Чаканне зiмы

Уладзімір і Ганна Дзямідчыкі
Іх дзеці і ўнукі:
Юрка і жонка Валянціна, сын Саша
Міша і Соня, два сыны Пеця і Леша і дачка памерла ў дзяцінстве
Толік і Дуня, дзяцей не было
Алег і Люся, тры дачкі Ірына, Алена, Алеся
Мікола і Настасся, сын і дачка Уладзімір і Аксана

Вёска рыхтавалася да зімы. Усё радзей наязджалі дачнікі, паціху забіралі састарэлых гаспадароў у горад дзеці і ўнукі. Па вечарах вокны свяціліся зусім у нешматлікіх хатах.
Соня і Дуня трымаліся адна за адну. Уголас ніхто гэта не агучваў, але малодшаму пакаленню было зразумела: пакуль абедзве жывыя, з месца іх чапаць не варта. Ужо потым, пасля, нешта прыйдзецца вырашаць... Але праходзіла адна зіма, за ёю іншая, а бабулі, здавалася, застылі недзе на парозе ці то старасці, ці то вечнасці, і ніякая, дзякаваць Богу, халера іх не брала. Нават кавід, і той неяк разам адпрэчылі: забаранілі дзецям прыязджаць у хату, сустракаліся на двары, як заўсёды, сілкаваліся цыбуляй ды часнаком замест замежных вітамінаў, вакцынавацца адмовіліся гэтак жа дружна разам, як рабілі ўсё астатняе ўсё жыццё.
Самае парадаксальнае было тое, што насамрэч яны былі адна адной ніхто па крыві, іх калісьці аб’яднала прозвішча братоў Дзямідчыкаў, за якіх дзеўкі па чарзе павыходзілі замуж.
З таго часу мінула амаль паўстагоддзя.
Братоў было калісьці пяцёра, аднак зараз з усіх застаўся толькі адзін, малодшы.

Мікалай жыў на самым канцы вёскі, у той старане ўжо не засталося нікога з іх пакалення, толькі ўлетку, на дачны сезон прыязджалі дзеці і ўнукі іх колішніх равеснікаў. Жонка яго, Настасся, памерла гадоў пяць таму, у адзін момант схапілася за сэрца і нават хуткай не дачакалася, хоць, грэх жаліцца, медыцынская дапамога заўсёды прыязджала да іх даволі шпарка, хвілін за дваццаць.
Мікалай быў малодшым з братоў Дзямідчыкаў. Але ўжо нават яму, меншаму, споўнілася за семдзесят. І суседзі здзіўляліся, як завіхаецца па гаспадарцы мужык, які ўсё жыццё пражыў пры клапатлівай бабе, і дзеці неаднаразова падштурхоўвалі яго пераехаць да кагосьці з іх. Дачка і сын абодва жылі ў сталіцы, абодва мелі кватэры і былі гатовыя забраць бацьку. Але Мікалай заставаўся ў роднай хаце: дзе нарадзіўся, тут і паміраць трэба. Ён жыў у бацькоўскім двары, хату гэтую яны, браты, адбудавалі з татам, калі Колю, самаму малодшаму, было дзесяць, а Юрку, старэйшаму, васемнаццаць.
Браты разышліся па сваіх вуглах, а бацькоўскі кут застаўся ім з Настассяй, яны і даглядалі і маці, і тату. Але дапамагалі ўсе, маці пасля інсульту некалькі год ляжала, не рухалася, і дзеўкі-нявесткі па чарзе прыходзілі дапамагаць Настассі і мыць, і перакладаць састарэлае, невялічкае, сухое, але такое цяжкое цела жанчыны, што нарадзіла іх дужых, моцных, шыракаплечых мужыкоў: браты былі нібы на падбор, і ростам, і выглядам як тыя асілкі, хоць і пасляваеннай пары дзеці, але вымахалі – усім дай Божа такіх сыноў. І нявесткі былі добрыя, па гаспадарцы спрытныя, да скандалаў не свойскія, усё жыццё разам жылі, адно другому дапамагалі. Эх, прамільгнула жыццё, і не агледзісся...
Як вырашалі пытанне з завеяшчаннем астатнія, Мікола не пытаўся. З пляменнікаў толькі Сашка застаўся ў вёсцы, жыў разам з маці Валянцінай, жонкай старэйшага з братоў. Але ён і быў адзіным сынам, дзяліцца ні з кім не трэба. Ужо б, наадварот, лепей знайшоў бабу якую, ды пра сваю, уласную сям’ю дбаў.
Калісьці ў маладосці Сашка закахаўся у дзяўчыну з суседняй вёскі, і добра ў іх ладзілася, нават жаніцца думалі, а потым нехта напляткарыў, што яна нейкай дальняй раднёй даводзіцца ці то Дзямідчыкам, ці то Сашкавай маці, бо яна таксама была не з мясцовых, і планы на вяселле зруйнаваліся. А хлопец больш ні на кога і не глядзеў, а зараз – куды, шосты дзясятак размяняўшы... Эх, і навошта тады пляменнік слухаў тыя нагаворы, нават калі і сапраўды дзесьці чые продкі агульныя былі, дык што здзіўляцца, у іхняй вёсцы праз аднаго прозвішчы паўтараюцца: Дзямідчыкі, Капыткі ды Міхалецкія. Пэўна ж, аднойчы ўсе раднёй былі.
Праязджаючы міма Юркавай, а зараз, пэўна Сашкавай хаты Мікалай цокнуў языком, але спыняцца не стаў: сёння па плану было іншае.
У пэўным сэнсе ён адчуваў сябе, як бы па-савецку гэта пазначылі, брыгадзірам – адказным за ўсю вёску. Калгасаў даўно не было, і вёсачка іх, схаваная паміж лясоў і палёў, цішэла ды бязлюднела ўсе апошнія трыццаць год, спачатку зачынілі школу, потым – клуб, апошняй зруйнавалі старую, адбудаваную адразу пасля вайны ферму. Толькі ФАП пакуль заставаўся: у вёсцы жылі пераважна пенсіянеры. Вось за іх Мікалай і турбаваўся. Кожны дзень на сваім міні-тракатарычку, а летам, то і на веласіпедзе – як-ніяк, па сённяшніх мерках ён, бадай, ці не самы маладзейшы ў вёсцы – Мікола нібы рабіў аб’езд уздоўж абедзвюх вясковых вуліц, то на возера, то ў суседнюю вёску ў магазін, а нярэдка і на могілкі – родных праведаць. А па дарозе заадно прыкмячаў жыццё за знаёмымі плытамі: у Соні з Дуняй сабака брэша, то ўсё пакуль у адносным парадку. У суседзяў Міхалецкіх, Галіны з Паўлам, бадай, адзінай пары, што засталася ў вёсцы разам, дымок з хаты паднімаецца – таксама можна не хвалявацца. Сашка, той і сам калі загляне, пра маці распавядзе, пра Міколавых спытаецца, сам навінамі з сельсавета падзеліцца: пляменнік хадзіў або ездзіў на працу ў цэнтральную веску.
Цяжэй за ўсіх было з Люсяй.

– Горка! Горка! Коля, ты чаму маўчыш? – Соня, якая сядзела побач, падпіхнула хлопца локцем.
Ён ніякавата павёў плячыма, і каб братавая адчапілася, прамармытаў: – Горка...
Калі сёння каму і было сапраўды гэтак, як патрабавала жадаць маладым старая традыцыя, то так можна было сказаць пра Колю.
Ён да апошняга, разумеючы ўсё глупства і дарэмнасць сваіх патаемных мараў, спадзяваўся, што здарыцца нешта гэткае, ад чаго гэтае вяселле не спраўдзіцца.
Яго раздзіралі пачуцці, настолькі моцныя і адначасова супрацьлеглыя ў моцы сваёй, што гэта амаль пужала. Але ўсе, і сам Мікола ў першую чаргу, ведалі, што ён не баіцца анічога: ні на спор застацца ў начным аднаму з цэлым табуном коней, ні сплаваць на той бок возера і назад без перадыху, ні тайком ад бацькі выкрасці цыгарэтны пачак. А тое, што спрабаваць закурыць ён адмовіўся напроч, ніхто і не спісаў на палахлівасць: Коля не бачыў у тым сэнсу і ніхто б яго не прымусіў даказваць сваю адвагу такім манерам.
Але зараз ён не разумеў сам сябе. Захапленне братавай абранніцай, зайздрасць да самога брата Алега, пачуццё віны за такія недапушчальныя думкі – усё пераблыталася ў яго свядомасці.
– Ой, Колька, выпусці мяне, – зноў штурхнула яго Соня, старэйшая братавая. – Нешта горача надта ў хаце, млосна мне.
Яна павольна паднялася з-за стала, прытрымліваючы ўжо даволі прыкметны жывот.
– Давай дапамагу, – збянтэжана падставіў руку Мікола, – хадзем на вуліцу, падышаць. А дзе Мішка?
– Ай, – адмахнулася Соня, – мо, за гарэлкай палез, вунь, глянь, як разыходзіцца, хоць бы хапіла запасаў нашых.
– Ну, табе не пра тое зараз хвалявацца, – махнуў галавой Коля.
– І табе таксама, хлопчык, хвалявацца не трэба, – ціхенька, нібы спачувальна прамовіла жанчына. – Гэта табе здаецца. Тваё шчасце цябе наперадзе чакае.
Мікалай коратка, спадылба глянуў на Соню і, адчуўшы, што чырванее, паспрабаваў ці то супярэчыць, ці то апраўдацца, а можа, прыкінуцца, што не разумее: – Ты пра што, Соня?
– Колька, ты не спяшайся. Усё ў цябе будзе, сваё, не адабранае. А Люся... Люся дарослая для цябе. І... – Соня памаўчала, нібы вагаючыся, ці варта працягваць, але дадала: – яна прыгожая, добрая, але Алегу з ёй будзе нялёгка.
І чаму ў памяці ўзнік той эпізод, здзівіўся пра сябе стары Мікалай. Цікава, ці сама Соня яго не забыла. Але ж не спытаеш... Яны ніколі за ўсё жыццё, а з тае пары прайшло больш за паўстагоддзя, не вярталіся да размовы пра брата і яго жонку. Ды і сам ён амаль не ўспамінаў пачутыя тады словы, так што ўвогуле магло падацца, а ці не здалося яму тое Соніна прароцтва.
Братавая мела рацыю. І тое, што Коля ўспрымаў за першае каханне, прайшло даволі хутка, нават яшчэ да з’яўлення ў яго жыцці Настассі, і з Люсяй Алегава сямейнае жыццё не надта гладка складвалася. Можа, з непрывычкі яе, гарадской дзяўчыны, да вясковага побыту: Люся нарадзілася і, пакуль не скончыла педвучылішча, жыла не абы-дзе, а ў сталіцы, а ў вёсцы іх апынулася, лічы, амаль выпадкова – па размеркаванні. Напрыканцы сямідзесятых адмовіцца ад абавязковых і амаль непазбежных двух гадоў адпрацоўкі маглі сабе дазволіць толькі дочкі вельмі высокапастаўленых асоб, а Люся ўсё ж да такіх не адносілася. Калі б не знаёмства з Алегам, яна б, канечне, у вёсцы не затрымалася. Але... Каханне перамагло. Праўда, потым яны спрабавалі пераехаць у горад, але Алега цягнула назад, на радзіму, да зямлі. І Люда ўсё ж падпарадкавалася мужу.
Цікава было іншае: нават пасля смерці Алега, заўчаснай і вельмі нейкай недарэчнай – ён, не дачакаўшыся нават пяцідзесяцігоддзя, патануў у возеры, якое, здавалася, ведаў з дзяцінства, як свае пяць пальцаў, сапраўды, – i нават пасля таго як сама пайшла на пенсію, а дзеці раз’ехаліся спачатку па інстытутах, а потым і ўладкаваліся ў горадзе працаваць – Люся засталася тут, у вёсцы.
Яна не вельмі часта заходзіла да сваякоў, і тыя, інтуітыўна адчуваючы яе стрыманасць, таксама імкнуліся не выказваць назойлівасць. Ды і каму ўжо гасцяваць: на ўсю вёску, лічы, пяць з паловай хат засталося, яшчэ летам, дык на чыёйсьці лавачцы бабы збяруцца, а ўзімку і ўвогуле кожная ледзь па сваім двары тупае.
Таму і лічыў Мікалай доўгам не доўгам, абавязкам не абавязкам, але нейкай ўнутранай душэўнай патрэбай раз-два на тыдзень наведваць усіх, хто заставаўся ў Арэшніках. Так сказаць, трымаць сітуацыю пад кантролем. Тэлефоны і гэтыя, новыя, як іх, мабільнікі – гэта, канечне, добры сродак сувязі, але пад старасць глухаваты становішся, яшчэ паспрабуй дакрычацца ў тую трубку. А пабачыш чалавека, словам перакінешся – і абодвум весялей.
Калі быў жывы Юрка, Міша, ды ўсе яны, пяцёра братоў Дзямідчыкаў, збіраліся па суботах, кабеты накрывалі на стол, усе разам мітусіліся дзеці, і сядалі за агульную вячэру, – жыццё віравала і здавалася, так будзе заўсёды, на тым трымаецца свет.
Усё мінецца, толькі праўда застанецца, – любіла паўтараць маці.
І дзе зараз тая праўда?..

– Соня, ці ты спіш?
Яна варухнулася пад коўдрай пад нягромкі гук тэлевізара.
– Не, не сплю. Вунь, балаболку ўключыла, хутка ж кіно пачнецца.
Дуня, расчырванелая з вуліцы, прысела побач.
– Што паштальёнка казала... – у задуменні сказала жанчына.
Пенсію ў вёску прывозіла паштовая машына раз на два тыдні. Для мясцовых гэта было не тое каб свята, але нагода пабачыць, хто яшчэ тут, не з’ехаў на зіму, не захварэў, не...
“На пошту”, як і паўсюль, хадзіла Дуня. Яна была і маладзейшая – з усіх Дзямідчыкавых нявестка Дуня апынулася самай маладой, хоць замуж пайшла за сярэдняга па старшынстве брата, Толіка. Увогуле, раз-пораз, асабліва на пачатку і не свае, блыталіся, хто ў гэтай вялікай сям’і каму і кім прыходзіўся, дзе былі і з кім раслі чые дзеці. Але, зразумела, самі Дзямідчыкі ведалі, што да чаго. Цікава, ці задумваўся ўпотай пра тое хоць хто з іх?
Магчыма, калі б яны былі звычныя весці такія абстрактныя, філасофскія размовы, можа, што і ўсплыло б вонку. Але за ўсе амаль пяцьдзясят год, праведзеныя Дуняй сярод братоў, іх жонак, дзяцей, бацькоў, яна не прыпомніла б ніводнага такога выпадку.
А можа, і на жаль...
Ёй, напрыклад, было б цікава, як астатнія ўспрымалі ўзрост. Самой Дуні, прынамсі, стала ў нейкім сэнсе нават лягчэй пасля сарака. Магчыма, гэта таму што ў маладосці яна адчувала сябе нібы недарэчнай: дзеці былі ва ўсіх, акрамя іх з Толікам. Чаму так атрымалася, яна не ведала. Да дактароў асабліва не ездзілі, і ў кім была прычына, і ці можна было нешта змяніць, так і засталося сакрэтам. Жылі яны добра паміж сабой, адзін другога ніколі не вінавацілі, яна нават у думках не шкадавала і не загадвала, а можа, з кімсьці іншым і ў яе, і ў Толіка лёс бы атрымаўся ляпшэйшы. Склалася як склалася. Але часам, канечне, па-бабску зайздрасць брала: ва ўсіх братоў дзеці нарадзіліся, хоць па аднаму, а Соня вунь і дачушку пахавала, але ж ўсё роўна – ведае, якое шчасце, калі ў цябе ёсць яно, часам шкодлівае і ўпартае, часам непаслухмянае і дзёрзкае, але такое роднае, любімае, самае дарагое на свеце – сваё дзіцё.
З другога боку – а калі іх некалькі? Каго любіш мацней? Каго шкадуеш, каму імкнешся дапамагчы ў першую чаргу ці, наадварот, з каго болей спрос і адказнасць? Назіраючы за пляменнікамі, Дуня яскрава бачыла, якія розныя атрымаліся маладзейшыя Дзямідчыкі па характару, дарма што знешне амаль усе яны няўлоўна выдавалі адзіную, смуглаватую, быццам паўднёвую пароду: вочы цёмныя, валасы курчавыя, сонца ўсе любяць. І танцы чамусьці яны таксама ўпадабалі ўсе, мусіць, ад свякрухі, тая, казалі, у маладосці магла любога так завіхурыць пад музыку, што з усёй ваколіцы не было хлопца, хто б супроць яе утрымаўся на пасядзелках пад баян. Нават ужо сталай кабетай, на вяселлях у дзяцей і старэйшых унукаў, Ганна Дзямідчыха плясала так, што маладыя з захапленнем пляскалі ў далоні. А вось бачыш, як атрымалася – апошнія гады Ганна ляжала нерухомая, і толькі ў памяці нешматлікіх ужо аднавяскоўцаў засталася тая прыгожая, вабная, хуткая на рух кабета, якая любіла і польку, і цыганачку, і кадрыль і аднолькава хораша магла выйсці, што ў пары, што адна, на танцпол. “Эх, каб хоць аднойчы наша бабуля пабачыла вялікую сцэну! – сказала неяк Алеся, адна з унучак. – Усе узнагароды былі б яе!”
Сцэну замест бабулі, і нават не адну, пабачыла якраз сама Алеся: яна скончыла спачатку вучылішча, потым інстытут культуры і працавала харэагрофам-пастаноўшчыкам у адным са сталічных даволі вядомых дзіцячых калектываў. Разам са школьнікамі ездзіла на конкурсы і выступленні, і ў Еўропу, і па СНД, не кажучы ўжо пра ўсе беларускія абласныя цэнтры.
Увогуле ўсе ўнучкі жылі няблага, замуж пакуль не выйшла толькі малодшая дзяўчына Алега і Люсі, Аксана, але ёй яшчэ і трыццаці няма, можна не спяшацца, зараз усе хочуць спачатку сябе рэалізаваць. Не тое што ў іх маладосці: у дваццаць пяць ужо хваляваліся.
Самая старая з іх, нявестак, прыйшла ў сям’ю, пэўна, Настасся: ёй было дваццаць тры. Затое Дуні, калі жаніліся з Толікам, толькі-толькі васемнаццаць споўнілася.
Увогуле, уся маладосць з далечыні перажытага здавалася Дуні нібы светлым пятном, шэрагам вяселляў, народзін, хрысцін – святаў, адным словам. Толькі шкада, сярод іх так і не знайшлося магчымасці павіншаваць з мацярынствам яе саму. І хоць яны неаднойчы бралі да сябе пляменнікаў, у іх хаце тыя ашываліся не менш, чым у родных бацькоў, але... Але неспраўджанае жаданне назаўсёды засталося ў Дуні недзе пад сэрцам, нібы асколак, які нельга паварушыць, каб не забіць самога чалавека, і з гэтым кавалачкам металу камусьці прыходзіцца правесці ўсё жыццё. Так і ў яе - на ўсё жыццё.

Неяк так атрымалася, што на каляды ў вёску прыехалі амаль усе. Звычайна дзеці і пляменнікі разам збіраліся рэдка, замінала праца, хваробы малых, і хоць на дзяды і на радаўніцу наведвалі і бацькоўскія хаты, і бацькоўскія магілы, часцей адбывалася гэта па чарзе, адно свята адны, у наступны раз іншыя. А тут і да Люсі прыехалі дзеўкі, і Соніны сыны, не было толькі малодшай Мікалаевай дачкі. Сабраліся разам у Валянціны: у іх была вялікая баня, куды, прыязджаючы, любілі хадзіць усе, дужа лёгкай, сапраўды, выходзіла пара.
За сталом іх расселася, лічы, бадай ці не дваццаць чалавек, і гэта без найменшага, наступнага пакалення. Але ж да такой талакі з маленства ўсе былі звычныя, успомнілі, як, перш чым садзіцца за стол, дзед патрабаваў свой відэлец – быў ён асабістым, усе ведалі, стары, амаль пачарнелы, аднак ніхто не асмельваўся замяніць. На каляды баба Ганна даставала каўбасы і спецыяльна да святаў прыхоўвала пляшку, а пакуль трымалі карову, то і малако было сваё. Адзін з зяцёў, упершыню паспрабаваўшы прысмакаў, два дні пасля дапытваў Ганну пра рацэпт самагонкі, чаму хмель бярэ, але галава не баліць, і напаўжартуючы, а мо, і не жартуючы, прапаноўваў наладзіць маштабную прамысловасць: – У Мінску знойдуцца пакупнікі, далібог!
Ужо і бабулі не было больш як дваццаць год, і зяці-унукі пастарэлі ды палыселі...
Валянціна, Соня, Люся – усе ўпотай аглядалі і сваіх, і пляменнікаў, іхніх мужыкоў, жонак, малых, і кожная ўспамінала нешта сваё...
Пасля, мусіць, трэцяй чаркі ўсіх папрасіў сцішыцца Сяргей – Аленін муж, сярэдні Люсін зяць. Жылі яны, як і астатнія дзеўкі гэтай галінкі сямейнага дрэва Дзямідчыкаў, у Мінску, але, пэўна, лепш за іншых: Сяргей яшчэ з маладосці займаўся машынамі, з цягам часу выкупіў невялікую СТА, і грошы ў іх вадзіліся нядрэнныя. Не гэтыя, як іх, алігархі, але хапала і на ўласны катэдж, і на вучобу дзецям, і на штогадовыя адпачынкі ў Турцыі. Цешчы, Люсі, яны таксама дапамагалі, то ў хаце адрамантаваць тое-сёе, то вазілі на абследаванні, а пасля смерці Алега не раз прапаноўвалі пераехаць да іх, маўляў, месца хапае. Карацей, сярод усёй радні Сяргей быў галоўны бізнесмен.
– Цётачкі і дзядзька, і ты, Сашка, – матнуў Сяргей галавой у бок гаспадара тутэйшай хаты, – ну, і вы ўсе, астатнія, паслухайце, толькі, чур, не адмаўляцца і не кусацца адразу.
За сталом сапраўды прыціхлі. Ірына, старэйшая з Люсіных дачок, кінула запытальна позірк на Алену, Сяргееву жонку, – маўляў, ты ж ведаеш, пэўна, – але тая ніяк не адрэагавала.
– Я разумею, што ў вёсцы мала хто ўжо жыве, акрамя дачнікаў летам, вас ды хіба яшчэ дзве-тры хаты засталося, – працягнуў Сяргей. – Калі не ведаеце, то пасля пандэміі, ды яшчэ з усімі палітычнымі падзеямі навокал нас з Беларусі надта нікуды не пускаюць. Усе сталі цікавіцца, як можна дома турызм арганізаваць, выкупляюць зямлю, прыдумляюць, чым можна зацікавіць, і на гэтым робяць бізнес. А чаму б і нам не паспрабаваць? Месцы навокал прыгожыя, і лес, і рэчка побач, а ў суседняй вёсцы, я пашукаў, да рэвалюцыі і сядзіба панская была, і смалакурня, можна цэлыя гісторыі распавядаць наведвальнікам.
– Гэта ты да чаго? – не ўцяміўшы, спытаў Пеця, старэйшы Сонін сын. – Экскурсіі вазіць хочаш? Дык тут жа інфраструктуры няма зусім. Аўтобус, і той не ходзіць, магазін зачынены, клуб даўно разбурылі.
– Да таго і вяду, – спакойна патлумачыў Сяргей. – Што, калі мы забярэм маці ў горад – не толькі мы з Аленай, усе старажылы з вёскі раз’едуцца, хаты адрамантуем, перафармаціруем, дадамо колькі пакояў, акрамя Сашкавай бані, паставім яшчэ адну ці дзве, карацей, арганізуем аўтэнтычны шляхецка-сялянскі побыт для тых, хто хоча адпачыць ад гарадской мітусні. І будзем грошы зарабляць.
Нейкі, вельмі нядоўгі момант за сталом панавала цішыня, але тут жа яе прарэзаў голас Ірыны, той самай, што ва ўпор глядзела на Сяргееву жонку, а сваю сястру Алену трыма хвілінамі раней. Ірына заўсёды была не дыпламаткай, магла каму хочаш і што хочаш у вочы сказаць, за словам у кішэню не лезла.
– Ці ты здурэў? У бацькоўскую хату кліентаў пускаць? – у яе гэта прагучала, нібы Сяргей збіраўся арганізаваць не сядзібу, а прытон.
– А я куда дзенуся? – з іроніяй следам спытаў Сашка. – У бамжы ў горад паеду?
– Не перабольшвай, – скрывіўся Сяргей. – Ніхто цябе сілком не выганяе, да таго ж і тут камусьці, на месцы, трэба будзе распараджацца.
– А даходы ты як размяркоўваць будзеш? З намі падзелішся? – ухмыльнуўся Валодзя, Уладзімір Мікалаевіч, названы ў гонар дзеда, таго самага Ладзіміра Дзямідчыка, што быў пачаткам і коранем усім, хто сядзеў зараз за сталом. Чалавеку чужому, магчыма, падалося б, што пытанне дабрадушна-зацікаўленае, але большасць разумела, што Уладзімір менавіта ўсміхаецца.
Пасля гэтага загаварылі амаль усе разам, перабіваючы адзін другога.
Маўчалі толькі старыя. Разгубленыя, агаломшаныя, і нават было незразумела, пакрыўдзіла іх сама прапанова Сяргея ці рэакцыя астатніх. Рэакцыя, дарэчы, была даволі адназначная, мяркуючы па выказваннях, ніхто не збіраўся пагаджацца, але сам факт, што іх, гаспадынь і гаспадара, нават не спяшаліся спытаць... Упершыню, пэўна, за ўсё жыццё Дуня амаль узрадавалася, што ў яе няма дзяцей.
Першым спахапіўся, відаць, падумаўшы пра тое, што і яна, Лёша. Яе любімы пляменнік, малодшы хрэснік, другі сын Мішы і Соні, якому яна і пакінула сваю хату.
Пасля смерці Толіка Дуня пражыла адна яшчэ год сем. Калі-нікалі прыходзілася цяжкавата, але, дзякаваць Богу, хлопцы, і Лёша, і старэйшы яго брат Пеця, ёй дапамагалі больш за ўсіх іншых: і дровы, і страху перакрылі, і, калі ўжо перастала даглядаць жывёлу, разабралі стары, амаль струхлелы сарай. Неяк трымалася. А потым Соня – яна таксама жыла ўжо адна – зламала руку. Ехаць, нават на зіму, да дзяцей яна адмовілася, нягледзячы на шчырыя запрашэнні абедзвюх нявестак. Дуня, як зараз Мікола з яго штодзённым абходам вёскі, наведвала Соню пастаянна, і па гаспадарцы завіхалася, сёе-тое гатавала, прыбірала, і калі-нікалі дапамагала памыцца. А як сталі прыціскаць маразы, Соня сама прапанавала пераходзіць жыць да яе – толькі пакуль зіма. Усё весялей, ды і печку тапіць на дваіх лягчэй у адной хаце.
Дуні шкада, шчыра кажучы, было пакідаць сваю кухню, гарод, свой наладжаны не гадамі – дзесяцігоддзямі распарадак. Баялася, як будуць яны ўдваіх ужывацца, дзве гаспадыні, ніколі ні з кім не вымушаныя дзяліць сваю, хай сабе і хатнюю, уладу. Але неяк прызвычаіліся, сапраўды, разам было не так смутна і жахліва. Прачынаючыся часам сярод ночы, Дуня ў першае імгненне не магла зразумець, дзе яна, і толькі потым свядомасць вярталася ў рэальнасць: так, яне не адна, не ў сваёй хаце, з дальняга кута чуваць дыханне, а калі-нікалі і мармытанне братавай.
На лета яна яшчэ спрабавала вярнуцца да сябе, дамоў. Але, як ні шкада было прызнавацца, сапраўды рашэнне перайсці жыць да Соні было найлепшым, прынамсі, пакуль. Адзінае, чаго сама Дуня баялася, – толькі каб яе не перажыць. Ехаць ні да кога з пляменнікаў, калі зусім зняможа, яна не хацела яшчэ больш,чым родныя іх бацькі, зразумела. А ўявіць жыццё ў інтэрнаце для састарэлых...
Дарэчы, а куды, па логіцы Сяргея, яны б адправілі яе?...
Праз два гады Дуня перапісала хату ў спадчыну Лешу – каб было па справядлівасці. Старэйшаму з Соніных сыноў, Пецю, павінна была потым застацца хата маці з бацькам.
Лёша, павярнуўшыся да маці, цёткі і дзядзькі Мікалая, спытаў – ці то ў іх, ці ў маладзейшых Дзямідчыкаў: – А што, ці гэта мы павінны вырашаць? Мы тут пакуль не гаспадары, так, дзядзька Мікола?
Усе сумеліся.
– Сапраўды, што мы абмяркоўваем, – з відавочным сорамам сказала Алеся, малодшая з усіх братоў і сясцёр, адзіная пакуль адзінокая дзяўчына. За ўсімі ўжо былі ў якасці ці то падтрымкі, ці то правакатараў мужыкі, жонкі, дзеці, усім трэба было заваёўваць жыццёвую прастору, паляпшаць даходы сям’і, забяспечваць, дасягаць, планаваць, дзяліцца, улічваць не толькі свае жаданні, але і інтарэсы блізкіх. Алеся пакуль была вольная творчая птушка. – Што мы, бацькоўскія хаты прадаем? Ці і маці з бацькам гатовыя заадно вырачыся? Ды тата, пэўна, у труне перавярнуўся, – яна ўсхліпнула і выйшла з-за стала.
– Прабач, мама, – спахапілася амаль следам Ірына, і ў той жа час Уладзімір амаль паўтарыў за ёй: – Тата, мы б да такога не дадумаліся ніколі, павер!
Астатнія сядзелі моўчкі, але Лёшына жонка ўстала і пачала збіраць брудныя талеркі. Да яе, узрадаваныя магчымасцю хоць нечым заняцца, хутка далучыліся астатнія кабеты.
Мужыкі пайшлі перакурыць на двор. Праз зачыненае вакно не было чуваць, пра што дакладна ідзе гаворка, але інтанацыі Сяргея відавочна выдавалі апраўданне.
Ірына павярнулася да сястры: – І ты пра гэта ведала?! Няўжо табе не сорамна, як толькі вам у галаву такое магло прыйсці! Ці вам грошай мала?
– Ён жа не толькі з-за грошай, – вінавацячыся, адказала за мужа Алена. – Ён хоча ажывіць месца. Пачнуць прыязджаць на адпачынак, вёска не сканае зусім. Тут жа амаль нікога не засталося ўжо...
Яна змоўкла, глянуўшы на цётку Валянціну.
Соня і Дуня падняліся амаль разам: – Пойдзем ужо, наседзеліся.
– І я з вамі, дзеўкі, – адгукнуўся Мікола.
Чамусьці гэтае “дзеўкі” ўсіх рассмяшыла. Люся падштурхнула яго ў спіну: – Не адставай, кавалер, як мы без цябе ўправімся.
Усе чацвёра выйшлі на ганак. Сяргей, разгублены, павярнуўся ў іх бок: – Я ж не хацеў вас пакрыўдзіць, не думайце. Ці мне той бізнес патрэбны?.. – ён развёў рукамі.
– Мы радзіму не прадаем, –нямоцна штурхнуў яго ў плячо Сашка.
– Грошай у цябе столькі не набярэцца, – дадаў Валодзя.
Астатнія дружна зарагаталі.

19.01–02.02.2024 г.


Рецензии