Другi i першая

У чым бы ні давялося яму стаць першым, яго пераследавала адчуванне, што ён мусіць быць другім.

Гэты маленькі збой было складана ўлавіць і яшчэ складаней апісаць. Таму ён не апісваў – нават самому сабе, спрабуючы забыць і болей не згадваць. Але працягваў збівацца скрозь жыццё. Так самалётнае кола, запэцканае фарбай, пакідае на асфальце плямы праз роўныя прамежкі, пакуль не высахне. Зрэшты, на зямлі, траве і снезе (калі твае аэрадромы франтавыя) можна не звяртаць на фарбу ўвагі і рабіць выгляд, што праблемы няма.

У дадатак ён, нарадзіўшыся за год да Першай сусветнай, адразу трапіў у рэчаіснасць, дзе баявыя дзеянні і галеча калі і не былі нормай, то прынамсі не здзіўлялі. Можа, пачувацца не вельмі – таксама своеасаблівая норма?

Вельмі ці не – гэта ён вызначаў па часавым прамежку. Бо восьмы месяц вадзіў эскадрыллю ў бой самастойна, а ўсё ж дагэтуль не надта ўсведамляў, што над ім нікога не мусіць быць. Акрамя, уласна, камандзіра палка. Выглядала, што для пасады цалкам досыць яго аднаго, аднак пачуцці нелагічна шукалі побач кагосьці з большай упэўненасцю і меншай патрэбай кантраляваць. Ды што эскадрылля – яму ў свой час, які лепей не згадваць, зусім ужо цьмяна мроілася, што нават у пасведчанні аб заключэнні шлюбу неяк замала двух прозвішчаў. Хаця быццам каго трэцяга тут можна ўявіць?..

А галоўнае – ён не памятаў, калі гэтага не адчуваў.

Бывала, наганялі яго і прыклады раннія, з самых зацішкаў памяці, і тады, як вось зараз, удалым выйсцем было перавесці ўсё ў рух. Болей руху, меней складаных думак, а заадно – нарыхтоўка дроў для авіяпалкавой вячэры (дарма што лётчык-знішчальнік). Дый на лютаўскім вятры не так холадна.

Думкі, праўда, былі ўсё роўна, і пакуль ён, аддыхваючыся парай, расколваў цурбан за цурбаном у празрыстай шэрасці перад раннім прыцемкам, усплывала міжволі вёска пад Талачынам і тое, што другім ён быў і ў сям’і, у найглыбейшым дзяцінстве. Другім пасля старэйшага брата – з розніцай у паўтара года, – за якім хадзіў хвосцікам. Пакуль аднойчы, у такія ж вось маразы, не зрабіўся старэйшым замест яго: захварэлі абодва – паправіўся адзін. Ён. Меншы, слабейшы і ніколькі не ўпэўнены ў слушнасці такога раскладу. Паправіўся і з нечага ўзяў сабе ролю Лёшы. Як не ўзяць? Пасля яго былі яшчэ трое. Але ўнутрана быць другім не перастаў. Не пачаў часцей выдумляць гульні, плаваць хутчэй, з братавым спрытам набіраць агромністае вядро чарніц. Затое пачаў адчуваць поруч пустую нішу, запоўніць якую яго аднаго не хапала, усёй разам сабранай упэўненасці не хапала, а значыць, віны атрымлівалася як бы ўдвая.

Мальвіна, адзіная сястра, таксама не паспела вырасці: без нагляду ўвалілася ў бочку з дажджавой вадой і патанула, калі маці насіла ў сабе яго апошняга брата. Не, пасля сястры не засталося нішы. Бо яны ішлі не адно за адным: ён другі, яна чацвёртая. І ўсё ж, мабыць, нешта засталося. Ён да дробязей памятаў, як галасіла маці, як выцягвала яе, мокрую, кволую і белую, тармасіла і абцірала фартухом, а яны з меншым спуджана глядзелі з-за хаты. Памятаў нават жоўты яблыневы лісток, які прыліп да белай нагі.

Бацька не сказаў благога, але і добрага не сказаў. Што было гэтак жа вусцішна. Гуляць трэба разам, шматкроць папярэджваў.

Падаецца, памерлую сястру ён праз гады з сабой не насіў. Брата – насіў. Аднак ніколі не браў у знішчальнік. Ці то не мог спалучыць з ваеннай авіяцыяй малога назаўжды вясковага хлапчука, ці то ўменне лётаць належала толькі яму і не патрабавала ні параўнанняў, ні сумневаў.

Адным словам, як быць другім, ён ведаў цвёрда. Як першым – не.

А Ліда жадала быць выключна першай і найлепшай.

Першай быць проста, калі ў вайсковай часці ты адзіная. Не ставіць жа ў шэраг да мужчынскага полу! І параўнанні тады працуюць інакш. Але ў Ліды яны працавалі навыварат і патрабавалі поўнай адпаведнасці мужчынскім лётным навыкам, робячы такую блізкую мару недасяжнай. З яго пункту гледжання, увесь яе шлях да вяршыні ажыццявіўся, яна ж упірала ў пачатак. А ён неяк сам не заўважыў, якім чынам аказаўся на гэтым шляху правадыром. Яшчэ і добраахвотна.

Не інакш, існуюць-такі граблі, якім ты раз за разам скараешся без бою.

– Пад тваю персанальную адказнасць, Рыгор! Нікому не даверу, а табе – аддам. Чалавек ты спакойны, надзейны, разгуляцца не дасі і сам не разгуляешся дзе не трэба... Маеш рацыю, што бярэш сабе. Для ўсялякіх аматарак гнуць сваю лінію трэцяя эскадрылля – тое, што доктар прапісаў! – катэгарычна даводзіў камандзір палка, уганяючы яго ў пакутныя складаназалежныя развагі пра ступень адпаведнасці якасцей пастаўленай задачы і пра ўзровень той самай адказнасці, які раптам узнёсся да нябёсаў, хаця першыя хвіліны пасля прыняцця рашэння такім не выглядаў.

Падапечнай Ліда была максімальна неўтаймаванай. Рыгора бянтэжыла яе энергія ў параўнанні з уласнай, непакоіла гатоўнасць выскачыць са скуры дзеля паветраных вынікаў і крыху палохала самаўпэўненасць, якой не меў ніхто з «жаўтаротага» маладняку, стандартна-хлапечага. Выглядала, што Ліда, прайшоўшы дзевяць кругоў тылавога пекла, дарвалася да свайго франтавога раю і паскорана расціла крылы. Пачувалася яна пры гэтым цалкам арганічна. Знаёміцца з эскадрылляй заявілася ў сталовую пасля вылетаў – папраставала бадзёрым крокам да патрэбнага стала і беспамылкова плюхнулася на лаўку між такіх, як сама, вядзёных, пакуль прысутныя вылупліваліся на яе новенькую бездакорную лётную форму і хлапечую чупрыну.

– Вечар у хату, народ! Буду лётаць з вамі. Пытаннечка: ці добра кормяць?

Форму Ліда насіла з шыкам профі, якім не з’яўлялася, чым змусіла падцягнуцца і лётчыкаў-мужчын – бурчалі, ды чысцілі пёркі. Але і вучылася яна з усім сваім звышнатуральным энтузіязмам, аддана гледзячы ў рот кожнаму, хто апавядаў пра ўзаемадзеянне ў паветры і асновы тактыкі. У двух выпадках з трох гэта выпадала Рыгору. А ён хоць і напрацоўваў баявы досвед яшчэ з трыццаць дзявятага, але не меў уяўлення, як перадаваць яго дзяўчыне. Пакуль яна сыпала пытаннямі-ўдакладненнямі і адразу сама разважала ў голас пра пошук праціўніка, напад з вышыні і вядзенне агню, у ім узмацнялася спрадвечная туга, што вучыць з ім павінен і хтосьці больш вопытны, а ён нейкага д’ябла спрабуе выканаць загад за абодвух.

Аднак, упрогшыся раз, даць сабе маральнае права адмовіцца ён не мог – як не адмовіўся ў сорак другім ад кіравання эскадрылляй і, праўду кажучы, не адмаўляўся ні ад чаго ў кожным паваротным пункце свайго лёсу...

«От прычакаеш яшчэ адну ахвяру ў бочцы – уразумееш, як хадзіць па жыцці аднымі сцежкамі!» – скрушна ўпікнуў ён сябе зараз. А можа, не сябе, а распалавіненае велікаватае палена тарчма перад сабой, якое ад скіраванага на яго асуджэння вухнула з калоды ў снег.

Можна было ўспрыняць гэта як нагоду перавесці дух, і Рыгор прысеў быў скласці насечанае культурней, ды тут на даляглядзе з’явілася тая, хто ажывіў гэты аповед адной згадкай пра сябе. Прычым была яна відавочна не ў гуморы – стан рэдкі, наколькі ён мог меркаваць па тыдні знаёмства, але ад таго не болей бяспечны. Не прыкмеціўшы ў сумётах палена, спатыкнулася масіўным унтам, раздражнёна мацюкнулася, адшпурнула выспяткам... Рыгор стаў мацаць у снезе старанней, каб сысці за аэрадромны персанал. Калі думкі лёталі меланхалічнымі маршрутамі, такая істотная характарыстыка, як запас трываласці, яго падводзіла. А ён, ведаючы, стараўся не правакаваць складаныя размовы, каб не аддаць рэшту сіл (бо двайной у яго заканамерна атрымлівалася не толькі віна, але і стома).

Ну, так і ёсць: адказным падыходам сябе і выдаў.

– Опа, таварыш капітан! Я ў ватоўцы чужой не прызнала! – настрой у Ліды палепшыўся на вачах. Яна пасунула на сабе шлемафон, каб лепей бачыць, і зачасціла бойка, так і гледзячы на яго зверху ўніз: – А я адлётала і скардзіцца прыйшла! Спіхнулі вы мяне на намеснічка, а ён знарок пасадзіў у самалёт, дзе няма перадатчыка. Адзін прыёмнік. Сам з зямлі разліваецца жаўруком, указанні шпарыць, а мне – толькі зубамі скрыпі. Гр-р-р! Кеміць, што словамі я адстрэльваюся не горш, чым ён, вось і знайшоў, як рот заткнуць!.. Э, ды вы і не сачылі, мабыць! – яна расчаравана кіўнула на россып дроў.

– Чаму не сачыў? Сачыў, – Рыгор, не паспяваючы за плынню фраз, рассеяна азірнуўся на ўласную лётную куртку на дрэвавым сучку, якую шкада было псаваць фізічнай працай. Паспеў забрацца думкамі ў такую глухмень, што ад раптоўнай тырады трохі сумеўся. Хаця чвэрць гадзіны таму сапраўды паглядаў на дзелавіты знішчальнік у шэранькім небе і лавіў поспехі-промахі.

– Сур’ёзна? І як? Для вылетаў пасуе? Калі будзе можна? – яна з ходу натхнілася і ўтаропілася пільна ды прагна. – Выйшла нядрэнна, так? Не веру, што не чысцей, чым учора! Наслухалася вунь: жывей-жывей, вуглы вастрэй, вароны абганяюць!

Усё-ткі размова будзе... Ён з уздыхам падняўся, без асаблівай патрэбы абтрос ватоўку, пазычаную ў тэхніка, і вярнуў на калоду тое самае палена. Ды рабіць з ім нічога не стаў і сякеру не ўзяў.

– Вароны не вароны, але задача была якая? Пілатажыць як пад чэргамі, як ніколі. Як у апошні раз. Саму тэхніку выканання я ўжо бачыў, цяпер цікавіць не столькі чысціня, колькі верхняя планка жыццяздольнасці. А гэта была не яна... Спадзяюся.

Твар у яе выцягнуўся, натхненне сышло. Здавалася, нават у шчоках, расчырванелых ці ад марозу, ці ад гарачыні паветранай трэніроўкі, засталося менш фарбы, а пастава, толькі што вольная, пачала нагадваць страявую.

– Дазвольце атрымаць заўвагі, – сказала яна драўляным голасам, ужыўшы фармулёўку, з якой запазнілася. – Канкрэтныя заўвагі па вылеце.

Халера на гэтую статутнасць, з ёю толькі складаней! Як цераз сценку перагукваешся. З другога боку, спакайней... Бо Ліда любіла, калі хвалілі, і не любіла, калі ўказвалі на недахопы. Асабліва не любіла другое без першага, хоць і ўчэплівалася тады ў недахоп з патроеным імпэтам. Па шчырасці, наконт пахвалы Рыгор асцярожнічаў таксама, бо што рабіць з Лідай, якая ўпэўнена ў сваёй усемагутнасці, ён ведаў горш за тое, як управіцца з разлютаванай. А неабходнасць лавіраваць між нюансамі збівала з панталыку. Там, дзе з хлопцамі працаваў прамы загад, з ёй даводзілася або наразаць кругі па звілістых пуцявінах перамоў, або аддаваць загад роўна той жа, але ўсведамляць палітру наступстваў.

Вось і зараз ён мог паўтарыць шараговыя інструкцыі пра энергічнае манеўраванне пад прыцэлам праціўніка і на тым скончыць, а замест гэтага пайшоў у іншае:

– Як лічыш, чаму заданне было дадзена менавіта зараз і менавіта аб гэтым?

Ліда насуплена памаўчала, блукаючы позіркам між чорных ствалоў, зацярушаных снегам з таго боку, адкуль зранку дзьмуў вецер, і паўзамеценай палаткай сталовай, дзе звінелі посудам афіцыянткі. Звычайны вучэбны запал дзіўна пераскочыў у яе ў песімістычную млявасць, і было бачна, што ёй не хочацца думаць, хочацца занурыцца ў пачуццё правалу і нічога адтуль не казаць і не чуць.

– Бо першая эскадрылля прарочыць, што мяне саб’юць яшчэ ў гэтым месяцы, другая ж літасціва ставіць на сярэдзіну сакавіка, – сказала яна нехаця. – А нашы сумленне маюць, таму не ставяць ні на што. Магчыма, падазраюць, што вы не выпусціце мяне зусім.

– Выпушчу, – мовіў ён. Мовіў раней, чым зразумеў, што гэта гучыць як абяцанне, ды што паробіш: цягнік сышоў. – Выпушчу і сам палячу вядучым.

– Чаму б тады хоць раз не праверыць стральбу замест пілатажу? Быццам ад мяне можна чакаць адных уцёкаў, а не атакі!

– Не так важна пакуль, ці пацэліш ты ў ворага. Важна, каб ён не пацэліў у цябе.

– Таму што дзяўчына?

– Таму што... навучыць можна толькі таго, хто ўмее выжываць. Фармальна – парай. У ідэале – адзін. Для падстрахоўкі.

Яна схавала ў шалік ніжнюю палову твару і пыхкала там, звузіўшы вочы. Хацеў бы ён ведаць, як яна прымудрылася займець нават вочы хакі.

– Выжыванне? А я думала, знішчальнікі больш драпежныя.

Рыгор, чый узровень драпежнасці плёскаўся блізу нуля, кашлянуў:

– Ну, бойка драпежнікаў нядоўгая, калі аднаму з іх не стае майстэрства. Загрызуць ваўчанём – у ваўчыцу не вырасцеш!

Ліда прыкра працягла выдыхнула клуб пары: па ўсім відаць, хацела ў ваўчыцу адразу. Самалюбства змагалася ў ёй з вучэбнай жарсцю, і апошняя перамагла (штораз перамагала), пераключыўшы ў рэчышча пошуку прадукцыйных рашэнняў.

– Ладна, а як хутчэй? Бо ад некаторых летуноў багата ўмення не патрабуюць. Хоць дзесяць у цябе гадзінак налёту – кідайся тараніць, і трапіш героем у летапіс! А з мяне яўна спагоняць нейкую пазавышэйшую адукацыю, перш чым дазволяць вылецець за межы трэніровачнай зоны...

Рыгор здаволіўся б тым, каб яна не вылятала і адтуль, аднак захрас у папярэднім сказе і намагаўся ўпэўніцца, што больш за таран яе ўражвае несправядлівасць. Тэма была далікатная, пры размове з тыповым пачаткоўцам ён пачаў бы ўсё ж закіпаць – у сваім тэмпе, але няўхільна. А тут з нязвычкі неяк выпаў у роздум.

– Ці слушна я пачуў, што... быццам і ты не супраць праявіць геройства такім чынам? – спытаў ён разважліва.

Яна зірнула на яго хутка і зорка, і ў рысах высвецілася штосьці няўлоўнае, хітра-нявіннае – ці як назваць гэтую дзіўную сумесь, калі з непранікальным выразам твару пачынаюць гульню, а ўсмешка тоіцца ў ледзьве прыўзнятых бровах і куточках вуснаў? Нібы і не Лідзіна гульня, куды больш філігранная за ейную, але зараз – надзіва пад яе.

– Хм, ну калі я адпрацоўваю толькі тое, як даць драпака, чаму не ўзяць на ўзбраенне і гэты спосаб... Урэшце, не патрабуе ні наяўнасці боекамплекта, ні асаблівых адпрацовак. Ізноў жа, эфектыўнасць! На крайні выпадак усе сродкі да месца, ці не так?

Ён цьмяна адчуваў, што яна не ўсур’ёз, выкрываў тут бяскрыўдны і тонкі жарт, але, каб паджартоўваць над з’явамі смяротнымі, не меў... не тое што адвагі – дастатковай лёгкасці-павярхоўнасці, у стане якіх можна гуляць. І таму сам загаварыў гранічна сур’ёзна, ціха і стрымана:

– Адказ няправільны. Бяздумны таранны ўдар – рэч мала таго што бессэнсоўная, дык яшчэ і шкодная.

– Гэта ліквідаваць ворага – шкодна? – Ліда і засталася ў ролі, і крыху саступіла, не зусім цямячы, ці перайшла мяжу.

– Ворага. І сябе разам з ім. І сваю машыну з ягонай... Тараніць трэба ўмець! І выконваць з інжынернай дакладнасцю. Каб найменшыя страты з нашага боку пацягнулі найбольшыя страты ў праціўніка.

Яна задумліва патапталася на сваім лапіку, прымінаючы снег унтамі, быццам па-звярынаму рыхтавала лежню. Паціснула плячыма, схаванымі пад мехаватай курткай:

– Гучыць натуральна, можна і сваім розумам дайсці. Што, гэтаму так складана вучыцца?

Вочы хакі бліснулі цікаўна, дапытліва – пад гэткім жаночым позіркам у апошнюю чаргу думаеш, што яе ўладальніцу так захапляюць самыя надзейныя спосабы загінуць. Па меркаванні Рыгора, увогуле ніводная жанчына аб такім распытваць не стала б, калі яна не супрацоўніца канструктарскага бюро ці авіязавода, якая правярае адпаведнасць тэарэтычных разлікаў практыцы. Ну ды Ліда з яе своеасаблівым густам запальвалася ад любой магчымасці асвоіць штось небяспечнае і, наадварот, ні ў якім выглядзе не пераносіла красамоўнага «намеснічка» камандзіра, які падабаўся ўсім (яе полу).

– Скажам так: вучыць такім рэчам дзяўчыну я і спрабаваць не стану. Гэта першае...

– Першае – што я спытала абстрактна! – вось тут Ліда ў сваёй, менавіта сваёй палымянай манеры піхнула сумёт, абваліўшы сценку. – А другое – што цяпер пачынаю хацець назло!

Яны сутыкнуліся выразнымі позіркамі – строгі супраць упартага – і дужаліся імі моўчкі, так што было чуваць, як дзесьці далёка працуе матор, які выпрабоўваюць на зямлі. Перамогу не збіраўся аддаваць ніхто, але і доўга не міргаць на марозе было няпроста.

– Другое, – працягнуў Рыгор з націскам. – Натуральна ці не, ды памыліцца прасцей, чым зладзіць узорна. Паспяховы таран вымагае навыку, вакамеру, лётнай інтуіцыі... Шанцавання. Можна ўдарыць – і крыху пагнуць сабе вінт, а можна застацца без самалёта. І дзякаваць, што лёгка абышлося! Ну а тое, што на гэта ідуць навічкі, зусім не нагода паўтараць.

Яго позірк спыніўся на забытым палене. Аб трапнасці можна і наглядна? Тым больш у грудзях непрыемна варушыцца стрыманасць, назапашаная за час размовы і заціснутая без аніякага руху.

Што ж, давай, «інжынер»... Трэба з аднаго разу!

Ён падабраў сякеру, знарок забараніўшы сабе вымяраць нешта мозгам – кругласутачным працавіком без святаў і водпуску, – і толькі пастараўся ўкласці ва ўдар тое, што муляла ўнутры. А калі палавінкі кульнуліся з калоды – хмыкнуў не без задавальнення.

– Карацей, тараніць без навуковага падыходу не раю. Знішчальнік збіралі на заводзе і маглі б скарыстаць дэталі з большым плёнам – калі б ведалі, што яго разаб’юць ні за што. А лётнае вучылішча, атрымліваецца, марнавала час на падрыхтоўку папаўнення, якое так імкнецца памерці. Асабіста я ва ўсіх выпадках абышоўся б іншымі сродкамі, хаця б з гледзішча рэсурсаў... На халодным не сядзі.

Ліда, якая паспела зручна прыладзіцца на дрывотнік, тут жа саскочыла з фырканнем:

– А вы б ватоўку на куртку змянілі, таварыш камандзір! Застудзіцеся!

– Баюся, даваць табе самалёт з перадатчыкам я таксама не буду.

Здаецца, праўда палягчэла. Хаця ў спрэчках з языкатымі дзяўчатамі Рыгор быў таксама не першы – незалежна ад службовай іерархіі.

Ён адсунуў нагой палавінку палена і спытаў без пераходу:

– Браты-сёстры ёсць?

– Э-э... Няма. А што?

– Ясна...

Сама сабе старэйшая. Каму як, а ёй вось так.

«Што там табе ясна?» – экспрэсіўна-абурана выразіла яна тварам. Пачакала тлумачэння, не дачакалася і, зачарпнуўшы снег пальчаткай, узялася ляпіць камячок. Снег быў сыпкі, але яна – настойлівай.

– А таранныя гісторыі ёсць? Свае.

– Адна ёсць. Не самая ўдалая.

– Ну-у-у, гэта як паглядзець! Калі выканаўца тут, відавочна, што магло быць і горш.

– Магло, – пагадзіўся ён. Яму спадабалася вымаўляць у мароз, які кожнае слова рабіў бачным і важкім. І кожнае развейваў, далучаючы да паветра вакол.

– А хто быў? Бамбардзіроўшчык?

– Знішчальнік. Я не вельмі памятаю. Ён страляў па маім вядучым, я страляў па ім... Пакуль было чым страляць. Пачатак зазвычай аднолькавы.

– А няўдаласць у чым?

– У тым, што я адсек частку крыла. Сабе.

– А яму?

– І яму адсек, калі ўдарыў. Крыло за крыло...

– Дык мэта дасягнута?

– У цэлым так. Праўда, за ім рухнуў я, што не тое каб выгадна. Самалёт вядучага абмяняў на свой.

– А далей – парашут?

– Парашут. Перш я думаў, што мой «ішак» утрымаецца, бо ён ляцеў. Аднак ляцеў нядоўга.

– М-м-м... А што вядучы? Сеў?

– У той раз – сеў.

Успаміны выплывалі ўрыўкамі-кадрамі, не цэльнай стужкай. Паглыбляцца ў той чэрвень яму не хацелася. Хацелася праслізнуць над яго штармавой паверхняй, ловячы пырскі канцамі крылаў, і бяспечна вярнуцца ў ціхі заснежаны люты.

На месцы Ліды ён бы зараз думаў аб тым, што праз нейкі час яны двое, можа быць, складуць баявую пару, а тады месца вядзёнага зойме яна, а тады ёй і вырашаць, ці застанецца ён цэлы. І ёй жа вынаходзіць нетрывіяльныя спосабы ратунку.

Хаця фактычна расклад будзе адваротны – гэта ён ведаў і ў лютым.

Снег не ляпіўся, і Ліда, кінуўшы спробы, папляскала збялелай пальчаткай па ствале бліжэйшага дрэва, дзе вісела яго куртка. З галін на іх дробна пасыпаліся сняжынкі.

– Вось жа падстава якая: вярнуліся абодва, а вылет няўдалы! – сказала яна са значэннем, узнаўляючы гульню.

Ён не стаў спрачацца:

– Калі так павярнуць, то і добры. Нядобра лічыць яго за найлепшы і даваць як узор.

– У сэнсе... не ўзяць ды проста парадавацца... а хацець ідэальней?..

– А можа, так і трэба?

Яна няўцямна міргнула і ўтаропілася ў яго надта доўгім уважлівым позіркам. Позіркам пазнавання. Мусіць, не перасеклася тут яшчэ ні з кім з суайчыннікаў... Фразу пазнала, але выдаваць не стала нічога. Ну і ён не стане.

– Улічыце галоўнае, таварыш малодшы лейтэнант. Гэта быў сорак першы і гэта быў «ішак» – там кабіна адкрытая. А зачынены ліхтар нашых «лавачак» на высокай хуткасці клінуе. І тады адсунуць яго немагчыма.

Яна зноў міргнула з увагай, запамінаючы. Адмерзла толькі потым і борздзенька абцерла пальчаткі адна аб адну з няўлоўнай усмешкай.

– То выдатна, адсуну загадзя! Шчыры дзякуй за падрабязную лекцыю. А пакуль мне дазволена радавацца і не забаронена тараніць словамі – дазвольце ісці грэцца?

Ну і як размаўляць з ёй пра важнае?..

– Грэцца забараніць не магу.

Пакуль гаварылі, сцямнела: навакольная шэрасць непрыкметна перацякла ў сінь, паярчэла святло ў шчылінах сталоўскай палаткі, а дровы схаваліся ў змроку. І вось Ліда ланцужком слядоў прабіраецца на ходжаную сцежку, Рыгор жа глядзіць і думае.

Жаноцкага ў ёй – быццам адно гэтае свавольства. І, можа быць, вочы, прымружаныя з выклікам: «Не чакалі мяне, а вось яна я, прапаную змірыцца!» Сярод усяго абслуговага персаналу ніводнай гэткай не знойдзеш. Зрэшты, яна і не абслуга... І на выгляд замоцная, каб патануць. Як бы знайсці сілы пераканаць у гэтым таго, хто праз гады назірае з-за хаты і міжволі баіцца паўтору?

– Чакай... Я ўсё ж не разумею. Як ты збіраешся ўзяць у эскадрыллі чыёсьці месца і адпавядаць яму?

Ён пачуў сябе і разгубіўся: пытанне задаў вельмі сваё. Глыбіннае сваё.

Ліда не разгубілася:

– Дык месца пад мяне тут і няма. Я ствараю яго сабой. Я і ёсць маё месца!

Яна сышла разам са сваёй нежаноцкай жаноцкасцю, а ён паволі расшпіліў і сцягнуў ватоўку, накінуў куртку, пастаяў так, выдыхаючы з паветрам пытанні, неаформленыя, але бачныя. Абышоў дрэва і знайшоў на чорным ствале белы след ад далоні.

– Я і ёсць маё месца, – паўтарыў ён. – І яго варта не ўзяць, а стварыць... Нашто ж ты, Рыгор, выбіраеш браць месца чужое?..

Паднёс уласную, большую далонь, але не крануўся, толькі прымерыў. Ды не варта рабіць і таго – па вялікім рахунку, хіба яны зраўняюцца прагай да жыцця? Цяпер і раўняць сябе з братам падалося штучным. І пакуль ён глядзеў на след, белы на чорным, а сцюдзёны вецер задзімаў пад куртку, прыходзілі ўсведамленні, дзіўныя ў сваёй навізне.

Можа быць, не выжыць і выжыць – не пра віну, а пра моц? Можа, чужыя нішы зусім не аб тым, каб іх займалі? Можа, займаць сваю і праз гэта быць моцным не блага? Быць і ведаць, што кароткае знаходжанне на марозе больш не абернецца хваробай.

Ён абышоў дрэва зноў, туды, дзе ствол быў заснежаны, і з нечага прыклаў далонь. А калі адняў, там застаўся адбітак, чорны на белым.


21–29.11.2023


Рецензии