Арнiтолаг цi селекцыянер? 4ч казкi

Наступны дзень прайшоў у дачных клопатах як у дзядулі, так і ў Волечкі. Яны спяшаліся да вечара перарабіць усе справы, каб назаўтра з'ехаць дадому. Праз два дня дзяўчынцы трэба было ісці ў школу. Дзядуля прыбіраў смецце з участку, наводзіў парадак у хаце, падкормліваў і ўцяпляў усе расліны, якія яшчэ трэба было ўцяпліць і гутарыў з унучкай. Яна ж хадзіла следам і дапамагала яму ва ўсім.
– Дзядуля, калі я вырасту, то паступлю вучыцца на селекцыянера, – сказала Волечка. – Я бачыла па тэлевізары, як у нейкім інстытуце займаюцца выводзінамі новых гатункаў пшаніцы і кукурузы, нават памідораў.
– А бульбу там не выводзяць? – спытаў той. – Калі я быў такім жа дзіцем, як ты, то мама купляла рассыпістую і вельмі смачную бульбачку, гатунак зваўся "тэмп", я памятаю дакладна. Але зараз яна кудысьці знікла. Ты выведзеш такі гатунак?
– Выведу. А яшчэ я выведу такую яблыньку, якую не трэба будзе ўцяпляць на зіму.
– Я чуў, што на Алтаі і ў Сібіры растуць такія зімаўстойлівыя гатункі яблынь, іх вывелі расійскія селекцыянеры.
– А ў нас у Беларусі, дзе выводзяць гатункі яблынь? – спытала Волечка.
– У інстытуце пладаводства. Калі ты захочаш стаць селекцыянерам, то пасля заканчэння школы паступіш вучыцца на агранома.
– А дзе гэтаму вучаць?
– У сельскагаспадарчай акадэміі.
– І я змагу выводзіць новыя гатункі яблынь?
– Не толькі яблынь, можна выводзіць новыя гатункі іншых сельскагаспадарчых культур.
– Гэта цікава, праўда, дзядуля?
– Вядома, цікава.
– І тады яблыня будзе сама сябе абараняць ад марозу?
– У нейкай меры будзе абараняць, але ўсё роўна яе трэба будзе падрыхтоўваць да зімы, як гэта мы з табой робім.
– А што мы зрабілі для гэтага?
– Мы падрыхлілі зямлю ля каранёў, уцяплілі карані сухім сенам і лісцем. Ведаеш, нават калі сам ствол яблыні ўпадае ў спячку і можа вытрымліваць вялікі мароз, то яе карані не вытрымліваюць, яны ў першую чаргу могуць зледзянець і загінуць, тады загіне ўсё дрэва. Калі выпадзе снег, ён яшчэ лепш атуліць карані. А нашу Яблыньку мы з табой яшчэ абвязалі яловымі галінкамі, каб яе ствол не абгрызлі зайцы.
– Так, я ведаю, так дрэвы і гінуць, мне казалі пра гэта ў школе, – успомніла Волечка.
Маладзенькая Яблынька, каля якой ішла гэта гутарка, усё слухала і разумела. "Дзякуй вам за тое, што вы атулілі мае карэньчыкі і абвязалі ствол", – у думках дзякавала Яблынька.
Позна ўвечар ужо ў пасцелі Волечка марыла пра тое, як калі-небудзь стане селекцыянерам і будзе выводзіць марозаўстойлівыя гатункі раслін. І не толькі. Добрая рассыпістая бульба і смачныя салодкія памідоры ёй таксама хацелася вывесці, таму што дзядуля любіць разваристую бульбачку, а яна – салодкія памідоры.
Раніцай яны развіталіся з дачай і раслінамі і пайшлі на чыгуначную станцыю, каб не спазніцца на электрычку. Волечка забрала з сабой букет з восеньскай лістоты і малюсенькага Смоўжыка, якога адшукала ў лесе.
У электрычцы, гледзячы на Смоўжыка, Волечка ўспомніла пра Амялушку і завяла з дзядулем ужо зусім іншую гутарку.
– Дзядуля! А можа я лепш стану арнітолагам, гэта ж таксама цікавая праца?
– Вельмі цікавая. Тады ты будзеш вывучаць склад жыцця птушак, іх звычкі, месцы рассялення, будзеш адсочваць кірункі іх палётаў, выводзіць новыя пароды, будзеш ездзіць у экспедыцыі, вывучаць рэдкія віды птушак.
– А да нас узімку прылятаюць толькі амялушкі?
– Я не арнітолаг, але чуў і чытаў у інтэрнэце, што да нас прылятае зімаваць шмат розных відаў птушак з поўначы і Сібіры. Напрыклад: птушка пуначка, рагаты жаўрук, крыжадзюб белакрылы, горная сітаўка, нават палярная сава часам прылятае зімаваць у нашы краі.
– Яна вялікая і ўся белая?
– Так. Неяк у дзяцінстве я бачыў яе, яна падобная на прывід.
– Ты спалохаўся?
– Трошкі, але потым мой тата сказаў, што гэта палярная сава. Мне нават захацелася яе яшчэ раз убачыць.
– І ты ўбачыў?
– Не, больш не прыйшлося.
– А дзе ты яе бачыў?
– Неяк мы з ім ішлі праз поле ў лес за грыбамі. Была восень, дзьмуў вецер. І раптам перад намі прамільгнула штосьці вялікае і белае. Яно ляцела, распластаўшы па ветры крылы.
– І гэта была сава?
– Так, яна самая. Мабыць, белая сава таксама нас спалохалася, таму хутка схавалася ў ельніку.
Дзядуля, а куды трэба паступаць, каб вывучыцца на арнітолага? – спытала ўнучка.
– Я думаю, у ветэрынарную акадэмію ці на біялагічны факультэт ва ўніверсітэт.
– Наогул, я яшчэ падумаю, куды мне лепш паступаць, – сказала Волечка.
– У цябе яшчэ досыць часу для гэтага, – падтрымаў яе дзядуля. – А цяпер вучыся ў школе, старайся не ленавацца і больш даведавайся пра свае будучыя спецыяльнасці з кніг пра прыроду, расліны і жывёл.
 
15.11.23


Рецензии