Напярэдаднi

Жыццё прабабулі скончыцца сёння, але ведае гэта толькі яна. Мы з мамай не ведаем, мы дужа занятыя: у яе штопятнічнае «Поле чудес», а ў мяне – поўнае гняздзечка кацянят. Іх чацвёра ці пяцёра, я не вырашыла. Але ва ўсіх да аднаго – чорныя «слёзныя» палоскі на пысах, зусім як у дарослых гепардаў. І ўсе туляцца да мяне, бо няма ў іх нікога акрамя мамкі, так ужо надумалася прыродзе.

– ...Подарки второй тройке игроков – в студию! – бадзёра абвяшчае тэлевізар голасам Леаніда Якубовіча.

Ні за што мне не зразумець, чаму «Поле чудес» пішацца ў іх як «Поле гудес». Што-што, а літары я ў свае сем гадоў ведаю выдатна. Але ну яго, тое поле! Вакол нас з дзеткамі на тысячу кіламетраў не пабачыш сушы. Гняздо мерна пагойдваецца на акіянскіх хвалях, змытае прылівам, і трывае, трывае, хаця скручана ўсяго толькі з коўдры. Думаю, пакуль перачакаем трошкі, а там або да берага нас прыгоніць, або...

З суседняга пакоя даносіцца заклікальны стук, і я цікаўна ўзнімаю галаву.

– Даш, сбегай, а? Узнай, что нужно, – просіць мама з тахты.

Збегаць я збегаю, хоць тройчы, але ж кацяняты... Я заклапочана падпіхваю кожнага ў нябачнае шаўкавістае вуха, каб ніводны не надумаў цвыркаць. Ільвы, праўда, у адкрытым акіяне не водзяцца, хіба якія-небудзь марскія... Але наконт драпежных птушак нічога нельга ведаць дакладна. А вось ці бываюць у гепардаў гнёзды і колькі чухаць па саванне да бліжэйшай паўвысахлай рачулкі, непакоіць мяне менш за ўсё.

Я спаўзаю з канапы і пад заахвочвальныя тэлевізійныя апладысменты тупаю ў суседні пакой.

Прабабуля Воля ў ложку. Яна заўсёды ў ложку. І, як заўсёды, на ёй прасторны чырвона-аранжавы халат, мяккі нават з выгляду. А ў зморшчанай руцэ – цёмная выгнутая лыжка з вычварным узорам на тронках. У ім бачыцца нешта расліннае, такое ж няўцямнае, як формулы ў лекавых даведніках, што пыляцца на хісткай чатырохпавярховай этажэрцы. Для чаго тут даведнікі ўвогуле? Усё адно надрукаваны такімі мурашкамі, якія прабабулі даўно не прачытаць. Хіба што возьме «виделку» – павелічальнае прастакутнае шкельца на пляскатай ручцы-лінейцы. «Виделка» таксама тут, але не будзеш жа стукаць ёю па зэдліку – шкада...

Прабабуля намагаецца нешта сказаць, але атрымліваецца занадта хрыпла, і ціха, і невыразна. Я падступаю на крок:

– Что?

Яна зноў выціскае нейкія словы, зусім не падобныя да слоў, а я зноў разгублена лыпаю вачыма. І ні з чым вяртаюся ў залу.

– Мам, я не понимаю... Лучше ты иди.

Яна з уздыхам хістае галавой і павольна, асцярожна паднімаецца, прытрымліваючы вялізны жывот. Там, унутры, Маша. Яна пакуль гэткая ж нябачная, як і мае кацяняты, але нашмат больш рэальная, бо пхаецца будзь здароў.

Мама ледаколам выплывае ў калідор, а я, крышку занепакоеная, утаропліваюся ў экран тэлевізара, дзе сінеюць пустыя квадрацікі. Ані літары, ані здагадкі – зусім як у беднай маёй галаве.

– Подушку поправила, – тлумачыць мама, неўзабаве ўзнікаючы ў дзвярах. І буркліва зазначае: – Не стой ты босиком, хоть тапки надень!

Я моўчкі забіраюся назад у гняздо і зябка скурчваюся між уяўных дзетак. Не, няхай у іх усё-ткі будзе татка. Як мой. Ён зараз на працы, ён вернецца ноччу, і нічога, што мацнее вецер і ўздымаюцца вышэй акіянскія хвалі. Яны ўсяго толькі пераплюхваюцца цераз гняздо, ім нас не патапіць. Мы паспім, а бура сціхне, хмары разыдуцца, і сонейка...

Стук. Стук з суседняга пакоя. Стук лыжкай па зэдліку.

– Даша, пожалуйста... – маміна рука ляжыць на жываце.

Уся натапыраная, я заміраю на парозе пакоя, на самым краёчку паласатага зялёна-чорнага дывана – каляныя валокны адчуваюцца і праз шкарпэткі. Напружана слухаю глухі неразборлівы хрып прабабулі, углядаюся ў жаласныя вочы, вакол якіх ружавеюць паўкругі. А ў зале святлей і гучней, у зале заканчваецца суперігра і звонка клацае літарамі сімпатычная дзяўчына ва ўніформе...

– Н-не понимаю, мам! Совсем не понимаю, мама!..

Назаўтра – мамін і бабулін дзень нараджэння. Агульны для дзвюх. Зашклёны сервант чамусьці з самага ранку завешаны агромністай белай прасціной, роўна як і авальнае люстра ў вітальні. Але пра люстра я пакуль не ведаю: выходзіць з залы мне строга забаронена. А варта заікнуцца наконт прыбіральні, як мама без лішніх слоў ставіць перада мной вядро. Я дарослая, я нулёўку скончыла – і вядро!

Адным гэтым днём незразумеласці не абмяжоўваюцца. Навошта, напрыклад, тэрмінова каціць гасцяваць да бабулі, што з боку таты? І чаму нельга хіхікаць з дзядулевых жартаў? І як гэта вызвалены пакой пяройдзе ў маё карыстанне, як толькі перацягнуць туды тахту і пісьмовы стол, хаця мы цудоўна змяшчаліся ў зале ўтраіх? І якая, урэшце, розніца, што сястра нарадзілася на саракавы дзень?..

Прабабуля вяртаецца праз чатырнаццаць гадоў. Вяртаецца ў сваім белым аптэкарскім халаце са штэмпелем «17 детская городская поликлиника. Для белья». У тым самым халаце да калень, у якім я праседжвала пары па хіміі ў стылых, як морг, лабараторыях, грэючы далоні ля газавай гарэлкі і абкруціўшыся для вернасці шалікам. Мне дваццаць адзін, і мне самой даўно неабходныя «виделки», каб разабраць нешта далейшае за дзесяць сантыметраў, вось толькі свае я нашу ў вачах. А ўзяць у рукі набор цёмных лыжак з вычварным узорам мне не па сілах і дагэтуль.

Нас, праўнучак, цяпер стала тры, я – старэйшая, і менавіта мой сон абірае прабабуля, каб пабачыць усіх разам. І прывозіць – не паверыце! – цэлую тумбачку падарункаў. У сляпучым сонечным святле не відаць ні халата, ні гаспадыні, усё празрыстае, як тыя кацяняты гепарда з дзяцінства, але я аднекуль ведаю, што росту яна зусім-зусім маленькага. Зараз ёй было б амаль дзевяноста тры.

Прабабуля бярэ маю левую руку ў сваю, і я адчуваю на тыльным боку далоні вільгатнаваты пацалунак.

А «Поле чудес» я больш не гляджу, не. Яно ж заўсёды, заўсёды па пятніцах, разумееце?


07–11.10.2018


Рецензии
Твор адчуў, а яшчэ адметна, што размовы адбываюцца на рускай мове. Калісьці ад кагосьці чуў, што не трэба так рабіць - пакідаць дыялогі на арыгінальнай мове, але лічу, што іх якраз і не варта перакладаць, бо гэта дакладна адлюстроўвае нашае жыццё і зносіны.

Александр Чепа   01.07.2024 16:09     Заявить о нарушении
Я ўдзячная за ўвагу да майго твора і да старонкі ў цэлым :D Няўжо я сапраўды пачынаю тут абмеркаванні ў каментарах?
З мовамі ў мяне якраз былі складанасці, бо, хм, удзельнікі шоу дакладна не могуць гаварыць па-беларуску. А калі пакінуць ім рускую, пераклаўшы ўсе астатнія рэплікі, то складзецца ўражанне, што я размаўляла з мамай на беларускай. А гэта не так) Таму вырашыла зрабіць так, як зроблена. Паколькі гэта рэальны ўспамін (акрамя некаторых дапрацовак дзеля мастацкасці), захаваць хацелася як найбольш.
...Задумалася аб тым, што ў суседнім успаміне рэплікі беларускамоўныя. Калі рабіць зборнік, то неяк не зусім аднастайна. Ладна, падумаем...

Дарья Значёнок   01.07.2024 16:56   Заявить о нарушении
Трэба ж калісьці пачынаць абмеркаванні; я лічу, што зваротная сувязь вельмі важная) У свой час мне гэта моцна дапамагло вызначыцца з многімі пытаннямі, таму вельмі ўдзячны лёсу і абставінам, што ў свой час пачаў друкавацца на гэтым сайце, а ў першую чаргу, канешне, вялікі дзякуй усім добрым людзям, чытачам і крытыкам) Што яшчэ скажу... У мяне таксама ў некаторых творах мова дыялогаў адрозніваецца ад мовы аповеду (ёсць і тыя, дзе размовы па-беларуску, а апавяданне па-руску). У гэтым нічога кепскага няма) Некаторыя цалкам рускамоўныя планую перакладаць, але таксама пакуль думаю, як. Паўстаюць і больш складаныя пытанні - напрыклад, у арыгінале гульня словаў "Тоска - Тося", а як па-беларуску? "Самота - Соня"? Цяжка)

Александр Чепа   01.07.2024 17:24   Заявить о нарушении
Пераклад – гэта вельмі цікава)) Хоць месцамі і цяжка. Я, акрамя ўсяго, аматарка захоўваць рытм сказаў, нават калі падабраныя словы не літаральна супадаюць з арыгіналам (затое перадаюць сэнс). Кажуць, тэксты не тое каб перакладаюць, а як бы пішуць на іншай мове так, як напісалі бы з нуля, і ў гэтым увесь сакрэт.

Дарья Значёнок   01.07.2024 18:22   Заявить о нарушении
Цалкам падтрымліваю, сам раблю так, асабліва, калі перакладаю свае творы. Канешне, калі працаваць з чужымі, то гэта вельмі далікатная праца - напрыклад, мы ўжо ўбачылі, што можна зрабіць з "Гары Потэрам" няўдалымі адаптацыямі і "отсебятиной". Але свае творы змяняць маем поўнае права) Заўсёды штосьці дадаецца, штосьці прыбіраецца, хаця лепш захоўваць зыходны стыль і ідэю, але ж ніхто і не забароніць напісаць нешта зусім новае) Будзем супрацоўнічаць)

Александр Чепа   02.07.2024 09:24   Заявить о нарушении
Так. А яшчэ пераклад дапамагае ўбачыць хібы ў арыгінале і паралельна выправіць яго :) Для аўтара гэта неацэнная магчымасць убачыць тэкст незамыленым вокам.

Дарья Значёнок   02.07.2024 16:33   Заявить о нарушении