Кумыс

Ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай Харчовай праграмы ў 1972 годзе пачалося будаўніцтва Баранавіцкага саўгаса-камбіната “Мір”. Новабудоўля атрымала назву “Усесаюзнай” з-за сваёй маштабнасці. Тэмпы збудавання былі рэкорднымі; у лютым 1974 года комплекс уступіў у строй.

Па італьянскай тэхналогіі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве вырошчвалася буйная рагатая жывёла. Кожныя трынаццаць дзён комплекс прымаў на вырошчванне трыста шэсцьдзесят бычкоў вагой пяцьдзесят кілаграмаў і здымаў з адкорму партыю быкоў, якія дасягнулі вагі чатырыста пяцьдзесят-пяцьсот кілаграмаў; сутачныя прыбаўленні ў вазе дасягалі паўтара кілаграма.

У васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя дзякуючы намаганням кіраўніка комплексу Аляксандра Мікалаевіча Дудука, Героя Сацыялістычнай працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, на прадпрыемстве з’явіўся конезавод; у лепшыя яго часы колькасць коней дасягала тысячы галоў.

Перадгісторыя стварэння дзяржаўнага коннага завода такая. Аляксандр Дудук аднойчы быў запрошаны ў Башкірыю, дзе меўся аналагічны комплекс. Прагрэсіўна думаючаму кіраўніку беларускага сельскагаспадарчага прадпрыемства спадабаліся і самі  коні, і дапаможны промысел конезавода – вытворчасць кумысу.

Ініцыятыву Аляксандра Мікалаевіча аб адкрыцці конезавода для племянных коней падтрымала міністэрства сельскай гаспадаркі рэспублікі; на заводзе-камбінаце ўзяліся за развядзенне беларускай вупражнай пароды коней.

Была наладжана прамысловая вытворчасць рэдкага для рэспублікі кісламалочнага напою. Асобныя каняматкі давалі да трох тысяч кілаграмаў малака за год. Коні, у адрозненне ад кароў, ніколі не хварэюць на туберкулёз; іх чыстае малако не мае патрэбы ў тэрмічнай апрацоўцы.

Пра лячэбныя ўласцівасці напою чулі многія. Кумыс паставлялі ў буфеты Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Савета міністраў, абкама партыі і аблвыканкама. Вельмі рэдка дзіўны для рэспублікі напой з’яўляўся ў свабодным продажы.

Кумыс (ад цюркс. – кымыз) – кісламалочны напой, які вырабляецца звычайна з малака кабылы. Атрымліваецца ў выніку малочнакіслага і спіртавога закісання пры дапамозе балгарскіх і малочнакіслых палачак і дрожджаў. Напой пенны, белага колеру, кіславата-салодкага смака. Распаўсюджаны ў кухні Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, а таксама цюркскіх і мангольскіх рэгіёнаў Расіі: Алтай, Башкартастан, Буратыя, Дагестан, Кабардзіна-Балкарыя, Калмыкія, Татарстан, Тыва, Карачаева-Чаркесія, Хакасія, Чувашыя, Саха.

 Адна з першых згадак пра кумыс належыць старажытнагрэцкаму гісторыку Герадоту (484-424 гг. да н.э.). Апісваючы быт скіфаў, ён распавёў, што іх любімым напоем быў кумыс, выраблены шляхам збівання кабылінага малака ў глыбокіх драўляных кадках. Па версіі Герадота, скіфы настолькі баяліся разгалашэння інфармацыі, што асляплялі ўсіх нявольнікаў, якія ведалі спосаб яго прыгатавання.

Кумыс змяшчае ад паловы да двух з паловай адсоткаў этылавага спірту; моцны натуральны кумыс – да чатырох з паловай адсоткаў спірту. У напоі ўтрымоўваюцца вітаміны групы Б (адзін, два, дванаццаць), пантатэнавая і фоліевая кіслоты, біятын, аскарбінавая кіслата.

Кумыс выкарыстоўваецца пры лячэнні туберкулёзу, цынгі, гастрытаў, анеміі, неўрастэніі, брушным тыфе, захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы і падстраўнікавай залозы.

Карысныя ўласцівасці кумыса былі даследаваны самарскім лекарам Несцерам Васільевічам Постнікавым. На аснове яго навуковых работ былі адкрыты здраўніцы і створаны асноўныя методыкі лячэння кумысам розных захворванняў; першы кумысалячэбный санаторый быў арганізаваны Постнікавым Н.В. у 1858 годзе каля Самары.

Знакаміты доктар медыцыны ў трох словах выказаў сутнасць дзеяння гэтага напою на арганізм чалавека: «nutrit, roborat, etalterat» (латынь – сілкуе, умацоўвае, абнаўляе).

Кумысатэрапію выкарыстоўвалі вядомыя рускія пісьменнікі Л.М. Тоўстой і А.П. Чэхаў.

Упершыню мяне пачаставаў кумысам мой добры знаёмы Аляксей, работнік саўгаса-камбіната “Мір”. Уручыўшы дзве бутэлькі аб’ёмам трыста трыццаць мілілітраў, сказаў:

– Гэты карысны напой – вельмі вялікі дэфіцыт! Табе, як лекару, варта на сабе выпрабаваць яго гаючыя ўласцівасці!

Я ніяк не магла адважыцца паспрабаваць экзатычнае для нашай мясцовасці пітво. Муж, убачыўшы ёмістасці з незвычайным змесцівам, пракаментаваў:

– Я шмат чытаў пра гэты дзіўны напой. У нашых краях ён упершыню з’явіўся пасля ўводу ў строй конезавода. Бо ўсё малако пасля выжарабкі кабылы, якая змяшчаецца ў дапаможнай гаспадарцы селян, ідзе на кармленне нованароджанага дзіцяня. Ды і не прывыклі беларусы ўжываць кабылле малако.

– Значыць, ты будзеш першым! – прапанавала я.
 
Валодзя не пярэчыў і пакаштаваў кабылле малако, заквашанае асаблівым чынам. Па ўсім было відаць, што напой мужу спадабаўся; ён прапанаваў мне паспрабаваць незвычайны прадукт.

 З асцярожнасцю я адпіла кіслявы напой, які спадабаўся мне. З той пары я ніколі не праходзіла ў краме міма кумысу, які карыстаўся попытам і рэдка бываў у вольным продажы.

Гісторыя з дэгустацыяй кісламалочнага прадукта атрымала працяг праз некалькі гадоў.

Мая інстытутская сяброўка Тошка – Таісія Солодкіна (Шафранская) паведаміла аб сваім прыездзе на выхадныя дні ў Баранавічы.

У пачатку васьмідзесятых гадоў набыццё прадуктаў харчавання для прыёму гасцей было даволі складанай задачай.

Паход у бліжэйшую прадуктовую краму ўвянчаўся “поспехам”: мне ўдалося купіць сіняватую курыцу, замарожаны хек і вараную каўбасу. Ідучы да касы, я звярнула ўвагу на фірмовыя бутэлечкі кумыса вытворчасці саўгаса-камбіната “Мір”, ужо знаёмыя мне.

– Вельмі добра, усходнім напоем пачастую сваю віцебскую, “усходнюю” (па мерках Беларусі) сяброўку! – падумала я, укладваючы ў кошык рэдкі тавар.

У дзень прыезду Таісіі я забылася аб унікальным напоі, які захоўваўся ў халадзільніку. На наступны дзень я выявіла кумыс і прапанавала сяброўцы паспрабаваць яго.

– Не, не буду, я грэбую! – адказала прыяцелька.

– Ты, Тасечка, мусіць, забылася, што словам “грэблівасць” і “агіда” не месца ў лексіконе доктара. У фізіялагічным разуменні дадзеных слоў. Ці табе, вопытнаму дэрматолагу-венеролагу, гэтага не ведаць?

 Да дыялогу падключыўся муж:

– Таська, ты заўсёды такая рашучая, а зараз я проста цябе не пазнаю!

Пад націскам угаворшчыкаў сяброўка ўзяла шклянку з кумысам і прыгубіла яе змесціва. Я назірала за рэакцыяй дэгустатара, чакаючы ўхвалення смакавых якасцяў экзатычнага для нашых краёў напоя.

Дачакалася. Пухлыя, добра акрэсленыя вусны Таісы літаральна на вачах пачалі павялічвацца ў аб’ёме, выварочваючы вонкі слізістую абалонку ратавой поласці.

На працягу кароткага часу эфектная бландынка ператварылася ў задзірліва таўстагубую дзяўчыну. Не бачачы перамен, якія адбыліся з яе знешнасцю, Тошка адставіла ў бок шклянку:

– Не, не спадабаецца гэты густ! Ды і нядобра мне неяк …

Ніводны ўрач не можа пахваліцца наяўнасцю ў доме добрай аптэчкі; у той час не была выключэннем і я. Таропка перабіраючы наяўныя медыкаменты, прызначаныя для лячэння дзіцячых прастудных захворванняў, знайшла некалькі таблетак дымэдрола, тэрмін прыдатнасці якіх заканчваўся ў наступным месяцы.

Здрабніўшы лекі, прапанавала Таісіі выпіць парашок. Уклаўшы ў ложак сяброўку, якая пацярпела ад дакучлівай гасціннасці, памерыла ціск – ён был нармальным.
Неўзабаве Тошка заснула (санлівасць – пабочнае дзеянне дымэдрола).

Пасля абуджэння сяброўка “падзякавала” мне за настойлівасць, праяўленую пры пачастунку “дзіўным” напоем.

Мы адмянілі ўсе запланаваныя на дзень мерапрыемствы: Таське ўвесь час хацелася спаць.

Па прыездзе ў Віцебск сяброўка патэлефанавала і паведаміла, што дабралася дадому без эксцэсаў. Паскардзілася, што так і не ўдалося паглядзець горад Баранавічы.

– Відаць, блізка пазнаёміцца з адным з самых маладых гарадоў Беларусі (дата ўтварэння – 1871 год) атрымаецца ў наступны прыезд. Калі бок, які прымае, не будзе так настойліва частаваць экзатычнымі дэлікатэсамі! – з’едліва сказала сяброўка.
 
Нейкі час мы ў размовах згадвалі аб непрыемным здарэнні; з цягам часу інцыдэнт сцёрся з нашай памяці.

P.S. Цалкам забыцца ад “сардэчным” прыёме маёй сяброўкі ў апошнія гады не дазваляе тэлебачанне. Вынікі “дзіўных” поспехаў сучаснай хірургічнай касметалогіі ўвесь час нагадваюць мне найстарэйшы прынцып медыцінскай этыкі, які звычайна прыпісваецца Гіпакрату: “Не нашкодзь”.
 
Знешні выгляд “страшна прыгожых” медыйных асоб з вывернутымі вуснамі нязменна вяртае мяне ў пачатак васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, да вынікаў маёй ненаўмыснай выпадковасці – пачастунку сяброўкі кумысам …

Дзякуй Богу, штучна павялічаныя вусны Таісіі былі часовай з’явай …

Аўтар выказвае падзяку Аляксею Фёдаравічу Добышу, галоўнаму спецыялісту Баранавіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, за дапамогу ў падрыхтоўцы расказа.


Рецензии
- С интересом прочитал. Надо бы попробовать кумысотерапию)))

Анатолий Шинкин   24.12.2023 19:56     Заявить о нарушении
Благодарю за отзыв, уважаемый Анатолий!

Нелли Фурс   25.12.2023 11:28   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.