Этажэрка

Этажэрка

Нешта пстрыкнула,  у галаве. Зайшоў у антыкрарыят, на праспекту.  Пацікавіцца. 
Гляджу, аж свеціцца.
Нашая этажэрка.

Кажуць,  мая баба Адарка,  прывезла яе з Прусаў, у сорак  пятым,  увосень.  За коньмі паехала. Ці каровамі. Улады вырашылі. І паслалі. Да немцаў. То ўдава, ці як, бабуля мая, была, ад Мікалая год як вестак не было.  У Прусію. Пешкам. Пайшла.

Там , у Нойхаўзэн, чырвонаармейцы занатавалі  вялікія возы. Са скарбам.  Штучным. І  каровы. І чатыры кані. Мажныя. Статак. Бабуля такіх велічэзныя кароў ніколі і не бачыла. У калгас. Васемсот кіламетраў. Гнаць.

Пакуль гнала  Адарка, статак,  пазабіралі амаль усё.  На кардонах. Што казаць. Прыгожая бабуля. Палешучка. Чапляліся. На літоўскіх вельмі зловалі.

Засталася этажэрка.   Нейкі малочны сэрвіз. І пара чарак. Высокіх. Блакітных.   Я памятаю. З дзяцінства.  Бабуля соль там захоўвала. І кацюшкі.  З ніткамі і гузікамі.

Этажэрка.  Цёткі мае нешта ткалі кроснамі.  А  сурвэткі. Клалі.  На паліцы. Этажэркавые.

Колер быў этажэркі цяжкі. Афрыканскі.  Чорнаружовы. Праз лак дрэва свяцілася.

Бачыў апошняга раза у дзядзькавай хаце.
У чарнобыльскай зоне.  У 1987 року.
Этажэрка. Як нявеста, уся ў белым .

У канцы 60х захоўвалася ў маіх бацькоў.  Потым , ізноў, на вёску аддалі.

У ніжняй шуфлядцы, малы калі быў,   я захоўваў  купюру. Тры рублі,  падарунак дзядзькі Горыка...

Німа  нікога. Бабулі. Цётак. Матулі. Бацькі.
Дзед знайшоўся, што згінуў бяз вестак,  у сорак чацвёртым.

Гляджу на кошт , на этажэрку, і мне робіцца сумна...
Спытаў,  а ці ёсць ключык, ад шуфлядкі.

Німа, кажуць.

Я ведаю. Бо згубіў яго я.

Менск,  ты хаваеш , хаваеш жыццё.
 


Рецензии