Чорны бусел

Ноч. Зноў не сплю. Гляджу ў акно і шкадую, што не магу зараз выйсці на вуліцу – там шумяць дрэвы, бо іх турбуе моцны вецер. Калі б была магчымасць, выйшаў бы з дому і некалькі гадзін слухаў бы ноч. Не, не хвілін – менавіта гадзін. Я здольны моўчкі стаяць і глядзець у адну кропку, час ад часу адчувая, як нейкая думка нясмела імкнецца авалодаць маёй увагай. Вось і зараз. Я прыгадаў, як у мяне часта псаваўся настрой, калі я наведваўся ў горад і бачыў іншых людзей. Горш за ўсё ў святочны дзень – паўсюль вясёлыя твары, горад нагадвае разварушаны мурашнік. Адразу адчуваю сябе чужым, недарэчным. Калі я вяртаюся дадому, каб палепшыць настрой, сядаю на веласіпед і еду. Амаль заўсёды трапляю ў нейкую невялічкую вёску ці проста ў поле, дзе наогул няма анікога вакол. Толькі я і вецер. Кагосьці здольна напужаць гэтае наваколле, нават і мяне самога часам. Але акрамя жаху (калі гэта адбываецца пасля заходу сонца) ёсць яшчэ адно моцнае пачуццё. Не адзінота і не смутак – спакой і раўнавага. Быццам мае мары нарэшце здзейсніліся. Я адзін. Наўкол нікога. Вар'яцтва? Не думаю. Проста тут няма негатыва або радасці, якія заўсёды адчуваеш, калі побач натоўп людзей. Ты сам робіш свой настрой і кіруеш сваімі пачуццямі. Пажадаеш – і гэты краявід будзе сумным, таму што ты зараз сумуеш аб тым, што так і не знайшоў сваю спадарожніцу жыцця. І сум напоўніць кожны подых паветра. А калі не жадаеш сёння сумаваць, табе ён будзе здавацца вясёлым і лагодным – заўважыў, колькі розных яскравых колераў наўкол? Ты ад радасці ледзь не спяваеш, вось яна – свабода! Жадаеш – уяві сябе адзіным і апошнім чалавекам у свеце. Ты сам сабе гаспадар. Хаця ж не забывай, калі што, цябе аніхто не падтрымае і не суцешыць, бо нікога побач проста няма. Не заўважаю, як пачынаю размаўляць з самім сабой. Ведаю, кепская прыкмета, таму трэба зноў вяртацца да людзей. Уздыхаю. Прайшло толькі дзве гадзіны, але ж хутка прыйдзе цемра. З кожнай хвілінай адчуваю, што я бліжэй і бліжэй да цывілізацыі, і мой твар усё болей змрочны. Не, я не зайздрошчу Рабінзону, проста пераход заўсёды цяжкі. І мне было б сумна, калі б я апынуўся вельмі далёка ад людзей, без магчымасці бачыць іх. Але часам ад гэтых істот трэба абавязкова адпачываць. Не, не так – лепей часам бываць сярод людзей.

Я параўноўваю сябе з чорным буслам, які цураецца нас, людзей, і будуе свае гнёзды недзе далёка-далёка. І ён не адчувае сябе самотным, бо побач ягоная сяброўка, з гэткім жа поглядам на жыццё. Шчаслівая птушка…

21 жніўня 2012 года;
03 красавіка 2024 года (выпраўленне памылкі - замяніў «у» на «ў»);
20 сакавіка 2025 (замена «мне б было» на «мне было б»);
23 красавіка 2025 (выпраўлена «Свеце» на «свеце»).


Рецензии
Прочитала перевод,Александр, но это здорово, что Вы пишете на своем родном языке. Очень красиво, поэтично, как стихотворение в прозе. И очень близко мне, часто я чувствую многое из того, что описано.
Удачи Вам и вдохновения.

Дарина Сибирцева   02.07.2024 14:58     Заявить о нарушении
Большое спасибо за такой тёплый отзыв, вам тоже творческих успехов и вдохновения (поспехаў і натхнення). Рад, что есть люди, которые уважают другие языки, хотя попадаются и те, кто обзывает их диалектами, а то и требует писать по-русски (один такой рецензент был). Конечно, понимаю, что теряю значительную часть читательской аудитории даже среди беларусов. Однако есть те, кто ищет именно то, что я пишу, на нашем языке (и я в числе таких людей). Это очень ценно.

Александр Чепа   02.07.2024 16:49   Заявить о нарушении