Пан Мар яна

Легенда пра Кліманцоўскую прыгажуню Мар’яну

Жыла ў Кліманцова, у мясцовага пана
дачка-прыгажуня паненка Мар’яна:

Мар’яна:
— Маёнтак прыгожы, але, нібы птушцы,
так цесна душы ў ім, — і слёзы ў падушцы.
Табе толькі я давяраю, Адэля:
з дзяцінства ты побач, мы разам сталелі.
Заўсёды была ў бацькоў я адна, —
і ў гэтым вялікая драма:
праз тату ніводнай сяброўкі няма.
І ён будзе супраць кахання.
Ён вырашыў лёс. Не спытаў ў душы.
Як можна кахаць і быць з іншым, скажы?
Абраў бацька мне Казіміра:
ён добры, і ладны, заможны, але
ён сэрцу майму не мілы.
А мілы пан Юрый. Ён тут гасцяваў.
Быў ў нашым касцёле ў нядзелю.
Ты, мабыць, заўважыла:як ён чакаў
пад ліпай, ля нашай алеі?
Мы разам гулялі. Ён доўга маўчаў
грэў рукі мае далонню.
Я слухала сэрца. І кожны ўдар,
імгненне я кожнае помню.
Як бацька прыехаў, Ён ціха пайшоў,
каб поглядам з ім не сустрэццца.
Бо бацька другую мне пару знайшоў:
вядома што, раззлуецца…
Ён хоча выгоды! І выдаць мяне
за пана-суседа, нібыта,
Нібыта кахання не існуе!
А ёсць толькі грошы, прыбытак...
З’яднаць хочуць землі. Такі ў іх план. —
Нялёгкі мой лёс, Адэлька,
але пагаднілі ўжо рукі. І пан
краўцу загадаў шыць сукенку.
Той меркі здымаў. Бацька зладзіць тут баль
У гонар майго сталення.
Усіх запрасіў, Казіміра пазваў.
І Юрый тут будзе, напэўна.
Гуляю у самоце да рэчкі адна
па гэтай алеі вялікай.
Пачуцці, як плынь. І нясецца рака,
як думкі мае, у Вільню.
Хачу гэты баль, каб пабачыць яго:
ці ж Юрый ў тым вінаваты,
што ў дзень, калі будзе сталенне маё,
Казімер прыедзе ў сваты?
Баюся, баюся святочнага дня.
І сэрца маё не на месцы.
Як ліпа, пустая жыву сёння я.
Пан Юрый забраў маё сэрца.
Адэля:
— Дзівачка Вы, Пані. І вольны ваш час,
што клопату вам не хапае.
Усе кавалеры — калена да вас.
А Пані перабірае.
Ваш тата смяецца і кажа: “Мар’яна
жыве сярод кніг і жадае каханне,
якое бывае ў французкіх раманах.
А панічаў побач не заўважае.

Мар’яна:
— Я думала, ты зразумееш мяне,
Я ты, як і ўсе, лічыш глупствам…
Адэля:
— Жартую-жартую! Каму, як не мне
прадбачыць усе наступствы!
Ваш тата быў добры заўжды да мяне,
але ў сваіх справах — суровы.
Ды пан Казімір, мае цвёрды намер,
і ён не пацерпіць адмовы.
Няпроста Вам будзе. І я, як сястра,
усім сэрцам сваім Вас шкадую.
Я бачыла погляд, шчаслівы Ваш твар,
калі прыязджаў сюды Юрый.
Але Казімір той прыезд успрыняў
раўніва і вельмі сурова:
Я чула, як вашаму тату сказаў,
што ёсць паміж імі дамова.
Казаў многа слоў, што супернік ніхто, —
здаецца, што паніч раўнуе.
Не ведаю, што ў галаве у яго:
няхай сцеражэцца Юрый.

Мар’яна:
— Адэлька, як так? Не сказала раней,
што тата ўсё знаў пра спатканне.
Дык вось для чаго ў святочны мой дзень
прызначылі паляванне!
Усё ведаюць: Юрый не ўмее страляць…
Дакладней, не бачыць ў тым сэнсу,
каб кроўю жывёліны забаўляць,
каб мець асалоду ад смерці.
Не быць паляванню. Дазволу не дам!
Трывожна, на сэрцы, трывожна.
Мой дзень! Маё свята! І ўсе будуць там…
І Юрый. Хачу быць прыгожай!

Адэля:
— Зайздросцяць усе вашай дзіўнай красе,
любімая, мілая пані.
І панічы мрояць на яве і ў сне,
сагрэць ваша сэрца каханеем.
Вас лічаць шчаслівай, бо бацька ваш, Пан,
рыхтуе пасаг вам багаты.
прыгожая знешнасць, уборы і стан, —
як быццам, вы ў тым вінаваты.

Мар’яна:
— А шчасця не у тым…Бо яно ўнутры.
Багацце, напэўна, таксама.
Хоць зараз навекі ўсё забяры, —
не ў гэтым жыццёвая драма.
Адэлька, скажы, ты хацела б так жыць?
У раскошы, але без кахання?
Хацела, каб побач з табою чужы,
Багаты, але не адданы.

Адэля:
— Не думала нават. Аж сцісла ўсю.
нібыта жыццё адабралі.

Мар’яна:
— І я адчуваю, што так не змагу,
Пражыць без свайго кахання.

Адэля:
— Давайце пра іншае. Можа на баль
Ваш Юрый прыедзе з сватамі?
Тады справядліва, што Віленскі пан
абраны самою Мар’янай.
Пры сведках ніхто не пасмее сказаць,
што іншай была дамова.
Але Казімір…Ад яго што чакаць?
Бо вельмі страшны яго нораў?

Мар’яна:
Адэлька! Ты цуда! Давай прымяраць
Сукенку, прычоску для балю.
Хачу ў гэты дзень я шчасліваю стаць,
хачу быць я побач з каханым!
***
І вось дзень настаў. У Кліманцова ішоў баль.
Прыехалі знатныя госці.
Пан Юрый Мар’яне руку сваю даў,
І быў Казімір вельмі злосны:

Казімір:
— Танцуе! Ха-Ха, нібы наша шчаня,
што ўзялі на паляванне!
Пан Юрый, вам пэўна дадому пара?
Не пара вам пані Мар’яна!
Вам трэба ісці, і яшчэ падрасці,
каб знацца з такою паненкай.
Прашу Вас на танец са мною пайсці,
пакажам, я танчыць патрэбна! —
Аўтар:
Ганебныя словы кідаў Казімір,
быў п’яны ад рэўнасці-злосці!
Мар’яна трывала. Але і рукі
сваёй не дала злому госцю.
Вялікая паўза… святочны натрой
імгненна быў усім сапсаваны.

Юрый:
— Вы, пан Казімір, дастаткова ўжо слоў
усім непрыемных сказалі.
Але, калі я стрымаць бы ўсё мог,
то ў крыўду не дам я Мар’яну.
Прасіць прабачэння прымушу я Вас
за ганьбу, якую сказаць Вы пасмелі.
Не будзеце? Што ж!
Значыць, прыйдзецца нам
спрачацца на рэвальерах.

І пан Казімір яшчэ выпіў віна.
І з рогатам выпусціў кулю.
Развязка кароткай, трагічнай была…
Загінуў пан Юрый…

Мар’яна не хутка прыйшла ў сябе:
тры дні яна проста ляжала.
Паненка ішла па алеі, але
была, нібы ліпа, пустая.
Ішла да ракі, дзе гуляла раней,
злівалася с плынню імклівай.
Шаптала: “Адзіны, каханы, як мне
магчыма быць у свеце шчаслівай?
Як жыць без кахання, і бачыць таго,
хто стаў тваім страшным забойцам.
А бацька хацеў, каб багацце было,
пашана, дамовы, партнёрства.
Не трэба палацаў, не трэба раскошы,
не варты нічога ўміг сталі ўсе грошы.

— Мар’яна, каханая, будзь жа маёй,—
Пачуўся ёй голас за сіняй ракой.
І ціха на голас ступала скрозь хвалі,
Ішла да каханага пані Мар’яна.

А ранкам, на беразе, цераз туман
убачылі людзі маўклівую здань.
Яна, быццам лебедзь з вады выплывае,
і кожны ў ёй панну Мар’яну пазнае.
У святочнай сукенцы, прыбранай да шлюбу,
Мар’яна ідзе, бо заве яе Юрый.


Рецензии