Гармоны весяляцца

Гармоны весяляцца …

Праходзячы інтэрнатуру ў пульманалагічным аддзяленні Баранавіцкай раёнай бальніцы, я добра запомніла хворых на бранхіяльную астму ў стане астматычнага статусу, які прадстаўляе максімальную праяву хваробы, як бы “згустак” яе.

Пакутнік у момант прыступу прымаў змушанае становішча цела. Седзячы на ложку, нахіляў тулава наперад; у акце дыхання прымалі ўдзел мышцы плечавага пояса, спіны, брушнай сценкі.

У васьмідзесятым годзе мінулага стагоддзя яшчэ не было годнай базіснай тэрапіі (прымяненне прэпаратаў, якія папярэджваюць абвастрэнне хваробы). Хворыя ў астматычным статусе, якія паступалі ў аддзяленне пульманалогіі, адрозніваліся сінюшнымі вуснамі, кароткім удыхам і абцяжараным выдыхам, і нагадвалі рыб, выкінутых на сушу.

У самым пачатку працы на тэрапеўтычным я прыйшла на візіт да трыццаціпяцігадовай Аляксандры Аляксандраўны, якая пакутавала ад цяжкай гармоназалежнай формы бранхіяльнай астмы. Пацыентка знаходзілася ў пачатковай стадыі астматычнага статусу, які з’яўляецца абсалютным паказаннем для шпіталізацыі, аб чым я і праінфармавала хворую.

 Пацыентка наадрэз адмовілася ад шпіталізацыі, у карэктнай форме аргументаваўшы адмову. Маўляў, дзіця – маленькае, мама – старэнькая, з мужам – у разводзе. Іншых блізкіх сваякоў у Беларусі няма.

У маёй прысутнасці хворая скарысталася бератэкам, дазаваным аэразолем для інгаляцый (прэпарат для папярэджання і скарачэння прыступаў бронхаспазму).

 Жанчыне стала лепш, і яна расказала гісторыю сваёй хваробы. На яе думку, правакацыйным  фактарам у развіцці захворвання, з’явіўся цяжкі і балючы развод з мужам.

Спачатку хвароба цякла адносна дабраякасна; год таму прыступы ўдушша пачасціліся. Мінскі прафесар-кансультант, пульманолаг-алерголаг, прызначыў гарманальныя прэпараты, якія яна прымае і ў цяперашні час.

За час апавядання стан хворай палепшыўся: яна паружавела, удвая знізілася частата дыхання, зніклі свісцячыя хрыпы, чутныя на адлегласці.

Пасля паўторнага агляду пацыенткі я прыняла няпростае рашэнне – пакінуць яе дома. Прызначыла лячэнне і на некалькі секунд задумалася, не ведаючы, якім чынам перадаць інфармацыю ўчастковай медыцынскай сястры: у яе, як і ў мяне, не было дамашняга тэлефона.

Аляксандра Аляксандраўна быццам прачытала мае думкі:

– Нэлі Гаўрылаўна, наконт медыцынскай сястры не хвалюйцеся! Мая суседка Галіна працуе ў аддзяленні рэанімацыі гарадской бальніцы і цудоўна трапляе ў любую вену. Я папрашу яе, яна заўсёды мяне выручае!

Для парадку сказаўшы: “Наогул-то, так нельга!”, – я была вымушана пагадзіцца з прапановай хворай. Абязаўшы яе, пад слова гонару, у выпадку пагаршэння стану выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі.
 
Раніцай я патэлефанавала хворай: ёй стала значна лепш. Выконваючы візіты на дом, зайшла да “пакутніцы” і аглядзела яе. Сапраўды, пацыентка сказала праўду ў тэлефоннай размове; стан яе здороўя не даваў падставы для хвалявання лекара.

Я стала часта бываць у гэтым доме. Непрацяглыя рэмісіі (перыяды цячэння хранічнай хваробы, якія праяўляюцца значным паслабленнем ці знікненнем яе сімптомаў) змяняліся абвастрэннямі захворвання. Кожны раз пры пагаршэнні стану я пераконвала пацыентку ў неабходнасці стацыянарнага лячэння. І нязменна чула адзін і той жа адказ:

– Ну, што Вы, Нэлі Гаўрылаўна, я ж у бальніцы памру!

У мяне ўжо выпрацаваўся пэўны стэрэатып дзеянняў у адносінах да хворай: агляд, прапанова шпіталізацыі, адмова пацыенткі, урачэбныя назначэнні, якія выконвалісь вопытнай медыцынскай сястрой Галінай, паляпшэнне і стабілізацыя стану жанчыны, выпіска на працу.

За тры гады працы ўчастковым тэрапеўтам я пасябравала са сваёй пацыенткай: цікавай, начытанай і эрудзіраванай суразмоўцай.

Аляксандра Аляксандраўна працавала намеснікам дырэктара Баранавіцкага турыстычнага бюро. Да свайго захворвання ставілася, як да дадзенасці. І толькі адзін раз, у парыве шчырасці, паскардзілася мне:

– Вось, раскажа на працы таварыш па службе якую-нібудзь пацешную гісторыю або анекдот. Усе смяюцца, і я смяюся. І думаю: яны-то самі смяюцца, а ў мяне – гармоны (таблеткі) весяляцца!

Перайшоўшы на пасаду загадчыка тэрапеўтычным аддзяленнем паліклінікі, я яшчэ  доўга падтрымлівала прыяцельскія адносіны з маёй неардынарнай пацыенткай.

Праз некалькі гадоў я даведалася ад калегі, што Аляксандра Аляксандраўна памерла, ледзь “перасягнуўшы” саракагадовы ўзрост. Смерць наступіла дома ад спынення сэрца, выкліканага перадазіроўкай інгаляцыйнага прэпарата для папярэджання і купіравання прыступаў бронхаспазму.

Участковы лекар з вялікім стажам працы, мой настаўнік Аляксандра Іванаўна Дзёміна, якая паведала мне сумную вестку, сказала:

– Я заўсёды ёй казала: “Саша, ты занадта захапляешся гэтымі навамоднымі інгалятарамі! Ні да чаго добрага гэта не прывядзе!”

Задумаўшыся, гаротна вымавіла:

– Як быццам напрарочыла! Я ўжо якую ноч спаць не магу. Усё ўяўляю, як яна, такая маладая, у мерзлай зямлі ляжыць! Ёй бы жыць ды жыць!

Спахапіўшыся, прамовіла:

– Ой, прабач, зусім я цябе загаварыла! Ніяк не выходзіць з галавы гэтая недарэчная смерць!

Я развіталася з Аляксандрай Іванаўнай. А сказаныя калегам фразы трывала заселі ў маёй памяці.

Асабліва – пра мерзлую зямлю …

Быццам тэмпература магілкавай глебы яшчэ мела нейкае значэнне для Аляксандры Аляксандраўны …

P.S. Хлапчука-школьніка, які застаўся сіратой, вырасціла і вывучыла маці жанчыны, якая заўчасна пайшла з жыцця. У канцы дзевяностых гадоў я сустракала ў прэсе гэтае даволі рэдкае прозвішча – малады чалавек працаваў вядучым спецыялістам дзяржаўнай рэспубліканскай арганізацыі “Праматамнагляд”.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! С Новым годом! Рассказ очень понравился. Жаль молодую женщину, которая пренебрегла рекомендацией врача лечь в больницу. Ведь с астмой нельзя так пренебрегать. Как будто мать её и сын не могли бы потерпеть недели 2-3 её лечения в больнице, а теперь вот потеряли её навсегда.
Здоровья Вам и всяких благ!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   06.01.2024 14:43     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Моя пациентка была неординарным человеком, которая самостоятельно принимала решения относительно своего лечения, повлиять на которые не представлялось возможным.

С самыми добрыми пожеланиями в Новом году.

С Рождеством Христовым! Мира, здоровья и добра Вам и вашим близким, дорогая Людмила!

Нелли Фурс   07.01.2024 11:19   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.