Пачатак урачэбнай практыкi

Пачатак урачэбнай практыкі

У 1978 годзе я пазнаёмілася з установай аховы здароўя, якая стала першай і асноўнай у маёй прафесійнай дзейнасці.

Пасля заканчэння пятага курса Віцебскага медыцынскага інстытута (у тэксце захаваны назвы арганізацый і навучальных устаноў па канонах таго часу) я праходзіла медычную практыку на базе Баранавіцкай гарадской паліклінікі нумар адзін. Яна размяшчалася ў цэнтры горада; мы ж з мужам пражывалі на ўскраіне.

Раніцай пачынаўся збор на работу. Муж хуценька сыходзіў на дванаццацігадзінную змену. Мая ж падрыхтоўка да практыкі нагадвала рытуал: я перакладала ў сумцы-партфелі паперы, канспекты, запраўляла чарніламі аўтаручку (шарыкавых ручак яшчэ не было).

З асаблівым трымценнем я аглядала і “прымярала” падораны бацькам фанендаскоп польскай вытворчасці, прадмет зайдрасці маіх аднагрупнікаў. У пераважнай большасці студэнтаў курса былі “легкаважныя” савецкія слухавыя апараты, якія хутка выходзілі са строю; у Заходняй жа Беларусі была магчымасць “дастаць” імпартны медыцынскі прыбор.

Хтосьці з аднакурснікаў, праслухаўшы маім фанендаскопам калегу, заявіў:

– Ну, такім прыборам і глухі ўсё пачуе!

 Дорачы студэнтцы “прафесійны” падарунак, тата сказаў, звяртаючы да мамы:

– Вось, Ганна, хутка і ў нас будзе асабісты доктар!

Мой бацька, Лукашэвич Гаўрыіл Карнеевіч, інвалід Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны за баявыя заслугі чатырма ардэнамі і васьмю медалямі, вельмі паважна ставіўся да прафесіі лекара. Магчыма, адбілася перанесенае ў юнацтве цяжкае захворванне, практычна невылечнае ў той час.

Вось як апісвае мая сястра Таццяна Цыркунова гэты выпадак у падрыхтаванай па мемуарах бацькі і выдадзенай ёю кнізе “Пакуль мы жывыя …”.

 “Мне было гадоў пятнаццаць ці шаснаццаць, калі я цяжка захварэў, прастудзіўшыся на зімовай рыбалцы на Выганаўскім возеры. Некалькі тыдняў у мяне трымалася высокая тэмпература, а потым пачаўся моцны кашаль, які не спыняўся ні днём, ні ў начы. Кашляў я некалькі месяцаў.  Маці рабіла ўсё, каб вылячыць мяне. Паіла рознымі травянымі адварамі, націрала мне спіну і грудзі шкіпінарам, змяшаным з топленым гусіным тлушчам, паіла гарачым малаком, змешаным з мёдам і з рознымі тлушчамі і г.д. Усё было дарма, кашаль не спыняўся.

 Бацька адвёз мяне ў Пінск, да добрага доктара. Той мяне паслухаў, доўга стукаў па грудзях і па спіне, і параіў бацьку тэрмінова адвезці мяне ў Крым на пару месяцаў. Лёгка сказаць, адвезці ў Крым, а гэта было ў пачатку трыццатых гадоў. Заходнія вобласці Беларусі знаходзіліся пад уладай белапалякаў. Мяжа з Савецкім Саюзам была сапраўдная, перайсці яе можна было толькі нелегальна. Бацька прадаў некалькі валоў, а на атрыманыя ад продажу валоў грошы мы і ажыццявілі сваё падарожжа ў Крым. Нелегальна перайшлі мяжу, як праходзілі яе члены КПЗБ (Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі), а далей дабіраліся, як давядзецца. Мы былі ў Крыму амаль два месяцы, за гэты час мой кашаль зусім мінуў. Я загарэў і падужаў.

У час вайны, ужо ў партызанскіх атрадах, колькі разоў я прастываў, колькі разоў ногі змакалі, спаў і на снезе, і на сырой зямлі. Давадзілася ісці на заданне і пад праліўным дажджом, і ў моцны мароз. І ўсё гэта мой арганізм вытрымаў, я ні разу не захварэў. Думаю, што паспяхова перанёс я гэтыя экстрэмальныя ўмовы толькі таму, што мой бацька своечасова прыняў неабходныя меры для ўмацавання майго здароўя. Мой бацька, у адрозненне ад маці, не быў занадта шчодрым чалавекам, наадварот, ён быў па-сялянску скнарлівы, але дзякуючы свайму прыроднаму розуму і кемлівасці, ён заўсёды разумеў, што трэба рабіць у той ці іншай складанай сітуацыі. Для сваіх дзяцей ён нічога не шкадаваў і заўсёды знаходзіў грошы, калі яны былі патрэбныя для іх лячэння ці выратавання”.

У далейшым тата, які пражыў амаль восемдзесят шэсць гадоў, нязменна цікавіўся маімі службовымі справамі, як і прафесійнай дзейнасцю членаў нашай шматлікай медыцынскай сям’і.

 Вярнуся, аднак, да тэмы маёй студэнцкай медычнай практыкі. У гарадской паліклініцы нумар адзін мяне замацавалі за стажыраваным урачом Пазняк Нінай Мікалаеўнай, тэрапеўтычны ўчастак якой знаходзіўся ў цэнтры горада, дзе пражывалі самыя паважаныя і аўтарытэтныя людзі.

Да ліку першых, без усялякіх эківокаў, я б аднесла Герояў Сацыялістычнай працы, заслужаных работнікаў галін народнай гаспадаркі, інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровых грамадзян горада Баранавічы, персанальных пенсіянераў саюзнага і рэспубліканскага значэнняў.

Да другой катэгорыі адносілася эліта населенага пункта – работнікі гарадскога камітэта партыі і гарадскога выканаўчага камітэта. Сама прыналежнасць да “небажыхароў” пастаянна падкрэслівалася не столькі першымі асабамі горада, колькі работнікамі дапаможных службаў: кіроўцамі, бухгалтарамі, тэхнічнымі работнікамі. На пытанне: “Кім Вы працуеце?”, дадзеная катэгорыя спачатку ганарліва называла месца працы “Гаркам, гарвыканкам”. І толькі потым, нягучна, называлася пасада.

Вось і мне выпала шчасце “спазнаць” усе перавагі лекара, тэрапеўтычны ўчастак якога размяшчаецца недалёка ад паліклінікі. Да пачатку ранішняга прыёму ў кабінета збіраліся самыя раннія пацыенты, якія адносілі сябе да катэгорыі заслужаных людзей; кожны з іх імкнуўся першым трапіць да доктара.

Сітуацыю рэгулявала ўчастковая медыцынская сястра. Збіраючы талоны на прыём да лекара, яна мімаходзь цікавілася станам здароўя пацыента. На працягу пяці хвілін у кабінета заставалася два-тры чалавекі; астатнія здавалі аналізы, праходзілі агляд акушэркі або здымалі электракардыёграму. Тым часам доктар займалася прыёмам хворых, не адцягваючыся на “Мне толькі спытаць!”

Будучы максімалісткай, я не разумела, чаму медсястра падмяняе доктара, самастойна прызначаючы абследванне пацыентам (тады яшчэ не існавала паняццяў даўрачэбны прыём ці кабінет, або аддзяленне даўрачэбнага прыёму)?

Неяк раз у адсутнасць медсястры ў далікатнай форме я падзялілася сваімі сумневамі з Нінай Мікалаеўнай.

– Ну што Вы, інакш нельга, яны ў нас усе “галоўныя” і ў кабінет могуць адначасова зайсці пяць чалавек! – быў адказ.

Тады я яшчэ не ведала аб выказванні таленавітага літаратара Ігара Губермана пра “галоўных”, як нельга лепш прыдатнае ў дадзеным кантэксце:

– Ёсць катэгорыя людзей, якія і на пахаванні жадаюць здавацца галоўней нябожчыка”.

За месяц практыкі я ніколі не бачыла Ніну Мікалаеўну раздражнёнай ці нечым незадаволенай. Тактычная, вытрыманая, яна імгненна “пераключалася” на танальнасць пацыента і выдатна ладзіла з насельніцтвам свайго ўчастку, у тым ліку, і з самымі “галоўнымі”. Вучыла мяне асновам практычнай медыцыны, з першага ж дня называючы доктарам і калегам. На візіты ж, нягледзячы на маё незадвальненне, “не пушчала”. Усяляк адгаворвалася:

– Там вельмі канфліктны пацыент, не любіць казаць пра свае хваробы пры старонніх.

– У мяне сёння толькі тры “актывы”.

– Не трэба Вам туды хадзіць, невядома, якая тамака можа быць інфекцыя!

Прычына адхілення мяне ад аказання дапамогі на даму была надзвычай простая і відавочная. Я была “глыбока цяжарная” і праз месяц нарадзіла старэйшага сына Дзяніса.


Рецензии
Нелли, здравствуйте!
Прочитал с большим удовольствием Ваш рассказ. Во-первых понравилась забота и любовь Вашего дедушки к Вашему отцу. Во-вторых понравилась любовь и забота Вашего папы о своих дочках. Это очень трогательно. Партийная номенклатура и всякие заслуженные люди - это самая капризная публика, которая ни с кем никогда не считается кроме своего великого и единственного "Я". Представляю, как Вам было тяжело работать с такими пациентами.

Понравилось!

С уважением,

Владимир Войновский   29.02.2024 16:17     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемый Владимир!

Искренне благодарю за отзыв!

Это на практике мне пришлось общаться с "самыми главными", а на вверенном мне терапевтическом участке проживали выходцы из близлежащих деревень, очень скромные и адекватные люди.

С самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   29.02.2024 16:09   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.