Боршч з гарнiрам

Боршч з гарнірам

Ураджай 1975 года прынёс сялянам Віцебскай вобласці расчараванне: вынікі сельскагаспадарчага года былі значна горшыя, чым ў папярэднім годзе. Дадатковых працоўных рук патрабавалася няшмат, таму студэнтаў, якія мелі дачыненне да спорту, рэктарат Віцебскага медыцынскага інстытута накіраваў на спартыўныя зборы.

Баскетбалісты размясціліся ў піянерскім лагеры, які меў аднайменную назву з добра вядомым, у тым ліку за межамі Беларусі, санаторыям “Лётцы”, які спецыялізаваўся на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання і дыхання.

Неацяпляемыя драўляныя хаткі, шэрагі рукамыйнікаў, размешчаных на тэрыторыі лагера, надворныя душавыя кабіны і туалеты, спрыялі загартоўванню моладзі  і выхаванню ў яе жыццяўстойлівасці, найважнейшага складніка поспеху спартоўцаў.

Наваколлі возера “Сасна” Віцебскага раёна, дзе размяшчаўся піянерскі лагер, уяўлялі сабой узгорыстую мясцовасць. Гэта давала магчымасць трэнеру баскетбалістаў, Галіне Сяргееўне, паляпшаць фізічную трываласць выхаванак. Размясціўшы па дзве-тры студэнткі ў падножжа ўзвышша, інструктар агаворвала ўмовы “заваявання вяршыні”:

– Да сярэдзіны шляху, в-у-у-нь да той бярозкі, ідзем размераным бегам; затым, да заканчэння ўздыму, з паскарэннем!

І звонкім голасам камандавала:

– На старт! Увага! Марш!

Сказаць, што я аматар бегу – саграшыць супраць ісціны. Ведаючы аб маім нядрэнным кідку з-пад кольца, на кожнай трэніроўцы ў інстытуцкай спартзале, Галіна Сяргееўна падганяла мяне:

– Нэлка, хутка – ў адрыў, пад кольца!

 У спартыўным лагеры – тое ж самае. Ледзь дабегшы да пазначанай трэнерам бярозкі, я наўздагон чула:

– Лукашэвіч, бяжым з паскарэннем! Да вяршыні горачкі!

 Выконваючы штодзённыя пажаданні -загады Галіны Сяргееўны, я кожны раз успамінала адну са сваіх першых трэніровак на стадыёне “Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу”. Атрымаўшы права на кароткую перадышку, звярнула ўвагу на маладога чалавека, які лёгка, гуляючы, бег чарговы круг.

– Вось бы мне так прыгожа і хутка бегаць! – летуценна прамовіла я.

– Каб так бегаць, трэба, сама меней, быць чэмпіёнам! – адказаў трэнер, пераставіўшы чарговасць прычыны і следства. І растлумачыў:

– Гэта – Сяргей Іванавіч Каровін, чэмпіён Еўропы па спрынтарскім бегу. Ён лепшы спартсмен-бягун на “стомятроўцы”.

Пазней, пазнаёміўшыся з Сяргеем бліжэй, даведалася, што ў анамнезе (гісторыі хваробы) чэмпіёна Еўропы – язвавая хвароба страўніка і дзве аперацыі з нагоды  прабадзення язваў.

Аднойчы ў прыватнай гутарцы Сярожа, блізкі сябар адной з маіх аднакурсніц, распавёў аб адваротным боку медаля “прывабнага” жыцця спартоўцаў, у якім усё падпарадкавана аднаму імкненню – перамозе.

– Ты ж ведаеш, што фармальна прафесійнага спорту ў СССР не існуе і па законе, існаваць не можа. Усе, нават самыя знакамітыя і тытулаваныя спартсмены, лічацца аматарамі: студэнтамі, вытворцамі або вайскоўцамі, – пачаў сваё апавяданне Сяргей.

– Я, напрыклад, афіцыйна “працую  майстрам” на вядомым Віцебскім заводзе N. А ў “вольны ад работы час”, як мінімум, два разы на дзень, узмоцнена трэніруюся, каб годна выступіць на спаборніцтвах, такіх жа, як і я, “аматараў”.

– Зборы, трэніроўкі, бясконцыя паездкі-пералёты, нерагулярнае харчаванне і немагчымасць належасць самаму сабе. А фальстарты (у лёгкай атлетыцы – пачатак руху атлета раней стрэлу стартавага пісталета) – праклён бегуноў-спрынтароў! Усё гэта, разам узятае, не лепшым чынам  адбіваецца на здароўе спартоўца!

Задумаўшыся на хвілінку, працягнуў:

– Вось вы, медыкі, як заклінанне, паўтараеце: “Фізкультура і спорт – залог здароўя”. Але калі спортам займацца з поўнай аддачай (інакш нельга), то вынік будзе дакладна такі ж, як і ў мяне. Яшчэ няма трыццаці гадоў, а ўжо – дзве аперацыі, дактары ледзь выратавалі мне жыццё.

– Няздарма ў асяроддзі спартоўцаў існуе прымаўка: “Фізкультура лечыць, спорт – калечыць”, – скончыў сваю невясёлую споведзь аптыміст Сяргей.

 Чэмпіён Еўропы па спрынтарскім бегу Каровін С.І. валодаў дарам прадбачання: ён пайшоў з жыцця ва ўзросце шасцідзесяці двух гадоў.

Вярнуся, аднак, да нашых штодзённых трэніровак у спартовым лагеры каля возера “Сосна”.

Сагнаўшы з баскетбалістак сем патоў, наш настаўнік задаволена канстатавала:

– Так, сёння раніцай добра папрацавалі! Увечары – замацуем вынікі!

Убачыўшы засмучаныя твары дзяўчынак, інструктар сышла да ўспрымання “легкадумных запытаў зялёной моладзі”:

– Добра, так і быць, вячэрняя трэніроўка адмяняецца, ідзіце сёння на свае “танцулькі”! А заўтра, свайго роду, адпрацоўка: падвоім нагрузкі!

На наступны дзень гісторыя паўтаралася. Прыстрашыўшы вячэрняй трэніроўкай, Галіна Сяргееўна ішла насустрач невынішчальнаму жаданню моладзі – танчыць. Верагодна, яна была добра знаёмая з творчасцю ірландскага драматурга і раманіста Бернарда Шоў, пяру якога належыць крылатая фраза: “Танец – гэта вертыкальны выраз гарызантальнага жадання”.

Толькі два ці тры разы былі праведзены інтэнсіўныя вячэрнія трэніроўкі. У пакаранне за парушэнне лагернага рэжыму: без апавяшчэння адміністрацыі некалькі юнакоў-спартоўцаў пайшлі ў суседнюю вёску, на ўсё тыя ж, танцы. Відаць, “вертыкальны выраз” у “лагерных” дзяўчынак быў бясколерным і непрывабным.

Пасля трэніровак мы беглі ў душ. Тэмпература вады ў верасні не схіляла да асалоды і кожны раз, устаючы пад струмені халоднай вады, дзяўчынкі пачыналі павіскваць. Адна з вопытных старшакурсніц параіла:

– А вы ўявіце сабе, што знемагаеце ад спякоты ў паўднёвай краіне. І няма нічога жаданей халоднай, не, нават сцюдзёнай вады. І вы сваім разгарачаным маладым целам саграваеце ваду, якая бруіцца па вашай плоці! А вам усё роўна – горача, горача, горача!

 Першы (і на шчасце, адзіны ў маім жыцці) сеанс псіхатэрапіі даў добрыя вынікі: мы адмыліся ад непажаданых наступстваў размеранага бегу і бегу з паскарэннем, шматкроць і галосна паўтараючы:

– Я ў Афрыцы, мне – спякотна, я ў Афрыцы, мне – спякотна!

Працягу “шэдэўра” бясталентныя студэнткі зрыфмаваць не змаглі. Да заканчэння спартыўных збораў пяціслоўны рытмічны рэчытатыў, гучна і шматгалоса, абазначаў “водна-працэдурнае” месцазнаходжанне жаночай зборнай каманды інстытута.

Акрамя прыведзенай вышэй “рэперскай” песеннай пярліны, у спартовым лагеры мой лексікон папоўніўся яшчэ адным абаротам мовы.

У памяшканнях драўляных хатак было халадно і, рыхтуючыся да сну, дзяўчынкі ўсялякімі спосабамі ўцяпляліся.

Адзін з вечароў выдаўся асабліва халодным. Забраўшыся пад тонкую байкавую коўдру, я ніяк не могла сагрэцца. Успомніла пра свае ваўняныя шкарпэткі, якія захоўваліся ў спартовай сумцы і гучна вымавіла:

– Так, і дзе ж мае “спальныя шкарпэткі”?

Таццяна Храмцова, студэнтка чацвёртага курса, перапытала:

– Якія-якія шкарпэткі?

– Спальныя, – абыякава адказала  я. І ўдакладніла ў цікаўнай таваркі:

– Ты што, не ведаеш сучаснай класіфікацыі шкарпэтак?

– Якая-такая класіфікацыя? Ну, баваўняныя, ваўняныя, капронавыя, сінтэтычныя … – няўпэўнена пачала пералічваць Таня.

Дзяўчынкі ў пакоі з цікавасцю пачалі прыслухоўвацца да нашага дыялогу.

Глядач – самы лепшы натхняльнік артыста, у тым ліку – і самадзейнага. Нібы не заўважаючы накіраваных у наш бок поглядаў, манатонным голасам пасрэднага лектара савецкага асветніцкага і прапагандысцкага грамадства “Веды”, я пачала пералічваць:

– Можаш запісваць. Шкарпэткі бываюць: трэніровачныя, навучальныя, працоўныя, прагулачныя, паходныя, спальныя і, нарэшце, прывабныя!

– Ой, толькі не трэба наконт прывабных! Хлусіш, мусіць? – засумнявалася сяброўка.

– Яшчэ як бываюць! Калі б сёння ўвечары Надзя надзела пад свае новыя джынсы «Levi’s» такія  шкарпэткі, то перад Сашай не стаяла б пытанне, каго абраць пастаяннай партнёркай па танцах: яе ці гэтую страшненькую Машку?

Таццяна ўжо зразумела, што класіфікацыя шкарпэтак – розыгрыш, і ўключылася ў гульню.

– Ты забылася пра экзаменацыйныя шкарпэткі!

– Не, не забылася, я іх проста не назвала! Яны, зразумела, існуюць, але ты ж ведаеш, як у нашай ВНУ асобныя выкладчыкі ставяцца да дзяўчын, якія з’явіліся на экзамен у штанах. Лепш не выпрабоўваць лёс і апрануць традыцыйную спадніцу. Вось чаму я самавольна выключыла з класіфікацыі гэты від шкарпэтак.

Надзя, неўзаемна закаханая ў лёгкаатлета Сашу, сурьёзна абдумвала ідэю выкарыстання “прывабных” шкарпэтак. Бачачы яе пакуты, Таня злітавалася:

– Ты што, не бачыш, што Нэлка дурыцца! Папрашу заўтра трэнера “паганяць” яе як след! Пабегае з паскарэннем, знікне ахвота пацяшацца над чужымі пакутамі!

Зразумела, Храмцова Таня не выканала свайго грознага абяцання: мой трэніровачны рэжым не змяніўся. А словазлучэнне “спальныя шкарпэткі” трывала ўвайшло ў лексіку спартсменак.

У спартовым лагеры, пасля працяглых і напружаных трэніровак, я пачала разумець, чаму спартсменам выдаюць талоны на ўзмоцненае сілкаванне. Інтэнсіўныя нагрузкі выклікалі “зверскі” апетыт: у сталовай усе стравы з’ядаліся дачыста.

У нейкі дзень пасля трэніроўкі і танізаваных халодных водных працэдур, дзяўчынкі адправіліся ў трапезную. Я апынулася за адным сталом з трэнерам.

На абед падавалі ўкраінскі боршч, які адрозніваўся выдатным густам; верагодна, у беларускага кухара меліся ўкраінскія карані.

Вераснёўскі дзень выдаўся надзіва цёплым і мухі, якія кароткачасова выйшлі з парабіёзу (памежны стан паміж жыццём і смерцю), актыўна кружылі над галовамі спартсменаў, якія абедалі. Хтосьці з прысутных адцягнуў мяне пытаннем; адказваючы, я павярнулася ў яго бок.

 Менавіта гэтае імгненне абрала буйная сіне-фіялетавая мясная муха. Яна спікіравала ў маю талерку хутчэй, чым “пікіруючы бамбардзіроўшчык ” з фільма Навума Бірмана.

Я адразу ж аднесла міску на стол для бруднага посуду і прынялася за другую страву.

Усё адбылося так хутка, што трэнер, якая не заўважыла казус, пацікавілася:

– А чаму ты боршч не з’ела, ён жа такі смачны!

Не стрымаўшы сябе, я выдала:

– Мусе таксама спадабаўся боршч, вось яна і вырашыла з’есці маю порцыю!

– Што, муха ў першае трапіла? Прама ў цябе на вачах? – удакладніла Галіна Сяргееўна.

– Так, прама на вачах! – з прыкрасцю адказала я.

– Ц-ю-ю, падумаеш, муха! – перайшла на ўкраінскія дыялекты трэнер. – Выкінула б яе, ды і ела! Боршч – асобна, муха – асобна!

Не меркавала паважаная Галіна Сяргееўна, што праз паўстагоддзя, узяўшы за аснову яе рэцэпт, вядомы палітычны дзеяч вынайдзе непераўзыдзенае кулінарнае вынаходства: катлеты з гарнірам двукрылых насякомых …


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Спасибо за интересный рассказ!
Да, жизнь спортсменов не слишком привлекательна: одни тренировки и немного отдыха. Такой спорт не пойдет на здоровье. А муха в качестве гарнира - это вообще что-то! Во Франции и других кап.странах едят и кузнечиков, и лягушек, но думаю, не от хорошей жизни, а дороговизне мяса.
С уважением и теплом,



Людмила Каштанова   16.01.2024 09:05     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Отстранившись от сложившихся стереотипов питания, замечу, что кузнечики, мухи, муравьи, саранча - это легкоусвояемый белок.

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   16.01.2024 12:50   Заявить о нарушении
Вполне с Вами согласна, но отнимать пищу у грызунов и птиц как-то нехорошо, не по-человечески.
С улыбкой,

Людмила Каштанова   16.01.2024 14:11   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.