Смаляное Пудзiлка

Казкі дзядзечкі Рымуса
СМАЛЯНОЕ ПУДЗІЛКА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

— Што ж, Ліс ніколі-ніколі не злавіў Труса? А, дзядзечка Рымус? — спытаў Джоэль на другі вечар.
— Было і так, дружа, ледзь не злавіў. Памятаеш, як Братка Трус ашукаў яго з кропам?

     Вось неўзабаве пасля гэтага пайшоў Братка Ліс гуляць, набраў смалы і зляпіў з яе чалавечка — Смаляное Пудзілка. Узяў ён гэта Пудзілка і пасадзіў каля вялікай дарогі, а сам схаваўся пад куст.
     Толькі схаваўся, глядзіць — ідзе па дарозе ўпрыскок Трус: скок-паскок, скок-паскок.
     Стары Ліс ляжаў ціха. А Трус, як убачыў Пудзілка, здзівіўся, нават — на заднія лапкі ўстаў. Пудзілка сядзіць і сядзіць, а Братка Ліс — ён ляжыць ціха.
— Добрай раніцы! — кажа Трус. — Слаўнае надвор'е сёння.
     Пудзілка маўчыць, а Ліс ляжыць ціха.
— Што ж гэта ты маўчыш? — пытае Трус.
     Стары Ліс толькі вокам міргнуў, а Пудзілка — яно нічога не адказала.
— Ды ты аглух, ці што? — кажа Трус. — Калі аглух, я магу гучней крычаць.
     Пудзілка маўчыць, а Стары Ліс ляжыць ціха.
— Ты грубіян, я цябе правучу за гэта! Так, так, правучу! — кажа Трус.
     Ліс ледзь не падавіўся ад смеху, а Пудзілка — яно нічога не сказала.
— Калі ў цябе пытаюцца, трэба адказваць, — кажа Трус. — Зараз жа здымі капялюш і прывітайся, а не — я з табой разлічуся па-свойску!
     Пудзілка маўчыць, а Брат Ліс — ён ляжыць ціха.
     Вось Трус адскочыў назад, размахнуўся і як стукне Пудзілка па галаве кулаком! Кулак прыліп, ніяк не адарвеш яго: смала трымае моцна.
     А Пудзілка ўсё маўчыць, і Стары Ліс ляжыць ціха.
— Адпусці зараз жа, а то стукну! — кажа Трус.
     Ударыў Пудзілка іншай рукой, і гэтая прыліпла.
     Пудзілка — ні гу-гу, а Братка Ліс — ён ляжыць ціха.
— Адпусці, бо я табе ўсе косці пераламаю! — так сказаў Братка Трус.
     Але Пудзілка — яно нічога не сказала. Не пускае і толькі.
     Тады Трус ударыў яго нагамі, і ногі прыліплі.
     А Брат Ліс ляжыць ціха.

     Трусік крычыць:

— Калі не пусціш, я буду бадацца!
Баднуў Пудзілка — і галава прыліпла. Тады Ліс выскачыў з-пад куста.
— Як пажываеш, Братка Трус? — кажа Ліс. — Ды што ж ты не вітаешся са мною?
     Паваліўся Ліс на зямлю і ну смяяцца. Ужо ён рагатаў, рагатаў, нават у баку закалола.
— Ну, сёння мы паабедаем разам, Братка Трус! Сёння я і кроп прыпас, так што ты ў мяне не адкруцішся, — сказаў Ліс.

... Тут дзядзечка Рымус змоўк і пачаў вымаць з попелу бульбу.
— Стары Ліс з'еў Братка Труса? — спытаў хлопчык дзядзечку Рымуса.
— А хто іх ведае, — адказаў стары. — Казка скончана. Хто кажа — Братка Мядзведзь прыйшоў, яго выручыў, а хто кажа — не. Чуеш, мама кліча цябе.
Бяжы, дружа


Рецензии