Поле

Поле за вёскай. Пачатак лістапада. Вельмі радуе тое, што зараз не ідзе дождж ці снег, і на вуліцы даволі суха. Гэта ў горадзе не мае вялікай розніцы, а ў вёсцы нават пасля невялічкага дажджу ісці становіцца нязручна і небяспечна, асабліва ў галалёдзіцу, а тым больш у полі. Шкада, што ўзімку тут не да шпацыраў, хіба толькі што на лыжах. А ўлетку я больш люблю карыстацца веласіпедам. Напэўна, кожны здзівіцца, чаму ж мне так падабаецца поле? Восенню тут краявід болей, чым сумны, цікавых людзей не сустрэнеш, дый наогул, хіба прыемна крочыць па сцежцы-шляху, якая летам пыльная, вясной і восенню – слізкая, а ўзімку яе ўвогуле няма? Але мне тут падабаецца. Вядома, што ў полі заўсёды ціха і душа адпачывае ад мітусні горада. Тут лепей адчуваеш жыццё, нават, як ні дзіўна, і ўзімку, калі ўсё быццам засынае. Тут можна і жыць, нічога сумнага ў гэтым няма. А ў горадзе, дзе чуеш шум машын і людзей, якія заўсёды некуды спяшаюцца, часта адчуваеш сябе вельмі самотным, нікому не патрэбным. Чым больш людзей побач, нават сяброў, тым больш я адзінокі. А поле – гэта ідэяльнае месца. Адзінота не любіць сюды заходзіць. Мабыць, толькі да тых людзей, якія самотныя, дзе б яны ні былі, ці калі іхняя стыхія – горад. Я ведаю, у кожнага ёсць месцы, дзе адзінота не можа да яго завітаць. Толькі не кожны здольны знайсці гэтыя месцы…

15 лістапада 2012 года.
02 красавіка 2024 года (выпраўленне памылак: было - "галаледзіцу", "лыжаш", "весной", "ўвогулле", "як не дзіўна", "захадзіць", "якія самотны", "дзе б яны не былі").


Рецензии