Як Братка Трус выдаiу Матухну Карову

Казкі дзядзечкі Рымуса
ЯК БРАТКА ТРУС ВЫДАІЎ МАТУХНУ КАРОВУ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

— Памятаеш, як Братка Трус падмануў старога Сарыча і ўцёк з дупла? Вось пусціўся ён дамоў весялун, ні даць ні ўзяць — сойка ў вераб'іным гняздзе. Скача, скача і раптам так прытаміўся — ногі і тыя не слухаюцца. Бяда як захацелася яму папіць чаго-небудзь. Ужо ён быў амаль дома, глядзіць — Матухна Карова пасецца ў полі. Ён і вырашыў паспрабаваць тут шчасця.

     Трусік ведаў, што Карова нізашто не дасць яму малака: не раз ужо яна гнала яго прэч, нават тады, калі захварэла яго жонка. Вось Братка Трус паскакаў, паскакаў ля плота і крыкнуў:

— Як жывеш, Матухна Карова?
— Нічога, Браце Трус.
— Як здароўе, Матухна Карова?
— Ды так: ні блага ні кепска, Братка Трус. А ты як маешся?
— Нічога, дзякуй. Трохі костачкі ломіць, як прачнешся, — кажа Трус.
— Як жонка, дзеткі? — пытаецца Матухна Карова.
— Ды ні дрэнна ні добра. А як Братка Бык пажывае?
— Так сабе, — кажа Матухна Карова.
— Бач ты, якія фінікі на гэтым дрэве, Матухна Карова, — кажа Трус. — Вось бы іх пакаштаваць!
— Ну, ды табе не дастаць іх, Братка Трус.
— А ты, будзь ласкава, бадні дрэва, страсі мне штучкі дзве-тры, — кажа Трус.
     Ну, Матухна Карова не хацела адмаўляць Братку Трусу. Яна падышла да фінікавага дрэва і баднула яго рагамі — блім! Але фінікі былі яшчэ зялёныя, як трава, ніводзін не ўпаў. Тады Карова яшчэ разок баднула дрэва — блім! Ніводны фінік не зваліўся! Тады Карова падалася крыху назад, падбегла да дрэва — бліп! Хоць бы адзін упаў! Карова адышла крыху далей. Адышла, закінула хвост на спіну ды як разляціцца — керблям! — аб дрэва. Так разагналася ды так моцна баднула, што адзін рог глыбока прабіў дрэва і ў ім затрымаўся. Карова — ні наперад ні назад. А Братку Трусу таго і трэба было.

— Вызваляй мяне, Братка Трус, — сказала Матухна Карова.
— Мне ж не дабрацца да тваіх рагоў, — сказаў Трус. — Лепш я збегаю па Братка Быка.

     І з гэтымі словамі ён пусціўся дадому. Праз некаторы час вярнуўся з жонкай і з усімі дзеткамі, і, колькі іх было, кожны цягнуў па вядры. У большых былі вялікія вёдры, у меншых — вёдры меншыя.

     Вось атачылі яны Матухну Карову — ну даіць яе. Выдаілі дарэшты. І большыя даілі, і меншыя даілі. А як выдаілі, Братка Трус і кажа:

— Усяго добрага, Матухна Карова! Табе сёння ў полі начаваць. Нельга ж табе начаваць нядоенай! Вось я і падумаў: трэба выдаіць цябе, каб ты не рыкала ўсю ноч.

     Так і сказаў Братка Трус. А Матухна Карова ўсё стаяла і тузала галавой, каб вырвацца, але рог моцна-моцна засеў у ствале.

     Сонейка села, і ноч прыйшла, а Матухна Карова ўсё стаіць. Вось ужо пачало віднець, падаўся рог пастуха. Вырвалася Матухна Карова, паскубла траўкі.
"Ну, пачакай, — падумала Карова. — Ты, мусіць, прыскачаш сюды паглядзець на мяне. Ужо я з табой разлічуся!".

     Стала сонца ўзыходзіць. Падышла яна да дрэва і ўставіла рог назад у дзірку.
     Так, мабыць, калі пасвілася, затрымалася крыху Матухна Карова, бо толькі ўставіла яна рог у дзірку, глядзіць — а Братка Трус сядзіць на плоце і глядзіць на яе.

— Добрай раніцы, — сказаў Трус. — Як адчуваеш сябе, Матухна Карова?
Ён саскочыў з плота і паскакаў да яе бліжэй: ліппіці-кліпіці, ліппіці-кліпіці…
— Дрэнна, Братка Трус, зусім ніяк, — сказала Матухна Карова. — Усю ноч прамаялася. Ніяк не выцягну рог. Вось ухапіў бы ты мяне за хвост, я б вырвалася як-небудзь, Братка Трус.

     Тут Братка Трус падышоў крыху бліжэй, але не вельмі блізка.

— Далей мне нельга, — сказаў ён. — Ты ж ведаеш, я слабаваты. Магу надарвацца. Ану, Матухна Карова, ты цягні, а я напружуся!

     Тут Карова вырвала рог ды як прыпусціць за Трусам! Панесліся яны па дарозе.
     Трус — вушкі назад, а Карова — да зямлі рогі, хвост кручком. Трус наперад паскакаў, ды раптам з разлёту — у цярновы куст. Падбегла Карова да куста, а з-пад куста галава тырчыць — вочы вялікія, як гузікі.

— Добры дзень, Матухна Карова! Ці далёка бяжыш? — спытаў Братка Трус.
— Добры дзень, Браток Вялікія Вочы! — сказала Матухна Карова. — Не прабягаў тут Братка Трус?
— Вось толькі-толькі прабег, — сказаў Трус. — Ды стомлены такі, задыханы.
    
     Тут Карова  вельмі спрытна пабегла па дарозе, быццам сабакі за ёй па пятах гналіся.

     А Трус — той ляжаў пад цярновым кустом і катаўся ад смеху, пакуль у яго не закалола ў абодвух баках.
     Ад Ліса сышоў, і ад Сарыча сышоў, і ад Каровы сышоў — як жа тут было не смяяцца?


Рецензии