Хвоi ля Камсамольскага возера. дапоунены аповед

Старыя хвоі ля Камсамольскага возера ў Мінску...
Іх некалькі – высокіх сведак далёкай вайны. Цяпер яны жывуць у міры і глядзяць на людзей з велізарнай вышыні, цешачыся шчасліваму жыццю і таму, што пражылі на свеце столькі гадоў. Але страшная памяць пра тыя цяжкія часы зашыта ў іх ствалах і каранях. Хвоі памятаюць усё…
У тое лета 1941 года маёй маме было дваццаць тры гады. Зусім маладая дзяўчына, якая толькі нядаўна вырвалася з вясковай галечы ў горад. Яна цешылася шчасцю, якое раптам звалілася на яе: выйсці замуж за разумнага адукаванага чалавека, атрымаць добрую працу афіцыянткі ў школе міліцыі, а галоўнае, нарэшце працягнуць вучобу ў вячэрняй школе. У той год мама змагла скончыць чацвёрты клас, бо вучыцца ў вёсцы ёй не было магчамасці, трэба было дапамагаць хворым бацькам. Прыехаўшы ў Мінск, таварыская вясёлая дзяўчына хутка ўлілася ў бурлівае жыццё горада.
У перадваенныя гады маладыя людзі, камсамольцы, дапамагалі радзіме ў будаўніцтве на ўскрайку горада Мінска прыгожага возера – цэнтра адпачынку гараджан. Яго вырылі ўручную, усё спланавалі, падрыхтаваліся да адкрыцця. Дату намецілі на 22 чэрвеня, нядзелю. Планавалася грандыёзнае мерапрыемства – свята горада з канцэртам, выступленням спартсменаў. Мая мама таксама ўдзельнічала ў стварэнні возера і рыхтавалася да свята разам са сваімі сяброўкамі.
І чым жа ўсё гэта скончылася?
Вясёлыя, у прадчуванні шчаслівага нядзельнага дня, маладыя людзі ў дванаццаць гадзін пачулі па радыё аб'яву Молатава В.М. пра пачатак вайны. Мінск пагрузіўся ў цемру і роспач. На людзей нахлынула гора. Усё, што рыхтавалі на возеры, так і засталося без увасаблення.
Дваццаць чацвёртага чэрвеня ў дзесяць гадзін раніцы пачалася масавая бамбардзіроўка горада. За дванаццаць гадзін васямнаццаць эшалонаў бамбардзіроўшчыкаў па 35-40 самалётаў у кожным ператварылі Мінск у пекла.
Неўзабаве на сёмы дзень ад пачатку вайны 28 чэрвеня нямецка-фашысцкія войскі ўвайшлі ў Мінск. Нямецкія танкі грукаталі па вуліцах, іх рулі зазіралі ў вокны хат, дзе хаваліся перапуджаныя жыхары, не паспеўшыя за гэтыя дні сысці на ўсход. Шчасце тым, у каго засталіся хаты некранутыя бамбёжкай. А там, куды патрапілі бомбы, ужо нічога не заставалася, акрамя печаў, усё астатняе згарэла ад пажараў ці было разбурана бомбамі. Колькі людзей загінула ў гэтыя дні? Вельмі шмат. Зямля і дрэвы, што перажылі яны? Кажуць, падчас бамбёжак зямля дрыжала і ходырам хадзіла…
Як жа склалаўся лёс маёй мамы і бацькі ў той жудасны для ўсіх беларусаў час. У ноч дваццаць другога чэрвеня сорак першага года мая мама заначавала ў сяброўкі на вуліцы Танкавай, спадзяючыся ураніцу наведаць свята адкрыцця новага возера. А мой бацька, малады міліцыянер, які зусім нядаўна скончыў мінскую школу міліцыі, у гэтую ноч паспеў вярнуцца з камандзіроўкі ў Беласток. Даведаўшыся пра пачатак вайны, мама ірванулася дамоў. Але прыбегшы ў сваю хату, яна знайшла на стале толькі запіску мужа: “Мяне пасылаюць у тыл у кірунку да Гомелю. А ты едзь да сваіх бацькоў у вёску". У двары іх дома ўжо стаяла грузавая машына. Туды садзіліся жонкі міліцыянераў, якія пайшлі на фронт. Схапіўшы некалькі рэчаў, якія трапілі пад руку, мама паехала разам з усімі ў кірунку да Масквы. Яна разумела, што пару гадзін назад па той жа дарозе ехаў разам са сваімі калегамі і яе муж. Пазней ён апынуўся на працы ў тыле, дзе выконваў мноства даручэнняў камандавання, потым – на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Ну, а мама? Яна даехала да Талачына і адправілася пешшу ў сваю вёску Хількавічы. У бацькоўскай хаце яе сустрэлі хворыя старыя. Яе матуля толькі нядаўна ледзь-ледзь загаіла таплёным малаком сухоты, добра, што ў іх была карова, а сляпы бацька яшчэ штосьці мог рабіць. Але і тут да іх у вёску неўзабаве падступіла яшчэ большае гора. Надыходзячыя немцы спалілі яе дашчэнту, адабралі ўсю скаціну. Мамін бацька яшчэ здолеў вынесці з падпаленай хаты керасін, соль і запалкі. А збожжа, сабранае перад самай вайной, хітры дзядуля закапаў у гародзе. Вось і ўсё, што засталося ў іх на тры гады халоднай і галоднай вайны.
Мая мама да марозу выкапала зямлянку, так рабілі ўсе людзі ў яе спаленай вёсцы. Адзежа ва ўсіх была вельмі беднай, на кастрыцы варылі суп і таўклі збожжа ў ступе, каб хоць нейкія аладкі спячы з яго. Ад голаду і холаду ў маёй бабулі Домны зноў адкрыліся сухоты. Мама не магла пакінуць старых і сысці ў партызаны, і таму ёй, маладой дзяўчыне, даводзілася не салодка. Немцы спрабавалі выведаць у яе, дзе партызаны, а не атрымаўшы адказу, вялі на растрэл. Але Бог ратаваў маю маму. І яна выжыла пасля трох такіх нямецкіх спроб, таму што дапамагалі выпадковыя акалічнасці, і ёй удавалася хавацца ад кулі ці прыкідвацца забітай.
Усе гэтыя гады, пакуль мама была ў акупацыі, мой бацька ваяваў. Спачатку ў тыле пад Масквой, выконваючы адказныя даручэнні, затым у войсках адмысловага прызначэння пры абароне Масквы і подступаў да яе. Ён удзельнічаў у парадзе войскаў у Маскве на Чырвонай плошчы ў сорак першым годзе. Затым, у сорак другім годзе – у арганізацыі сувязі з партызанскімі атрадамі і разгортванні працы ў вызваленых ад фашыстаў раёнах БССР. На Калінінскім фронце ў кастрычніку сарок другога года ён быў прыняты кандыдатам у члены ВКП(б). У сорак пятым годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі. За баявыя заслугі ён атрымаў ордэн і шмат медаляў. Бацька, таксама як і мама, як і ўвесь народ краіны Саветаў, верыў у перамогу Чырвонай Арміі. І гэтая вера адыграла вялікую ролю ў нашай перамозе з нямецкімі захопнікамі.
У сорак чацвёртым годзе Масква накіравала майго бацьку на працу ў Мінск. Бацька, не ведаючы, дзе знаходзіцца і ці жывая яго жонка, заехаў у родныя месцы маёй маці. І зноў шчасце знайшло іх абодвух. Яны сустрэліся!
Як жа пасля гэтага было не адпусціць дачку разам з мужам у Мінск? Мае бабуля з дзядулем не маглі паступіць інакш. І іх Вальгута з'ехала разам са сваім Іванькам.
У Мінску мае бацькі пасяліліся ў маленькім пакойчыку, які ім выдзеліла дзяржава. У той час у разбураным горадзе было вельмі цяжка з жыллём. Людзі туліліся па шмат чалавек у невялікіх пакоях уцалелых будынкаў. І можна сказаць, што маме з бацькам яшчэ пашанцавала . У іх быў пакой з печкай і маленькай куханькай, з прыпекам для гатавання ежы. Вось гэты пакой і стаў месцам, дзе ім выпала шчасце нарадзіць і падгадаваць трох сваіх будучых дзяцей: маю сястру, брата і мяне.
Вайна не пашкадавала і бацькоўскую сям'ю майго бацькі Івана. Брат Ціхан загінуў на фронце пры вызваленні Гомелю, і ў яго засталася жонка з малалетнім сынам. Брата Сямёна, які да вайны вучыўся ў Мінскам універсітэце на фізмаце, а падчас вайны служыў у партызанскім атрадзе №130, дваццаць другога лістапада сарок другога года замучылі нямецкія фашысты ў вёсцы Дзянісавічы Крупскага раёна па навучанні бургамістра, здрадніка Радзімы. Не пашанцавала і самаму малодшаму татаваму брату. Яго, падлетка, у пачатку вайны прымусова павезлі на працу ў Нямеччыну, а пасля вайны рэпатрыявалі.
За тое, што з малодшым братам здарылася такая гісторыя, мой бацька быў строга пакараны. Яго без усякага разгляду звольнілі з міліцыі ў канцы сарок восьмага года. Ад перажывання ён моцна захварэў. Маёй маме давялося яго выходжваць, маючы на руках трох маленькіх дзяцей. Але зноў Бог пачуў маміны малітвы. Яна ўсё жыццё вельмі верыла ў Яго дапамогу. І бацька паправіўся, уладкаваўся на іншую працу, добра што Камуністычная партыя дапамагла яму ў гэтым, як былому франтавіку.
Вось так мы, цяпер ужо дзеці маёй мамы Вольгі, выраслі і, дзякуй Богу, вывучыліся, атрымалі годную працу, стварылі сем'і і нарадзілі дзяцей.
Зямное жыццё нашага роду працягнулася.
Цяпер ужо няма на гэтым свеце маіх дарагіх бацькоў, Івана і Вольгі. Але я ганарлівая тым, што ў мяне былі такія бацькі. Усё жыццё яны пражылі сумленна і высакародна, з гонарам несучы званне беларускага чалавека, чалавека вольнай краіны. Яны любілі сваю Радзіму і не здрадзілі ёй у цяжкую гадзіну.
І хоць я ніколі ў жыцці не бачыла сваіх бабуль і дзядуль, я ўдзячная і ім за тое, што нарадзілася і жыву. Яны былі працавітымі людзьмі, мудрымі і цярплівымі, сапраўднымі беларусамі.


15.01.24


Рецензии