Як Братка Трус перахiтрыу Братка Лiса
ЯК БРАТКА ТРУС ПЕРАХІТРЫЎ БРАТКА ЛІСА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope
***
— Дзядзечка Рымус, — спытаў Джоэль увечары, калі стары як быццам нічым не быў заняты, — скажы, калі Ліс злавіў Труса Пудзілам, ён не забіў яго і не з'еў?
— Хіба ж я не расказваў табе пра гэта, дружа? Ну так, я ж сонны быў, і ў галаве ў мяне ўсё зблыталася, і маці як раз паклікала цябе. Пра што ж мы тады казалі? Памятаю, памятаю. Ты, ніяк, і вочкі ўжо трэш? Не, плакаць па Братку Трусу пачакай. Дарма, ці што, ён быў такі спрытны? Ты паслухай, што будзе далей. Прыклеіўся, значыць, Братка Трус да Пудзілка, а Стары Ліс ну катацца па зямлі, ну рагатаць. А потым кажа:
— Здаецца мне, Братка Трус, на гэты раз я цябе злавіў. Можа, я і памыляюся, але мне здаецца, што злавіў. Ты ўсё тут скакаў і цешыўся з мяне, але цяпер канец тваім жартам. І хто прасіў цябе лезці не ў сваю справу? І навошта здалося табе гэта Пудзілка? І хто гэта прыляпіў цябе да яго? Ніхто, ніхто ў цэлым свеце! Ніхто не прасіў цябе, а проста ты сам узяў і ўляпіўся ў гэта Пудзілка! І сам ты ва ўсім вінаваты, Братка Трус! Так і трэба табе, так і будзеш сядзець, пакуль я не набяру галля і не запалю яго, бо я, вядома, засмажу цябе сёння, Браце Трус.
Так сказаў Стары Ліс.
А Трус адказвае так рахмана, паслухмяна:
— Рабі са мной што хочаш, Браце Ліс, толькі, калі ласка, не ўздумай кінуць мяне ў гэты цярновы куст. Смаж мяне, як хочаш, Братка Ліс, толькі не кідай мяне ў гэты цярновы куст.
— Мабыць, занадта шмат валтузні з вогнішчам, — кажа Ліс. — Мабыць, я лепш павешу цябе, Братка Трус.
— Вешай, як хочаш высока, Браце Ліс, — кажа Трус, — толькі б ты не захацеў кінуць мяне ў гэты цярновы куст.
— Вяроўкі ў мяне няма, — кажа Ліс, — так што, мабыць, я патаплю цябе.
— Тапі мяне так глыбока, як хочаш, Браце Ліс, — кажа Трус, — толькі не кідай мяне ў гэты цярновы куст.
Але Брат Ліс хацеў расправіцца з Трусам мацней.
— Ну, — кажа, — калі ты баішся, якраз і кіну цябе ў цярновы куст.
— Дзе табе! — кажа Братка Трус. — З Пудзілкам я занадта цяжкі, не дакінеш.
Схапіў Ліс Труса за вушы ды як скалане! Адклеілася, упала Пудзілка.
— А вось і дакіну, — кажа Ліс.
Як размахнецца, як кіне Труса ў сярэдзіну цярновага куста, нават трэск пайшоў. Устаў Ліс на заднія лапы, глядзіць, што будзе з Трусам. Раптам чуе — кліча яго нехта. Зірк — там, на пагорку, Братка Трус на бярвенцы, нага на нагу, сядзіць, смалу з воўны вычэсвае трэскай.
Зразумеў тут Ліс, што зноў застаўся ў дурнях. А Братку Трусу пазлаваць яго захацелася, ён і крычыць:
— Цярновы куст — мой дом родны, Братка Ліс! Цярновы куст — мой дом родны!
Ускочыў і знік, як цвыркун у попеле.
Свидетельство о публикации №224040100964