярынскай любові яна не дэманстравала, гэтак жа хутка выйшла з дэкрэтнага адпачынку, і Мішка следам за старэйшай сястрой прайшоў тыя ж яслі, і сад, і лета ў бабуліных вёсках.
Жыццё як жыццё, не горш за іншых, угаворваў сябе Васіль.
Разысціся было ініцыятывай Валянціны. Ужо пасля ён даведаўся, што ў жонкі з'явіўся другі мужчына, больш статусны і пры пэўных грошах, але ў падрабязнасці Вася не паглыбляўся
Калі было б магчыма, ён і дзяцей бы пакінуў сабе, неяк ужо пратрымаліся б: Алене амаль дванаццаць, па гаспадарцы тое-сёе ўмее рабіць, а мо, і маці б дапамагла, прыехала хоць на колькі. Але Валянціна гэтак жа катэгарычна і высакамерна, як усё рабіла ў жыцці, адсунула яго жаданні ўбок.
– Хто гэта дзяцей бацьку пакідае? А кватэра, што, дзяліць яе будзем? Ты ж па вёсцы сваёй да гэтага часу сумуеш, вось і вяртайся, навошта табе тут заставацца?
Так і атрымалася. Кватэру Васіль пакінуў – не ёй, прашмандоўцы, дзецям. Аліменты, зразумела, плаціў, дзеля таго і працу шукаў пастаянна, але пасля яго вяртання ў вёску год ад году дзеці прыязджалі ўсё радзей, а калі Алёнка скончыла дзевяць класаў, то і візіты гэтыя скончыліся. Дачка і сын таксама зажылі сваім жыццём, гэта было зразумела, але і крыўдна.
Вёска старэла, пусцела, дзічэла. У параўнанні з часамі яго дзяцінства добра калі засталася палова жыхароў. Бацькоў забіралі дзеці, і калі летам яшчэ вуліца ажыўлялася дзякуючы дачнікам, зімой было ціха і сумна.
Васіль прыладзіўся ўзімку выразаць драўляныя дробязі. Палічку для люстэрка, прылады пад ежу, лавачку маці пад ногі, аднойчы нават змайстраваў маленькі, нібы цацачны, куфэрачак, марыў, прыедзе Алена, то падорыць ёй разам з грашыма, што таксама збіраў спецыяльна для дачкі.
Але дзяўчына не спяшалася наведваць і бацьку, і бабулю, і куфэрак пыліўся недзе ў чыстай хаце, а потым, мо, хто з пляменнікаў забраў, бо з вачэй ён знік.
З лета на лета цягнулася жыццё марудна і бессэнсоўна, у штодзённых звычайных клопатах і адсутнасці вялікіх планаў і мар.
Кавід пачаўся ў той год, як Васілю споўнілася пяцьдзясят.
Спачатку амаль ніхто не надаваў увагі расповедам гарадскіх, што ўвесну адкрывалі дачны сезон. А тое, што расказвалі па тэлебачанні пра нейкі вірус недзе ў Кітаі, было так далёка ад іх маленькай вёсачкі ў сярэдзіне Лагойшчыны, што ўспрымалася амаль як навіны пра засваенне космасу.
Першай у вёсцы захварэла цётка Піліпаўна, што жыла за возерам: да яе прыязджалі сын з нявесткай і ўнукамі. Піліпаўна, праўда, выкараскалася з таго незразумелага кашлю і тэмпературы, хаця і адляжала ў раённай бальніцы амаль тры тыдні.
Міхей, чыя хата першай сустракала гасцей на ўзгорку, калі едзеш ад Мінска, жыў з жонкай. Жонка здужала, а ён – не.
Летам было лягчэй: сустракаліся з суседзямі на двары, у хаты не заходзілі. Але ж амаль да ўсіх прыязджалі дзеці, унукі, малыя бегалі разам, дарослыя елі і начавалі ў бацькоўскіх пакоях, і вірус, нябачны і злавесны, пранікаў паўсюль, дзе былі людзі.
Васіль за сябе не баяўся: не такім шчаслівым здавалася тое жыццё, каб за яго чапляцца. Хваляваўся больш за маці: у яе і так хвароб хапае, вунь, даўленне скача амаль кожны дзень, ды і рукі баляць, колькі яна імі нарабілася за свае восемдзясят з лішкам, дзе тыя суставы вытрымаюць.
Дзеўкі, Васілёвы сёстры, прыязджалі не часта, адна жыла за Мінскам, другая і ўвогуле за мужам паехала на Магілёўшчыну, амаль на мяжы з Расіяй. Маці была яго клопатам і адказнасцю – а ён, дзівак, яе болем і жалем.
Адзінае, што супакойвала старую: сын не п’е, як большасць мужыкоў навокал. Дык і тое, можа, пакуль яна пільнуе, а памрэ, то хто наглядаць за ім будзе... Эх, як не склаўся ў хлопца лёс! І добры, і рукі на месцы, дзяцей любіць, не піў, не гуляў, што той Вальцы трэба яшчэ было, вось жа папалася курва гэткая.
Маці смерці для сябе не баялася – баялася бездапаможнасці, калі зусім слабая стане, і пакідаць Васіля ў адзіноце.
Хай бы хоць якую ўжо бабу сабе знайшоў. Нават паехаў бы зноў, ці то ў горад, ці ў прымакі, а не, дык і сюды хай сабе прышла б якая маладзейшая гаспадыня. Яна ж, Ніна Адамаўна, не вечная, восемдзясят тры гады ўжо, хутка на вечны пакой збірацца трэба.
Да здзіўлення вяскоўцаў, пэўна, гэты ж смертаносны паганы вірус пагнаў усіх бліжэй да прыроды. А можа, як знікла магчымасць ездзіць на заморскія курорты, людзі ўспомнілі пра забытыя карані і сталі несвядома шукаць абароны ў зямлі і моцы продкаў.
Хата побач з Васілёвай стаяла без нагляду мо гадоў з пятнаццаць, калі не болей. Час ад часу нават старшыня сельсавета, прыязджаючы з аглядам у вёску, прасіла суседзяў абкасіць хоць каля дарогі, і ківала галавой, маўляў, варта прапанаваць спадкаемцам прадаць нарэшце гэты кавалак зямлі. Хутка так забярэцца дзірваном ды хата паветшае, што потым увогуле трэба будзе руйнаваць старыя пабудовы. І дрэвы, зноў жа, шкада, які-ніякі сад дасюль даваў яблыкі ды вішні, хоць і нікому не патрэбныя, час ад часу толькі нехта з маладых дачнікаў, у каго яшчэ не было ўласнага ўраджаю, прыходзіў паласункавацца нічыйнымі пладамі.
Калісьці жыла тут звычайная сям’я, бацькі і двое хлапцоў, усё як ва ўсіх, гаспадарка, гарод, сялянскія клопаты. Сыны былі старэйшыя за Васіля год на дзесяць, сябрамі не сталіся, але суседскія адносіны падтрымлівалі па вясковай завядзёнцы. Дзядзька Толік часам, калі памёр Васілеў бацька, нават дапамагаў гарод узараць.
Трагедыя ў тую хату прыйшла, калі малодшы з сыноў трапіў у аварыю. Пражыў ён літаральна колькі дзён у рэанімацыі, але выратаваць дактары не змаглі. Тады Васіль убачыў, як сапраўды ў момант можа састарэць чалавек: маці іх, цётка Надзя, быццам зменшала ростам і ссівела літаральна адразу пасля пахавання: Алега прывезлі на тутэйшыя могілкі, дамоў. Пасля яго нікога не засталося, хлопцу споўнілася ўсяго дваццаць год.
Малодшы сын, Пеця, пасля школы і арміі застаўся недзе ў свеце, прыязджаў да бацькоў зрэдку. Ажаніўся ён, пэўна, ужо калі памёр дзядзька Толік, некалькі разоў пасля таго наведваў маці, можа, нават з жонкай і дзіцем, але пасля смерці цёткі Надзі, ужо год дванаццаць таму, ён тут і не з'яўляўся. Каму належала зараз хата, Васіль не ведаў, мо, ведала маці, але пра тое размову яны ніколі не вялі.
У жніўні, напрыканцы лета, побач з хатай былых суседзяў спынілася машына. З боку кіроўцы вылезла жанчына, не тое каб надта сталая, але бачна было, што ўжо не дзяўчына, хоць і выглядзіць маладжава. Кабета падыйшла да плоту, рашуча тузанула стары, саржавелы замок і пашпацыравала на абцасіках праз высокую траву да дзвярэй.
Маці, назіраючы праз вакно за незвычайным здарэннем, пацокала языком: – Авохці, што гэта за паненка у Жызнеўскі гарод завітала? Мне ж не падаецца, нейкая жанчына ў хату зайшла.
Васіль адарваў галаву ад касілкі – прыладжваў саскочыўшую леску.
– Ды не, пэўна, зблытала ты нешта, ці не дагледзела. Хто ў тую хату ходзіць, там хутка столь абваліцца ўжо.
– Глядзі, – маці пасунулася бліжэй да ваконнага шкла. – У машыну садзіцца, зараз ад’едзе.
– Ну, – паціснуў плячыма Васіль, – паедзе дык паедзе, не спадабалася, мусіць.
Тое ж аўто на вясковай вуліцы зноў з’явілася недзе праз тыдні паўтары. На гэты раз жанчына была не адна: з машыны паказалася хударлявая светленькая дзяўчынка год васьмі-дзесяці, але першым на волю скочыў кудлаты светла-рыжы шчанюк, радасна аблаяўшы новае месца.
Жанчына, перш чым накіравацца да ўжо знаёмага плоту, падыйшла да суседняй хаты: Ніна Адамаўна і яшчэ колькі старых чакалі аўталаўку.
– Здравствуйте, – па-руску павіталася кабета.
– Дзень добры, – адна за другой адказалі бабы, з цікаўнасцю паглядаючы і на саму жанчыну, і на машыну, і на дзіця з сабакам.
– Меня зовут Анастасия, это моя дочка Полина, – назвалася жанчына. – Мы теперь будем вашими соседями на лето, купили домик, – яна махнула рукой у бок пакінутай хаты.
Вясковыя бабы маўчалі, ніводная не жадала пачынаць распытваць, каб не выстаўляцца непрыстойна цікаўнай перад астатнімі. Усе чакалі, што першай на правах суседкі працягне размову Ніна, але тая таксама моўчкі прыглядалася да незнаёмкі.
Тая крыху сумелася, не разумеючы адсутнасці рэакцыі, але, стараючыся не падаваць выгляду, працягнула аповед. – Сами мы из Минска, городские, но Полине очень хотелось настоящую дачу, чтобы лес кругом и речка обязательно.
– Рэчка ў нас ёсць, сапраўды, і нават возера, – нарэшце падала голас Ніна, і за ёй загаманілі астатнія.
– А ў лесе грыбы водзяцца.
– І ўвогуле ў нас тут шмат хто з гораду на лета прыязджае, дачцэ вашей сябры знойдуцца.
– А дзяўчынка вашая ў школу ўжо ходзіць?
Пра мужа з далікатнасці пакуль ніхто не запытваў: пажывуць – і самі ўбачаць.
– А сабаку вашую як клічуць? – пацікавілася баба Ніна.
– Малыш.
Шчаня, пачуўшы мянушку, падбегла да гаспадыні. Малыш пакруціўся каля яе нагі і падскочыў да кветак у чужым палісадніку, абнюхваючы высокія цёмна-ружовыя гладыёлусы.
– Полина, и ты подойди, не стесняйся, – дзяўчынка, відавочна збянтэжаная, наблізілася да маці і спытала:
– Можно я внутри дом посмотрю?
– Сейчас вместе посмотрим, – сказала Анастасія і зноў павярнулася да жанчын. – Здесь много лет никто не жил, надо будет дом в порядок привести, и участок тоже.
– Так, – пацвердзілі бабы, – а вы, мо, радня гаспадарам будзеце? Раней ніколі тут не былі?
– Нет, – улыбнулась Анастасия, – этот домик мне знакомая сосватала, у нее на работе коллега уже много лет собирался продавать, ему, как я поняла, в наследство он достался. Правда, он предупредил, что никто им не занимался, много придется менять.
– Нічога, калі трэба, пытайцеся, знойдзем каго дапамагчы, – пракаментавала Ліда, што жыла насупраць, каля калодзежу.
– Спасибо, – падзячыла Анастасія і павярнулася да сваёй сядзібы.
– Во, твайму Васілю дзеўка, – падштурхнула Ліда Ніну локцем убок.
– Што мелеш, дурніца, – адмахнулася Ніна. – Галава сівая, а розуму не набыла.
– А чаму не? – заступілася за сяброўку Галя. – Бач жа, адна прыехала, без мужыка, самастойная, пэўна. Зараз такіх праз адну.
– І не кажы, – працягнула Ліда, – і ў дзеўках дрэнна, але часам і з замужжа збяжаць не грэх.
Бабы дружна засмяяліся, і нават Ніна не ўтрымала ўсмешку.
– А памятаеце, як Марыля з уласнага вяселля ўцякла? – Галя ўспомніла мясцовую гісторыю, што адбылася, казалі, у вёсцы за старымі часамі, яшчэ да вайны: дзяўчыну хацелі аддаць бацькі супраць яе волі, і тая пагадзілася для віду, а сама з каханым дамовілася і збегла з самай царквы, ужо калі час вянчацца надышоў. Як потым лёс яе склаўся, у вёсцы запамятавалі, пэўна, яна ў родных мясцінах і не засталася, але пра недарэчных жаніхоў хадзіла нават прыказка. Калі дзяўчаты ў іхняй, Галі, Ліды, Ніны маладосці каго з кавалераў не ўпадабалі, казалі так: а каб нам, як Марылі, з вяселля не збегчы.
Пакуль былыя дзеўкі ўспаміналі маладосць, прыехала аўталаўка. Бабы пацягнуліся да прадаўшчыцы Каці з пытаннямі, ці ёсць сёння рыба, а колькі каштуе грэчка, а ці можна заказаць на наступны раз сахару. Да машыны падбегла колькі дзяцей, падыйшла і новая дзяўчынка Паліна.
– Тебя как зовут? – запытаў байчэйшы з усіх Саня.
– Полина, – адказала тая. – А тебя?
– Меня Саша. А это Ксюша, моя сестра. А ещё у нас есть маленькая, она в коляске пока. А у тебя братья или сестры есть?
– Нет, я одна у мамы, – Паліна крыху сумелася, але пазірала на ўсіх з цікаўнасцю.
– А ты здесь теперь тоже будешь жить? – спытала дзяўчынка, крыху меншая за самую Паліну, з дзвюма коскамі, незвычайна заплеценымі ў ярка-блакітныя стужкі, як раней, і лялечным мядзведзем у руцэ.
– Наверное, – павяла плячыма Паліна. – Когда дом отремонтируем. С бабушкой приеду.
– О, здорово! – зноў адрэагаваў Саша. – У нас тут целая компания. А ты откуда вообще, из Минска?
– Да.
– Мы тоже. А Кира из Логойска, а Денис из Борисова. Ты в каком классе учишься?
Пакуль дзеці знаёміліся, да аўталавкі пад'ехаў на ровары Васіль: сёння загадчыца адпусціла раней, бо пасля абеду прагназавалі дождж, і не хацелася папасці ў непагоду.
– А у нас новая соседка! – пахваліўся Саня. – Точнее, у вас.
– І ўсё ты ведаеш, – усміхнуўся Васіль, мімаходам зірнуўшы на незнаёмую дзяўчынку.
Ніна аддала сыну авоську:
– Аднясі дамоў, я яшчэ на вуліцы пасяджу.
Ён звярнуў на сцежку да дому, адной рукой накіроўваючы ровар, у другой трымаючы авоську. Хацелася квасу і ў баню ці хаця б апаласнуцца пасля спёкі, працы і дарогі.
За каліткай суседняга запусцелага двору стаяла і ўсміхалася маладая жанчына. Яна матнула галавой, паглядаючы на ровар, і, замест таго каб павітацца, пракаментавала: – А я, наверное, с детства на велосипеде не каталась, разучилась уже.
– Нічога, калі захочаце, успомніце, – адклікнуўся Васіль. – Ровар у вёсцы – найгалоўны сродак перамяшчэння.
– Придется осваивать, – пагадзілася яна. – Меня зовут Настя.
– Васіль, – адказаў ён.
– Приятно познакомиться, будем соседями, – жанчына паказала на хату.
– Працы вас чакае... – не скончыў сказ Васіль.
– Нічога, здолеем, – упэўнена сказала Насця.
– Суседзі дапамогуць, – усміхнуўся Васіль. – У нас вёска добрая, сябруюць усе.
2 жніўня 2023 г.
Свидетельство о публикации №223110700321