Цудадзейная дыета

Цудадзейная дыета

Я практычна не сустракала жанчын, якіх задавальняла б іх уласная вага. Прычым, гэтая асаблівасць – не павеў часу, навязаны сучаснымі дакучлівымі сродкамі масавай інфармацыі; на маёй дарослай памяці так было заўсёды.

У ардынатарскай аддзялення рэўматалогіі, будучы ўрачом-інтэрнам, я ўслых захапілася сілай волі калегі Іны, якая за кароткі час скінула лішнюю вагу.

Жаночая палова мяне падтрымала; мужчыны ў абмеркаванні тэмы не ўдзельнічалі.
Толькі Саша Б., афармляючы гісторыі хваробы, нягучна прамармытаў:

– А я, напрыклад, ровары не люблю!

– Прычым тут ровары? – пацікавілася калега, якая сядзела побач з ім.

– Таму, что Іна, такая прывабная раней, стала падобная на транспартны сродак – двухколавы ровар! – ужо гучна адказаў Аляксандр.

Славутая жаночая салідарнасць выявілася ў не зусім шчырым абурэнні. Верагодна, слухаючы выказванне Сашы, аматаркі смачна паесці думалі:

– А няма чаго табе, Іна, адрывацца ад калектыва!

Адчуўшы змены ва ўспрыманні жанчынамі яго спрэчнай заявы, Аляксандр працягнуў:

– Я Іне, як даўняму сябру, так і сказаў: на каго ты стала падобная?! У цябе ж паміж ног сучка праскочыць!

– Саша, як ты можаш! – абурылася я.

– Магу! Між іншым, уважліва аглядзеўшы сябе ў вялікае люстэрка, Іна пагадзілася са мной – і сапраўды, праскочыць! – спакойна адказаў Аляксандр.

Дзяжурная медыцынская сястра запрасіла мяне да тэлефона; я не даведалася развязкі ініцыяванай мною размовы.

У той дзень сяброўка працавала ў другую змену. Дачакаўшыся яе прыходу, я мімаходзь удакладніла, ці была ў іх з Аляксандрам размова на “сабачую” тэму.

– Так, была, здаецца, пазаўчора! – пацвердзіла Іна, амаль даслоўна перасказаўшы Сашыну інфармацыю.

– І што, цябе не збянтэжыла такая грубая інтэрпрэтацыя вынікаў тваіх пакут? – удакладніла я.

– А чаму яна павінна мяне бянтэжыць! Гэта ж праўда! Сама паглядзі, хіба такія ногі былі ў мяне раней, да пахудання? – прыпадняўшы спадніцу, прадэманстравала мне сяброўка вынікі сваіх дыетычных пакут.

– Саша ж мае рацыю: паміж маімі цяперашнімі нагамі не цяжка праскочыць сабачай асобіне любога полу! – вобразна ацаніла свае “гераічныя” дасягненні Іна.

– Зараз відавочныя матывы твайго сяброўства з Сашам: два боты – пара! – з разуменнем вымавіла я.

Праз два месяцы фігура калегі прыняла свае першапачатковыя формы, вярнуўшы сабе часова страчаную індывідуальнасць.

У медыцыне часта гавораць аб законе “парных выпадкаў”, перш за ўсё маючы на ўвазе ідэнтычныя захворванні, эпізоды, казусы. У маім выпадку закон прыроды аб паўторных з’явах меў адтэрмінаваны характар і спрацаваў праз пятнаццаць гадоў ад апісанага вышэй эпізоду.

Гісторыя “непрымірымай” барацьбы жанчын з залішняй вагой паўтарылася ўсё ў тым жа, рэўматалагічным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы; у той раз гераіняй забаўнага сюжэту стала я.

Прыкладна за два месяцы да водпуску я прыступіла да апрабацыі дыеты, аўтарам якой з’яўляецца мая сястра Таццяна. Пераносіла рэжым я даволі лёгка, у адпачынку дапоўніўшы яго значнымі фізічнымі нагрузкамі.

 Вынік трохмесячнага эксперыменту мяне парадаваў: мне аказаліся якраз любімыя рэчы, набытыя ў самым пачатку працы ўчастковым урачом-тэрапеўтам.

Вось на гэтыя істотныя змены майго знешняга выгляду і звярнулі ўвагу калегі падчас штотыднёвага абыходу аддзяленняў стацыянара.

Пасля агляду ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй паказаных хворых урачы афармлялі пратаколы пасяджэнняў ВКК; у гэты час у ардынатарскую зайшла старшыня прафсаюзнага камітэта гарадской бальніцы Аксана Бязуглая. Прывітаўшыся, яна замоўкла, пільна разглядаючы мяне.

– Вы так здорава схуднелі, як Вам гэта ўдалося? Можа, падзеліцеся сакрэтам? – звярнулася да мяне калега.

– З задавальненнем, Аксана Паўлаўна! Гэтая вельмі прастая дыета – вынаходніцтва маёй сястры Таццяны.

– “Павольней, я запісваю …” – пад суправаджэнне класічнай фразы Шурыка з “Каўказскай палонніцы”, калега таропка пачала шукаць ручку і лісток паперы.

Знайшоўшы, зручна ўладкавалася за сталом:

– Я гатова!

– Добра, пачнем! – прыступіла я да выкладу “асаблівай” дыеты.

– Сняданак – дзве сталовыя лыжкі аўсянкі, завараныя крутым кіпенем. Я дадаю ў гэтую “размазню” чайную лыжку працёртых журавін, якія практычна не ўтрымоўваюць цукру. Гарбата – таксама без цукру.

– Абед – звычайны: першае і другое. Мяса, рыба, гародніна – пераважна адварныя ці тушаныя. Ніякіх узвараў, прысмакаў, хлеба. Кава ці гарбата – без цукру.
 
– Вячэра – да шасці гадзін вечара, сто грамаў нятлустага тварагу і гарбата. Можна шклянку кефіру або сыраквашы. На працягу дня – любыя несалодкія вадкасці ў неабмежаванай колькасці.

– А горкае піва – можна? – удакладніў гарэзлівы доктар-інтэрн.

– Не, выключаецца любы алкаголь, у тым ліку, высокакаларыйнае піва. А то ў прыгожага і стройнага лекара вырасце “піўны” жывот. І ён, доктар, як дробны правінцыяльны жулік Міхаіл Панікоўскі, будзе слёзна скардзіцца: “… мяне дзяўчаты не кахаюць!” – адказала я ў тон дапытліваму калегу.

Яшчэ падчас выкладання я звярнула ўвагу, што дактары адарваліся ад напісання гісторый хваробы і ўважліва слухалі мяне, робячы пазнакі. Нават загадчык аддзялення, які зайшоў у ардынатарскую па нейкай патрэбе, затрымаўся.

У канцы майго апавядання Аксана Паўлаўна, як дасведчаны тэатральны партнёр, падала рэпліку:

– Так проста?!

– Увогуле, так! – адказала я, ужо адчуваючы, як весяляцца мае няўрымслівыя ўнутраныя “чарцянята”.

– Самы цяжкі час надыходзіць прыкладна ў дзесяць гадзін вечара. Есці хочацца так, што засушаная леташняя скарыначка хлеба ўяўляецца маннай нябеснай! – працягнула я апавяданне з драматычнымі ноткамі ў голасе.

 Слухачы з нецярпеннем чакалі развязкі. Столькі надзеі на няцяжкае пахуданне было ў вачах калег, што я проста не мела права падмануць іх чаканні!

– Калі пачуццё голаду дасягне кульмінацыйнай кропкі, адразаеш кавалачак сала. Невялікі такі кавалачак, грамаў дзвесце-дзвесце пяцьдзесят. Стругаеш яго лустачкамі …

У аўдыторыі – рэдкія смяшкі; бОльшая частка слухачоў працягвае запісваць.

– Пераважней мець у хаце подавы барадзінскі хлеб. Яго не трэба шмат нарэзваць, усяго адну лусту таўшчынёй сантыметра паўтара …

Смех узмацняецца; ужо ніхто не запісвае.

– Выкладваем на вялікую талерку сала злева, хлеб – справа …

Злавіўшы здзіўлены погляд прафсаюзнага лідэра, растлумачыла:

– Так зручней …

Нястрымны рогат слухачоў не дазволіў мне завяршыць выклад унікальнай дыеты – размясціць у цэнтры талеркі парэзаную кольцамі цыбулю або зубчыкі часнаку.

Калі смех заціх, Аксана Паўлаўна расчаравана вымавіла:

– Я ж Вам паверыла, Нэля Гаўрылаўна! А Вы ўсё ў жарт звярнулі! Не хочаце дзяліцца сакрэтам!

Прыйшлося прызнацца, што арыгінальны рэцэпт дыеты быў выкладзены “да сала”.

А з вячэрнім пачуццём голаду змагаюцца з дапамогай усё той жа аўсянкі.
 
Са свежавыціснутым сокам лімона …


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Да, мастер вы разыгрывать коллег!
Чтобы похудеть, можно есть все, но столько, сколько входит в один стакан, но 5 раз в день и до 6-7 часов вечера. Позже намного снижается метаболизм.
Крепкого здоровья Вам и успехов!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   27.02.2024 15:36     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Более десяти лет не работаю в здравоохранении, а коллеги до сих пор вспоминают, каким "ласковым" словом назвал меня условно осуждённый строитель (миниатюра "Три буквы").

Такое разве забудешь?!

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   28.02.2024 09:42   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.