Буслiк i Крумкачык

                ***

     У канцы ліпеня маладыя буслы імкнуцца пасталець і пакінуць як мага хутчэй бацькоўскае гняздо. Не стаў выключэннем і наш герой — Бусляня Стасік. Ён таксама выляцеў з бацькоўскай хаты той парой.
 
     Цэлы дзень, шырока расправіўшы крылы, падлетак, які значна пасталеў, вывучаў Палескую глыбінку.

     Аднойчы Стасік пазнаёміўся і пасябраваў з дапытлівым маладым крумкачом Яшай. Птушкі штодня выляталі на пошукі пражытка, пасля чаго весела гарэзавалі ў небе, удасканальваючы манеўранасць свайго палёту. Праз некалькі тыдняў Стасіку трэба было ўжо пакідаць цудоўны Палескі край і ляцець з іншымі бусламі ў пошуках цяпла і сонечнага лета.

     Яшка распавёў сябру, як прыгожа бывае на Палессі ўвосень, калі ўсё вакол апранаецца ў залаты ўбор. Затым Крумкачаня паведала пра неверагодную прыгажуню Зіму з яе пухнатым сняжком і казачнымі ўзорамі на вокнах. Яша так вобразна намаляваў восеньска-зімовую пару, што Бусляня вырашыла застацца ў Беларусі і ўбачыць усё сваімі вачыма.

     Буслік папрасіў сваіх бацькоў дазволіць яму перазімаваць ў той вёсцы, дзе была іх буслоўка. Маці была супраць, але бацька Стасіка прапанаваў хлопцу вырашаць ўсё самастойна.

— Я вас усіх буду тут чакаць! — радасна абяцаў Стасік. — Вы сабе нават не ўяўляеце, як я   хачу ўбачыць Зіму са снегам!
— Але што ты збіраешся есці тут зімой? Жаб ужо не знойдзеш і рыбку не зловіш, бо на рацэ будзе лёд, — пераконвала сваё дзіця маці.

     Але Стасік падзяліўся прыемнай навіной, што пасябраваў з крумкачыкам Яшай, і той будзе яму дапамагаць з пошукамі ежы.

     Хутка ўсе буслы паляцелі ў вырай. Застаўся гарэза Стасік зімаваць у Беларусі на пару са сваім сябрам Яшкай і яго вялікай птушынай  сям’ёй. Сябры аблюбавалі надзейнае месца  непадалёку ад прыгожага ляснога возера, дзе вырашылі асталявацца.

     Праз некаторы час да іх далучыўся  мясцовы жыхар і выдатны будаўнік — бабёр Пашка. Так яны ўтрох і сябравалі, падтрымліваючы адзін аднаго ўсю халодную пару.

     Пройдзе яшчэ некаторы час, і ўсе трое стануць тымі, каму пашанцуе жыць у Міцькінай сядзібе.


Рецензии