Як Лiс палявау, а здабыча дасталася Трусу
ЯК БРАТКА ЛІС ПАЛЯВАЎ, А ЗДАБЫЧА ДАСТАЛАСЯ БРАТКУ ТРУСУ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope
***
Стары Ліс пачуў, як Трус правучыў Братка Ваўка, і падумаў:
«Як бы і мне не трапіць у бяду. Пакіну лепш яго ў спакоі».
Яны сустракаліся часцяком, і шмат разоў Братка Ліс мог схапіць Труса. Але кожны раз, калі выпадаў такі зручны момант, яму на розум прыходзіў Воўк, і ён пакідаў Братка Труса ў спакоі.
Памалу сталі яны сябраваць. Здаралася, Ліс заходзіў нават да Труса ў госці; яны сядзелі разам і раскурвалі люлькі, быццам паміж імі ніколі і не было ніякай варожасці.
Вось неяк прыйшоў Братка Ліс і спытаўся, ці не пойдзе Трус з ім на паляванне. А Труса нешта лянота адолела, ён і сказаў Братку Лісу, што ў яго ёсць у запасе рыбка, ён як-небудзь абыдзецца.
Братка Ліс адказаў, што яму вельмі шкада, але ён усё ж сам пойдзе, паспрабуе шчасця адзін. І сышоў.
Лiс паляваў увесь дзень. Удача яму была на дзіва: дзічыны набіў поўную сумку.
А Трус, як падышла справа да вечара, пацягнуўся, размяў костачкі і сказаў сабе, што Братку Лісу ўжо час вяртацца дадому. Ён улез на пень, паглядзеў, ці не відаць каго. Глядзі-паглядзі — ідзе Братка Ліс, спявае ва ўсю глотку песні.
Саскочыў Трус з пянька, улёгся пасярод дарогі, прыкінуўся мёртвым. Ідзе міма Ліс, бачыць — ляжыць Трус. Перавярнуў ён яго, паглядзеў і кажа:
— Нейкі мёртвы трусік валяецца. Здаецца, што ён даўно здох. Дохлы, а тоўсты. Такога тлустага і не бачыў ніколі. Толькі ён надта даўно здох — баюся, каб не пашкодзіла.
Братка Трус — ні гу-гу! Стары Ліс аблізнуўся, але пайшоў прэч — кінуў Труса на дарозе.
Ледзь схаваўся Стары Ліс з вачэй, Трус ускочыў, пабег лясочкам, лёг наперадзе на дарозе.
Ідзе Братка Ліс, бачыць — яшчэ адзін трусік ляжыць, дохлы, цвёрды, як дзеравяка. Паглядзеў Ліс на труса і нібы задумаўся. Потым адшпіліў сваю паляўнічую сумку і кажа:
— Бач ты, другі! Пакладу я сумку, збягаю за тым трусам. Прынясу дадому двух. Пазайздросцяць мне ўсе, што я за паляўнічы.
Кінуў пад куст сваю здабычу і пабег па дарозе за першым трусам.
Толькі ён знік з вачэй, Братка Трус ускочыў, схапіў яго сумку — і дадому.
На другі дзень, калі сустрэў Ліса, крычыць яму:
— Што здабыў ты ўчора, Братка Ліс? А Братка Ліс палізаў, палізаў свой бок і адказвае:
— Крышачку розуму здабыў, Братка Трус!
Тут Трус засмяяўся і кажа:
— Каб я ведаў, што ты за гэтым хадзіў, я б табе свайго даў крыху.
Свидетельство о публикации №224041501494