Часоп сы ладзяць сябро ства

Вера Стасенка
Лёс такі непрадказальны... Ніколі не ведаеш, куды завядуць цябе спакуса ці шчасце. У кожнага чалавека розныя імкненні і розныя магчымасці для дасягнення сваёй мары. Дрэнна, калі да сяброўства дадаецца балючая рэўнасць. Зайздрасць, як чорная хмара, перашкаджае нам несці людзям святло творчых пачуццяў. Але калі чалавек шчыра адданы сваёй справе, любыя перашкоды яму ні да чаго. Шкада, што час не вярнуць...
На гэты раз сёлета, на пачатку снежня ў бібліятэцы імя У.І. Леніна, размешчанага ў горадзе Гомелі, была арганізавана сустрэча творчай інтэлігенцыі з аматарамі паэтычных і празаічных жанраў творчасці. Папярэдне на прыгожым плакаце былі адлюстраваны прозвішчы і імёны ўдзельнікаў сустрэчы, удастоеных прэстыжнай узнагароды лаўрэатаў міжнароднага конкурсу “Залатое пяро Русі”.
Прыемна таксама адзначыць, што часопісы “Метамарфозы”, “Эколаг і я”, “Свет жывёл”, якія ўзначальвае галоўны рэдактар Наталля Яўгенаўна Сляднева, таксама маюць прэстыжныя ўзнагароды. Але калі я асабіста даведалася, што Наталля Яўгенаўна прывезла ўзнагароды з Масквы і арганізуе сустрэчу сяброў і прыхільнікаў часопісаў, на якой адбудзецца не толькі прэзентацыя, але і ўшаноўванне лаўрэатаў конкурсу – жаданне прысутнічаць на імпрэзе разраслося яшчэ больш.
Калі рыхтаваліся да сустрэчы ў Арт-кавярні бібліятэкі, было некаторае хваляванне, таму, выказаўшы жаданне дапамагчы, я адчула сапраўднае сяброўства з боку самой Наталлі Яўгенаўны і яе памагатых.
У галаве ўвесь час круціліся думкі, пра што пагаварыць з прысутнымі, што сказаць падчас выступу, якія вершы прачытаць, а можа быць, расчыніць гістарычныя старонкі, якія апавядаюць аб вызваленні Гомеля ад злых фашысцкіх катаў. Думкі гарталіся, як старонкі кнігі, па якой нібы дзьмуў вецер, і так хутка, што іх суразмернасць з імкненнямі і хваляваннямі змешвалася і зусім гублялася.
Вялікі дзякуй Наталлі Слядневой і старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанаму дзеячу культуры Уладзіміру Мікалаевічу Гаўрыловічу за падтрымку і спачуванне да пісьменнікаў-пачаткоўцаў. Яны так чула і цярпліва ставіліся да кожнага творцы. Усе, хто падыходзіў да выставы, каля якой праходзіла вечарына, вельмі хваляваліся.
Наталля Сляднева ўзяла на сябе ролю вядучай выніковага пасяджэння з нагоды выхаду ў свет часопісаў, у якіх былі прадстаўлены работы пераможцаў міжнароднага конкурсу “Залатое пяро Русі”, і віншаванні іх. Але перад прыемнымі дзеяннямі выступіў Уладзімір Гаўрыловіч, які адзначыў асаблівасці часу: «Тое, што робіць кожны з пісьменнікаў, нікуды не знікае. Яно застаецца недзе і чакае сваёй гадзіны».
У гэтым годзе Уладіміра Мікалаевіча Гаўрыловіча двойчы адзначылі ў Маскве прэстыжнымі ўзнагародамі.
Уладзімір Мікалаевіч двойчы быў удастоены ўзнагарод "Залаты Віцязь" і "Залатое пяро Русі". Наталля Яўгенаўна таксама атрымала прэстыжныя ўзнагароды "Залатое пяро Русі" і "Сярэбраная маска". Я лічу, што не кожны, нават самы вядомы пісьменнік, удастоены такіх міжнародных узнагарод.
Так, Гомельская вобласць можа ганарыцца сапраўднымі гігантамі пісьменніцкай і выдавецкай дзейнасці. Я вельмі ганаруся Гомельскай абласной арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія ўслаўляюць нашу краіну на такіх прэстыжных конкурсах і перамагаюць.
У сваёй прадмове да выступлення Наталля Яўгенаўна адзначыла тое, што на міжнародны конкурс “Залатое пяро Русі” было прадстаўлена больш за пятнаццаць тысяч работ з розных куткоў свету, розных жанраў і стыляў. І, галоўнае, прыемна адзначыць беларусаў, і сярод іх гамяльчан.
Дайшла чарга да майго выступлення, падчас якога звярнула ўвагу на гістарычнае мінулае нашай краіны. Тым больш зусім нядаўна адзначалі 80-годдзе вызвалення горадоў Прапойска і Гомеля ад гітлераўскіх захопнікаў. Узгадала верш на русскай мове “Я к вам приду”, апошнія радкі якраз дапісала ў бібліятэчным аддзеле “Мастацтва”, дзе мяне сагрэлі цяплынёй і гарачым напоем гарбаты з салодкімі ласункамі.
Крыху сагрэлася, а потым вырашыла агледзецца. Вельмі ўразіла выстава карцін дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва і тэхніка вышыванак рознакаляровымі стужкамі. Уяўленне, быццам трапляеш у сапраўднасць прыродных аксамітаў і з’яў. Нібы сам знаходзішся ў той карціне. Непаўторнасць, навізна стылю кожнага мастацкага твора на розны густ уражвае і захапляе. Адвесці позірк немагчыма. Узнікае жаданне дакрануцца да твора і пазнаёміцца з яго аўтарам, аб якім была магчымасць даведацца з этыкетажу і аб’явы. Мая зацікаўленасць прывабіла суразмоўцу, якая прапанавала прайсціся па бібліятэцы і пазнаёміцца з іншымі выставамі майстроў пэнзля і пяра. На што з задавальненнем пагадзілася.
На сценах віселі творы мастакоў з Гомельшчыны. Шыбуючы па вузкім калідоры звярнула ўвагу на партрэты, і мне падалося, што з творчасцю гэтага мастака ўжо сустракалася. Мастак Генадзь Говар распрацаваў цыкл “Гістарычныя постаці – навукоўцы свайго часу”, у якім занатаваў свой погляд на навуку, творчасць і перспектыву развіцця будучыні. Да кожнага партрэта напісаны чатырохрадкоўі з сэнсавым пасылам на дасягненні, якія сталі сусветна вядомымі адкрыццямі.
Далей у холе асабняком знаходзілася выстава прысвечаная 80-гадоваму юбіляру, навукоўцу з вялікім чытальніцкім стажам Юрыю Міхайлавічу Плескачэўскаму. Побач знаходзілася шыльда з партрэтам, ля якой пажадала сфатаграфавацца, каб перадаць Юрыю Міхайлавічу асабістае прывітанне онлайн. Тут жа вакол сцен стаялі вітрыны з керамічнымі вырабамі прысвечанымі надыходзячаму новаму году Цмока або Дракона па ўсходняму календару. Дзеці па рознаму ўяўляюць гэтага міфічнага героя, з непадобнымі адзін на аднога відарысамі.
Праз некаторы час мяне знайшла бібліятэкар, з якой мы дамовіліся разам ісці на сустрэчу. Яна таксама была адзначана ўзнагародай і нават атрымала стосак водгукаў на твор “Груша”. Кожны выказваў каментарый на конт назвы і самога твора. Узгадалася і мне тая груша, аб якой узгадваў Уладзімір Караткевіч і да якой пракладзены турыстычны маршрут “Шляхамі творчасці Уладзіміра Караткевіча” у Рагачоўскім раёне. З Уладзімірам Мікалаевічам перакінуліся думкамі на конт творчасці Уладіміра Караткевіча і як назва дрэва можа аб’ядноўваць розных аўтараў з майстрамі літаратурнага слова. Далей мы знаёміліся з творчасцю пісьменнікаў Крыма, якія не хавалі сваіх уражанняў і выказвалі замілаванне і цудоўны настрой, нягледзячы на стомленасць пасля дарогі.
Падтрымаць і таксама паўдзельнічаць у свяце пісьменства далучыліся сябры часопісаў з ЛІТА “Новая Беліца” начале са старшынёй Вольгай Раўчанка і з Добрушскага “Натхнення”, якое здаўна ўзначальвае Людміла Яськова, якая між тым прэзентавала свой зборнік для дзяцей.
З ЛІТА “Новая Беліца” Людміла і Васіль Кузняцовы прадэманстравалі новыя творы, якія прачыталі для прысутных…
Таксама асобныя словы былі выказаны Наталляй Яўгенаўнай у адрас палкоўнікаў, як пастаянных аўтараў і ўдзельнікаў усіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца разам з галоўным рэдактарам часопісаў. Была выказана жалоба і спачуванне родным і сябрам з нагоды заўчаснага уходу ў Царства Нябёсаў нябожчыку падпалкоўніку ў адстаўцы Міхаілу Іванавічу Дедаўцу.
Некалькі радкоў на русскай мове таксама прысвяціла Міхаілу Іванавічу.
Уже не будет, не придёт, не скажет,
Не улыбнётся он своим друзьям.
Уйдёт в луга, где солнце росы мажет,
И ветер каруселью зелень вяжет,
Разбрызгивая краски по лесам...
На память жизнь оставит строки нам.25.08.2022.
Магчымасць выступіць была прадастаўлена і хоць немаладым, але пачынаючым аўтарам з медыцынскай спецыяльнасцю, якія дэкламавалі сціплыя, але натхнёныя радкі паэтычнай творчасці.
Парадавала маладая паэтка, якая вельмі саромілася раскрываць для аудыторыі свае паэтычныя, але вельмі ўдалыя памкненні. Мне нават захацелася яе прытуліць да сябе, каб падтрымаць, гэтыя першыя вершаваныя парывы.
На сустрэчы сярод прысутных быў настаўнік, які доўгі час працаваў у Гомельскім Планетарыі. Яго касмічная тэматыка і ўвогуле веды краязнаўчага накірунку, вельмі заахвочвюць на працяг знаёмства. Вучні, якія колісь навучаліся фізіцы і астраноміі ўдзячны свайму настаўніку і ўзгадалі яго, каб перадаць прывітанне нават праз шмат гадоў. І такой сустрэчы праз гады садзейнічаюць часопісы “Метамарфозы”, “Эколаг і Я”, “Свет жывёл”.
Шмат карысных спраў аб’ядноўваюць паміж сабой аўтары і галоўны радактар часопісаў “Метамарфозы”, “Эколаг і Я”, “Свет жывёл”, аб якіх становіцца вядома далёка за межамі Беларусі. Наталля Яўгенаўна звярнула акцэнт на тое, што больш старонак часопіса, у першую чаргу, яна прапаноўвае беларускім аўтарам, бо выданне беларускае. Між тым, жадаючых друкавацца на старонках часопісаў з замежных краін з кожным тыражом узрастае.
Ужо апасля сустрэчы, калі перасэнсоўвала ўсе дзеі, якія адбываліся на імпрэзе, нарадзіліся радкі, якія і занатавала на паперы:
Пяшчота, спагада, дамова, дазвол
Блукаць, шануюць, ратуюць...
Пачуцці і думкі, чужы мовазол
З наўмыснай крамолай жартуюць.
Бясконцыя словы гучаць быццам звон,
Кідаюць старанна прамовы,
Сплятаюцца гоман і спевы, як сон,
Чаруюць нас вершы-замовы. 
Дома, праглядаючы фатаграфіі і відэакліпы, дасланыя Людмілай Міхайлаўнай праз Viber, яшчэ раз прыгадала моманты сустрэчы.
Задумалася над тым, як жа я сумую па радзіме, родным мясцінам і блізкім людзям і жыхарам Гомеля, — уздыхнула і зноў усміхнулася ўспамінам, бо яны радавалі і, нават, давалі асалоду для сэрца.
Яшчэ некалькі разоў праглядзела моманты мерапрыемства, а потым пачала дасылаць фатаграфіі сябрам у Інтэрнэце.
Гэта адзіныя часопісы на Беларусі, якія маюць міжнародны фармат і аб’ядноўваюць прыхільнікаў розных жанраў творчасці. Пажадаю Наталле Сляднявай і яе цудоўнаму рэдакцыйнаму калектыву больш аўтараў і яшчэ больш нататкаў за кошт падпісчыкаў.
12-13.12.2023


Рецензии
Спадабалась публикация!
Щырае дзякуй!

Петров Сергей Петрович   10.02.2024 03:11     Заявить о нарушении
Заголовок выглядит бессмысленным из-за невоспроизведения белорусских букв i и "у" неслогового.

Алексей Аксельрод   10.02.2024 18:48   Заявить о нарушении
Добры вечар, шаноўны спадар Сяргей Пятровіч!
Вялікі дзякуй за водгук.

Вера Стасенко   10.02.2024 23:42   Заявить о нарушении