Парушальнiкi правiлау дарожнага руху

Парушальнікі правілаў дарожнага руху

У студзені 2024 года ў сацыяльных сетках з’явіўся відэафільм, які адлюстраваў жудасны эпізод. Яго  сведкамі сталі людзі, якія праязджалі па шашы. На дарожнай паласе мядзведзь задраў аленя і адцягнуў ахвяру з асфальту на заснежаную абочыну.

Ролік знаёмыя пераслалі мне на Вайбер напярэдадні Старога Новага года з каментарам: “Сёння каля вёскі Козікі Івацэвіцкага раёна”.

– Харошанькі пераднавагодні падарунак, усяго ў дваццаці пяці кіламетрах ад бацькоўскай хаты мядзведзі палююць прама на аўтатрасе! – расхвалявалася я.

Неўзабаве паступілі звесткі аб мясцовасці, дзе адбыўся засмучальны выпадак: “… непадалёк ад Рэзэкне, у наваколлях Малты …” (Латвія).

– А-а, дык гэта далёка ад Целяханаў, больш за пяцьсот кіламетраў, пакуль той мядзведзь да нас дабярэцца! Тым больш, карыстальнікі сацыяльных сетак усумніліся, што кліп быў зняты менавіта ў Латвіі; падобны сюжэт цалкам мог мець месца і ў Бураціі, і ў Славакіі, і на поўдні Францыі, – акрыяла я духам.

У хуткім часе старшыня Савета ветэранаў пасёлка Целяханы Святлана Крэк расказала, што днямі ў населеным пункце з’явіўся алень і нейкі час разгульваў па цэнтральных вуліцах паселішча.

Пад уражаннем ад расправы над аленем крыважэрнага мядзведзя, я пракаментавала суразмоўцы сітуацыю:

– Добра, што не мядзведзь зайшоў у пасёлак, а то нам мала не здалося б!

Святлана Андрэеўна пагадзілася са мной, сказаўшы пры гэтым:

– Вы папярэдзьце сыноў, каб былі вельмі ўважлівыя пры пад’ездзе да Целяханаў; на адрэзку шляху паміж вёскай Доўгая і нашым пасёлкам шашу часта пераходзяць дзікія жывёлы.

Неўзабаве ў мяне з’явілася магчымасць пераканацца ў своечасовасці і важнасці парады карэннай жыхаркі Целяхан.

Мы са спадарожнікамі выехалі ў горад Баранавічы зацемна, а пятай гадзіне раніцы. За рулём аўтамабіля – малады, але дасведчаны кіроўца Арцём. Мне прапанавалі размясціцца на пярэднім сядзенні, жартаўліва матывуючы прынятае большасцю пасажыраў рашэнне працяглым стажам пражывання нашай сям’і ў Баранавічах.

Цемра была несусветная. Уладкаваўшыся ў машыне, мы са спадарожнікамі сталі весці размовы на розныя тэмы.
 
 Ад’ехаўшы ад населенага пункта некалькі кіламетраў, Арцём нечакана затармазіў.

– Глядзіце-глядзіце, казулі!

У святле фар мы ўбачылі на праезнай частцы шэсць казуль; трое ці чацвёра асобін ужо паспелі дасягнуць неасветленага кювета.

Па трое жывёл знаходзіліся паабапал раздзяляльнай паласы; спыніўшыся, яны насцярожана глядзелі ў бок машыны.

 “Уключылася” дванаццаць, як мне падалося, чырвоных “ліхтарыкаў”, накіраваных на нас. (Унутраная паверхня вачэй жывёл мае бліскучы пласт, так званае люстэрка, якое адлюстроўвае святло.)

Секунды памарудзіўшы і нейкім чынам улавіўшы, што ім нішто не пагражае, алені павольна рушылі ўслед за галаўной групкай.

Я расказала спадарожнікам, што некалькі гадоў таму, прыкладна ў гэтым жа месцы, бачыла двух маладзенькіх казулек. І што тагачасны таварыш па дарозе растлумачыў мне, што дзікія жывёлы выходзяць да шашы ў пошуках солі, якую дадаюць у пясок для пасыпкі дарог узімку.

Пагадзіўшыся з версіяй майго даўняга спадарожніка, Арцём дадаў, што казулі часта пражываюць непадалёк ад праезных дарог, паколькі ваўкі аддаюць перавагу сяліцца ў глыбіні лесу.

У салоне аўтамабіля пачаўся ажыўлены абмен меркаваннямі: якіх дзікіх жывёл даводзілася бачыць прысутным?

Мне пахваліцца не было чым. У дзікай прыродзе я бачыла два зайцы, некалькі вавёрак і вожыкаў, тры высакародных алені і дзве казулькі, згаданыя вышэй; прыкладна такі ж пералік з дабаўленнем баброў аказаўся і ў іншых пасажыраў.

А тут – адразу дзесяць жывёл!

Цэлы дзень мяне не пакідала назойлівая думка, што не ўсіх “парушальнікаў правілаў дарожнага руху” нам удалося ўбачыць; мне здавалася, што пагалоўе аленевага статка павінна быць пабольш.

Памылялася: у летні перыяд казулі трымаюцца ў адзіночку, групы утвараюць толькі самкі з сяголеткамі. У кастрычніку жывёлы аб’ядноўваюцца ў табуны па чатыры-восем асобін, радзей – у буйнейшыя, якія існуюць да вясны наступнага года.


Рецензии
Я так люблю Белоруссию, что сам тут корпел, переводил. Очень даже понятный язык!

С уважением,

Фома Неверующий   13.04.2024 18:58     Заявить о нарушении
Благодарю за отзыв, уважаемый Фома!

Приятны Ваши добрые слова в адрес моей Родины и белорусского языка.

С самыми добрыми пожеланиями.

Нелли Фурс   14.04.2024 11:02   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.