Чысцёха Фунцiк

Чысцёха Фунцік

У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя сям’я маёй старэйшай сястры Марыі пражывала каля Днепрапятроўска (цяпер – горад Днепр). Яе муж, Сяргей Фёдаравіч Янцэвіч, служыў камандзірам дывізіёна супрацьпаветранай абароны. З прычыны немагчымасці працаўладкавання настаўнікам сястра займалася хатняй гаспадаркай.
Завяла свойскую птушку і трусоў; не ўтрымалася ад набыцця маленькага і сымпатычнага парася.

Трэба прызнацца, што ў Марыі ёсць “пункцік” – невыкараняльная любоў да мыцця.  Калі яна была ў адпачынку ў Целяханах, то ўручную вымыла працоўнае адзенне бацькоў – ватоўкі, якія выкарыстоўваюцца ў халодную пару года для догляду за свойскімі жывёламі. У гарачыя дні ў парадак прыводзіліся посцілкі, коўдры, саматканыя палавікі і ўсё, што траплялася пад рукі.

Чарговае “абвастрэнне хранічнага захворвання” сястры здарылася падчас службы мужа ў дывізіёне. Сонечным ліпеньскім днём, памыўшы і развесіўшы бялізну, Марыя звярнула ўвагу на парася па мянушцы “Фунцік”, які незалежна шпацыраваў па двары.
Сястра адразу ж узгадала мамчыну навуку:

– Маленькіх парасятаў трэба трымаць у чысціні!

Чаго прасцей! Марыя ўзяла Фунціка на рукі і апусціла яго ў ванначку з прыгатаванай мыльнай пенай. Віск маладой парнакапытнай жывёлы, які раздаўся пры апусканні ў ваду, прыцягнуў увагу салдат, якія курылі пасля абеду на ганку ваеннай сталовай.

У дывізіёне – усё жыцце навідавоку. Вайскоўцы з цікавасцю назіралі за незвычайным відовішчам; яны зроду не бачылі такой забаўкі! Самыя смелыя салдаты пачалі падказваць:

– А Вы яго, Марыя Гаўрылаўна, за вушкамі пачухайце! Парасяты вельмі гэта любяць!

Распешчаны ў цёплай вадзе Фунцік перастаў вішчаць і, рохкаючы, блажэнна заплюшчваў вочы.

Пасля купання парася паружавела. Прытрымліваючыся правіл каляровай гармоніі, Марыя насуха выцерла яго ружовым ручніком і адпусціла на волю.

 Дывізіённыя службы размяшчаліся не на “асфальтах”, а на ўрадлівых украінскіх чарназёмах.

 Лета ў той год выдалася дажджлівым. Галоўная вуліца паселішча ўяўляла сабой рэдкія ўчасткі сушы з разнавялікімі воднымі перашкодамі для рэдкага аўтамабільнага транспарту.

Самая вялікая і глыбокая “чарназёмная” лужына размяшчалась якраз насупраць салдацкай сталовай. Аклямаўшыся ад прымусовага купання, парасё стрымгалоў памчалася менавіта да гэтага “натуральнага вадаёма”. З разбегу сіганула і пагрузілася ў яго, пакінуўшы на паверхні лужыны толькі вушкі ды пятачок.

Гамерычны рогат салдат-назіральнікаў быў чутны ва ўсім дывізіёне. Глядачам, якія папоўнілі шэрагі весялуноў, распавялі перадгісторыю прыняцця Фунцікам гразевых ваннаў; смех аднавіўся.

 Да збянтэжанай Марыі падыйшоў салдат-стараслужачы:

– Вы ж, Марыя Гаўрылаўна, выдатна ведаеце рускія праказкі і прымаўкі. Такога завяршэння абмывання свінкі і трэба было чакаць!

Распавёўшы гэтую гісторыю, Марыя вымавіла:

– Шмат цікавых і вясёлых назіранняў даў нашай сям’і працэс вырошчвання парасяці, аднак “свінскі ўчынак” майго гадаванца, “чысцюлі” Фунціка, паставіў тлустую кропку ў пытанні далейшага ўдасканалення ў нашай сям’і аматарскай свінагадоўлі.


Рецензии
Здравствуйте, уважаемая Нелли!
Да, не зря говорят -"грязный - как поросёнок".
Даже удивительно, что ваша сестра решилась помыть поросёнка. Но зато получилось забавно.
История понравилась!
Всего Вам самого доброго!
С уважением, Валентина

Валентина Валентова   14.03.2024 19:58     Заявить о нарушении
Добрый день, уважаемая Валентина!

Искренне благодарю за отзыв!

Выслушав эту историю, я тоже подумала: а надо ли быть такой чистюлей, как сестра?!

С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   15.03.2024 13:05   Заявить о нарушении
На это произведение написано 6 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.