Жаласлiвая санiтарка

“Жаласлівая” санітарка


У 1985 годзе я праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі на кафедры ўрачэбна-працоўнай экспертызы Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў (цяпер – кафедра медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі).

Добрае ўражанне ў курсантаў выклікала знаёмства з выкладчыкамі-экспертамі і загадчыкам кафедры Леанорай Сямёнаўнай Гіткінай.

Вядомы беларускі неўролаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, прачытала двухгадзінную ўступную лекцыю, не карыстаючыся ніякімі запісамі. Адказала на некалькі выкручастых пытанняў слухачоў, якія прадстаўлялі ўрачэбнае саслоўе прыкладна паловы рэспублік Савецкага Саюза.

Сухі спецыялізаваны матэрыял Леанора Сямёнаўна дапаўняла цікавымі выпадкамі са сваёй шматгадовай урачэбнай практыкі.

На адным з семінараў прафесар закранула пытанні страхавой медыцыны, пра якую ў той час у Савецкім Саюзе мала хто ведаў. Вядома, існавала страхаванне ад няшчасных выпадкаў, аднак не ўзгадаю, каб ім шырока карысталася насельніцтва краіны. Што і зразумела: яшчэ ў 1936 годзе Канстытуцыяй СССР было замацавана права на аказанне грамадзянам краіны бясплатнай кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

Дакладваючы слухачам асноўныя прынцыпы ажыццяўлення медыцынскага страхавання, загадчык кафедры адзначыла, што з укараненнем у краіне абавязковага страхавання будуць вельмі запатрабаваны ўрачы-эксперты.

Заўважыўшы здзіўленыя погляды курсантаў, прафесар растлумачыла:

– У першую чаргу, каб вызначыць стан здароўя страхуемага індывіда, а ў другую – у сувязі з неабходнасцю правядзення незалежнай экспертызы якасці аказання медыцынскай дапамогі пацыенту.

Перачакаўшы ўзніклы ў аўдыторыі шумок, лектар працягнула:

– Вы ж не будзеце адмаўляць, калегі, што ўрач-эксперт павінен, хаця б у агульных рысах, валодаць ведамі ў галіне асноўных урачэбных спецыяльнасцяў: тэрапіі, хірургіі, педыятрыі, псіхіятрыі …

– Псіхіятрыя-то навошта? Медыцынская ж дапамога гэтаму кантынгенту аказваецца ў спецыялізаваных установах, большай часткай, зачыненых? – засумняваўся адзін з курсантаў.

– А першасная дыягностыка адхіленняў у псіхічным здароўі кім ажыццяўляецца? – пытаннем на пытанне адказала прафесар. – Спецыялістамі агульнай лячэбнай сеткі, гэта значыць, вамі, паважаныя калегі!

На першых жа занятках выкладчыкі папярэдзілі слухачоў, што пасля заканчэння вучобы трэба будзе здаваць залік па пройдзеным матэрыяле.

Неўзаметку праляцелі паўтарамесячныя курсы. У аўдыторыі – група слухачоў у чаканні калектыву кафедры.

– Не зганьбіцца б перад калегамі, – думала я, ліхаманкава гартаючы старонкі канспектаў.

Супрацоўнікі кафедры зайшлі ў лекцыйную залу і размясціліся за сталом.

– О-о, калегі, вы ўсё яшчэ паўтараеце матэрыял, нібы студэнты перад іспытам! Адкладзіце канспекты і кнігі, мы з вамі проста пагутарым, – аб’явіла загадчык кафедры.

Аўдыторыя з палёгкай выдыхнула. Слухачы расказалі цікавыя гісторыі з сваёй практыкі, абмяняліся думкамі адносна методыкі выкладання дысцыпліны і падзякавалі супрацоўнікаў за атрыманныя ў працэсе навучання веды.

– Ну вось, зусім іншая справа! Зараз я бачу перад сабой дасведчаных адмыслоўцаў, якія нават ацэньваюць якасць данясення да іх інфармацыі выкладчыкамі. Я заўсёды ведала, што ўрачы-эксперты – эліта медыцыны! – пажартавала прафесар.

Выраз “эліта медыцыны” я пачула, але прапусціла міма вушэй; да мяне, загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі, ён не адносіўся.

 Пра ўрачэбную “праслойку – эліту медыцыны” я ўспомніла праз некалькі гадоў, працуючы намеснікам галоўнага ўрача па экспертызе часовай непрацаздольнасці Баранавіцкай гарадской бальніцы.

Службовай інструкцыяй намесніка-эксперта прадпісвалася выкананне ім абавязкаў намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнаму раздзелу працы на час яго адсутнасці.

Па родзе сваёй дзейнасці намеснік галоўнага ўрача па экспертызе часовай непрацаздольнасці  (так называлася пасада ў васьмідзесятых-пачатку дзевяностых гадоў) узаемадзейнічае толькі з пацыентам і доктарам; у рэдкіх выпадках – з медыцынскай сястрой. Намеснік жа па амбулаторна-паліклінічнаму раздзелу працы адказвае за арганізацыю работы ўсіх структурных падраздзяленняў паліклінікі, уключаючы здраўпункты прамысловых прадпрыемстваў. Ён увесь час кантактуе з урачамі, сярэднім і малодшым медыцынскім персаналам, кіроўцамі, дапаможнымі рабочымі, дворнікамі, забяспечваючы ўстойлівае функцыяванне лячэбнай установы.

З урачамі і медыцынскімі сёстрамі сяміпавярховай паліклінікі, у зоне дзейнасці якой пражывала сто дзевятнаццаць тысяч чалавек, сур’ёзных пытанняў у плане іх кіравальнасці не ўзнікала. А вось на працу малодшага медыцынскага персанала і работнікаў дапаможных службаў, нярэдка з’яўляліся скаргі як ад медыкаў, так і ад наведвальнікаў паліклінікі.

Нават нязначныя прэтэнзіі пацыентаў ці калегаў патрабавалі часу для іх расследавання. Я не раз успамінала даўняе сцвярджэнне прафесара аб “элітарнасці” лекараў-экспертаў: ім, прынамсі, не даводзіцца разбірацца з якасцю мыцця падлог і чысткі санітарнай тэхнікі ў лячэбнай установе!

Выпадак, які меў месца падчас водпуску намесніка па амбулаторна-паліклінічнаму раздзелу працы, зарадзіў у мяне сумневы ў аб’ектыўнасці выказвання лепшага эксперта Беларусі ў стаўленні эліты аховы здороўя.

Прыкладна а палове дзевятага раніцы трэццяга дня майго “адзінаўладдзя” раздаўся нясмелы стук у дзверы кабінета.

Пасля адказу: “Так, уваходзьце!”, у памяшканне ўвайшла трыццаці-трыццаціпяцігадовая жанчына ў белым халаце, якая выглядала засмучанай. Прадставілася санітаркай рэнтгеналагічнага аддзялення А. і, цярэбячы ў руках насоўку, вымавіла:

– У мяне дзядуля памёр, адпусціце, калі ласка, на пахаванне.

Выказаўшы жанчыне спачуванне, дазволіла ёй сысці з працы.

Падзякаваўшы, супрацоўніца пайшла.

Праз чатыры дні сітуацыя паўтарылася; у мужа санітаркі памерла бабуля.

Паспачуваўшы маладой жанчыне, адпусціла яе з работы.

– Мор, ці што, напаў на гэтую сям’ю, адно пахаванне за іншым, – спачувальна падумала я.

На наступным тыдні маравая пошасць пераключылася на маладзейшых членаў сям’і: “памерлі” стрыечны дзядзька санітаркі і “любімая” стрыечная цётка яе мужа.

Я прывыкла давяраць людзям, тым больш – сваім калегам, і ні разу не папрасіла прад’явіць дакумент, які пацвярджае факт смерці сваяка.

Пасля чацвярых за два тыдня “пахаваняў” я пацікавілася ў кіраўніка структурнага падраздзялення, што адбывецца ў сям’і А., члены якой “мруць, як мухі” па вобразным выразе Фёдара Дастаеўскога?

 – Чаму ў сям’і? – здзівіўся загадчык аддзялення.

– Дзядуля, бабуля, стрыечныя дзядзька і цётка, – нагадала я доктару.

– Усё правільна: дзядуля, бабуля, дзядзька і цётка … Але не родныя і не стрыечныя, а проста жыхары вёскі N., адкуль родам наша супрацоўніца А. Ужо і не ведаю, з якой прычыны яна так імкнецца праводзіць у апошні шлях усіх памерлых землякоў, – прасвяціў мяне рэнтгенолаг.

– Вось табе і “эліта медыцыны”, санітарка вакол пальца абвяла, – у думках распякала я сябе.

Чарговае наведванне непрафесійнай “плакальшчыцы” было выклікана “смерцю” хроснай маці мужа.

Выслухаўшы “легенду” санітаркі, якая паказвала гора, бяздушным тонам скончанага бюракрата, я вымавіла:

– Так вазьміце водпуск без утрымання на тыдзень, ды і пахавайце ўсіх адразу!

Пасля маёй  “гуманістычнай” парады візіты санітаркі спыніліся.

Відаць, без удзелу ў пахавальным абрадзе “жаласлівай” зямлячкі, у вёсцы N. “ніхто не жадаў паміраць”.


Рецензии
Эксперт - элита, трудная работа,
А вот профессор так сильна...
Что лекции читала, помогала,
Старалась опыт передать.
О санитарке - много чести,
Не стоит верить вот таким
(как много лжи, а вроде
человек хороший)

Понравилось!

Зелёная!

Варлаам Бузыкин   05.03.2024 10:13     Заявить о нарушении
Благодарю за отзыв, уважаемый Варлаам!

Нелли Фурс   06.03.2024 09:29   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.