Братка Лiс i жабы

Казкі дзядзечкі Рымуса
БРАТКА ЛІС І ЖАБЫ
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

     Калі Джоэль прыбег да старой хаціны на другі дзень і крыкнуў здалёк: "Добры вечар, дзядзечка Рымус!",  стары адказаў яму толькі:
— Ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер!

     Хлопчык вельмі здзівіўся:
— Што ты сказаў, дзядзечка Рымус?
— Ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер! Ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер!
— Што гэта значыць?
— Гэта чарапашая размова, дружа... Пажыў бы ты з маё, хлопчык, ды пабачыў бы, колькі я пабачыў на маім вяку, ты б усялякую істоту разумеў. Вось тут адзін стары пацук жыве; як усе лягуць спаць, ён, бывае, прыходзіць, сядзе там у кутку, і мы з ім  гутарым. Вядома, што ён кажа, гэтага ў буквары не знойдзеш. Я зараз успомніў якраз, што сказаў Братка Чарапаха Старому Лісу, калі Ліс адпусціў яго хвост.
— А што ён сказаў, дзядзечка Рымус?
— Вось гэта і сказаў: ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер! Нырнуў на дно сажалкі і адтуль — бурбалкамі: ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер! Братка Ліс — той нічога не сказаў, а Сястрыца Жаба, што на беразе сядзела, пачула Брата Чарапаху і крычыць у адказ:
— Джаг-ер-ром-кім-дом! Джаг-ер-ром-кім-дом!

     Тут усе жабы, колькі іх было на беразе, узнялі крык:
— Тут не гры-бо-ка! Тут не гры-бо-ка!

     А Сястрыца Жаба гучней за ўсіх:
— Хлус-ня-гэ-та-хлус-ня! Хлус-ня-гэ-та-хлус-ня!

     Зноў бурбалкі пайшлі ад Браткі Чарапахі:
— Ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер!

     Жабы крычаць:
— Скачы, скачы ў сажалку! Скачы ў сажалку!

     А Сястрыца Жаба гучней за ўсіх:
— Там-дру-га-я-ры-са! Там-дру-га-я-ры-са!

     Зірнуў Братка Ліс у ваду — і сапраўды, там, у вадзе, другі Ліс. Пацягнуўся Ліс, каб паціснуць яму руку, і кулём у сажалку. Усе жабы крычаць:
— Ку-выр-ком! Ку-выр-ком! Ку-выр-ком!

     А Братка Чарапаха — бурбалкамі:
— Ай-дум-ер-кер-кам-мер-кер!

— Што ж, Ліс патануў, а, дзядзечка Рымус?
— Патануць не патануў, мой хлопчык, — адказаў стары, — так-сяк ён вылез з сажалкі. А яшчэ б хвілінка — пацягнуў бы яго на дно Чарапаха, і быў бы Старому Лісу канец.


Рецензии