Дотык восенi

    Жнівень. Калі дакладней – пачатак другой дэкады жніўня. Тэмпература звонку нават не дасягае дваццаці градусаў па Цэльсію. Хмары хутка пралятаюць у вышыні, больш нагадваючы звычайны шэры дым, таму што ляцяць вельмі нізка. Цікава, а наколькі нізка? Мо іх зараз здолее зачапіць нават шматпавярховы дом – паверхаў на шаснаццаць, напрыклад? Але даведацца пра гэта ёсць толькі адзін спосаб. Я вяртаюся дадому і ўключаю радыёпрыёмнік на хвалі 108 FM. Праз некалькі секунд чую ледзь чутны, запісаны на стужку, мужчынскі голас – гэта ATIS аэрапорта "Гомель", які знаходзіцца не вельмі далёка ад майго дому:
    "…метров в секунду. Видимость – 5 километров. Разорванная облачность, нижняя граница – 240 метров, кучево-дождевая…"
    Досыць, астатняе мне нецікава. Вось як. А здавалася, што гэтыя хмары знаходзяцца, прынамсі, усяго ў некалькіх дзясятках метраў ад зямлі.
    Праз акно бачу – вецер узмацніўся, здаецца, яшчэ некалькі хвілін і пачнецца моцны дождж. Рызыкуючы захварэць, у адной кашулі накіроўваюся на вуліцу. Хмары ўсё хутчэй і хутчэй ляцяць кудысьці на захад. Захад усіх вабіць, нават хмар… Але не мяне.
    Гэтыя думкі перапыніў дождж, які пачаўся знянацку, але неяк няўпэўнена, быццам вырашыў папярэдзіць тых, хто зараз гуляў па вуліцах, каб яны паспелі знайсці прытулак. Па вуліцах, якія за некалькі дзён сталі такімі няўтульнымі.
    Я адчуў, што холад пакрысе пачаў прабірацца ўнутр, у самае сэрца. Быццам восень адштурхнула лета і ў яе атрымалася на некаторы час кіраваць надвор'ем. Нават заўважыў поруч некалькі сухіх лісцеў ад каштана.
    Я адначасова і люблю, і не люблю восень. З аднаго боку, яна прыгожая, але з другога – часта прымушае сумаваць. Вядома, што многія людзі адчуваюць нешта падобнае, тым больш у той час, калі сонейка з'ўляецца на небе вельмі рэдка, але здаецца, што ў мяне ўсё больш складана, чым у астатніх… Гэтае пачуццё можна называць і журботай, і самотай, і тугой – усё адно. Google-перакладчык нават выдае такое – "скруха". Напэўна, вам здаецца, што гэта проста сінонімы аднаго паняцця, але я адчуваю – гэта розныя пачуцці. І калі-нікалі ўсе яны адначасова пачынаюць турбаваць мяне, часцей за ўсё менавіта ўвосень. Канешне, вясной бывае час, калі краявід не адрозніваецца ад восеньскага, ды і надвор'е тое ж самае – адліга, халадэча, ссохлая трава… Але ж увесну гэтыя "дамы" чамусьці наведваюць мяне значна радзей і паасабоку. Кожная з іх нават мае сваё аблічча – Скруха ўяўляецца цыбатай хударлявай старой; Самота – маладая жанчына, вядома, з вельмі засмучаным тварам; Туга, як і яе родная сястра Нуда – жанчына пад сорак, з жудасным і непрыгожым тварам. Але больш мне падабаецца Журбота – маладая дзяўчына, якая быццам сама не рада, што апынулася ў гэткай кампаніі, і, здаецца, цураецца сваіх "сябровак". Яна разумее мяне і нібыта зусім не жадае, каб я сумаваў. Яна проста хоча быць побач са мной у тыя моманты, калі я адчуваю сябе вельмі адзінокім і самотным. Ведае, што мне будзе лягчэй, калі яна будзе сумаваць разам са мной. Яна ніколі не размаўляе, хаця я адчуваю яе прысутнасць. А калісьці яна прыснілася мне. Мая Журбота…

15 жніўня 2012 года.
01 красавіка 2024 года (арфаграфічныя і пунктуацыйныя праўкі).


Рецензии