Раздзел 22. 16-04-2024
Сядала сонца. Адмаўляць гэты факт было бессэнсоўна: калі яшчэ паўгадзіны таму памякчэлыя пачуцці атрымалася спісаць на чужародныя пробліскі сентыментальнасці, то цяпер нябесны блакіт усё відавочней перафарбоўваўся ў бэзава-аранжавы. І гадзіннік не згаджаўся прыхлусіць.
– Ну вось, надышоў канец яшчэ аднаму дню... Куды дзяюцца гадзіны, Слаў? Чаму яны цягнуцца так доўга, размазваюцца ў чортаву бясконцасць... А потым вжух – і мінуў дзень, і зноў не зрабіла ні-чо-га. І жыццё – вжух... Як чужы снарад міма кабіны.
Ашчаперыўшы калені, Ліда скурчылася на плоскасці “лавачкіна” нумар дваццаць пяць, у якім Слаўка нёс дзяжурства. У спіну шчодра паліла сонца, ад фанернай абшыўкі патыхала гарачынёй. І толькі павевы ветру, які не спяшаўся па-вечароваму свяжэць, часам ускалыхвалі спякотнае марыва. Ашкляненне чацвёркі самалётаў блішчала да рэзі ў вачах, а цераз увесь старт працягнуліся даўжэзныя крыжападобныя цені, ледзь датыкаючыся да шасі.
На плоскасць Ліду паклікаў Слаўка. Сама яна не пайшла б, а яму няпроста было адмовіцца ад звычкі.
– Ладкуйся тут, а? Усё ж весялей, пагутарым па-заўсёднаму... Абрыдла сядзець ды ў неба глядзець! – просьбітна цягнуў ён.
– А чаму не пабалакаць з вядучым? Вось ён, суразмоўца! – Ліда дзелавіта накручвала на палец травінку.
Глеб, як патрывожаны каршун, так і натапырыўся ў суседнім самалёце, зашамацела папера. Усё ў яго нейкія таемныя справы, не падступішся! І цяпер выдумаў занятак.
– А што, проста! – знайшоўся Слаўка. – Так і запішам: ніякіх забаўляльных пасядзелак у час дзяжурства. Асабліва твайго!
Выпад залічаны. Ліда зладзеявата шаснула позіркам туды, сюды... Пстрычкай адшпурнула травінку, заскочыла на плоскасць і незалежна ўселася ля кабіны. Не паспеў узрадаваны Слаўка і рот адкрыць, як яна папярэдзіла:
– Пачую каментарыі наконт дзённага вылету – папярос маіх не ўбачыш!
– Эге... А куды ты іх прыстасуеш? Назапашваць будзеш на чорны дзень?
– Мацею Васілічу аддам. Як самаму вартаму. І папрашу, каб далей шакаладам выдавалі!
Ліда толькі прыкідвалася нездаволенай, а напраўду перабралася да Слаўкі з ахвотай. І цішком перавяла дух. Яму не прыйшло ў галаву ні ўшчуваць яе, ні падкалупліваць, ні затойваць крыўду... Непрыгожы выпадак з яго самалётам быў замоўчаны і тактоўна пазначаны як няісны. Так было ў іх заведзена: састарэлыя спрэчкі абыходзіліся без тлумачэнняў-выбачэнняў і паспяхова забываліся, не расчасаныя напамінамі. Ініцыятарку гэтых спрэчак вылічыць было нескладана.
Слаўка, верны Слаўка! І расточку невялікага, і зорак з неба не хапае (на фюзеляжы вунь значацца дзве). А як хораша ведаць, што, нават калі ва ўсім свеце Лідзе забароняць пасадку, яе будуць радыя прывітаць на гэткім запасным аэрадроме. Ды яшчэ заклапочана спытаюць, ці патрэбна гаручае.
А дваістасць цяперашняга становішча нервавала. Як трымаць сябе з рабятамі, Ліда не вызначылася: з аднаго боку, у яе адказнасць за муштру, з другога – падмочаная рэпутацыя і сумніўны аўтарытэт. Калі з Колькам усё было ясней яснага, то ў схіленым Сашавым чубе не вычытвалася ніякіх эмоцый, хіба што раз-пораз Ліда лавіла ўважлівы позірк, скіраваны на лініі, якія выходзілі з-пад ейнага пруціка. І тады пераставала разумець, хто каго падстрахоўвае. А Арцём са сваёй несыходнай ветлівасцю не выказаўся б адкрыта нават пры смяротнай пагрозе. У яго і вочы прамянелі спагадлівым пытаннем: “Раён вы перад заняткамі, канешне, паўтарылі, таварыш лейтэнант? Ну, той самы, дзе заблукалі?”
Таму ўвесь начальніцкі імпэт Ліда абрынула на Колю.
– Што за адлучка, не ўзгодненая са старшым? Замнога ведаў? – яна прыдзірліва адзначыла недастатковую хуткасць перасоўвання ад КП назад да старту. – Калі так, аркуш у рукі – і фармуляваць прынцыпы службы лётчыка-знішчальніка. Дзесяць пунктаў. Мінімум!
Коля не згледзеў побач ніводнай патэнцыйнай ахвяры, акрамя сябе, і паныла ссутуліўся: не адкасіць.
– А мо лепш пункты пра “лавачкі”? Па вінтаматорнай групе прайдуся і гэтак далей? – прагудзеў ён з надзеяй.
– Дыялектыку адставіць, і марш за справу! Перад вячэрай здасі, – заявіла Ліда, дадаўшы ў голас мамінай уладарнасці. Яна не планавала спрашчаць яму задачу. У тым, што тычылася функцыянавання самалётных сістэм, ён разбіраўся з уменнем, лагічным для былога работніка авіязавода. А Ліда ведала не толькі моцныя бакі Колі, але і свае слабыя.
Сядала сонца. Па сантыметры паўзлі цені-крыжы, гарачыня прамянёў убіралася ў сукно гімнасцёркі. Вось-вось заклубіцца пара, як ад праса. Не забыцца б на ноч пакласці форму пад сяннік, каб на тканіне разгладзіліся зморшчыны... Паўтор паштовага інцыдэнту на біс – перабор нават пры Лідзінай схільнасці ўліпаць у ідыёцкія гісторыі.
Гэты вечар... Ён ужо здараўся. І процьму разоў, яшчэ летась: поле, сонца, разагрэтая абшыўка – і поўная адсутнасць небяспекі, прытым што ў тагачасных зводках, зводках сорак другога, часцей, настойлівей усплывалі Растоў і Сталінград. Усё далёка, усё дзесьці, а ў цябе над галавой пяшчотна ружавее неба, не азмрочанае ваеннымі клопатамі.
Праваліўся ў нябыт цэлы год, а ў яе жыцці, лічы, нічога не змянілася. Дасюль незразумела, як гэта – калі ў эскадрыллі тры лётчыкі на дзве машыны. Пры стандартнай нагрузцы. Ці павялічанай? Якая была тады?
– Слаў? – Ліда ўзняла з калень падбародак. – А даўно вы з Сашам тут? Ну, у палку.
– Га? – Слаўка дрымотна заміргаў і да хрусту пацягнуўся ў кабіне, наколькі дазвалялі прывязныя рамяні. – Ды не тое каб... Жнівеньскае папаўненне. У першай-другой эскадрыллях яшчэ ў страі пара хлопцаў з нашых...
І разам прачнуўся: ох, не адсачыў, што прагучала гэтае “яшчэ”!
– Я таго, сказаць хацеў... Ты, дапусцім, гнеш, што незаўважаная, абдзеленая. Думаеш, мне няма на што паскардзіцца? – затарахцеў ён, адцягваючы гутарку ад нежаданай тэмы. – Вунь прыкаціла з вучылішча тройца з Ігнатам на чале – адразу малодшыя лейтэнанты. Атрымалі на сподачку. А я выпускаўся яшчэ сяржантам, як было прынята! Да афіцэрскага звання паспеў дарасці... а выглядае, быццам мы з імі нароўні. – І скончыў скомкана: – Нічога вось, жыву-служу...
Смелы фінт, але абмоўку не перакрывае. Цікава, як хутка Ліда загаворыць так пра сябе: яшчэ ў страі. Дзевяць мінус колькі?..
Можа, яна праўда вар’ятка, што імкнецца такое адчуць? Можа, тую нагрузку ёй не адужаць, а Зелянкоўскі тысячу разоў мае рацыю? Наўрад ці гэта лёгка – пасля лянівай, тупой расслабленасці перастроіцца на рытмічную працу. Уварвацца ў шалёную карусель, дзе на філасофію няма часу, а дыяпазон жаданняў звужаны да базавых патрэб: паесці-ўпасці-спаць...
Сувязная “этажэрка” У-2, меркавана, з тым пагадзілася б. Яна, рэанімаваная, таксама мясцілася на старце, але зводдаль ад звяна – як бы прымаючы перавагу слаўных калег-манапланаў, аэрадынамічна адшліфаваных дзеля скарэння хуткасці. Гатовая да адлёту, яна падстаўляла сонцу парэпаныя ярусы крылаў, і здавалася, што недзе ў самалётнай свядомасці пракручваецца меланхалічнае: “І да гэтага захаду дарыпела...”
А вунь ідзе гаспадыня. Ну-ну, дык вось з якога яна цеста. Знайшла з кім бавіць час – са збройніцамі! Ніяк не развітаюцца, не набалбочуцца... Ліда непрыязна ўскінула брыво, канстатуючы прорву між сабой і паштаркай, не меншую, чым у іх самалётаў. Якое надзённае пытанне абмяркоўваем, кумачкі? Дзе б дастаць жоўценькіх нітак для заканчэння ўзору на насоўцы?
Не схлусіла мятлічка. Яшчэ адну курыцу прычакалі!
Шумная дзявочая чарада прайшла міма, а паштарка зачапілася позіркам за Ліду на плоскасці Ла-5 і прыпынілася, нібы скурай адчула драпанне думак. “Падысці, не падысці?” – распазнавалася ў яе паставе.
– Я чула пра “юнкерс”, – сказала яна нечакана. – У лютым, здаецца?
– У... сакавіку, – машынальна паправіла Ліда, ад здзіўлення забываючы пра паблажлівасць. – Пад восьмае, як на заказ.
Яна ведае? І памятае? Сама Ліда махнула рукой на свой першы і адзіны самастойны збіты, зафіксаваны на “сямёрцы” ў выглядзе самотнай бляклай зорачкі. Як можна лічыць гэта дасягненнем – падпаліць няўклюду-бамбардзіроўшчык? Іншая справа знішчальнік: каб злавіць момант і ўсадзіць чаргу, мусіш здзейсніць цэлы каскад фігур пілатажу. Праўда, менавіта пасля той перамогі ёй дазволілі больш вылетаў... Пакепліваючы, што пашэнціла дзякуючы жаночаму святу.
– Хораша, калі асвоена “лавачка”. Пікіруй ды бі, – зазначыла паштарка з усмешкай, якая не вязалася з задумлівым голасам. – А найбольшае, што ў паветры магу я, – даць лататы!
Калі б Ліда і сустракала яе раней, то не пазнала б: надта звычайная знешнасць. Як ва ўсіх. Хіба рабацінкі... А так – не малая і не бамбіза, постаць скрадваецца мехаватым камбінезонам, валасы схаваныя пад шлемам. Прыкметна, што фізічна яна дужэйшая за Ліду – пры патрэбе ў адзіночку разверне У-2 носам да ветру.
– Ну, сустрэчнага на ўзлёце! – развітальна кіўнула паштарка, не навязваючы гутарку. Схіліла галаву набок... ды як выдасць са здушаным смяшком: – А пры парадзе вам лепш, хадзіце так часцей!
Ліда ўспыхнула з-за несправядлівасці жарту, ад абурэння нават не знайшлася з адказам. Паквапіцца на форму! І пакуль прышпілены да сядзення Слаўка выкручваў шыю, каб падзівіцца на нахабніцу, Ліда свідравала позіркам яе спіну, якая аддалялася ў бок У-2. Ды чаго яна цяміць, гэтая прасцячка з эскадрыллі сувязі? Няхай ёй удаецца нязмушана спалучаць жаноцкасць з вайсковасцю, гэта яшчэ не значыць, што позірк намётаны. Пры парадзе хадзіце! Што за панібрацтва са старшай па званні? Ой, не дарма Ліда адмовілася вадзіць сяброўства з дзяўчатамі!
– Ты ў нас славутасць, выходзіць? – Слаўка чмыхнуў, пацешаны гэтай думкай.
– А то. Дыфірамбы паперадзе мяне лятуць! – перадражніла Круглага Ліда, выдзіраючы парасткі павагі да паштаркі. Знішчальнікі – эліта, але наўрад ці яна мела гэта на ўвазе!
Як зваць яе, дарэчы? Нават не спытала.
Ды як усіх...
Разлютаванасць адхлынула гэтак жа хутка, як накаціла, і Ліда легла вухам на рукі, якімі абдымала калені. І калі над аэрадромам прайшла сувязная “этажэрка”, напаследак дружалюбна паківаўшы крыламі, строкат яе матора здаўся гулкім і блізкім, бы разносіўся над самай травой.
– Гэта было б так лёгка – пошту вазіць... – Ліда сачыла, як біплан ператвараецца ў кропачку на мяжы бэзу і блакіту. – Ніякіх спрэчак, змаганняў. Адны рэйсы. І ніхто не папрэ, бо лётную працу больш няма куды спрашчаць...
– А ты нічога не блытаеш? Звычайна мараць адваротна!
– Вось і тата сказаў: забірайся вышэй. Да халеры, што можаш зваліцца. Ну а калі ад гэтага толькі горш? Караскацца, ствараць сабе пакуту за пакутай... Навошта?
Яна паспрабавала ўспомніць сябе ранішнюю і не змагла. Ад той Ліды засталася плямка зялёнай фарбы на калашыне, а ўсё правільнае і яснае ператварылася ў неахайны клубок пытанняў – то адна нітка вылезе, то другая. Якую ні тузані, вузлы толькі зацягваюцца.
– У мяне ёсць выбар, разумееш? Ніхто гвалтам не валачэ. Быць знішчальнікам неабавязкова. Гэтую авантурку я магла спыніць даўно... але вырашыла з нейкага перапуду, што я – нешта большае, чым яна, – Ліда няпэўна махнула ў неба. – І хачу большага. А галоўнае – магу. Але цяпер...
– Што?
– Цяпер я нічога не ведаю.
– Уф-ф, духацень – сіл няма... – Слаўка сцягнуў шлемафон і прайшоўся пяцярнёй па русявых валасах. Яму на самым санцапёку прыходзілася горш, чым Лідзе: яна хоць была вольная адвярнуцца. – Калі б не хацела і не магла, то капацца ў сабе не стала б. Сумневы – яны, ведаеш, толькі ў разумную галаву завітваюць. А для неразумнай іх не існуе... І павінен жа нехта імкнуць да большага. З аднымі Слаўкамі вайну не выйграць!
– У мяне ёсць выбар, – паўтарыла Ліда з націскам. – А бывае, што выбіраць не даюць. Што з усіх бакоў напірае адказнасць. Не адчуваеш, што яна па табе, а трэба ўзяць! Каб заўжды думаць аб іншых у дадатак да сябе – і больш, чым пра сябе. Каб прызвычаіцца бачыць наступствы наступстваў, каб хацець скінуць і закінуць гэта, але разумець, што ўсё роўна нікому не перадаручыш, і... Н-не важна.
Ліда абсекла сама сябе і з перарывістым выдыхам уткнула твар у згін локця, каб пад павекамі запанавала цемра. Не варта было столькі выплюхваць... Слаўка яўна чухае патыліцу: ці не цапнула цябе, Жучок, якая муха глыбакадумнасці?
І не станеш жа прызнавацца. Што ў Лідзе дрыжыкамі адгукаецца разуменне: для яе ў мільён разоў спакайней перастаць быць знішчальнікам, чым аднойчы ўзваліць на сябе пералічанае. Разок пакамандаваць Колем – гэта адно, а вось звяном ці, уявім на хвілінку, эскадрылляй...
Адкуль гэты прымхлівы страх? Адкуль жаданне зрабіць крок назад? Дагэтуль яна не баялася адказнасці, наадварот – наракала на яе адсутнасць. Але вось, нешта накрыла, якраз пасля размовы з Зелянкоўскім. Варта дапусціць, што апісанае адбываецца зноў... Або што спраўджваецца фінал яе сну...
Калі б заікнулася аб сне пры Зелянкоўскім, перапужала б да паўпрытомнасці. Добра, што Ліда не настолькі ўражлівая. Так?
А яна ж іх пераблытала – бацьку з Дубоўкам. Там, у сне. Нават не пераблытала, а падмяніла аднаго другім, прычым на дзіва натуральна. Вокамгненная праекцыя, няўхільнасць той жа развязкі... Як ні адкручвайся, ад жаху абарвалася сэрца. І цяпер, вярнуўшы сябе ў цемру, Ліда асцярожна ўслухоўвалася ў яго астаткавы водгалас, гатовая адштурхнуць.
Ну, прынамсі ёй знесла дах не да такой ступені, каб кінуцца абшукваць зямлянку эскадрыллі. Хаця праславутую ахоўную гімнасцёрку, хутчэй за ўсё, яшчэ можна вярнуць гаспадару.
Чорт, як жа яно налажылася? Як супала, што Дубоўка выправіўся акурат тады, калі для Ліды пытанне формы перакрылася іншым, болей важным? Паўгода ўвішнай службы закрэслена парай секунд ганьбы! Пры кожным успаміне аб гэтым нанова гараць шчокі. Адзінае, што няблага: фінціфлюшка Сцеша больш не стане падхіхікваць над ім, як надоечы на стаянцы... І шво на рукаве перастане лезці ў вочы. Назойлівая згадка аб тым, што зведана ўладальнікам, і тым, што наварочана табою.
А паўзверх усяго – пошта-пошта-пошта...
– Таварыш лейтэнант, дазвольце звярнуцца! – карцінна падаў голас Коля са скрыні з-пад снарадаў, на якую ўсеўся выконваць загад. Разумовая праца займала яго менш, чым фізічная, і ён выдурваўся, капіруючы статутна-выгладжаны тон Арцёма. – А пазіцыі “Не адрывацца ад вядучага” і “Не кідаць сваю групу” пісаць у адзін пункт? Або можна ў два?
– Валяйце ў два, Мікалай. Толькі цур разгарнуць, чаму так... – Ліда стамілася стрымлівацца і шырока пазяхнула, захінуўшыся.
Коля з імітацыяй паслухмянства вярнуўся да пісаніны, аловак здаваўся ў яго пальцах недарэчна малюсенькім. Ліда зычліва вылучыла яму свой, узяўшы абяцанне, што на ім не з’явяцца сляды ад зубоў.
– Ат, і так не хапае, – паскардзіўся Коля. – Між іншым, людцы, есці ахвота. Як думаеце, што дадуць? Мо грэчку?
– Грэчка на сняданак была, – успомніў Слаўка.
– І што? Абы пабольш!
Ліда насмешліва выдыхнула праз нос, Глеб жа, не ўзнімаючы галавы, прабурчаў са сваёй кабіны:
– Пасадзіць бы на адну ячную кашу, тыдні на два... Без масла і солі.
Прамоўлена гэта было нехаця, больш па звычцы. За дзень запасы кплівасці калі не былі вычарпаны, то абмялелі. Краем вока Ліда сачыла, як ён, жмурачыся ад сонца, узіраецца ў нешта прыладжанае на каленях і засяроджана пастуквае між бровамі адваротным канцом алоўка. Хм, так і не пачаў бухцець пра знаходжанне апаненткі бліжэй за дзесяць метраў... Ад выгляду гэтай прытомленай сцішанасці куточкі вуснаў у Ліды нястрымна паўзлі ва ўсмешку. Хоць бы не ўбачыў.
Неяк даўно Ігната няма на даляглядзе. Чым заняў сябе наш разумнік? Паглыбіўся ў чытанне чагосьці авіяцыйна карыснага? Не, сумленна круціць галавой у наступнай “лавачцы” пасля Глебавай, толькі ўспыхваюць блікі на акулярах шлемафона. Ясна – шукае ў небе падазроныя мецінкі, якія могуць вырасці ў сілуэты з характэрнымі абрысамі. Справа добрая, але няўдзячная: мала карысці распыляць увагу перад бойкай. Браў бы прыклад з Зелянкоўскага, які прыплюшчыў вочы, не напружваючы сябе загадзя, хаця яго “тузін”, бадай, лепш за любы самалёт эскадрыллі ведае, што такое некалькі дзясяткаў прабоін у адным вылеце.
А астатнія? Саша вымушаны дзяліць скрыню з Колем і наўрад ці рады неспакойнаму суседству. Балбатня над вухам, канешне, замінае, але нагадваць аб сваёй прысутнасці – сабе даражэй. Застаецца ўнутрана адключыць знешнія гукі і працягваць перабіраць... Гэта што, лісты? Значыць, і ён носіць столькі з сабой? У Ліды ў планшэце, прызнацца, быў падобны стосік з маміных, і яна чамусьці марудзіла, не выкладвала. Усё роўна не папаўняецца, тлумачыла сабе, у чым нязручнасць? Калі ж планшэт з лістамі будзе спалены... то, хутчэй за ўсё, разам з ёю.
Ліда асэнсавала выснову і зябка павяла плячыма. Як яны да такога дайшлі? Поўная дзікасць – вымяраць усё з папраўкай на магчымае калецтва ці смерць. Бо лічыць смерць будзённай рэчаіснасцю... ненармальна. І Ліда ненармальная, калі разважае ў тым кірунку, у якім абавязвае яе час. Вечар ёсць вечар, звычайны ды ўтульны, і не павінна блукаць у галаве пытанне, для каго ён апошні, а для каго – адзін з многіх наступных. З кім яшчэ ўбачышся, а ў каго варта ўгледзецца цяпер. Мінусаваць некага, нават у думках, – здрада! І думкі гэтыя трэба адключаць, як староннія гукі...
Хіба можна жыць з пастаянным усведамленнем смяротнасці навакольных?
– А ёсць суб’ект, які чакае вячэры больш, чым усе, – абвясціў Коля. – Тут з надзейных крыніц паступілі звесткі... Пра плённае супрацоўніцтва знішчальнай авіяцыі з кухняй...
Дарма ён намагаўся бліснуць эфектнымі фармулёўкамі: светлавалосая галава Арцёма заставалася рассеяна адвернутай у іншы бок. Ушчаміцца на скрыню ён не спрабаваў, проста прымасціўся побач на траве. Тым больш пакаральных заданняў яму не адсыпалі. Яго пальцы ледзь прыкметна варушыліся, адбіваючы нейкі рытм на калене, а позірк безуважна слізгаў па-над расчэрчаным пясчаным пятачком.
– Цёмыч, а Цёмыч! Чакаеш вячэры? – Коля зухавата запусціў яму ў патыліцу аловак.
– Каціся ты! – ускіпеў Арцём.
Ён шпурнуўся ў адказ, і Коля са скрыні праўда скаціўся. Калі меркаваць па ёмістым нелітаратурным слоўцы папярэдне, аловак прыляцеў трапна.
– Волкаў, хто дазволіў разбазарваць чужую ўласнасць? – павысіла голас Ліда.
Коля сеў на траве.
– Гэта ўсё Варонін! А ну – справадзім яго ў зенітчыкі, радзей будуць мазаць. Добра хоць не ў вока цэліў... А пераноссе мне дарагое як памяць!
Тут яго твар паяснеў.
– Во, яшчэ: адкрываць агонь, калі ёсць упэўненасць у патрапленні. Атрымлівай, Жучаня, сваю эканомію боекамплекта!
Ён уладкаваў мяты аркуш на скрыні і пачаў выдрапваць новы пункт.
Ліда назірала за Колем і толькі таму заўважыла. Саша, прытрымліваючы лісты на калене, глядзеў у бок каманднага пункта: дзверы зямлянкі наросхрыст, Круглы нецярпліва налёг на столік з рацыяй, сувязіст у мітусні нешта падкручвае...
Саша ўтаропіўся ў Ліду. Ліда – у Глеба. А Глеб не перахапіў эстафету – патрабавальна ўскінуў далонь, разбіраючы траскатню ў навушніках.
– Чаго там? – выцягнуў шыю Слаўка, які пазбавіў сябе не толькі шлемафона, але і магчымасці чуць эфір.
Ля КП бахнуў стрэл, сігнальная ракета рванула ўгору. Вышэй, вышэй – Ліда задзірала галаву ўслед, і сэрца правальвалася глыбей, глыбей, і мроілася ёй, што ляціць ракета нязносна доўга, што жыццё пачнецца і скончыцца, пакуль у небе рассыплецца сноп зялёных іскраў.
– Група Ме-109 на трох тысячах метраў. Яшчэ і не так далёка! – драпежны агонь успыхнуў у вачах Глеба, у той час як рукі адпрацавана ўсоўвалі нейкую паперчыну між складак мапы. Удвая хутчэй, чым Слаўка здольны быў упакавацца назад у шлемафон. – Зарубіце на носе: сваю вячэру я з’ем сам!
А Ліда, знерухомеўшы, сачыла, як да камандзіра палка шырока крочыць адзіны, каго яна не згадала, калі перабірала прысутных. Яго і не было сярод усіх – можа, якраз таму яна паспела адчуць сябе так вольна. Кранулася мроі, у якой гэта магчыма – сустрэць захад як часцінка эскадрыллі... Цяпер жа невядома чаму дранцвеюць ногі, рукі, імкліва халаднеюць пальцы, хаця Дубоўка толькі слухае Круглага: вырас-падабраўся, застыў навыцяжку, не зважаючы на гады знаёмства. Не ўлічыў хіба непакрытую галаву, забыўшы фуражку ў апушчанай руцэ...
– Асабіста я нікуды не спяшаюся, – нудна працягнулі над вухам, – але ў нас як бы трывога. Калі хочаш затрымацца, то самалёт вось праводжу і – да тваіх паслуг! – каля Слаўкавага “лавачкіна” ў чаканні стаяў Васёк, заправіўшы вялікія пальцы ў кішэні камбінезона.
Спахапіўшыся, Ліда разамкнула рукі, якімі ўчапілася ў край плоскасці, і з’ехала на траву. Паціраючы далонню далонь, каб вярнуць сабе ўспрыманне рэчаіснасці, яна таропка адступала і назірала, як дзяжурныя лётчыкі займаюцца прыборамі, як узнікаюць ніадкуль тэхнікі, рыхтуючыся нырнуць кожны пад свой самалёт і прыбраць з-пад шасі калодкі.
– Убачымся, Лід, не сумуй тут! – махнуў ёй Слаўка.
Своечасова: маторы ўразнабой зачхалі, вінты зрушыліся, і старт ажыў, загудзеў... Ад узнятага ветру, прасякнутага выхлапнымі газамі, паласкаліся і лезлі ў вочы кудзеры, у залатых прамянях слаўся над травой пыл. А ад КП шпарка ішоў Дубоўка, прыкрываючыся рукой, і па сканцэнтраваным выразе твару чыталася, што ў думках не вылучана месца ні золату сонца, ні пытанням вячэры, ні каўняру, які, верагодна, так і застанецца расшпіленым, – і сэрца ў Ліды быццам падкаціла пад самае горла, не ўдыхнуць.
Пад выццё матораў, якія працавалі цяпер ва ўсю моц, Дубоўка даваў указанні скорагаворкай, але па-ранейшаму вытрымана:
– Праціўнікаў шмат, пойдзем эскадрылляй. Другое звяно павяду я. Саш, бярэш Арцёма... Ведаю, не хадзіў ён у групе, ды практыку выцягне тэорыя. Арцём, глядзець увесь час на хвост вядучага. Хоць немцы ёсць, хоць няма – хвост вядучага! Больш нічога не існуе...
Арцём пры кожным сказе спраўна ківаў, але круглыя вочы выдавалі, што ён не ў стане запомніць. Саша кіўнуў толькі раз, пад канец; лісты ён паспеў схаваць і слухаў знешне спакойна, хіба што сціснуў кулакі, гатовы бегма кінуцца да стаянак.
– Вазьміце і мяне, таварыш маёр! – загарэўся Коля, які ўсхапіўся на ногі разам з астатнімі. На фоне вузкаплечага васямнаццацігадовага Арцёма ён здаваўся асілкам, а яго прыніжаны статус выглядаў як непаразуменне. – Прызямляцца я, можа, не мастак, але ў страі ўтрымаюся, зуб даю!
Глеб, перш чым зачыніць ліхтар, скептычна перамігнуўся з Дубоўкам, і той адмоўна крутнуў галавой:
– Не, наступным разам, прыяцель. Сёння прыкрываць мяне будзе Ліда. – І зірнуў на яе гэтак уважліва: – Ці пойдзеш са мной як вядзёная?
І хоць на ім не было фуражкі, а на ёй – пілоткі, хоць інтанацыя ні на драбок не нагадвала камандзірскую, у Ліды пазванок за пазванком стала распроствацца спіна – сама, без уплыву свядомасці.
– Так точна... – хрыпла выдыхнула Ліда, не пазнаўшы свой голас. Сэрца знайшлося на належным месцы, застукала ў разы хутчэй. – Так точна!
І яна стрымгалоў прыпусціла да ўзлеску, дзе ў чырванаватае неба, падрумяненае з аднаго боку, нібы яблык, тырчала лопасць яе “сямёрачкі”. Сонца сядала – а трэцяя эскадрылля збіралася ісці на ўзлёт. І Ліда не магла разабрацца, хоча ляцець ці не хоча, страшна ёй ці радасна – усё злілося ў сутаргавым смактанні пад лыжачкай, ад якога зацінала дыханне. Толькі б па-дурному не выпала з галавы паслядоўнасць запуску матора!
– Чакай, Лід... – прабубніла Сцеша з-за стала, дзе яна і яе таварышкі актыўна хрумкалі нечым. Не інакш якая шчасліўка атрымала з дому пасылку прысмакаў. Спешна дажоўваючы, Сцеша ўскочыла і пачала мацаць па кішэнях: – Пастой, мне трэба аддаць...
– Усё потым! – крыкнула Ліда, развітаўшыся з каштоўным глытком паветра, і толькі паскорыла бег.
На стаянку ўварвалася ўшчэнт задыханая і прасіпела:
– Віць-Віць, я на заданне! Самалёт?..
– Да вылету гатовы, – далажыў тэхнік, быццам папярэджаны загадзя. – Наладжаны, запраўлены, узброены...
– Проста бляск! А планшэт... Планшэт не бачыў? Куды я магла...
– Вось жа, на месцы. Дзе яму быць?
Да чаго здорава мець арганізаванага тэхніка! Ліда сарвала планшэт з сучка бярозы, глянула на ўзлётку:
– Жах, першае звяно паднімаецца! Парашут хутчэй, ну!
– Не насіся ты, як кошка з падпаленым хвастом, – Віктар прыбраў з плоскасці апошнія маскіровачныя дрэўцы і згрузіў іх у кучу ўзбоч стаянкі. – Зараз усё будзе. Без цябе фрыцаў не пастраляюць...
А яна не магла марудзіць, ёй здавалася: трэба сабрацца раней за Дубоўку, каб не перадумаў. Ясная справа, ён узяў яе толькі з-за Колі, якому рана ў бой, і з-за таго яшчэ, што камэску нельга ісці без прыкрыцця. Не можа ён пасля сённяшняга ўсур’ёз разлічваць на Ліду! Такім свой хвост не давяраюць. Ёй так і чуюцца яго прыкідкі: “Зашмат навічкоў на два звенні, разбавіць абавязкова!”
Віктар узваліў Лідзе на спіну парашут і заняўся яго замкамі, калі на плячо ёй легла вялікая рука. Ліда ўздрыгнула, але не азірнулася. Ды што ж такое, чаму ўсё ў яго выходзіць своечасова, хаця ён заўжды такі сталы і нетаропкі? Яна не паспела, хоць імчала куляй, а стаянкі ў іх побач...
– Ізноў ляцім разам, Ліда. Просьба тая ж: сачы за паветрам і не адрывайся.
Пазбягаючы сустракацца з Дубоўкам позіркам, яна нерваватым рухам прыгладзіла валасы і нацягнула шлемафон.
Значыцца, просьба, не загад? Гаварыў бы ўдзень такім тонам, а то ўзяўся крычаць... Няўжо папярэдняя размова была ў іх падчас той жудаснай лаянкі?
Не глядзець, не глядзець, не пускаць да твару гарачыню... Тады ён дакладна здагадаецца пра сон. Немаведама як, але здагадаецца. Ці ж можна не адчуць, што быў у чыімсьці сне!
Ну чаго ён узвышаецца і ніяк не прыбярэ руку? Ды маўчыць нешта, словы падшуквае – так маўчаць, калі трэба сказаць замнога.
– Сваркі пакінем тут, на зямлі, – урэшце нягучна мовіў ён. – Не вырашаюцца яны ў небе, і для бою карысці не будзе. А наконт мамы... Яна напіша. Мама напіша.
Балюча, трывожна – укол у сэрца. Там хіба можа калоць?
Рыўком павярнуўшыся, Ліда ўпілася позіркам Дубоўку ў твар. Не верачы, не давяраючы. Нашто гэта ён – знарок? Каб раскісла і сама адмовілася ляцець? А яна цяпер ні за што не адмовіцца – так і гатовая заявіць, толькі праглыне камяк, які падступна перагарадзіў горла. Быццам мала ёй, што больш не атрымліваецца гуляць у хованкі з думкай аб самым страшным. Можа быць, Лідзе няма да каго вяртацца...
Але светлыя блакітныя вочы Дубоўкі, у якія яна напружана ўтаропілася сваімі цёмнымі, як арэшкі, вачыма, засталіся спакойнымі і сур’ёзнымі – ані намёку на здзек. “Зняваг не будзе”, – успомнілася недарэчы.
– Напіша, – паўтарыў ён, і цяжкая рука саслізнула з яе пляча. – Ну ўсё, усё, давай... Толькі не дуры там, добра?
Збянтэжаная, яна ступіла на плоскасць, хіснулася і адчула, як яе злёгку падштурхваюць у спіну.
Свидетельство о публикации №223122000927