Блiц-гульня
Першыя гады знаходжання ў горадзе Баранавічы мы з мужам пражывалі ў здымнай кватэры прыватнага сектара. Вялікі дом быў падзелены на чатыры роўныя часткі. У адной з іх пражывала пажылая сямейная пара ўладальнікаў дома; у другой – іх старэйшая дачка з дарослым сынам; дзве “чвэрціны” здаваліся маладым сем’ям.
Прыкладна праз год пасля нашага ўсялення ў кватэру ў гэтый жа дом засялілася сямья Мікалая, аднавяскоўца майго мужа.
Коля – вялікі аматар чытання, які не раз здзіўляў мяне веданнем руска-савецкай і замежнай класікі. У адпаведных нагодзе сітуацыях ён цытаваў Уільяма Шэкспіра або “выдаваў” рубаі Амара Хайяма.
Іншым захапленнем Мікалая была гульня ў карты. У “нашых правінцыях” не гулялі “на інтарэс”, а хутчэй, для самасцвярджэння – прызнання кампаньёнамі ігравой перавагі аднаго з іх.
Мікалай на працы адшліфаваў сваё майстэрства гульні ў “тысячу”, ім жа самім званую “забаўкай для прапаршчыкаў і пенсіянераў”. Камбінат жалезабетонных канструкцый, на якім працаваў Коля, – прадпрыемства саюзнага значэння, сістэматычна прастойвала з-за несваечасовай пастаўкі састаўных частак вырабляемай прадукцыі. Вось і запаўнялі завадчане нярэдкія перапынкі ў рабоце картачнай гульнёй.
У апісваны мною перыяд часу “ветэран-тысячнік” Мікалай сфармаваў з жыхароў чатырохкватэрнага дома тройку “карцёжнікаў”. Ён далучыў да азартнай гульні “Валодзю вялікага” – майго мужа і “Валодзю маленькага” – дарослага ўнука гаспадароў хаты.
Летнімі вечарамі гэтая тройца, “распісваючы тысячу”, размяшчалася прама пад вокнамі нашага жылля. Загадзя рыхтаваўся пераносны асвятляльны прыбор: раптам гульня зацягнецца?
Гульня рэгулярна падоўжвалася да наступлення цемры. Усе свае хады-дзеянні карцёжнікі суправаджалі гучнымі каментарамі, якія былі добра чутныя праз вокны дома.
Некалькі разоў я прасіла гульцоў паводзіць сябе больш стрымана. Яны згаджаліся, шчыра верачы ў свае абяцанні; праз дзесяць хвілін мужчынскае шматгалоссе аднаўлялася.
У адзін з вечароў я чытала медыцынскую літаратуру. Менавіта ў гэты дзень да мяне звярнуўся пацыент з сімптомамі, якія не ўкладваліся ні ў адну пэўную хваробу. Прызначыўшы яму даступны для таго часу спектр абследаванняў, у кнігах шукала адказы на свае пытанні.
Пасля чарговага выбуху смеху гульцоў, які адцягнуў мяне ад штудзіравання навучальных дапаможнікаў, я зразумела: надышоў час адплаты!
Маё з’яўленне ў картачнага стала, ролю якога выконваў кухонны зэдлік, выклікала ў партнёраў збянтэжанасць.
– А ты чаго не спіш? У цябе ж заўтра прыём пачынаецца а восьмай гадзіне раніцы! – пацікавіўся “клапатлівы” муж.
– Светла, яшчэ не хочацца спаць. Давайце я таксама з вамі згуляю! Коля, можна ж гуляць і ўчатырох? – старанна хаваючы свае сапраўдныя пачуцці, звярнулася я да старэйшага па ўзросце гульцу.
Нявінны выраз майго твару не дапускаў падвоху.
Мужу прапанова не спадабалася:
– Ты ж не ўмееш гуляць у “тысячу”!
– Нічога, навучуся! Не Багі гаршкі абпальваюць! Гэтак, Мікалай? Ты ж растлумачыш мне правілы гульні? – настойвала я.
– Ну, добра! – пагадзіўся завадатар карцёжнай браціі.
– Галоўныя ў гульні – гэта дама і кароль адной масці, яны называюцца “хвалёнка” (простанародная назва мар’яжу). Чэрвы – сто ачкоў, бубны – восемдзясят, трэфы – шэсцьдзясят, пікі – сорак. Зразумела?
– Так, ясна, – падняўшы вочы да неба падобна выдатніцы-зубрылцы, напаўголасу паўтарыла я названыя лічбы.
– Пры падліку агульнай колькасці набраных ачкоў кожная карта мае свой “кошт”, – дадаў Мікалай, азвучыўшы картачны “цэннік”.
– І ўсё, так проста? – удакладніла я з няхітрым выразам твару.
– Паглядзім, паглядзім, як “проста” у цябе пойдзе гульня! – пракаментавалі абодва Валодзі.
Бедныя мае партнёры і не падазравалі, што будучы “на бульбе” у 1974 годзе, мы з дзяўчынкамі атрымалі ўрокі картачнай гульні ў нашага аднакурсніка Сяргея Дакучыца!
Ён прыходзіў да нас у госці з вёскі, выдаленай на тры кіламетры ад часовага жылля трох сябровак. Я тады яшчэ супраціўлялася навучанню: навошта марнаваць час на бескарысныя карцёжныя заняткі, калі можна што-небудзь пачытаць?
– А што, у гэтай вёсцы ёсць бібліятэка? Ці ў вашай кватэрнай гаспадыні маюцца поўныя зборы твораў Талстога, Льва ці Аляксея? – запытаў Сярожа.
Крыць не было чым, і мы пагадзіліся прайсці курс навучання картачнай гульні.
Спадабалася; увесь месяц восеньскімі вечарамі мы чакалі прыходу “гуляючага трэнера” Сяргея для ўдасканалення карцёжных навыкаў.
Па прыездзе на вучобу ў медыцынскі інстытут мы забыліся аб “тысячы”. І не ўспаміналі пра яе больш: няма калі было.
Вядома, баранавіцкія таварышы не былі прысвечаны ў мой даўні вясковы вопыт гульні. Увайшоўшы ў ролю картачнай нязнайкі, я перыядычна, нявінна і простадушна, удакладняла ў партнёраў:
– Трэфавая “хвалёнка” – гэта колькі? А валет – гэта колькі балаў?
Знаўцы картачных спраў сцвярджаюць, што гульцам-пачаткоўцам карта не проста ідзе – яна літаральна “ускоквае” ў калоду навічка. Вось і ў мяне кожную раздачу прыходзіў чэрвовы ці бубновы мар’яж. З тузамі і дзясяткамі.
Усыпіўшы пільнасць гульцов пытаннямі “колькі?”, за шэсць конаў я набрала неабходную колькасць балаў, каб “сесці на бочку”. Фартуна не адвярнулася ад мяне і на завяршальным этапе гульні: прыйшоў чэрвовы мар’яж з тузам і дзясяткай.
Вытаргаваўшы прыкуп, я выявіла карты, не гуляючы. Царскім жэстам кінула іх на картачны столік.
– Вось так трэба гуляць! А то займаецеся тут “дзіцячымі грахамі” да паўночы!
У маім выкананні “дзіцячыя грахі” прагучалі крыху інакш, грубей. Я мела права на такую вольнасць; шумныя мужчынскія вячоркі пад нашымі вокнамі выбівалі мяне са звыклага і размеранага жыццёвага ўкладу.
Павярнуўшыся да гульцоў спіной, сышла ў “пакоі”.
Праз пяць хвілін прыйшоў муж.
– Ой, а што ж ты сёння так рана? – пацікавілася я саладжавым голасам.
– А-а-а, пасля твайго сыходу мужыкі сказалі, што пара спаць! – адказаў Валодзя.
– Так, ужо час! – пагадзілася я, унутрана святкуючы сваю маленькую перамогу.
З тых часоў кампанія дваровых карцёжнікаў стала лёгкакіравальнай. Зацягнутая баталія спынялася пры маім з’яўленні на ганку дома ў стандартным “гульнявым” адзенні: джынсах і футболцы.
Праўда, трэба было яшчэ вымавіць “пароль”:
– Хлопцы, раздавайце і на мяне!
Водгук быў нязменны:
– А мы ўжо заканчваем партыю …
Свидетельство о публикации №224021500743
Всего самого доброго, с уважением -
Латиф Бабаев 08.03.2024 13:31 Заявить о нарушении
Поколение советских людей, юность которых пришлась на семидесятые годы, хорошо помнят творчество вокально-инструментального ансамбля "Песняры", репертуар которых состоял из преимущественно белорусскоязычных песен.
Наверное, по этой причине появляется ощущение, что слушатель (читатель) знаком с белорусским языком.
С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.
Нелли Фурс 09.03.2024 09:14 Заявить о нарушении