Раздзел 21. 01-08-2024

...у якім высвятляецца, што для атрымання адказу дастаткова спытаць



Падкінуў жа сам сабе задачку... От не меў клопату! Увесь час быць на людзях і прытым як найменш паказвацца на вочы. Першае – таму што ад абавязкаў сваіх нікуды не падзенешся, а другое – каб унікнуць усюдыіснай цікаўнасці да сябе. Калі ж дадаць прафесійную назіральнасць прадстаўнікоў знішчальнай авіяцыі, верагоднасць застацца незаўважаным безнадзейна спаўзае ў нуль.

– Няўжо начальства высокае на падлёце? – пляснуў сябе па лбе тэхнік Юрка, ледзь Дубоўка зазірнуў перапытаць пра свой “лавачкін”. – А Пятрок, цюхцяй, ізноў пілотку пасеяў!

З астатнімі было не лягчэй. Нібы да спіны Дубоўку прышпілілі цыдулку: “Увага: загадкавая змена формы! Праявы здзіўлення ўхваляюцца”. Можа, у яго і атрымалася б паставіцца да ўсёй гэтай сітуацыі вольна... Толькі, як ні мяняй знешняе, змены ўнутраныя залежаць ад чагосьці большага, чым ступень навізны сукна.

Ратунак прыйшоў нечакана. Калі Дубоўку здалося, што ад наступнага позірку ў яго заварушацца валасы, ён проста ўпаў на лаўку там, дзе стаяў, – ля каманднага пункта, на месцы самым прыкметным. У пекла іх – спробы падладзіцца пад усё на свеце! “У пекла!” – паўтарыў ён рашуча з раптоўным задавальненнем ад лаянкі. І варта было адчуць спінай бярвёны зямлянкі, утульна нагрэтыя сонцам, як чужая ўвага перастала так ціснуць, дазволіўшы ператварыцца з дзеючай асобы ў бяздзейнага назіральніка. І ўсвядоміць, як выцягнуліся і паглыбіліся цені, як у сонечныя прамяні ўплялася прыміраная пазалота. Недалёка да захаду? Па нейкай прычыне ў гэты час уваскрасала ў памяці нешта шчымлівае, няўлоўнае, што адчувалася калісьці, але як учора, і не згадаць – калі ж. Нават гукі разносіліся па-іншаму. Няўпэўненае ракатанне ў вышыні, дзе нехта з юнакоў другой эскадрыллі адпрацоўвае зададзенае. Супакойліва-звыклы смех дзяўчат – яны, вядома, не прамінулі зноў сцягнуцца ў чародку. Мармытанне сувязіста, які, горбячыся ў навушніках за рацыяй, тужліва паглядвае на недаедзены бутэрброд...

Можа, не так непад’ёмна быць камэскам, як Дубоўка сабе даручыў? Нішто не складана настолькі, наколькі ўскладніш сам. Ніколі не здзяйсняюцца ўсе варыянты, якія пракручваеш у галаве дзеля сустрэчы з адным, усяго адным сапраўдным. І мала сэнсу марнаваць сілы, загадваючы далёка наперад, калі пасля кожнага кроку жыццё выпраўляе наступны спланаваны.

Хто падумаў бы, што менавіта сёння тая гімнасцёрка будзе знятая назусім? Хто б выказаў здагадку: няўжо ўедлівая па часці формы Ліда страціць пільнасць настолькі, што сунецца ў натоўп у выглядзе бясспрэчна невайсковым? А самае дзіўнае – не спатрэбілася ні сваркі, ні прамых загадаў...  Н і   с л о в а.  Ды хіба адзенне мае такую важнасць?

Бязмоўны абмен думкамі так уразіў яго, што ён тады сам не заўважыў, як схібіў. А Глеб заўважыў. Міргнуў раз, другі – быццам толькі цяпер абшнарыў позіркам. “Сфатаграфаваў” і форму, і недаверлівую ўсмешку, у якой варухнуліся вусны. Сказаў жа нейтральна і коратка:

– Глядзі не раздрапай. Надоўга ж надзеў?

Знаёмства з гімнасцёркай пачалося так, як з любым новым адзеннем. Прывыкаеш да свежых строгіх швоў, прыслухоўваешся, як ляжыць тканіна, не згодная яшчэ прымаць форму цела. Прымушаеш сябе не папраўляць штосекундна каўнер – сёлетняга ўзору і тугаваты. Словам, падцягваешся, але трымаешся несвабодна, як з кімсьці пакуль чужым.

Патрэбны час, каб прыцерціся да адзежы. Што казаць аб людзях?

– Маскіруешся на фоне мясцовасці? – Круглы абмінуў быў Дубоўку, але, сышоўшы на пару прыступак да КП, спыніўся на парозе. – Па колеры сукна – у дзясятку, а вось пачэсныя бразготкі выдаюць!

– Ты што, кульгаеш? – здзівіўся Дубоўка. – А здаецца, не вылятаў сёння... – Сапраўды, калі камандзір палка без перадыху бегаў ды лётаў, у яго выяўлялася лёгкае накульгванне. Бегаў жа ён пастаянна. – Можа, час легчы куды трэба, латкі паставіць?

Круглы хмыкнуў.

– Парада ці ўльтыматум? А не нагадаеш, хто сарваўся ў полк з недалечанай рукой, каб прыняць эскадрыллю? І хто потым штоноч цягаўся ў санчасць за абязбольвальным... Што лыпаеш? Па табе гадзіннік можна было правяраць! Чвэрць на другую – калі ласка, чэша!

– Ды Глеб летась не засынаў раней. Не брала яго, нават пасля пяці вылетаў. Усё круціцца, рыпіць нарамі... Сам-та чаго пільнаваў ля акна? – прысаромлена буркнуў Дубоўка, косячыся на вартавога ля КП.

– А ты ў мае стасункі з раненнямі не сунься! – Круглы пагразіў яму пальцам. – Хочаш, каб знялі мяне ды ручкай памахалі, а кагосьці з вас – мне на замену?

Ён цяжкавата падняўся назад па прыступках і, сеўшы на лаўку побач, выпрастаў левую нагу. Працягнуў нетаропка:

– Дарэчы, пра птушачак. Кажуць, у адной з часцей... не ў нашай дывізіі... натуральным чынам вызвалілася пасада намесніка камандзіра палка. Па лётнай частцы. І ёсць у мяне здагадка, каго прымяраюць на месца...

Дубоўка спярша не сцяміў, а потым у яго аж кроў адхлынула ад сэрца:

– Мяне могуць перавесці?..

– Што зробіш, за два гады шмат каго выбілі. Падкаваныя кадры з баявым вопытам дужа патрэбны. Пры тваёй колькасці вылетаў вадзіць эскадрыллю – драбяза!

– Чакай... Не, немагчыма... Не цяпер! – ён захваляваўся, бяссільна адчуваючы, як усё, што нарэшце падалося зразумелым, ператвараецца ў кучу абломкаў. – Мацей усяго пару месяцаў як з лячэння, і даваць яму кіраўніцтва...

– А Глеба – намеснікам, – націснуў Круглы. – Без таго ў старшых лейтэнантах засядзеўся. Азірніся – колькі народу пайшло на павышэнне! І даўно!

Прымаць і нават проста выслухваць аргументы не ўдавалася: занадта шмат думак усчала вэрхал. Астранамічныя маштабы змен умомант скавалі скроні абручом болю. А ён гімнасцёркай пераймаўся!

– Мацей не гатовы, маладняк не паспелі ўвесці ў строй... Полк вось-вось перакінуць наперад... – пералічваў Дубоўка з усё большай узрушанасцю. – Ды яшчэ неслухмянка тая!

– Я цябе адразу папярэдзіў: уходаюць дзеўку – галавой будзеш адказваць. Знайшоў час для эксперыментаў... Тут бы пацаноў уберагчы! Калі б не трэ было папоўніць лётны састаў, чорта з два ўзялі б!

– І ты... так проста яе развярнуў бы? Не ўзялі б мы – напрасілася б у іншы полк, і ў выніку той жа сцэнарый. Калі не горшы! – варта было зачапіць тэму, як панічная зблытанасць думак пачала спешна пераафармляцца ў гарачнасць (нібы вырашыць адну праблему азначала скасаваць абедзве). І ў сярэдзіне рэплікі Дубоўка аказаўся на нагах. – Як на маё, гэта самае правільнае – трымаць пад наглядам! Трохі вучыць, трохі выпускаць... І адсочваць, каб не шукала пагібель!

Круглы ўважліва глядзеў на яго знізу ўверх, і ён прымусіў сябе апусціць руку, якая, аказваецца, вярнулася да абмацвання незнаёмага каўняра.

– Пагібель, нагляд... Усё гэта слушна, Рыгор. Толькі на першым месцы павінна стаяць не бяспека асобнага чалавека, а баяздольнасць палка. Узмацняе Ліда полк ці аслабляе? Быць ёй трывалай шрубай або вечным клопатам: як бы не падпалілі, не скалечылі... Дзіцём не ўзнагародзілі! Цяжарная лётчыца – больш ганебна, чым збітая!

– Можа, пакуль адны хістанні. Можа, да шрубы яшчэ няблізка. Але зрух ёсць! Я казаў раніцай і скажу зноў: калі паспрабаваць падысці праз адказнасць... Даць зразумець, што яна не найслабейшая. Што над некім апекавацца ёй самой. Ды зірні!

Ад КП выдатна праглядаўся старт, дзе ў лінейку былі выстраены чатыры дзяжурныя самалёты. Падалей – пара Зелянкоўскага ды Ігната, пабліжэй – пара Глеба ды Слаўкі. А на пясчаным пятачку – Коля з Арцёмам: па памяці крэмзаюць пруцікамі раён працы палка. Як паказаў сённяшні дзень, перш чым быць прызначанымі ў вылет, няблага лішні раз прабегчыся па арыенцірах. Напрыклад, пад наглядам Сашы. І Ліды.

– А гэта што? Чаго тут робіць разгалінаванне? – яна строга навісла над Колевай галавой. – Нават калі зблытаць адно рэчышча з другім – ты ўяўляеш, куды заляцець можна?

– Я ўвогуле не разумею, нашто вучыць. Планшэт жа пры сабе! – традыцыйна ўпіраўся ён. – І мы хіба збіраемся кукаваць тут усё лета? Зменім аэрадром – свежую мапу ў зубы, і па-новай!

– Разбор бязглуздых пытанняў – калі мясцовасць будзе адмалявана бездакорна. Эх, усё як у старыя добрыя часы ў школцы! Здаў бы ты фізіку без мяне, чакай!

Ліда выпрасталася – і сутыкнулася з далёкімі позіркамі кампалка, камэска... Мітусліва адвярнулася, нагой разраўняла пясок і, прысеўшы ля Колі, адабрала пруцік. Страшна занятая я, не бачыла нікога. Я ў доміку...

Які адточаны настаўніцкі тон. У каго яна толькі падхапіла?

– Бачыш: працуе! Быць лідарам ёй звыкла. І куды больш прыемна, чым падпарадкавацца! – настойваў Дубоўка, адганяючы думку, што вынікі сваіх выхаваўчых намаганняў ён наўрад ці застане. Няўжо нешта можа мець працяг без яго? – Хацелі ж мяне калісь пераводзіць. Можа, абыдзецца і цяпер? Ну невыносна знімацца з месца, калі яшчэ столькі ўсяго!..

Ён наўмысна адвярнуўся – так, каб глядзець супраць сонца. Каб у перадвячэрнім ззянні згубілася як мага больш аэрадромных драбніц, без якіх не ўявіш чарговы дзень.

Рыпнула ззаду лаўка, зашамацела пад ботамі вытаптаная трава.

– Слухай... Ты разважаеш як кіраўнік, Рыгор. Як добры кіраўнік, які не прывык закідваць людзей. Але і птушаняты твае не з дурняў... Сашка вунь. Толькі без вядучага застаўся, а глядзі ты – паспеў Арцёму вакамер падшліфаваць. Інтуітыўна, а граматна.

– І адлёталі яны хораша... – Дубоўка, зажмурыўшыся, расціраў скронь.

– Дазволь ім праявіць сябе. Ці Ліда, ці хто заўгодна – ты не можаш адказваць за ўсіх і замест усіх думаць. Нават калі зацішак хоць заўтра ператворыцца ў хаос! А канкрэтнага загаду наконт цябе няма – пакуль што. Аднак калі ён усё ж будзе падпісаны... рабятам прыйдзецца дзейнічаць самім. З тым, што ў іх ёсць. Ёсць жа?

Дубоўку засталося рукамі развесці:

– Парадаваў, няма чаго сказаць!

Круглы паўзіраўся ў зямлю, пакашляў стрымана, зыркнуў на сувязіста, які ўрэшце крадком набіў рот. Тым не менш вусная вымова не прагучала.

– Не думай, што мне ад гэтага назначэння будзе лягчэй... Але авіяцыя – прафесія маладая, і па службе многія рухаюцца імкліва. Калі мы з табой там, дзе ёсць, то, відаць, хваткі гэтага кшталту ў нас нямашака. А рухацца варта!

У Дубоўкі сіл хапіла толькі на позірк: маўляў, дабіць мяне хочаш? Ледзь прымірыўся з камандзірскай нагрузкай, як на яго паабяцалі навесіць яшчэ большую!

Круглы няспешна пайшоў да зямлянкі, размяркоўваючы вагу так, каб зменшыць націск на калена. Успомніў, прыпыніўся.

– А наконт гімнасцёркі... Ты гэта правільна. Не трэба чапляцца за мінулае. Яно таго, і праўда мінула. Позна пасыпаць галаву попелам: мы цяпер наступаем. І настроенасць варта захоўваць адпаведную...

Дубоўка застаўся стаяць у адноснай адзіноце, захраслы ў бязладдзі думак. Ранні вечар не пабляк, наадварот – зазалаціўся ярчэй, і нясцерпна захацелася ўдыхнуць яго пабольш, калі ўсё так зыбка. Апошняе, што прыйшло б яму ў галаву, – што ніхто ў свой час не рыхтаваў яго самога, ніколькі не турбаваўся аб зручнасці. Галоўнае, што нельга,  н е м а г ч ы м а  зрабіць так цяпер. А як магчыма?

І дужа трэба параіцца... Ды няма з кім. Сярод усіх аэрадромных не знойдзеш таго самага чалавека.

Хаця... Менавіта яго шукаць і не трэба. Яны ж болей не знікаюць, калі даводзіцца знікнуць канчаткова. Што, калі... калі праўда завітаць?

Вычапіўшы гэтую ўстойлівую думку, ён раптам асэнсаваў побач Колю, які марна дабіваўся ад яго адказу.

– Таварыш маёр, вы слухаеце? Я ўсё абмазгаваў. Калі з палётамі не ладзіцца, гэта выйсце! – натхнёна пераконваў ён. – У Ліды ж атрымалася? Вось і сцібрыць бы... ну, пазычыць вашу з ёй сістэму трэніровак. Калі яе паставіла на крыло, то і мне падрыхтоўку не сапсуе!

Дубоўка з палёгкай пераключыўся на трывалую надзённасць, адсунуўшы ўсё невырашальнае. Здзівіўся толькі, што многае паўстала з невытлумачальнай яснасцю. Высвецілася асноўнае, схавалася ў цень тое, што значэння не мела... Гэта праўда: змяніўшы штосьці, унутрана застаешся ранейшым. Напачатку. Але пад уплывам нейкага імпульсу пачынаеш інакш сябе адчуваць, думаць у іншым рэчышчы. Гэтага бывае досыць, каб убачыць навакольнае з нязвыклага ракурсу – і задаць у патрэбны час патрэбнае пытанне.

– Вы з Лідай абое з Мінска, так?

Паўза: Коля спрабаваў даўмецца, як адна тэма стыкуецца з другой.

– Суседзі... Жылі цераз дарогу, – мармытнуў ён.

– Бывае ж! Не сябравалі?

– Так, не асабліва... Больш нашы маткі. Ведаеце ж, як у жанчын: то матэрыял у краму завезлі, то крупы танныя!

– А як выйшла, што Ліда ў знішчальніках даўно, а ты... Вы аднагодкі, здаецца?

Коля засоп, не схільны выкладваць засакрэчаную інфармацыю.

– Ды я ў другім класе двойчы прасядзеў, – неахвотна прызнаўся ён. – Пасля аэраклуба яшчэ зрэзалі на іспытах у лётную школу... А Жучка – яна ж галавастая, усюды лёгка ўскочыла.

Дубоўка слухаў і прыгадваў звесткі аб Лідзе (памяць у яго, па шчасці, захоўвала трошкі больш, чым сухі пералік імёнаў асабовага складу). Дзесяць класаў, Мінскі аэраклуб, Энгельская лётная школа... Апошняя – падчас вайны. Адукацыя вышэйшая няскончаная, а хутчэй ледзь пачатая. Авіяцыйны інстытут у Маскве?

– Я заўважыў, яна не атрымлівае лістоў. Чуў што-небудзь?

– Лісты... Яны цяпер вядома як ходзяць! А Ліду я з аэраклуба не бачыў. У Магілёў жа паехаў, там усчалі будаўніцтва авіяматорнага завода. Не дабудавалі, у сорак першым звезлі ў эвакуацыю. Ну і мяне з ім... Во такая мая лётная падрыхтоўка – збіраць рухавікі для Іл-2. Але ўрэшце прынялі-такі ў вучылішча, і да чорта заводскую бронь!

Крэпкія рукі, шырокія плечы, прасцецкія рысы без намёку на выключны інтэлект. Упарты позірк з-пад нахмураных броваў. Можа быць, прадбачлівага ініцыятыўнага вядучага з Колі не атрымаецца, але як вядзёны ён будзе стаяць сцяной. Пасля належнай адпрацоўкі, канешне... Няма нічога ганебнага ў тым, каб застацца вядзёным і не прэтэндаваць на большае. Як Слаўка. І ведаць, што тут ты на сваім месцы.

А вось ці мае права Дубоўка ўхапіцца за месца камэска? Ён прывык да пэўнага кола абавязкаў, да групкі падначаленых – не больш чым два звенні. Аднак гэта маладушна – закансервавацца ў тым, што для цябе зручна, калі сітуацыя патрабуе рацыянальнай ператасоўкі. Ён хіба не робіць тое ж: размяркоўвае людзей?

– Ты з’ехаў у тыл, значыць. А твае? Тыя, хто ў Мінску.

– І бацькі з’ехалі. Дакладней, сышлі, бо там чыгунку хутка перарэзалі... Адпаведна, і маці Лідзіна магла.

– Толькі маці?

Коля прымоўк, азадачаны: ці дазволена расказваць? Яго позірк коратка слізгануў за спіну Дубоўку, але тут жа ўткнуўся ў траву.

– Ды выйшла там адна штукень з дзядзькам Цімохам... З бацькам ейным. Карацей, у іх на будоўлі абваліліся рыштаванні. Зверху данізу. Ці то з-за непагадзі ўсё, ці то халтурна былі замацаваныя – хто разбярэ... Кагось у бальніцу, камусьці нічога. А тры чалавекі – з канцамі. Дом быў амаль завершаны, так што пра выпадак шырока не трапаліся...

Не адгучалі яшчэ словы, як захацелася адрынуць іх, заплюшчыць вочы, але апушчаныя павекі толькі рабілі сэнс выразнейшым. Дастаткова блізкае, дастаткова доўгае знаёмства з вышынёй, каб ад вусцішу ўсё ж варухнуліся валасы.

На крайні выпадак заўжды ёсць парашут. А калі ён не прадугледжаны...

– Пагаворвалі, таму Ліда і ўбілася ў авіяцыю, – дадаў Коля. – Ёй, ясна, і раней карцела лётаць... Але пасля – зусім. Угрызлася намёртва.

– Намёртва, – паўтарыў Дубоўка і ў роздуме рушыў прэч ад КП.

Забыты Коля збянтэжана гукнуў услед:

– Дык а з трэніроўкамі што, камандзір?


Рецензии