Гадзюка звычайная

Гадзюка звычайная
 
Пасля прачытання некалькі твораў аўтараў партала “Проза.ру”, “галоўнай гераіняй”якіх была гадзюка звычайная, мая памяць аднавіла падзеі аднаго даўняга, дзіцячага пахода за чарніцамі.

Ліпеньскай раніцай арцель здабытчыкаў накіравалася ў шырокаліста-хваёвы лес, які размяшчаўся на адлегласці прыкладна пяці-шасці кіламетраў ад нашага пасёлка Целяханы.

У склад кампаніі зборшчыкаў уваходзілі дзеці рознага ўзросту, у тым ліку, і дашкольнікі.

Збор чарніцы мы пачалі ў хваёвым бару, у якім былі ўпершыню. Хтосьці з рабят звярнуў увагу на мноства невялікіх конусападобных каўпачкоў, размешчаных на дрэвах. Вышэй месца мацавання на хвоях меліся ўзоры-насечкі, сыходныя да металічных жолабоў, ніжнія краі якіх закончваліся ў ярка афарбаваных конусах.

Самыя шкадлівыя з дзяцей паспрабавалі ўзлезці на дрэвы, дабрацца да прыгожых “цацак”; дарослыя спынілі гэтыя намеры, прыстрашыўшы сур’ёзным пакараннем.

Галоўная ў зборачнай брыгадзе – наша суседка Кацярына Іванаўна Белкіна, патлумачыла, што так збіраюць жывіцу – смалу.

Пазней я даведалася ў мамы, дыпламаванага спецыяліста-лесавода, што жывіца – смалістая густая маса іглічных дрэў засцерагае драўніну ад пранікнення караедаў і іншых шкодных уплываў. У прамысловасці смала выкарыстоўваецца для прыгатавання шкіпінару, каніфолі і лячэбных бальзамаў.

Вось для гэтых мэт і збіраюць жывіцу: надразаюць ствол сасны і смала ў выглядзе празрыстых і клейкіх кропель, сцякае ў прыймач, які падстаўлены зборшчыкамі.

Ужо тады, напачатку шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, мама была перакананая, што збор жывіцы згубны для іглічных дрэў і з’яўляецца адной з прычын усыхання хваёвых насаджэнняў.

Нас, дашкалят, усе гэтыя тонкасці мала займалі. Ледзь даслухаўшы фразу Кацярыны Іванаўны, разышліся па лесе шукаць лепшыя ягаднікі.

Хваёвыя бары ў тых месцах перамяжоўваліся з балоцістай мясцовасцю. Невялікія балотцы не ўяўлялі небяспекі для дзяцей: у іх не было дрыгвы.

У качкарніках раслі буякі звычайныя. Цяпер усе ведаюць пра іх лячэбныя ўласцівасці, а ў той час у нашай мясцовасці буякі мелі мноства непахвальных назваў: п’яніца, дурніца, п’яная ягада і г.д.

Дзікарослыя буякі і чарніцы, з выгляду падобныя, адрозніваюцца асаблівасцямі вырастання: буякі пладаносяць гронкамі, чарніцы – адзінкавымі ягадамі.

Мудрыя дарослыя арганізавалі паміж дзецьмі спаборніцтва на шпаркасць напаўнення адной набірушкі (невялікая ёмістасць для збору ягад) і агульнай колькасці чарніц, сабраных за ўвесь дзень.

Спаборніцтва ішло прыкладна на роўных датуль, пакуль некаторыя, не па ўзросце спрытныя дзеці, не сцямілі палегчыць сабе працэс збору ягад.

Неўзаметку адарваўшыся ад агульнай групы зборшчыкаў, яны адправіліся ў балотца.
І вельмі хутка высыпалі ў агульны сямейны кош напоўненыя ягадамі ёмістасці. Пра што гучна апавясцілі бацькоў і зноў накіраваліся ў качкарнік.

Дарослыя выявілі “фальсіфікацыю” пазней і строга забаранілі дзецям збіраць буякі; прыёмшчык ягад, устанавіўшы частковую падмену, адмаўляўся прымаць усю партыю чарніц.

 Добра ведаючы сваіх і суседскіх дзяцей, цётка Каця папярэдзіла:

— Дзеткi, туды лепш не хадзiце! Там вельмi шмат гадзючак!

– Ага, гадзючак! Поўныя банкі назбіралі і ніводнай змяі не бачылі! Гэта нас спецыяльна запужваюць! – вырашылі перадавікі чарнічна-буяковага збору і, усыпляючы пільнасць дарослых, затрымаліся недалёка ад месца прывалу.

Па традыцыі перад выхадам у лес старэйшы па брыгадзе дарослы праводзіў з дзятвой кароткі інструктаж па тэхніцы бяспекі:

1) збіраць ягады ў межах бачнасці асноўнай групы зборшчыкаў

2) не дакранацца да невядомых ягад і, ні ў якім разе, не спрабаваць іх

3) убачыўшы змяю, асцярожна адысці да дарослых.

 Безумоўна ў нас працавала толькі другое правіла – аб невядомых ягадах. Яны зваліся “воўчымі”, і мы не столькі перасцерагаліся, колькі не заўважалі іх наогул.

Складаней было выконваць пункт першы. А раптам за той высокай хвояй растуць ягады памерам з вішню? Як жа хутка можна будзе напоўніць набірушку!

Трэці пункт правіл тэхнікі бяспекі не выконваўся дзецьмі ніколі. Згледзеўшы любога прадстаўніка класа паўзуноў, дзятва стрымгалоў імчалася да дарослых, суправаджаючы бег віскам.

 У той дзень, ледзь дачакаўшыся сыходу дарослых ад месца стаянкі, змоўшчыкі зноў накіраваліся ў балотца.

 Прыкладна праз чвэрць гадзіны малалетнія хітруны выбеглі з качкарніка і з крыкамі: “Там – змяя!”, далучыліся да дарослых зборшчыкаў ягад.

 Кацярына Іванаўна супакоіла неслухаў:

– Правільна, што вы адтуль сышлі. Толькі – крычаць не трэба: мы ж прыйшлі ў чужую хату.

– Якую хату? Дзе яна? Тут жа навакол лес! – здзівіліся дзеці.

– Лес і ёсць хата. Для змей, зайцаў, касуль і іншых жывёл; яны ўсе тут жывуць, – растлумачыла цётка Каця.
 
Задумаўшыся, дзеці разышліся па месцах збору ягад.

Вяртаючыся ўвечары дадому, дзятва наперабой расказвала пра ўбачаную рэптылію. З кожным пройдзеным кіламетрам яе даўжыня павялічвалася; дзесьці да сярэдзіны шляху памеры гадзюкі звычайнай дасягнулі даўжыні чорнай мамбы (чатыры з паловай метры), самай ядавітай змяі ў Афрыцы.

Я згарала ад жадання зрабіць свай ўнёсак ў апавяданне пра казачную даўжыню змяі, якая па тэмпах развіцця цела перавысіла хуткасць росту бамбука. Нажаль, не мела права: я не бачыла прадмета абмеркавання.

 Пазбаўленая магчымасці дадаць якіх-небудзь паўметра да грацыёзнай плоці рэптыліі, я ўважліва разглядала абочыны на грунтавай дарогі. Убачыўшы на схіле прыдарожнага раўка чырвонагаловік, збегла за ім.

Чырвонагаловік яркай плямай вылучаўся на фоне пацямнелага асінавага лісця, якое высцілала неглыбокі яр. Нахіліўшыся да грыба, я абмерла: яго ножку абвівала гадзюка сярэдніх памераў. Яе шэрая афарбоўка злівалася з лістотай і была непрыкметна на адлегласці.

Раздвоены язычок, круглява-трохкутная галава, нерухомасць змяі, якая пужала … Б-р-р-р …

У маім нясталым разуменні імгненна ўспыхнула азарэнне: гадзюка – захавальнік лясных скарбаў. Сабраўшы ў кулачок усю дзіцячую сілу волі, моўчкі і асцярожна, выбралася з яра.

 Не ўбачыўшы ў маіх руках чырвонагаловіка, спадарожніцы пацікавіліся:

– А дзе ж грыб-прыгажун?

– Там, каля яго гадзюка! – вымавіла я, яшчэ не прыйшоўшы ўсябе ад страху.

– Нічога, Нэлька, не палохайся, гэта ж – лес! – “суцешыла” мяне цётка Каця.

Неўзабаве я супакоілася і ў дэталях расказала пра сваю “гераічную” сустрэчу са змяёй. У адрозненне ад кампаніі сябровак, у мяне была відавочная перавага: я сустрэлася з небяспекай “сам-насам”.

 Пасаромленыя таваркі не перашкаджалі мне паступова “паглыбляць і пашыраць” неардынарны эпізод.

Па меры набліжэння да населенага пункта ў маіх апісаннях паўметровая гадзюка ўсё павялічвалася і павялічвалася. Пры ўваходзе ў Целяханы яе віртуальные памеры наблізіліся да дзесяціметровай даўжыні азіятскага сеткавага пітона …

Усю ноч мне сніўся прыгажун-чырвонагаловік. І гіганцкая гадзюка, якая абараняла маю няздзейсненую здабычу…


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! Спасибо за интересный рассказ!
Я тоже встречалась с гадюками - и красивой - с бело-черно-коричневым орнаментом, и черной.
Интересно, когда про гадюку говорили, увеличивая её размеры, то про гриб -ничего? Судя по такой гипергадюке, подосиновик должен быть величиной с сосну.
Мне вспомнились "Роковые яйца" Булгакова.
Здоровья Вам и всяких благ!
С уважением, теплом и улыбкой,

Людмила Каштанова   29.02.2024 08:56     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Э-э, про гриб я ничего добавить не могла: он же был виден с дороги!

А гадючкой "любовалась" я одна, тут можно и "немножечко" преувеличить...

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   29.02.2024 16:35   Заявить о нарушении
На это произведение написано 6 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.