Ракiя

Ракія

На другім курсе навучання ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце студэнты нашай групы былі накіраваны на выкананне сельскагаспадарчых работ у адзін з калгасаў Сенненскага раёна. Выключэнне было зроблена толькі для Сашы Галькевіча, кандыдата ў майстры спорту па боксе, які ў гэты час удзельнічаў у міжнародных  студэнцкіх  спаборніцтвах.

Да заканчэння першага курса я пасябравала са сваімі аднагрупніцамі Таісіяй і Раечкай, карэннымі віцяблянкамі. Мы разам рыхтаваліся да заняткаў, праводзілі вольны час і часта бывалі адзін у аднаго ў гасцях. Пазнаёміліся з бліжэйшымі сваякамі; у маёй сітуацыі – з суседкамі па пакоі інтэрната.
 
Па прыездзе ў калгас нас з дзяўчынкамі пасялілі ў спрытнай васьмідзесяцігадовай бабулькі Ніны Фёдараўны. Сухарлявая, рухомая і жылістая, яна ўсё яшчэ “бегала зарабляць працадні”. Сустрэўшы студэнтак, яна паказала нам пакой для размяшчэння і скарагаворкай вымавіла:

— Ну, дзеўкi, вы тут займайцеся, а я пабегла, трэба дапамагчы калгаснiкам!
Такі “ветлівы” прыём нас крыху збянтэжыў. Разбіраючы сваю небагатую паклажу, Рая прамовіла:

– Такое адчуванне, што нам тут зусім не рады! Нават гарбаты не прапанавала з дарогі! (У Раечкіным цёплым і ветлівым доме гасцей заўсёды сустракалі гарбатай ці растваральнай кавай ленінградскага вытворцы, якая толькі што з’явілася ў продажы).

Я з ёй пагадзілася: сапраўды, такое ўражанне, што мы самі напрасіліся дапамагчы калгаснікам ва ўборцы ўраджая.

Тася таксама не была гатова да такой, не вельмі сардэчнай, сустрэчы. Аднак байцоўскія якасці спартсменкі атрымалі верх над эмоцыямі. Пачаўшы дэманстратыўна пахныкваць, Таська перайшла на інтанацыі прафесійных плакальшчыц:

– А што гэта н-а-а-с хлебам-соллю ды ка-ра-ва-я-мі (напаўголасу – пышнымі да белымі) не сус-тра-ка-лі! А чаму ж н-а-а-с, як смердаў бязродных, ніхто з начальства не пры-ве-ціў!

Рэчытатывам пералічыла, чым яшчэ не сустрэлі падшэфныя “дарагіх гасцей”: салам, салёнымі агуркамі, свойскімі яйкамі, каўбасамі і вяндлінай.

  Згадкі пра ўсе вясковыя смачнасці растлумачылі прычыну нашага дрэннага настрою: мы былі галодныя. Перакусіўшы нарыхтаванымі ў Віцебску бутэрбродамі, адправіліся знаёміцца з паселішчам.

Яно было бязлюдным: усё насельніцтва, працаздольнае і не вельмі, было на ўборачнай. Вярнуўшыся ў хату бабы Ніны, абмеркавалі нашы далейшыя планы і, не дачакаўшыся прыходу гаспадыні, ляглі спаць.

Раніцай нас абудзіла Ніна Фёдараўна:

— Дзяўчаткi, падымайцеся, а то сняданак i працу праспiцё! А, магчыма, i мАльцов!
 
Мы ўміг прачнуліся. У хаце стаяў панадлівы водар ежы свойскага прыгатавання. У чыгуннай патэльні сквірчэла яечня на вэнджанай грудзінцы. На стале: хлеб, сала, салёныя агуркі і сыр дамашняга прыгатавання. І вышэйшая праява беларускай (ды і наогул, славянскай) гасціннасці – вялізная бутэлька са злёгку мутнаватай вадкасцю.

 Адкаркаваўшы ёмістасць (замест корка метафарычна выкарыстоўваўся туга скручаны кавалак газеты “Сельскае жыццё”), гаспадыня спрытна напоўніла прыгатаваныя загадзя чатыры кантаваныя стограмовыя шкляначкі і са словамі: “Ну, за знаёмства”, перакуліла чарачку.
 
Закусіўшы салёным агурком, пацікавілася:

— А як вас клiчуць, дзяўчаткi?

 Мы прадставіліся. У гэты момант Ніна Фёдараўна звярнула ўвагу на некранутыя шклянкі кватарантак, якія ўсыпілі пільнасць гасціннай гаспадыні добрым апетытам і тэматычным рэфрэнам:

– Вельмі смачна! Я такога аб’ядзення ніколі не спрабавала! А як Вы гэта гатуеце, Ніна Фёдараўна?

Падціснуўшы вусны і страціўшы цікавасць да суразмоўцаў, карміцелька маўчала. Тактычная Раечка паспрабавала апраўдацца:

– Я ніколі не піла гарэлку, мне будзе дрэнна!

Маўчанне і ўпартае разглядванне чагосці нябачнага на рускай печы.

– Мне піць наогул нельга, я ж спартоўка, – растлумачыла Таська.

Вынік ранейшы – маўчанне.

Надышла мая чарга, самай старэйшай з сябровак (розніца ва ўзросце – год і паўгода):

– Ды мы з задавальненнем падтрымалі б Вас, Ніна Фёдараўна! Але ў нас вельмі строгі стараста, – натхнёна хлусіла я пра вельмі добрага Аляксандра Даносава. Ён ці хто іншы даложыць начальству аб нашых паводзінах, і нас траіх адлічаць з інстытута.

Каменны твар гаспадыні пачаў мякчэць:

– Ой, прама-ткі і выганяць! Нешта я не веру! Да мяне прыязджаў сын Мікалай з Віцебска, а з ім быў ваш інстытуцкі прафесар. Так ён піў і ўсё нахвальваў маю слівянку, маўляў, нічога лепшага не спрабаваў! І называў яе нейкім ракам ці ракай. А ты кажаш “адчысцяць”! – з цяжкасцю вымавіла незнаёмае ёй слова дзейная бабуля.

– Дык гэта ж прафесар, яму можна! Вось калі мы станем прафесарамі, абавязкова паспрабуем Ваш першач, – запэўніла я.

– Я да таго часу не дажыву, мне ўжо восемдзесят, – засмучана працягнула гаспадыня.

– А да вечара дажывяце? – дзелавіта ўдакладніла я.

– Ну, а куды ж я падзенуся? – здзівілася гаспадыня.

– Вось, на вечар і перанясём наша знаёмства і застолле! Вы згодны, Ніна Фёдараўна? – ліслівым голасам спытала я.
 
Перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, змірыўшыся з непазбежнасцю, згодна кіўнула галавой і пабегла выконваць асабісты дзённы план па нарыхтоўцы бульбы.
 
Па дарозе да месца збору калгаснікаў і студэнтаў для атрымання задання і вызначэння аб’ёмаў работ на дзень, мы з дзяўчынкамі абмяркоўвалі наша цяжкае становішча. З аднаго боку, раніцай нам удалося выкруціцца; з другога – вечар-то не за гарамі!

З такімі нялёгкімі думкамі мы падышлі да бівака, дзе на бярвеннях, якія бязладна ляжалі, размясціліся нашы хлопцы. Гаваркая Раечка адразу ж выпаліла:

– А наша гаспадыня прапаноўвала да сняданку самагонку!

– І-і-і? – запытальна паглядзеў на нас Жорык Дабрыянін.

– Да ты што! Як магчыма! – абурылася выхаваная ў строгасці Раечка.

Непітушчы Георгій, павярнуўшыся да фехтавальшчыка Мішы Блахіна, засмучана прамовіў:

– Майкл, ну чаму ж нас с табой не пасялілі да гэтай святой бабулькі?! Уяўляеш, якую мы з табой выдалі б прадукцыйнасць працы пасля такога допінгу!

Звярнуўшыся да брыгадзіра Нікадзімыча, які нядаўна прыйшоў на размеркаванне работ, Жорык удакладніў:

– У вас праводзіцца медыцынскі агляд калгаснікаў перад пачаткам працы?

— А навошта ён патрэбны, гэты медыцынскi агляд. I так бачу – усё у парадку!
Хлопцы, якія не вельмі імкнуліся ісці на раскіслыя ад дажджоў бульбяныя дзялянкі, паспрабавалі працягнуць тэму прафілактыкі вытворчага траўматызма і прафесійных захворванняў у работнікаў “небяспечных і шкодных умоў працы” – паляводаў.

Не тут-то было! Надзелены ўладай брыгадзір Нікадзімыч хутка спыніў спробы жартаўнікоў:

 – Працаваць трэба, а то разгаварылiся!

Пры гэтым дадаў, што ўраджай сёлета выдаўся небывалы, сіламі калгаснікаў не спраўляюцца, даводзіцца прасіць пенсіянераў, у тым ліку, не вельмі маладых. Прывёў у прыклад перадавую калгасніцу Ніну Фёдараўну і выразна паглядзеў у наш бок.

– Вось бачыш, Ніна Фёдараўна – ударніца, а ты ёй абяцала ўдзел у вячэрнім застоллі, – вымавіла мне абачлівая Райка.

– Будзем думаць, – адказала “мыслярка”.

 Я даўно звярнула ўвагу на адну важную асаблівасць чалавечага мозгу: чым манатонней і аднастайней фізічная праца, тым больш эфектыўна разумовая дзейнасць.

Не ўпэўнена, што нейрафізіёлаг Наталля Пятроўна Бехцерава, акадэмік Акадэміі навук СССР, пагадзілася б з гэтым сцвярджэннем. Але ў мяне гэтае правіла працуе; выкананне руцінных спраў: уборка, мыццё посуду, гатаванне, ручное мыццё бялізны, нараджаюць мноства ідэй, якія, як правіла, не рэалізуюцца ў жыцці.

Аднастайны і манатонны працэс збору бульбы на маркотных і шэрых калгасных палях актывізаваў маю вялацякучую мазгавую дзейнасць.

Вяртаючыся з працы, мы ў агульных рысах адрэпетавалі свае ролі.

Перадавая калгасніца ўжо была дома. Прывёўшы сябе ў парадак пасля працоўнагага дня, я проста (хутчэй – фамільярна) звярнулася да гаспадыні ў звыклай для вяскоўцаў манеры (зварот да суразмоўцы толькі па імя па бацьку):

– Фёдараўна, а дзе ж абяцаны пачастунак?!

Пытанне падзейнічала, як каталізатар. І без таго хутканогая бабуля за хвіліну накрыла стол, на якім, акрамя названых вышэй прысмакаў, красаваліся вяндліна і пальцам пханая (свойская вяленая) каўбаса. Быццам па ўзмаху чароўнай палачкі з’явілася ўжо знаёмая нам нестандартная бутля з белаватай вадкасцю.

 Гаспадыня паўтарыла ранішнюю працэдуру разлівання напою. Назіраючы за працэсам, я папрасіла:

– А можна, мы не ўсё адразу вып’ем? Ну, для пачатку?

– Можна! – літасціва пагадзілася Ніна Фёдараўна і паўтарыла ранішні абрад піцця. Мы таксама прыгубілі вонкава падазроны напой, які меў, як аказалася, прыемны слівавы прысмак.

Закусіўшы, гаспадыня прапанавала паўтарыць; мы дружна заківалі галовамі ў знак згоды.

У нашы чаркі бабуля не далівала слівянку; сабе ж наліла палоўку і з апетытам выпіла.

Гэтага часу была дастаткова, каб пераліць змесціва нашых шкляначак у загадзя прыгатаваны паўлітровы слоічак, заціснуты трэніраванымі каленкамі Тошкі, якая сядзела паміж Раечкай і мною.

Мы з Тасей добра выканалі свае ролі; да дзейства далучылася Рая.
Гледзячы на гаспадыню сумленнымі шэрымі вачыма, сяброўка спытала:

– А як Вы, Ніна Фёдараўна, пазнаёміліся са сваім мужам?

На хвілінку задумаўшыся, пажылая жанчына ўсхвалявана пачала расказваць аб сваёй маладосці: якім працавітым, моцным і прыгожым быў яе Фядос. Дайшоўшы ў сваіх успамінах да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, гаспадыня засумавала. Кажучы аб прызыве мужа “на вайну”, рэдкіх салдацкіх трыкутніках і казённым паведамленні аб яго гераічнай смерці, заплакала. І прапанавала памянуць светлую памяць мужа і ўсіх загінуўшых абаронцаў Радзімы.

 У наступным было яшчэ некалькі такіх жа застолляў, і кожны раз у бытавой пастаноўцы сяброўкі удасканальвалі сваё акцёрскае майстэрства.

 Перад ад’ездам у горад мы павінаваціліся і ўручылі нашай гасціннай гаспадыні вялікую ёмістасць са слівянкай.

– А я-то думаю, разам са мной выпіваюць, а зусім цвярозыя! Вось махляркі! – незлосна прагаварыла Ніна Фёдараўна.

З ветлівай гаспадыняй мы расталіся добрымі сябрамі.

У пачатку дзевяностых гадоў у гасцях ў нашых знаёмых я ўсё-ткі паспрабавала, па выразу Ніны Фёдараўны, “нейкую раку ці рака” – ракію*.

Бачыць Бог, па смакавых якасцях яна ніколькі не адрознівалася ад слівянкі, вырабленай саматужным спосабам сялянкай Віцебскай губерніі!

*Ракія – балканскі моцны алкагольны напой, які атрымліваецца дыстыляцыяй ферментаванай садавіны.


Рецензии
Добрый день, дорогая Нелли! С большим удовольствием прочитала этот
замечательный рассказ, сдобренный юмором. Как здорово студентки-квартирантки
нашли общий язык с гостеприимной хозяйкой дома. Главное, надо смекалку иметь,
а Вам по части смекалки не было равных. Часто она Вас с друзьями выручает.
Здоровья Вам, счастья и всяких благ!
С уважением и теплом,

Людмила Каштанова   11.04.2024 07:28     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемая Людмила!

Искренне благодарю за отзыв!

Во время учебного года мы с девчонками часто вспоминали гостеприимную бабульку Нину Фёдоровну.

Даже съездить к ней в гости собирались, да не случилось.

С самыми добрыми пожеланиями здоровья и благополучия.

Нелли Фурс   11.04.2024 09:31   Заявить о нарушении
На это произведение написано 6 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.