Адважны Братка Апосум
АДВАЖНЫ БРАТКА АПОСУМ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope
***
— Неяк уначы, — сказаў дзядзечка Рымус, пасадзіўшы хлопчыка да сябе на калені і задумліва пагладжваючы яго па валасах, — неяк уначы Братка Апосум зайшоў да Братка Янота; апрасталі яны вялікую міску тушанай морквы, выкурылі па цыгары, а потым адправіліся пагуляць, паглядзець, як пажываюць суседзі. Братка Янот — усё трушком і трушком, Братка Апосум — подскакам і подскакам. Апосум да адвалу наеўся фінікаў, а Янот наглытаўся ўволю жаб і апалонікаў.
Гулялі яны, гулялі. Раптам чуюць — недзе ў лесе сам з сабой вядзе гутарку сабака.
— Калі ён кінецца на нас, Братка Апосум, што мы будзем рабіць? — спытаў Янот.
Апосум толькі ўсміхнуўся:
— Ну, я ўжо не дам цябе пакрыўдзіць, Братка Янот. А ты што будзеш рабіць?
— Хто? Я? — сказаў Янот. Хай паспрабуе, сунецца толькі — усе рэбры пералічу!
А сабака ўбачыў іх і не стаў марнаваць часу дарма. Ён і вітацца не стаў.
Прама кінуўся на іх — і ўсё тут.
Братка Апосум у тую ж хвіліну засмяяўся, рот да вушэй, і кулянуўся на спіну, нібы мёртвы. А Янот — той майстар быў біцца. Падмяў пад сябе сабаку і ну валтузіць яго. Праўду сказаць, ад сабакі няшмат што засталося, а тое, што засталося, вырвалася — і наўцёкі, у самы гушчар, нібы хто пальнуў са стрэльбы па ім.
Вось Братка Янот прывёў свой касцюм у парадак, страсянуўся, а Братка Апосум усё ляжаў як мёртвы. Потым асцярожна прыўстаў, агледзеўся ды як кінецца бегчы, толькі пяткі зазіхацелі.
Другі раз, як сустрэліся Апосум і Янот, кажа Апосум:
— Добры дзень, Братка Янот! Як пажываеш?
Але Янот — рукі ў кішэні, вітацца не хоча.
— Ты што ж гэта нос вернеш, Братка Янот? — пытаецца Апосум.
— Я з баязліўцамі і размаўляць не хачу, — адказвае Янот. —Ідзі сваёй дарогай!
Апосум пакрыўдзіўся — страх.
— Хто ж гэта баязлівец, ці нельга даведацца?
— Ды ты, вядома, — кажа Янот. — Вельмі патрэбны мне такія прыяцелі, што кідаюцца на спіну і прыкідваецца мёртвымі, як толькі справа дойдзе да бойкі!
Апосум, як пачуў гэтыя словы, ну смяяцца, ну рагатаць.
— Няўжо ты думаеш, Братка Янот, што гэта я са страху? Ці не думаеш ты, што я спалохаўся няшчаснага сабаку? І чаго мне было баяцца? Я ж добра ведаў, што, калі я не злажу з гэтым сабакам, ты задасі яму спякоту. Ды я проста ляжаў і глядзеў, як ты валтузіш яго, і чакаў, калі прыйдзе мая чарга пазабаўляцца.
Але Янот толькі нос наморшчыў:
— Расказвай казкі, Братка Апосум. Як дакрануўся да цябе сабака, ты адразу кулянуўся і прыкінуўся мёртвым.
— Дык я ж табе кажу, Братка Янот, што гэта зусім не ад страху. Я адной толькі рэчы і баюся на свеце — гэта козыту. А калі гэты сабака тыцнуўся носам мне ў рэбры, я засмяяўся, і так разабраў мяне смех, што вось не зварухнуць ні рукой, ні нагой! Вядома, яго шчасце, што я баюся козыту, а то яшчэ хвілінка, і я разарваў бы яго на шматкі. Бойкі я не баюся ніякай, Братка Янот, але козыт — гэта справа іншая. З кім заўгодна я згодзен біцца, але толькі - цур - без козыту.
— Вось з таго самага дня, — працягваў дзядзечка Рымус, гледзячы, як завіваецца ў кольцы дымок з люлькі, — і да гэтага часу так баіцца козыту Братка Апосум: крані яго толькі паміж рэбраў — кідаецца на спіну і рагоча да ўпаду, так што не можа варухнуць ні рукой, ні нагой.
Свидетельство о публикации №224060101524