Дакучлiвыя хворыя

Дакучлівыя хворыя

Пры падрыхтоўцы да выдання кнігі “Гісторыя аховы здароўя Баранавіцкага краю” мною былі дэталёва вывучаны архіўныя матэрыялы, якія датычацца пашкоджанасці насельніцтва туберкулёзам. З упэўненасцю магу сказаць, што ў даваенны час пытанні прафілактыкі і зніжэння захворванняў на сухоты не ўздымаліся ні савецкай, ні партыйнай, ні медыцынскай уладай Баранавіцкай вобласці; адсутнічалі і статыстычныя дадзеныя.

Вынікі супрацьсухотнай працы ў пасляваенны час выкладзены ў названай вышэй кнізе “Гісторыя …”. Калі ж пачалася актыўная барацьба з пашкоджанасцю насельніцтва туберкулёзам ужо ў маю бытнасць участковым урачом, за даўнасцю гадоў і не ўзгадаю.

Загад міністра аховы здароўя СССР ад ліпеня 1980 года “Аб зацвярджэнні метадычных указанняў па правядзенні масавых флюараграфічных абследаванняў органаў грудной клеткі” падзяліў усё насельніцтва Савецкага Саюза на групы: абавязковыя кантынгенты, арганізаванае насельніцтва, работнікі дробных прадпрыемстваў, не арганізаванае насельніцтва. Пакуль міністэрствы саюзных рэспублік, абласныя і гарадскія аддзелы аховы здароўя выдавалі адаптацыйныя загады, прайшоў пэўны час; да рэалізацыі важнага загаду практычныя лекары прыступілі ў канцы 1981 года.

Для пачатку, кажучы мовай героя вядомага мультыплікацыйнага фільма, “усіх палічылі”: на ўсё дарослае насельніцтва тэрапеўтычнага ўчастку была заведзена флюаракартатэка. Перад медыцынскімі работнікамі была пастаўлена задача – штогадовае максімальнае абследаванне  насельніцтва; стоадсоткавае – абавязковых кантынгентаў і дзевяностаадсоткавае – іншых катэгорый.

У 1981 годзе медыкі толькі прынялі да ўвагі гэты загад, як кіраўніцтва да дзеяння, пачаўшы падрыхтоўчую работу да яго рэалізацыі. А ўжо ў 1982 годзе на штотыднёвых вытворчых нарадах галоўнай стала тэма рэнтгена-флюараграфічнага абследавання насельніцтва. На другі план адышлі пытанні этыкі і дэанталогіі, экспертызы часовай і стойкай непрацаздольнасці, кратнасці наведвання ачагоў гельмінтозаў і, нават страшна сказаць! – якасці вядзення медыцынскай дакументацыі.

Падрыхтаваная статыстычным аддзелам інфармацыя аб колькасці абследаванага насельніцтва ў адсотках у разрэзе тэрапеўтычных участкаў агучвалася ў самым канцы пасяджэння.

Такім чынам, участковаму ўрачу з самымі нізкімі паказчыкамі абследавання, давалася магчымасць апраўдацца. Натуральна, большасць калег імкнулася не трапіць у лік “лепшых па прафесіі”.

Па заканчэнні прыёму пацыентаў участковы лекар і медсястра пераходзілі ў свабодныя кабінеты паліклінікі, прыхапіўшы з сабой даўгаватую скрыначку – флюаратэку. Усе гарызантальныя паверхні памяшкання хутка запаўняліся амбулаторнымі карткамі, флюаракартамі і лістамі паперы рознага фармату, раскладзенымі нібыта ў бязладзіцы. Доктар са сваёй памагатай, напаўголаса прыгаворваючы, пераносілі нейкія звесткі с адной паперы ў іншую.

Такім чынам звяраліся дадзеныя флюаракартатэкі і амбулаторных карт са спісамі працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, якія прайшлі флюараграфію ва ўліковым годзе. “Здабытыя” руціннай працай звесткі падвышалі адсотак абследаваных грамадзян тэрапеўтычнага ўчастка.

Сказаць, што я тады ў поўнай меры разумела значнасць супрацьсухотнай работы, мякка кажучы, схітраваць. Мне падавалася гэта чарговай бюракратычнай задумай, не патрэбнай нікому, акрамя адміністрацыі. І дадатковай магчымасцю для кіраўніцтва лячэбнай установы “прыструніць” урача, які меў адрозны ад меркавання начальства пункт гледжання:

– Усяго трыццаць пяць адсоткаў насельніцтва ўчастка абследавана рэнтгеналагічна за паўгода, а Вы яшчэ будзеце казаць аб высокіх матэрыях, новых медыцынскіх тэхналогіях! 

Невялікі адступ ад практычнага аспекту “туберкулёзнай” тэмы. Нямецкі пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк адкрыў мне вочы на праблему сацыяльнай хваробы і смяротнасці ад яе.

Так склалася, што з творчасцю Рэмарка я ўпершыню пазнаёмілася толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў. Тады практычна не назіралася множнай лекавай устойлівасці; пры сваечасовым выяўленні і лячэнні ў хворых на туберкулёз наступала папраўка або працяглая рэмісія*.

Чытаючы раманы Рэмарка “Жыццё ў пазыку (Гісторыя аднаго кахання)” і “Тры таварыша”, суперажывала галоўным гераіням і не магла пазбавіцца ад думкі:

– У наш час абавязкова выратавалі б безнадзейна хворых Ліліян і Патрыцыю!
 
 Некалькі гадоў таму, перачытваючы “Тры таварыша” 2009 года выдання, у чарговы раз затрымалася на кароткім рэзюмэ:

 “Самы прыгожы ў дваццатым стагоддзі раман пра каханне …

Самы захапляючы ў дваццатым стагоддзі раман аб сяброўстве …

Самы трагічны і пранізлівы раман аб чалавечых адносінах за ўсю гісторыю дваццатага стагоддзя”

 Пагадзіўшыся з кожным словам анатацыі, падумала: “Чытанне двух раманаў нямецкага пісьменніка прынесла б студэнтам медыцынскіх універсытэтаў значна большую карысць, чым увесь цыкл навучання “Туберкулёз”!

***

Давераны мне тэрапеўтычны ўчастак размяшчаўся на ўскраіне горада Баранавічы. Транспартныя зносіны ў тыя гады пакідалі жадаць лепшага; самыя нецярплівыя пацыенты прыязджалі на ранішні прыём толькі пасля дзевяці гадзін.

Спадзяючыся, што рэгістратура не запіша з раніцы “старонняга” наведвальніка, мы з медыцынскай сястрой раскладвалі на стале апісаны вышэй “пасьянс”. Зверыўшы запісы з двух-трох амбулаторных карт з дадзенымі флюаракартатэкі, чулі стук у дзверы і, запрасіўшы пацыента ў кабінет, складалі медыцынскія дакументы на бліжэйшую тумбачку. Пасля прыёму хворага паўтаралі ўсю працэдуру ў зваротным парадку, і працягвалі зверку да наступнага груку ў дзверы.

У адзін з ранішніх прыёмаў прамежкі паміж раскладваненнем дакументацыі і стукам у дзверы скараціліся да мінімуму – паўтары-двух хвілін. Ледзь дачакаўшыся сыходу чарговага пацыента, участковая медсястра Іра раздражнённа вымавіла:

– І ўвогуле, Нэля Гаўрылаўна, калі б гэтыя хворыя, то можна было б і працаваць!

Я згодна кіўнула; крыху пазней да мяне дайшоў сэнс сказанага медсястрой.

Падняўшы галаву ад папер, са здзіўленнем спытала:
 
– Што Вы мелі на ўвазе, Ірына?

 Медсястра таксама паспела даць ацэнку некарэктнасці фразы, кінутай ёю па недамысленнасці. Папрасіўшы прабачэння, памочніца працягнула работу з медыцынскай дакументацыяй.
 
Крылаты выраз адклаўся ў маёй памяці; ужо працуючы ў раённай ахове здароўя, у выхавальных мэтах я часам агучвала яго, абавязкова спасылаючыся на аўтара.

Цытуючы крамольную фразу медыцынскай сястры, калегі прыпісвалі аўтарства мне. Кожны раз я адчувала дыскамфорт за ненаўмысны плагіят і спрабавала уявіць сабе вынікі рэалізацыі ў розных сферах чалавечай дзейнасці пажадання Ірыны:

– навучальны ўстановы – без навучэнцаў

– гандлёвыя кропкі – без пакупнікоў

– стадыёны – без спартоўцаў

– вакзалы і аэрапорты – без пасажыраў.

Нажаль, дачакаліся.

“Панарошку” прагназуемая ў васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя сітуацыя набыла рэальныя абрысы ў 2019 годзе: COVID-19.

Толькі ў адным шмат гадоў таму памылілася “празорца” – мая памагатая Ірына.

Надакучлівыя хворыя па-ранейшаму “перашкаджаюць” працаваць медыкам …

*Рэмісія – перыяд цячэння хранічнай хваробы, які выяўляецца значным паслабленнем або знікненнем яе сімптомаў.


Рецензии
Нелли, ты уж извини, разговорный язык понимаю, а письменный с большим трудом, хотя и очень интересно!

Вадим Светашов   06.04.2024 08:37     Заявить о нарушении
Доброе утро, уважаемый Вадим!

Сердечно благодарю за отзыв!

Рассказ "Настойчивые больные" на русском языке размещён в сборнике "Всё повторяется...".

С самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   06.04.2024 11:59   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.