Вечар

Заўвага: захаваны асаблівасці аўтарскага стылю (напрыклад, канчаткі ці некаторыя “лішнія” мяккія знакі). Гэта не памылкі!

Адчуванні былі дзіўнымі. Мне здавалася, нібыта навокал толькі чорнае-чорнае мора, а наш ліхтар – гэта маяк. Канешне, на станцыі ля перону таксама свяціліся ліхтары, але іхнія светадыёды больш раздражнялі вочы, чым разганялі цемру.

Я ўзняў вочы на зорнае неба. Негледзячы на некаторае засвятленне, бачны Млечны Шлях, а ўсе сузор’і як на далоні. Вось Вялікі Воз, які ў нас больш вядомы як Вялікая Мядзведзіца. Тут жа я знайшоў і Малы Воз з Палярнай зоркай, якая лепш за компас паказвала на поўнач. Хіба ў горадзе такое ўбачыш?

Краем вока я заўважыў, як штосьці мільганула. Верагодна, гэта апошнія жнівеньскія Персеіды, за якімі ў мяне так і не атрымалася паназіраць. А вось на паўночным усходзе зіхаціць нейкая планета. Я сашчурыў вочы. Пэўна не Венера, дый і для Сатурна вельмі яскравая. Не Марс, бо ён больш руды. Здаецца, Юпітэр. У чарговы раз я падумаў пра неабходнасць мець свой тэлескоп.

Я перавёў позірк яшчэ ніжэй. Неба скончылася, пачалася вузкая палоска цёмнага лесу, у якім немагчыма заблукаць. Пасадкі... У дзяцінстве мы іх баяліся, бо верылі і ў ваўкоў, і ў розных ліхадзеяў, якія сядзелі ў гушчары і чакалі маленькіх дзяцей. Нават шкада, што гэтыя адчуванні засталіся дзесьці там, у мінулым. Як і тры хаты, якія зруйнавалі. А там жылі людзі, сем’яў шэсць ці сем. Баракі стаялі ўздоўж чыгункі, зусім побач з Пасадкамі, і ў кожным кіпела жыццё. А цяпер нават не засталося і калодзежа, з якога мы бралі ваду і залівалі ўзімку горку. Зрэшты, і самаго ўзгорку не засталося – значную частку таго, што раней было высокім перонам, таксама зруйнавалі.

Я нібыта трапіў у вір успамінаў і мімаволі зварухнуўся з месца, пакрочыў далей у цемру. З кожным годам застаецца ўсё меньш і меньш сведак тых цудоўных часоў. Дарога... І яе няма, затое ёсць асфальт. Раней мяне бы гэта вельмі ўзрадавала, але зараз я адчуваў штосьці дзіўнае. Няма тых грандыёзных лужынаў, у якіх мы запускалі караблікі, а ўзімку каталіся на лёдзе ці “вудзілі рыбу”. Ніколі не думаў, што буду сумаваць па лужынах...

А вось тут было маленькае футбольнае поле, амаль побач з вялікім. Мы самі рабілі і саматужную разметку, і лавачкі, і вароты. Нічога гэтага даўно ўжо няма, дый самі палі зараслі пустазеллем. Дзесьці ў лепшым свеце і конь Буян, які рэгуляваў даўжыню травы, і козы дзеда Колі – Майка і Козя. І самога дзеда Колі з бабай Марусяй даўно ўжо няма. А дзед Лёня і баба Тоня, якім не заўсёды падабаліся нашыя актыўныя гульні?.. Калі я іх апошні раз бачыў? Гадоў дзесяць таму, а мо і сто. Многія знаёмыя хаты ў заняпадзе, нават тых дрэваў, на якія мы залазілі, ужо амаль не засталося.

Я паглядзеў на ўсход. Удалечыні свяціліся тры чырвоных агеньчыка. І светлафоры ўжо не тыя. Халодныя светадыёды... А дзе тыя цёплыя лямпавыя? А хто яшчэ памятае высокі манеўровы светлафор, які і ўдзень, і ўначы гарэў блакітным агеньчыкам?

Няма адказу. Цішыня. Толькі цвыркун дзесьці пяе, не зважаючы ўвагі на чалавека, які перенёсся думкамі ў мінулае. Я павярнуўся на захад. І там чырвоныя агеньчыкі, толькі гэта не светлафоры, а трубы шклозаводу, якому ўжо амаль што стагоддзе. Я паспрабаваў уявіць, як зменіцца краявід яшчэ гадоў праз сто, а мо і праз тысячу, але тут маёй фантазіі ўжо не хапала. Можа, неяк у наступны раз?..

24-25 жніўня 2023, ноч, Яроміна.


Рецензии