Котка-гурман

Котка-гурман

Аднойчы я разгаварылася са сваім земляком, Віктарам Шляшка, аб відах ядомых грыбоў. Мой суразмоўца ўспомніў малавядомы грыб-парасон стракаты – Macrolepiota procera. У Целяханах “парасоны” не збіралі, аддаючы перавагу іншым, больш вядомым макраміцэтам.

Упершыню я паспрабавала грыбы-парасоны ў васьмідзесят першым годзе, калі супрацоўнікаў Баранавіцкай гарадской паліклінікі ў Дзень медыцынскага работніка накіравалі дапамагаць падшэфнаму сельгаспрадпрыемству.

Медыкі, якія выканалі зададзены аб’ём працы, накрылі да абеду імправізаваны святочны стол. Увагу прысутных прыцягнулі апетытна засмажаныя адбіўныя, прывезеныя медыцынскай сястрой Святланай Лагуценка. Некаторыя сатрапезнікі, у тым ліку і я, адразу ж пацягнуліся да іх.

Паспрабаваў адбіўныя, ніхто не мог вызначыць, з якога мяса выраблены дэлікатэс.

 Святлана прапанавала:

– А вы – адгадайце!

Асновай стравы, як нам здалося, з’яўлялася белае мяса. Едакі пералічылі ўсю хатнюю птушку, у тым ліку, фазанаў. Вытворца “неапазнаных адбіўных” на ўсе нашы здагадкі нязменна адказвала: “не”.

Перайшлі на дзікіх птушак Беларусі: глушэц, цецярук, чырок, крыжанка …

Аналагічны вынік.

Я ўспомніла пралетарскага паэта Ўладзіміра Маякоўскага з ананасамі і рабчыкамі: таксама – “не”.

 Счакаўшы паўзу, Святлана задала звычайнае ў такіх выпадках пытанне:

– Што, здаецеся?!

Мяне падмывала патэтычна ўсклікнуць:

– Рускія не здаюцца!

Перамагла цікаўнасць: я прамаўчала. Калегі дружна адказалі:

– Так, здаемся, ужо прызнавайся, Светка!

За час “супрацьстаяння” знаўцаў кулінарыі адбіўныя скончыліся: не ўсім удалося пакаштаваць дэлікатэс.

– Гэта – грыбы-парасоны ў кляры, – загадкава, нібы выдаючы старадаўні сакрэт верасовага мёда, вымавіла Святлана.

– А што гэта за грыбы такія, “прадметна-аксэсуарныя”, парасоны? – удакладніла Ганна Макарук, участковая медыцынская сястра.

– Ёсць такія грыбы. Яны растуць на адкрытых травяністых месцах, у лясах, на палях і ў агародах. Іх раскрыты капялюшык сапраўды нагадвае парасон, – растлумачыла Света.

Калегі былі задавалены адказам і пераключыліся на іншыя гутарковыя тэмы.

Прайшло больш за дзесяць гадоў. Аднойчы ў адпачынку, шпацыруючы каля Агінскага канала, я убачыла грыбы, якія нагадваюць парасон у мініяцюры. Белы капялюшык грыба с буйнымі адсталымі бурымі лускавінкамі мацаваўся на светла-бурай полай дравяністай ножцы, пакрытай канцэнтрычнымі шэрагамі лускавінак. На ножцы – шырокае рухомае кольца, зверху – белае, знізу – бураватае. Мякаць – тоўстая, рыхлая, ватападобная, з арэхавым густам і слабым грыбным пахам.

Сумневаў у мяне не было – гэта грыбы-парасоны. Сабраўшы прыкладна два тузіна грыбных капялюшыкаў дыяметрам прыкладна дваццаць сантыметраў, прынесла здабычу дадому.

Убачыўшы выраз твараў сваіх блізкіх, успомніла несмяротнае тварэнне Іллі Рэпіна, карціну “Не чакалі”.

 Не, безумоўна, мяне чакалі! Але не думалі, што я, вопытны грыбнік, набяру незнаёмых макраміцэтаў.

– Навошта ты паганак назбірала і ў хату прынесла?! – абурылась мама.

– І праўда, Нэлька, табе, што, добрых грыбоў не хапае? – дыпламатычна заўважыў тата.

Сястра Марыя і мой муж трымалі нейтралітэт. Сяргей, муж сястры, сапраўдны афіцэр, падтрымаў мяне:

– Калі менавіта ты, Нэлечка, будзеш гатаваць гэтыя грыбы, я абавязкова іх паспытаю!

Яшчэ на ўскрайку лесу, месцы збору грыбоў, я найгрубейшым чынам парушыла адно з асноўных правілаў грыбніка – не спрабаваць на смак сабраныя грыбы. Я адкусіла і разжавала маленькі кавалачак капялюшыка: ужо вельмі смачна ён пах!

На працягу паўтары гадзіны, пакуль я займалася падрыхтоўкай да тэрмічнай апрацоўкі лясных дароў (ачыстка грыбоў і цыбулі; маладой бульбачкі – на гарнір), маё грыбнае сыраедства ніяк не выявілася.

У вялікім сатэйніку я абсмажыла дробна пасечаную цыбулю, затым дадала нарэзаныя палоскамі грыбы і тушыла іх каля паўгадзіны. Апетытны грыбны водар запоўніў памяшканне кухні. Тут ужо і адварная бульбачка з зялёным кропам падаспела.

Першай не вытрымала мама:

– А чым гэта ў нас так смачна пахне?

– Дык гэта, мама, тушаныя “паганкі” выдзяляюць фіміям! – недоўга думаючы, адказала я.

 За абедзенным сталом мае апаненты назіралі за тым, што адбываецца. Я першая паспрабавала свой кулінарны выраб; сатрапезнікі з цікавасцю глядзелі на мяне.

Сяргей Фёдаравіч, у той час – камандзір дывізіёна каля Днепрапятроўска, стрымаў слова, адразу прыняўшыся за грыбы.

– Ну, як, Сярожа? – пацікавілася Марыя.

Па-змоўніцку зірнуўшы на мяне, падпалкоўнік Янцэвіч адказаў:

– Нясмачно, у рот не ўзяць!

Пры гэтым Сяргей не забываў падкладаць у талерку “неапетытныя” грыбы, з задавальненнем ядучы іх.

Да дэгустацыі падключылася сястра.

– Дык гэта ж смачна! Вельмі цікавыя арэхавыя ноткі! Мама, паспрабуйце!

Паспытаць грыбы вырашыліся мама і мой муж; тата ўстрымаўся. Меў на гэта поўнае права: будучы маладым, з’еў пачастунак змеяловаў, часова размясціўшыхся ў малапраходных балотах каля Выганашчаў, роднай вёскі бацькі.

Суп, звараны ў кацялку над вогнішчам, аказаўся вельмі смачным. Бацька пацікавіўся, з чаго ён прыгатаваны?

– З чаго можа быць прыгатаваны суп у змеяловаў? Са звычайнай гадзюкі! Спадабалася поліўка? – спытаў брыгадзір арцелі.

Адказваць не было каму. Юнак куляй выскачыў з-за паходнага стала; яго рэакцыя на атрыманую інфармацыю была натуральнай для жыхара беларускага Палесся, багатага змеямі.

Пасля таго выпадка было немагчыма ўгаварыць бацьку паспрабаваць незнаёмыя яму прадукты.

Вярнуся, аднак, да грыбоў-парасонаў. У пачатку двухтысячных гадоў многія мае землякі ўжо збіралі экзатычныя макраміцэты. Не быў выключэннем з правілаў і названы ў самым пачатку апавядання Віктар, заўзяты рыбак, паляўнічы і грыбнік.

Аднойчы ён прынёс дадому паўкошыка парасонаў. Жонка, якая звыкла да высакародных баравікоў і чырвонагаловікаў, заявіла:

– Я не буду займацца гэтымі "воўчымі" грыбамі!

І пайшла на працу.

Віктар пачысціў і адварыў грыбы, падрыхтаваўшы іх для смажання ў кляры. Для паскарэння працэсу астуджэння расклаў на вялікае паўблюда палоўкі грыбоў; сам жа адышоўся па нейкай патрэбе.

Прыйшоўшы праз паўгадзіны, знайшоў на талерцы дзве нікчэмныя палоўкі парасонаў. У куце кухні мылася котка Маркіза.

 З пачуццём “поўнага маральнага задавальнення” на сваёй кацячай пысе …

Выслухаўшы гэтую гісторыю, я ўслых выказала думку, што прабацькі Маркізы – пародзістыя французскія каты, якія часам ласаваліся аб’едкамі сумчатых грыбоў з падземнымі клубнепадобнымі мясістымі пладовымі целамі з атрада пяцыцавых – труфелямі …

Не выстаяўшы перад “клічам французскай крыві”, Маркіза задаволілася меньш каштоўным відам макраміцэтаў …


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Спасибо за интересный рассказ! мы тоже очень любим грибы. Я грибы не собираю, поэтому не знаю. растут у нас грибы-зонтики или нет. Может, и есть, да люди их не собирают, путая их с поганками.
Да, уникальная у Вас кошка, что любит есть грибы.
С уважением, теплом и наилучшими пожеланиями,

Людмила Каштанова   20.01.2024 15:34     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Я тоже узнала о существовании этих съедобных грибов только в зрелом возрасте, а в детстве мы считали их "волчьими" грибами.

С теплом и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   21.01.2024 11:32   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.