Фобii цяжарных цi мроi спрауджваюцца...
Нядаўна прачытала апавяданне, аўтар якога расказаў пра сваю даўнюю сустрэчу з цыганкамі. Вынік зносін з імі неўзабаве выявіўся ў непераадольным жаданні літаратара перайсці на іншы бок вуліцы пры з’яўленні ў полі зроку прадстаўнікоў качавой народнасці.
Падобная гісторыя адбылася ў студэнцкія годы і са мной.
У чэрвені 1978 года мы з мужам адправіліся на шпацыр па старажытным горадзе Віцебску, заснаваным у 914 годзе кіеўскай княгіняй Вольгай.
Да свайго тысячагоддзя горад літаральна змяніўся; кожны віцяблянін унёс свой уклад, адпрацаваўшы бязвыплатна сто гадзін на добраўпрадкаванні горада.
Да знамянальнай даты былі зняты хранікальна-дакументальныя фільмы “Віцебскія ўзоры” і “Горад майго лёсу”, а таксама спецыяльны выпуск кіначасопіса “Савецкая Беларусь”.
У 1973 годзе была пабудавана сучасная гасцініца “Віцебск”; тэатральная плошча была перайменавана ў Плошчу Тысячагоддзя; праспекту Кірава вярнулі гістарычную назву – Замкавая гара.
Быў пабудаваны Мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны – галоўнае Мемарыяльнае збудаванне горада, званае гараджанамі Плошчай Перамогі.
Юбілей горада шырока адзначаўся ў канцы жніўня 1974 года. У гэтыя дні адбыліся масавыя шэсці да помнікаў і брацкіх магіл савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, выступленні самадзейных і спартыўна-мастацкіх калектываў, марш-парад духавых аркестраў, тэатралізаваныя паказы.
Пра ўсё гэта я і расказвала Валодзю падчас нашай прагулкі. Падрабязна распавяла мужу аб бясконцых знясільваючых трэніроўках студэнтаў віцебскіх вышэйшых навучальных устаноў, якіе ўдзельнічалі ў заключным гала-прадстаўленні на арэне цэнтральнага спартовага комплексу.
Я таксама была сярод ўдзельніц спартыўна-мастацкіх калектываў. За паўтара месяца муштравання вялізны кантынгент удзельнікаў феерыі навучыўся па камандзе аднаго з арганізатараў свята перагрупоўвацца на полі стадыёна і сінхронна размахваць рознакаляровымі сцяжкамі.
Затым я расказала мужу аб каляровай гаме адзення спартсменаў, якая пры вызначаным пастраенні ўдзельнікаў складалася ў характэрныя для беларускай нацыянальнай культуры ўзоры і кампазіцыі.
Захапіўшыся, перайшла на пераказ нядаўна прачытанага інтэрв’ю Дыдзье Грюмбаха, прэзыдента Французскай федэрацыі высокай моды.
Прывёўшы выказванне Коко Шанэль: “Мода праходзіць, стыль застаецца”, знаўца сучасных павеваў дадаў, што мода змяняецца так часта, што большасць стыльных французскіх жанчын аддаюць перавагу зручнаму штодзённаму аддзенню – чорны бадлон (вадалазка, гольф – тонкі швэдар з каўняром, які аблягае цела і прыкрывае шыю) і шэрая спадніца. Пры гэтым заканадавец высокай моды адзначыў, што яе даўжыня павінна залежыць ад узросту: міні – прывілей маладых жанчын; нашэнне ж спадніцы вышэй калена пасля сарака гадоў – маветон.
Такую немудрагелістую вопратку францужанкі ўпрыгожваюць разнастайнымі аксэсуарамі, якія надаюць кожнай жанчыне арыгінальнасць і непаўторнасць.
Цікавасць мужа да майго апавядання прыкметна паменьшылася. Выразна паглядзеўшы на мой жывот, які акругліўся (восьмы месяц цяжарнасці), ён вымавіў:
– Табе зараз не аб высокай модзе трэба думаць, а аб дзіцяці!
Гэта ён вельмі недарэчы сказаў!
Развіваючы тэму французскай моды, я ў думках ўяўляла сваё “анучнае шчасце” пасля родаў. У мяне ўжо была шэрая спадніца сярэдняй даўжыні, “піск” моды канца сямідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя. Не хапала іншага складніку вобраза “стыльнай жанчыны” – чорнай вадалазкі.
Напамін мужа аб маючых адбыцца выпрабаваннях выклікаў у маёй памяці асацыяцыі з трагічным сямейным эпізодам, аб якім не раз расказвала мама. Яе любімая старэйшая сястра Марыя, на якую я падобная знешне і любоўю да спеваў, “памерла ў родах, пакінуўшы пад нагляд бабулі Ўсцінні нованароджанае немаўля Валодзю”.
Да таго ж, на ранніх тэрмінах цяжарнасці я прачытала раман Эрнста Хэмінгуэя “Бывай, зброя!”, у фінале якога медыцынская сястра Кэтрын Барклі памірае падчас родаў у швейцарскім шпіталі.
У хваравітым ўяўленні цяжарнай склалася мазаіка. Мае першыя роды будуць апошнімі, і ніколі не стану такой стыльнай, як францужанкі … А яшчэ і муж, якому абсалютна напляваць на ўсе мае перажыванні …
Усе ўражанні ад цудоўнага праменаду згаслі, і я паглыбілася ў свае невясёлыя думкі.
“Цётка Марыя памерла ў родах, яна ж была намнога маладзейшая за мяне, усяго дзевятнаццаць гадоў, а мне ўжо дваццаць тры, амаль “старародная”*. А няшчасная Кэтрын, яна ж таксама медык, і таксама першародзячая! – перажывала я за жанчын, якія пайшлі з жыцця шмат дзесяцігоддзяў таму.
Раптам, нібы з-пад зямлі, перад намі вырасла нешматлікая група цыганак. Шумна перамаўляючыся на “романо ракірэбэ” (цыганская мова), яны перамяжоўвалі яго рускімі фразамі:
— Ай-я-й-я-й! Якая прыгожая пара! Якая дзяўчына!
Мне б насцярожыцца: слова “дзяўчына” ніяк мне не падыходзіла. У тыя часы існаваў выразны падзел паняццяў “дзяўчына” і “жанчына”, адрозны ад сучасных размытых крытэрыяў, якія адносяць да дзяўчат і юную асобу, і немаладую даму з вельмі насычаным асабістым жыццём.
Інстынкт самазахавання ў той раз падвёў мяне: убачыўшы ў руках адной з качэўніц жаданы чорны бадлон, я спынілася.
Цыганкі, прыроджаныя псіхолагі, адзначылі рэакцыю на ўпадабаны мне выраб.
– Прымярай, залатая, прыгожая рэч, век дзякаваць будзеш! – наперабой сталі ўгаворваць мяне вечныя вандроўніцы.
Бачачы маю нерашучасць, перайшлі да мужа, уразнабой прапаноўваючы свой тавар:
– Прыгажун! Купі жонцы абнову! – абступілі Валодзю маркітанкі, якія заўважылі на руках заручальныя пярсцёнкі.
Муж зрабіў спробу пераканаць гандлярак, што вадалазка малая і па памеры не падыдзе жонцы.
Не слухаючы Валодзю і маіх адгаворак: “Прымяраць няма дзе”, “Грошай з сабой няма”, “У мяне ўжо ёсць такі швэдар”, цыганкі завялі слабавольных мужа і жонку ў невялікі сквер, размешчаны побач з маім інтэрнатам.
Агульнымі намаганнямі яны нацягнулі на мяне бадлон і зацокалі языкамі.
Галоўнае і самае ўжываемае цыганкамі слова мела корань “прыгажосць” і характэрызавала хараство, якое з’явілася перад іх вачыма. Утвораныя ад яго словы адносіліся да назоўнікаў, прыметнікам і дзеясловаў. Такім чынам, маё “цудоўнае рукатворнае аблічча”, гандляркі “праскланялі і праспрагалі”.
Чалавек слабы, а цяжарныя жанчыны і зусім бяссільныя перад высокімі адзнакамі іх прыроджаных і набытых знешніх дадзеных, асабліва, калі яны сыплюцца нібы з рога багацця.
Запытальна паглядзеўшы на мужа, спытала:
– Валодзя, ну як?
Муж рагублена паціснуў плячыма; выказаць сваё меркаванне яму не дазволіла разнагалосае мноства жаночых галасоў:
– Вельмі прыгожа! Табе моцна ідзе! Да тваіх рудых валасоў!
Я паверылі ўгаворам гандлярак і рашуча вымавіла:
– Бярэм!
Муж здзіўлена паглядзеў на мяне, апранутую ў цесную вадалазку. Затым перавёў погляд на немаладую цыганку, быццам спадзяваючыся на яе дапамогу; жанчына адвяла позірк.
Валодзя працягнуў настырнай маладой цыганцы трыццаць пяць рублёў (без пяці рублёў – мая месячная стыпендыя!); звыклым жэстам гандлярка схавала грошы ў самае надзейнае жаночае сховішча.
Ледзь адкрыўшы дзверы ў пакой інтэрната, я радасна паведаміла дзяўчынкам аб доўгачаканай пакупцы.
– Паказвай, а лепш прымярай! – запатрабавалі таваркі.
Выйшаўшы з-за шырмы, пачула каментар Люды, якая не заўсёды турбавала сябе выбарам выразаў:
– Ну, і дзе ты такое барахло набыла?
Тактычная Ірачка паспрабавала змякчыць непахвальную адзнаку таварных якасцяў майго “непараўнальнага” набыцця:
– Так, ён табе крышку замалы!
Падышоўшы бліжэй да люстэрка, я ўбачыла сябе “ва ўсёй красе”. Каўнер-пятля не пакідаў ніякіх шанцаў на паўнавартаснае насычэнне кіслародам галаўнога мозгу; рукавы закончваліся на локцевых згінах; сінтэтычная тканіна шчыльна аблягала грудную клетку і верхнюю частку жывата з усімі наяўнымі, пастаяннымі і часовымі, натуральнымі выпукласцямі.
Стан цяжарнасці не паўплываў на мае аналітычныя здольнасці. Уважліва разглядзеўшы адбітак ў люстэрку, я зрабіла несуцяшальную выснову.
“Самае прыдатнае месца для гэтага выраба – адно з маіх сцёгнаў. Калі б не наяўнасць гарлавіны, світар добра размясціўся б на верхняй частцы нагі. Ды і анатамічна набыццё было б значна бліжэй да месца, куды я рукой, якая не здрыганулася, адправіла даволі адчувальную для студэнцкага бюджэту суму!”
Я ўспомніла ўяўную індыферэнтнасць мужа пры ажыццяўленнні здзелкі “куплі-продажу”. Ён разумеў, што любая яго заўвага ці парада будуць успрыняты мною ў штыкі, бо невядома, колькі мне жыць засталося? Хто ведае, можа ўсяго два месяцы?!
Пасля каментара міратворыцы Ірыны** муж задаволена кіўнуў галавой.
Бачачы відавочны дысбаланс сіл, сяброўка прыйшла мне на дапамогу:
– Я думаю, што гэта быў сваеасаблівы гіпноз, інакш ты не купіла б яго (Іра нават не змагла вымавіць слова, якое пазначала набытую рэч). Хоць ты і не паддаешся намаўленню: як я памятаю, цябе не змог загіпнатызаваць нават прафесар К., загадчык кафедры псіхіятрыі.
Зрэшты, у цяжарных жанчын усё па-іншаму: натуральная абарона арганізма слабее, яны больш схільныя да чужога ўплыву, – завяршыла Ірачка суцяшальную прамову.
Пасля кароткай паўзы сяброўка дадала:
– Ты ж сама цытавала Коко Шанэль: “Я люблю, калі мода выходзіць на вуліцу, але не дапускаю, каб яна прыходзіла адтуль». У тваёй сітуацыі заканадаўца моды спытала б:
– “Навошта ты прынесла гэты “шэдэўр” з вуліцы, дарагая!”
Прымяненне няўдачліваму швэдару я ўсё-ткі знайшла, з нагоды падарыўшы яго субтыльнай аднакурсніцы.
Як і я, яна даўно марыла аб чорнай вадалазцы.
Мроі спраўджваюцца …
P.S. Аднакурсніцы падарунак спадабаўся; яна не раставалася з ім увесь шосты курс інстытута. Гольф выдатна спалучаўся з цёмна-сіняй спадніцай мідзі, якая бездакорна “сядзела” на зграбнай фігуры студэнткі.
*Старародная – у савецкі час так звалі жанчын з першай цяжарнасцю ва ўзросце каля трыццаці гадоў; аптымальным для першых родаў лічыўся ўзрост да дваццаці пяці гадоў. У цяперашні час “жанчын-першародак” ва ўзросце дваццаць пяць-трыццаць гадоў далікатна называюць “узрастовая першародзячая”.
**Ірына – ад імя старажытнагрэцкай багіні Эйрэны – “мір”.
Свидетельство о публикации №224030800494
Поздравляю Вас с Международным женским днём 8 марта!
Отличный рассказ. В нём и положительные и отрицательные эмоции героини чётко просматриваются. И радость будущему ребёнку, и страх перед самими родами. Но цыганки... Я один раз чуть не попал на их гипноз и уже полез в карман за деньгами... Товарищ стукнул меня по рукам, я словно проснулся. Стараюсь к ним не подходить. С такими, кто живёт за счет обмана и воровства, общаться не стоит. Вот и Вас с мужем просто охмурили. Спасибо!
Понравилось!
С уважением,
Владимир Войновский 08.03.2024 14:37 Заявить о нарушении
Искренняя благодарность за поздравления с праздником и добрый отзыв!
Вот и я в последующем стала держаться подальше от представителей кочевого племени: себе дороже.
С улыбкой и самыми добрыми пожеланиями.
Нелли Фурс 09.03.2024 09:57 Заявить о нарушении