Я застаюся

(першапачатковая назва - "Не забуду")

Ніколі не забуду той дзень. Была нядзеля, другога снежня, зіма толькі-толькі пачалася, але снега яшчэ не было. Мне надакучыла сядзець дома і я вырашыў прагуляцца па наваколлі. Настрой быў адносна добры, хаця мяне ў апошні год часта турбавалі смутак і адзінота. Так, год, нават крыху больш, як мяне пакінула дзяўчына, якую я кахаў. І рэдка каму ўдавалася ўзняць мой настрой, а на доўгі час – нікому. Шмат хто заўважыў, што я занадта пачаў грузіць песімізмам, некаторыя спынілі са мной зносіны.

Але ў той дзень з настроем праблем не было, тым больш, што ўвечары я збіраўся на каток з братам і лепшай сяброўкай. Я крочыў па сваёй вуліцы, думкі амаль не наведвалі мяне, але душэўны стан… Я рэдка адчуваў такую пустэчу і адзіноту, як зараз. Гэта і турбавала. За думкамі я не заўважыў, як прайшло паўгадзіны і на маім шляху з'явілася чыгунка. Я не спяшаўся і павольна ўзбіраўся на насып, таму што міма якраз ехаў дызель-цягнік. Як толькі шлях праз пуці стаў вольным, я пасунуўся наперад, але ўбачыў, што з іншага боку набліжаецца другі цягнік – грузавы. Вось тут усё і пачалося…

Я чамусьці падумаў – ці не лепш кінуцца пад гэты цяжкі зялёны цеплавоз, і тады канец усім маім пакутам? Шмат думак пранеслася ў маёй галаве за гэтыя секунды, але я не рушыў з месца. Цягнік тым часам грукатаў калёсамі, калі праязджаў міма. Я зноў спазніўся, але, вядома, да лепшага. Калі апошні вагон праехаў, я перайшоў рэйкі і пакрочыў далей па сцежцы. Быццам па іроніі лёсу, за чыгункай былі нашы яромінскія могілкі. Хутка тут ужо нельга будзе хаваць нябожчыкаў, бо месца амаль не засталося. Я шыбаваў побач з магіламі сваіх аднавяскоўцаў, сярод якіх былі мае бабуля з дзядуляй і мой дзядзька.  Я разважаў – калі б я памёр, то што было б у гэтым добрага? Ну, сябры сумавалі бы, вядома. Сваякі, сям'я… Нехта, напэўна, адчуў бы віну перада мной. І ўсё. Праз колькі год пра мяне бы ўжо ўспаміналі ўсё радзей і радзей. Жыццё працягнулася бы, але ўжо без мяне. Сумна. І ўсё гэта мне патрэбна? Не, самагубцы, я не з вамі… Я застаюся.

04 снежня 2012 года.
04 красавіка 2024 года (выпраўленні: было - "пайсці" (прагуляцца), "турбаваў", "мая" (дзяўчына), "праняслося", "мяне б ўжо").


Рецензии