Чэрвеньскi снег

Да 80-годдзя з дня нараджэння маёй траюраднай бабулі Куліковай Элеаноры Міхайлаўны, чыё сапраўднае імя па бацьку скрадзена вайной


Цесната зямлянкі душыла. Ані пробліску святла – змрок, у якім скурчыліся людзі-цені. Недзе за межамі змроку гулі маторы, з пранізлівым віскатам падалі бомбы, грымелі выбухі; на валасы і адзенне струменіўся пясок. А Соня прыціскала да сябе цёплы і мокры скрутак – у ім заходзілася ў плачы немаўля, якому ішоў трэці дзень ад нараджэння. У грукаце, ляманце не было як пачуць нават думкі, і Соня, прываліўшыся да халоднай земляной сцяны ў начной кашулі, дрыжала і дрыжала, не ўяўляючы, як супакоіць і дзіця, і сябе.

– Ш-ш-ш, не плач, Элечка, не плач, мілая, – шаптала яна, – я не баюся, і ты не бойся... Хутка яно скончыцца, чуеш? Пойдзем дадому, будзе светла, і чыста, і ціха...

Зямлянку зноў страсянуў выбух, зусім блізкі, як ля ўвахода – у Соні на колькі секунд заклала вушы, а грудзі ад вібрацыі нібы разышліся бяздоннай прорвай. Немаўля закрычала яшчэ адчайней, і яна ломка замармытала:

– Не трэба, дачушка, любая... Іх гоняць, амаль прагналі! Патрывай, будзь як татка – ён смелы, ён разумны, ён самы прыгожы, і ты самая прыгожая і смелая... Толькі не плач, не плач, ну я прашу цябе!

Яна сама ў роспачы разрыдалася, уткнуўшы твар у скрутак, расціснутая напругай за ўсе месяцы жыцця ў небяспецы. А ў небе гэтак жа гырчалі самалёты, скідаючы на мястэчка смяротны груз.


***

Дзіва, што раней Соня іх не баялася. Нават у тую ракавую нядзелю. Яна тады здымала пакой у Лідзе – вучылася на зубнога. Як расплюшчыла вочы раніцай, так і пачула незразумелае ракатанне. Высунулася ў акенца, а там гаспадар хаты, задраўшы галаву, застыў сярод двара ў адных кальсонах. Над горадам плылі і плылі самалёты – бездакорным строем, як на парадзе.

У дзвярах пакоя збянтэжаная Соня сутыкнулася з гаспадыняй.

– Вы не ведаеце, што?..

– Дык то ж вайна пачалася, – ціха і сумна адказала жанчына. У зморшчынах ля яе вачэй і рота пралягла пакора. – Соня, гэта вайна.

Тая машынальна захінула халат, спрабуючы прагнаць халадок, які выстудзіў сэрца і прымусіў яго біцца шпарчэй. У дваццаць тры гады цяжка прыняць, што стабільная рэчаіснасць, якую ты бачыла натхняльным пачаткам, зламалася і скончылася, утварыўшы пачатак благі. Выправіць яго ты не можаш, можаш толькі залежаць. Ад усіх і ўсяго, што сціскае. І моцы ў гэтым столькі, што хопіць на змаганне з мільёнамі жыццяў, не тое што з табою адной.

Што было ў Соні? Разбураная вера ў спакойнае заўтра і прага прыляпіцца да чагосьці непахіснага, што падтрымае, уратуе. Спробы ратавацца самастойна выглядалі дзікасцю. Яна вырасла ў вялікай сям’і, таму адна супраць магутнай навалы не заставалася ніколі.

Дадому, у Крупкі... Дзе муж Іван. Вось яно, тое непахіснае, за кошт чаго можна існаваць далей!

Ухапіўшыся за гэтую думку як за мэту, Соня таропка заслала ложак, пераадзелася ў чыстую сукенку і сабрала ў дарогу сала ды хлеб, загарнуўшы ў пуховую коўдру колеру шампанскага. Яна спяшалася прэч уздоўж шашы, абдумваючы шлях пехатой, а за спінай грымелі выбухі першых бамбардзіровак.


***

Часам гэта бессэнсоўна – бегчы ад вайны. Бяжыш, а яна коціцца следам і падмінае пад сябе. Урэшце навокал не застаецца нічога, акрамя вайны, – трэба перастройваць пад яе жыццё, вучыцца з ёй суіснаваць. Яна шчацініцца аўтаматамі, урываецца ў вушы чужой мовай. У шэрых мундзірах ходзіць з табой і за табой па адных вуліцах (_тваіх_ вуліцах, дзе вывучана кожная выбоіна) і даводзіць, што нічога твайго тут не засталося.

Сузіраеш. Адмаўляеш. Маўчыш. І моўчкі робіш тое, што можаш.

Да Крупак Соня і вайна дабраліся праз тыдзень і сталі суседзямі. Як і многія, Соня цяпер ніколі не была ўпэўнена, ці вернецца ўвечары ў свой пакойчык пры раённай бальніцы, куды ўладкавалася лячыць зубы. Год яна звыкалася з адкрыццём, што зубы ў ваенны час гэтак жа патрабуюць медыцынскага догляду, як і ў час мірны. Зубы і сваіх, і чужых, і нават тых чужых, якія пару дзён таму лічыліся сваімі. Яшчэ год спатрэбіўся, каб, сціснуўшы сківіцы, навучыцца трываць гэтую будзённую «неістотную» працу, ведаючы, што ў яміны, выкапаныя наспех так блізка, валяцца нежывыя целы тых, з кім яна, можа быць, сустракалася ў бальнічных калідорах ці ў краме.

Падчас даўняй-нядаўняй вучобы яна сказала б, што жыць так немагчыма. А цяпер – жыла. Прыстасавалася. Можа быць, праз тое, што жыла не адна... А можа, ёй давала сілы магчымасць нешта з усім гэтым рабіць.

Вось і ў той дзень у сярэдзіне снежня – акурат пятнаццатага – Соня перапыніла прыём быццам на абед, адамкнула шуфлядку працоўнага стала і выняла падрыхтаваны пакунак. Але ў дзверы пастукалі – яна перш сцепанулася і толькі потым усвядоміла, што стук умоўны.

– Фу-ты, напужаў... Заходзь.

Пакуль яна перабірала змесціва пакунка, па памяці звяраючыся са спісам патрэбнага, ён падышоў ззаду і абняў яе за плечы. Высокі, статны, апрануты з іголачкі. Яе Іван.

– Дзень добры вам, таварыш Свянціцкая...

– І вас вітаю, таварыш Каралёў, – яна па завядзёнцы падтрымала лёгкую ненапружаную інтанацыю. Калі б у іх аднялі яшчэ і жарты, стала б зусім невыносна.

– Як маецеся? Як пацыенты – ці не збягаюць з крэсла?

– Хапаю і аберуч трымаю. А вы мо таксама на прыём?

– Не-не, вызваліце! На прыём звестак – мовім гэткім чынам... І іх перадачу.

– То я гатовая, – Соня прыўзняла далоні над пакункам, паказваючы, колькі ў ім усяго. – Калі?

– Сёння.

– Штосьці новае просяць? Ці як звычайна?

– Бінтоў пабольш. Хлопцам не пашэнціла – засада.

– З гэтым цяжка, але... добра, выкруцімся. У які час выходжу?

Іван памарудзіў, яго рукі крыху сціснуліся на яе плячах:

– Лепш ісці мне. На гэты раз.

– Баішся? Але мяне ніколі не чапалі – доктарка. Я асцярожна, праўда!

– Ты не зразумела... Мы тут вырашылі, што табе рызыкаваць няма чаго. Цяпер. Не, ты і далей будзеш збіраць лекі, не турбуйся, а вось дастаўляць...

У Соні ўпала сэрца. Не верачы, яна развярнулася і ўтаропілася проста ў гэты твар з тонкімі рысамі і цёмнымі праніклівымі вачыма.

– Вы? Вырашылі? І няўжо ты... так са мной паступіш?

– Усё гэта робіцца небяспечным. Першыя ходкі – няхай, але напрыканцы сорак трэцяга... Ты ўпэўнена, што ніхто не ўбачыць і не данясе?

Яна зноў павярнулася спінай, расчараваная да пякоты ў грудзях і раптоўнай вільгаці ў вачах.

– Быццам ад таго знікне патрэба ў ходках! Сам жа казаў, што хлопцы...

– Дазволь цябе абараніць. Калі ласка, – нягучна і настойліва сказаў ён. – У першую чаргу – цябе, а пасля – астатніх.

Яна рэзка страсянула галавой. Удыхнула, выдыхнула і, гледзячы ў сцяну, стрымана-прыцішана зачасціла грудным нейкім голасам, у якім білася нязгода:

– Значыць, так. Ад Шчамялёвай з Філонавым – абязбольвальныя, з аптэкі Чайкінай – спірт. Мала. Скарыстаць па прызначэнні! Перавязачны матэрыял хай мыюць-сушаць: яго і ў бальніцы не хапае, пасцельнай бялізны і той няма. Тамара перадае: калі каму кепска, хай пераправяць сюды – яна пакладзе ў палату да ўсіх. Што можа той фельчар у прамерзлым лесе!..

Іван прымірэнча крануў яе пальцы сваімі, доўгімі і прахалоднымі, памкнуўся пераплесці, але яна адняла руку і пачала загортваць пакунак, нібы хацела падоўжыць свае правы на яго.

– Зараз не аддам, вынесу з бальніцы сама. Усюды вочы, няма чаго ўвагу прыцягваць...

Загарнуўшы, схавала назад у шуфлядку, павярнула ў замку ключ і апусціла яго ў кішэню халата.

– Пакрыўдзілася?

– Я не бездапаможная. І штораз паспявала да каменданцкай гадзіны. І перад братамі сорамна – ваююць! Хіба нельга мне рабіць важнае тут?

– Паслухай... Медыкаменты – гэта важна, гэта шмат. І неістотна, хто будзе пасыльным. Ты ўжо робіш больш, чым магла б, ці не так?

І ён паклаў далонь ёй на жывот. Жывот, які быў пакуль малапрыкметны, але – быў. Маўклівы довад, з якім няможна спрачацца.

– Ладна, разабраліся, – уздыхнула яна стомлена і апусціла павекі. – Знаходжу бінты, аддаю ўсё табе і нікуды-нікуды не іду.

– Дзякуй. Перадачы важныя, так, але апроч таго мне важна, каб мая жонка была ў парадку. Каб у парадку былі _вы_. Вось і ўсё.

Соня намацала на жываце яго руку.

– То бок я ніколькі аб вас не хвалююся, таварыш Каралёў?..

– Хвалюецеся, таварыш Свянціцкая. Веру! Але бегчы ад небяспекі як ад зубнога ўрача я ўсё-ткі не буду.

Калі Іван пайшоў, Соня адшмаргнула фіранку і паназірала, як ён курыць на прыступках, заціснуўшы папяросу доўгімі пальцамі, а сняжынкі апускаюцца на яго старэнькае, але стылёвае паліто, танкаватае для зімы. Не кароль – прынц. Які зваліўся аднекуль у іх мястэчка і па волі лёсу вырашае справы партызанскай брыгады Лявонава нароўні са справамі эмтээсаўскімі бухгалтарскімі.

Вар’яцкі час. У іх сям’я, і сям’я гэтая хутка пабольшае, а яны змушаны гуляць у шпіёнаў. Хаця гэтаму не вучыліся. Не вучыўся ніхто тут з усіх, хто свядома гэта абраў. А можа, выбару і не было? Калі хто верны сабе, то застанецца вольным нават узяты ў абцугі: яму не забароняць думаць. Адзіная безумоўная воля...

Бы назло гэтаму сцверджанню, ля ганка вырасла пара постацей у клятай шэрай форме, і Соня ў напрузе пасунулася да шыбы. Постаці абмяняліся з Іванам кароткімі сказамі, адсюль неразборлівымі, і адна ўзяла яго за локаць, суправадзіўшы гэта загадным рухам галавы. Ён зрабіў крок, але вызваліўся – болей парывіста, чым было варта, – і атрымаў адчувальны штуршок у спіну.

– Не задзірайся з імі! – вохнула Соня і, не разважыўшы, стрымгалоў кінулася з кабінета.

Мо яна наскрабе колькі вядомых ёй слоў, патлумачыць упартасць мужа – вось што білася крывёю ў скронях, калі яна выскачыла на ганак у адным халаце. Постаці аддаляліся, дзве шэра-каменныя і адна выпрастана-спакойная. Рыхтык арыстакрат з пачэснай аховай, а не паланёны сувязны.

– Куды ты, Софа?! Сама пад раздачу трапіш! – Тамара, якая выбегла следам, ухапіла яе за руку.

Соня не дазволіла адцягнуць сябе назад, пакуль не праводзіла постаці вачыма да рога. А тады яе занудзіла, аслаблі ногі, і Тамара прытрымала яе за плечы.

– Хадзем у цяпло, мілая. Такі наш лёс – маўчаць ды сачыць. І чакаць нашых мужчын.


***

Як і Соня, Тамара жыла і працавала ў бальніцы. Муж яе быў афіцэрам, ваяваў – яна, па ўласных словах, мусіла адпавядаць яму ва ўсім, і Соня гарнулася да яе, такой сталай і ўпэўненай.

Рэшту дня пасля працы яны ўдзвюх пільнавалі пад будынкам цяперашняй улады і даймалі кожнага, хто мог ведаць, чаму прыйшлі па Івана. Адказу не дабіліся.

– Не паверу, што нехта здаў. Не паверу, – знясілена прастагнала Соня, калі яны сядзелі познім вечарам у пакоі Тамары і грэлі рукі аб філіжанкі з гарбатай. – Ці не выявілі тую нястачу бензіну? Ён жа перадаваў... За ўвесь час літраў пад дзвесце мусіла набегчы.

– Ён бухгалтар, Софа. Няўжо не прыдумаў бы, як схаваць?

– Або той аэрадром! Ён не расказваў, гэта цяпер я чуткі лаўлю, – яна перайшла на свісцячы шэпт. – Ацірацца ля ваеннага аб’екта, разнюхваць! Яны там цямяць, у што ўблыталі? Ну канешне яго ёсць за што браць!

– Ты праўда лічыш, што ім патрэбна прычына? – Тамара пацягнулася закурыць, але зірнула на Соню, якая несвядома абняла сябе ўпоперак жывата, і адклала папяросны пачак. – Мяне вунь апрацоўвалі добры дзясятак разоў: «Муж-муж, афіцэр, фронт!..» – а самі падбіраюцца, каб выведаць штось пра маіх пацыентаў з лесу. Выведаць усляпую. Бо параненых нашых лячыць – у каго? – яна красамоўна развяла рукамі. – Твайго маглі і выпадкова схапіць, не маючы ні доказаў, ні здагадак. Тут жа куды ні тыцні – сувязны... Не, не трэба нам аб гэтым! Давай спаць.

Спала Соня блага. І ў тую ноч, і далей. Бо Іван не вярнуўся. І ніхто не мог сказаць, дзе шукаць. Галоўнае, каб не ў тых самых ямінах з расстралянымі – думку гэтую Соня адганяла, але ўяўленне малявала і малявала карціну, як спаўзае па сцяне постаць у стылёвым паліто. Ад таго зацінала ў грудзях, пачыналі стукаць зубы, і даводзілася доўга ляжаць і аддыхвацца ў трывожнай начной цемры, каб не нашкодзіць істоце ўнутры сябе, якой было рана пераймацца іх няпростай рэчаіснасцю.

Што да медыкаментаў, то слова, дадзенае Івану, Соня стрымала – не выправілася з імі. Ні ў той дзень, ні пасля. Праўду кажучы, баялася, што яе не ў час падвядуць нервы, і так растузаныя цяжарнасцю, а адказнае заданне патрабавала адказнага пасыльнага. Апроч за тое, дату і месца перадачы варта было змяніць. Гэта ўзяла на сябе Тамара, забараніўшы Соні хапацца за пяць спраў адразу, калі вытрымкі ледзь-ледзь на адну.

– Чым спакайнейшай будзеш, тым якасней усё зробіш на сваім месцы! – пераконвала яна так упэўнена, што яе хацелася слухацца. – А рабіць нам ёсць што без усялякіх перадач.

Соня слухалася. Соня рабіла. Можа, гэта праўда было лягчэй – выконваць не больш абавязкаў, чым дазваляў стан. Суцэльнага спакою ўсё роўна быць не магло: клопаты непрадказальна дадаваліся ў залежнасці ад навін. Выносіць іх было ўсё складаней, па меры таго як ішлі дні і павялічваўся жывот – напамін пра адказнасць зусім іншага кшталту, якая мусіла стаць на першае месца. У адсутнасць Івана ім проста нельга было быць не ў парадку.

Калі небяспека і цягнула да яе свае шчупальцы, то прамахнулася і схапіла Тамару.

Той студзеньскай ноччу Соня прачнулася ад гаманы ў суседнім пакоі і ўся сцялася пад коўдрай. Сярдзітыя мужчынскія выгукі, тупат ботаў і грук мэблі, сяброўчын голас, які цвёрда і рашуча паўтараў адно і тое ж... Хутчэй матыльнуцца басанож да дзвярэй, закрыцца на засаўку ў дадатак да ключа (нібы яны ўратуюць!) і зноў у ложак – адаграваць пальцы на нагах і гнаць мурашкі, які мацнелі з кожным рэзкім гукам.

Гукі ж пасля кароткай лаянкі ссунуліся ў калідор, затым на двор – цвёрды рашучы голас адбіваўся ад шыбы ў марозных узорах – і пакрысе сціхлі пад хрупанне снегу. А Соня да ранку праляжала ў тупым бяссонным зняменні, так і не пачуўшы зваротныя жаночыя крокі.

Вярнулася Тамара ўдзень. Соня заўважыла яе выпадкова: якраз замыкала кабінет. Краем вока ўлавіла белы цень у канцы калідора – і вохнула, губляючы дыханне. Белай была Тамара, белай – яе начная кашуля (зрэшты, месцамі бруднай, не белай), а на перадплеччах праступалі сінякі. Яна сутаргава абхапіла сябе рукамі, як бы спрабуючы стварыць яшчэ слой адзення, і растрапаная цёмная каса, заплеценая на ноч, лезла пасмамі за падраныя карункі.

Соня апрытомнела, кінулася наганяць і за ледзяную руку зацягнула ў свой пакой, дзе не было вэрхалу пасля ператрусу і была цёплая коўдра колеру шампанскага. Тамару і ў коўдры калацілі буйныя дрыжыкі, а Соня толькі і магла, што ледзь-ледзь трымаць за плечы, баючыся крануць не там.

– Што ж гэта, Томачка? Што гэта робіцца?

Раставаў іней на вейках і бровах, шэрыя вусны бязгучна варушыліся, намагаючыся нешта вымавіць, і Соня расчула:

– Сорам, які сорам... Доктарку – распранутую, перад людзьмі... Мяне ж усе ведаюць, Софа! Якая ганьба!

І так не адпавядаў іх сапраўдны жах гэтаму жаночаму сораму, што вочы Соні макрэлі, а рука намацвала жывот – жэстам, які стаў звыклы за некалькі месяцаў, а да таго жыў ва ўспамінах аб кожнай матчынай цяжарнасці.

– Гэта ўсё ненармальна, дзіка, – прамармытала яна, – гэта няможна трываць! І нараджаць у гэтым няможна! Дзе ж тое, што нас абароніць, калі сілы скончацца? Ці прыйдзе хто моцны, калі прыйдуць па нас?

Тамара выпрастала руку з-пад коўдры і прытуліла Соню да сябе.

– Мы адужаем гэтую навалач. Адужаем, – прагаварыла нягучна. – Яны хочуць, каб мы звар’яцелі. З глузду з’ехалі са страху. А мы не з’едзем! Бо ведаем, што праўда – наша, што рана ці позна яна запануе. Калі ж зломяць нас, то ўсё дарэмна... І з гэтым жыць усім, хто будзе пасля.

– Ты такая моцная, – Соня вінавата шморгнула носам. – А я нешта зусім расклеілася.

– Хаця б можаш плакаць. Я ўжо не магу, бач ты...

– Усё роўна – моцная! І вельмі разумная, – яна адхілілася, каб зірнуць у твар. – Калі будзе ў мяне дачка, абавязкова назаву Тамарай! У твой гонар!

– Не трэба, Софачка. Я нешчаслівая, – запалыя вочы сяброўкі глядзелі сумна і сур’ёзна. – Ведаеш, ёсць прыгожае імя – Элеанора. Калі народзіцца дачка, так і назаві.


***

Пасля чарговага допыту Тамара не вярнулася. Соня зноў спрабавала не ўяўляць, спрабавала пераканаць сябе, што з тых дзвярэй выхад не адзін – ёсць і лагер, і турма, і праца ў замежжы... Пераконвала, ды не магла пераканацца.

Колькі пэўнага ў рэчаіснасці, дзе знікаюць? Што ў ёй рабіць, пакуль не знікла сама?

Ча-каць. Ча-каць.

Чатыры крокі па катуху да дзвярэй, чатыры – назад, да стала. У грудзях тахкае сэрца, у жываце таўчэцца дзіця – яго рухі яна прымае далонню.

– Я не баюся. Зусім не баюся. У кашулі вы мяне не пацягнеце. Дуля вам, а не кашуля! Калі спаць у адзенні... Калі заўжды быць гатовай...

Спярша Іван, за ім Тамара. Соня будзе наступнай?

Па шыбе сцякаюць струмені веснавога дажджу, цені ад кропель паўзуць па загорнутым пакунку. Пакунку вялікім, таму што трэба. У дзверы вось-вось умоўна пастукае Жэнька, падлеткава-няскладны і доўгі, схавае пакунак пад паху з завучаным: «Стрыечная цётка ўдзячная вам за лекі», – і сыдзе, пакінуўшы лясную гразь з чаравікаў.

Жэнем завуць і Сонінага брата. Малодшага, якому ледзьве споўнілася васямнаццаць, перш чым ён пераступіў парог ваенкамата. Часам яна прымае аднаго Жэню за другога і абыякава ўсведамляе, што пачала шалець.

З фотакарткі на стале пазірае ў дождж Іван – цёмныя праніклівыя вочы нібы пільнуюць небяспеку. _«Ты ўжо робіш больш, чым магла б»_.

– І будзе помнік. Будуць вялізныя пліты, а на іх – усе, хто не вярнуўся. Прозвішча да прозвішча, за кожным – памяць і справа, у кожным – моц, праз якую дасюль магчыма быць...

Чатыры крокі да дзвярэй, чатыры – да стала. Соня ходзіць, ходзіць і насамрэч больш за ўсё баіцца ўбачыць гэты кароткі сухі надпіс – «Каралёў І. А.». З кожным месяцам уяўляецца ён усё выразней...


***

– Эх, Сонька! Чаму не пацярпела да канца тыдня? Нарадзіла б рыхтык у Дзень медработніка, – мажная нянечка Вера падсунула Соні пад спіну падушку і, перахапіўшы жывы скрутачак беражлівымі надзейнымі рукамі, дапамагла ўзяць яго ямчэй. Абвясціла гучным шэптам: – Магу паспрачацца: пойдзе дачка па мамчыных слядах!

– Не, Эля будзе як тата. Вытанчаная, шляхетная. Я ведаю, – Соня ціха ўглядалася ў тварык, шукаючы тыя самыя рысы. І, можа быць, таму знаходзіла.

Было пятнаццатага чэрвеня – роўна паўгода пасля таго дня. На падаконні задумліва шапацела галіна вішні, сонца прасілася ў палату і вызалочвала коўдру колеру шампанскага, прынесеную, каб не ляжаць на голым матрацы.

– Шляхетная? – Вера абмахнулася далонню, бы веерам. Лагодна ўздыхнула: – Не ў тым стагоддзі жывяце, дзевачкі!

– Мне гэта не важна. Важная толькі яе бяспека. Я дзяцей застала шмат, нас жа ў бацькоў было дванаццаць. Вырасла шасцёра ўсяго... – яна памарудзіла. – Зрэшты, цяпер не ведаю колькі.

Ці сказаў бы Іван, каб не чакала яго, выходзіла замуж яшчэ – каб дзіця атрымала любоў дваіх? Калі вас дванаццаць, колькі перападае той бацькоўскай увагі...

– Мы вось таксама адны з маёй Люсяй. Пасля пахавальнай на Паўла. Што паробіш, трэба неяк спраўляцца! – Вера нацягнута ўсміхнулася аднымі вуснамі.

– І справімся. Разам.

У сонечнай палаце і з дачкой на руках у гэта чамусьці верылася. Бо ішло вызваленне. Бо нягледзячы на бядоты, якія апошнія месяцы скрозь выбівалі людзей падполля і ламалі напрацаваныя схемы, з’явілася новае жыццё – вось яно, варушыцца ў скрутку і нездаволена пыхкае, нібы адразу патрабуе веер па такой спякоце. Ці ж гэта не знак, што далей будзе толькі добрае?..

Але добрае трэ было яшчэ здабыць.

На трэці дзень раніцай Соня пачула праз сон самалётнае ракатанне. Усляпую намацала побач скрутак і пару хвілін вагалася пад паскоранае сэрцабіццё, ці расплюшчваць вочы – як назад у сорак першы. Расплюшчыла. І ўмомант падарвалася з ложка, ледзь толькі выбухнула недзе ў мястэчку.

Пачалося.

Эля прачнулася, заенчыла – Соня схапіла яе на рукі і падскочыла да акна. Дзесьці за руінамі турмы, таропка спаленай «уладай» на мінулым тыдні разам з палоннымі, якіх не было куды падзець пры адступленні, паднімаўся над будынкамі слуп дыму. Грымнула зноў, пасыпалася шкло, на вуліцах усчаліся палахлівыя выгукі.

Хто каго біў, хто каго гнаў? Ці стануць шукаць жывых у развалінах бальнічных карпусоў?

Не выпускаючы скрутак, Соня няўклюдна, адной дрыготкай рукой накінула паўзверх начной кашулі тое, што было (а была коўдра колеру шампанскага), сунула босыя ногі ў туфлі і кінулася прэч з палаты.

Людзі ратаваліся хто як мог: адны спешна запрагалі коней і перацягвалі на калёсы самае каштоўнае, другія, кінуўшы набытак, уцякалі напрасткі праз поле. Соня пабегла полем таксама, не асэнсоўваючы, куды бяжыць. Далёка наперадзе цямнела каёмка лесу, а ў небе гырчала цэлая зграя самалётаў у чорных крыжах: то адзін, то другі сарвецца ўніз, пранясецца над зямлёй і дасць чаргу па ўцекачах. Соня, губляючы розум ад панікі, імкнулася не глядзець, не думаць, а бегчы, бегчы – угнуўшы галаву, з апошніх сіл, толькі каб хутчэй; трава сцябала па нагах, не ставала дыхання, ноша рабілася ўсё цяжэйшай, а лес нібы зусім не набліжаўся. Мільгнула ніцма на зямлі нечая постаць, над галавой не сціхаў гул матораў. Не засталося ў свеце ні драбочка бяспекі – хоць ззаду, хоць наперадзе, хоць бяжы, хоць упадзі. І Соня напраўду ўпала: не вытрымалі, падагнуліся ногі, абрынулі на траву паўзверх дачкі. Тая закрычала, затузалася, напалоханая цяжарам, але Соня ці ў адчаі, ці ў шаленстве мацней уціснула яе ў зямлю. Лёгкія разрываліся, у скроні калаціў пульс. «Калі мяне заб’юць, ты хоць сіратой не застанешся...»

Яна ляжала і на дзіва ясна ўсведамляла ўсё. У яе аднялі спачатку вольнае жыццё, потым мужа, сяброўку і магчымасць быць моцнай. Тое, чым яна прыкрывалася, па чарзе адпадала і пакідала яе голай, пакуль не прыходзіла звычка жыць так. А тады злазіў новы слой – і аказвалася, што ім яшчэ ёсць куды злазіць, што можа стаць горш, і горш, і горш, а яна застанецца жывая ўсё роўна...

– Давай, Люсь, яшчэ крышачку! Я даганю, бяжы за ўсімі! Бяжы!

Знясіленая, раўнадушная Соня прыўзняла галаву: міма пранеслася дзяўчынка-падлетак, русыя коскі матляліся і стукалі па спіне, а ззаду пакутліва кульгала Вера ў медыцынскім халаце са слядамі травы і зямлі. Не дайшоўшы да Соні, аступілася і павалілася на бок, са стогнам узялася за нагу.

Соня запаволена паглядзела зноў на дзяўчынку, якая стрымгалоў імчала ў бок лесу, пасля зноў на Веру, пасля на неба ў варожых крыжах (а мо і ў сваіх зорках таксама?), пасля на крыклівы скрутак пад сабой, на чырвоны тварык са знаёмымі рысамі, на які леглі яе раскудлачаныя пасмы. І ўцяміла скрозь глухое атупенне, што найгоршы момант з усіх яе горшых пакуль не наступіў і што яна яшчэ здольная рухацца. Здольная неяк падабраць скрутак, падпаўзці з ім разам да Веры, затрэсці за плячо, прасіпець:

– Не ляжы, нельга ляжаць... Уставай, ратуемся – ну, хуценька!

– Нага... Я не магу...

– І я не магу, не магу нічога. Але трэба. Давай!

Яна перш цяжка паднялася сама – на адну нагу, на другую, – потым рыўком падняла Веру і павалакла ўперад, другой рукой трымаючы дачку мёртвай хваткай. Недзе над імі па-ранейшаму ракаталі маторы і агрызаліся кулямёты, вецер працінаў кашулю наскрозь (коўдру яна згубіла), але іншага выйсця не існавала – толькі брысці і брысці, каб дабрацца хоць некуды, дзе неба цябе не заб’е.

Яна не заўважыла, калі скончылася поле, не разгледзела, хто запхнуў іх з Верай у вузкую адтуліну лясной зямлянкі. Проста апынулася раптам у непраглядным змроку, дзе было цесна і сумятліва, як у мурашніку. Дзеці хныкалі, жанчыны галасілі, мужыкі мацюкаліся на адных і другіх, упярэмежку праклінаючы сапраўдных віноўнікаў вэрхалу. Соня, абдымаючы скрутак, без сіл спаўзла на халодную земляную падлогу і апусціла павекі.


***

А далей усё злілося ў бясконцае чаканне, якое саткалася з цемры, ляманту і выбухаў. Эля як пачала крычаць, так і не змаўкала, і Соня страціла надзею яе супакоіць.

– Ды яна ў мокрым! Паўцарства за пялёнкі! – Вера, якая паспела ачомацца, заварушылася побач, і нешта аб’ёмістае, скамечанае тыцнулася Соні ў рукі. – На' вось мой халат, загарні. А мокрае на маёй спіне раскладзем, я зараз блузку скіну. Усё роўна цёмна, не відаць... Высахне як міленькае. Люсь, дапамагай!

Аднак Эля крычала і пераадзетая, крычала, нібы адчувала: звонку дзеецца нешта вельмі, вельмі важнае – бой за зямлю, на якой яны столькі трывалі. Трывалі, каб датрываць да гэтых дзён. І ад таго, чым гэты бой скончыцца, бой, у якім яны маглі быць адно назіральнікамі, залежала ўсё – у тым ліку ці не трывалі дарэмна.

Можа быць, адчувала гэта і Соня, але кароткі пробліск яснасці змяніўся ў яе зацьменнем. Яна перастала разумець, дзе яна і што з ёю, бы правалілася ў паўсон. Не стала ні мінулага, ні будучыні – свядомасць сціснулася ў іскру, якая жыла толькі секунду, і секунду следам, і секунду наступную, пакуль Сонін лёс вырашаўся не Соняй...

А неба гэтага чэрвеня ведала нашмат далей за секунду. Ведала на гады наперад.

Што ў маленькай Элеаноры спраўдзяцца і шляхетнасць, і веер, і нават белы халат (іншы, аптэкарскі), які яна будзе надзяваць усё жыццё.

Што так і не адшукаюцца ні Іван, ні Тамара – другая без вестак, першы з весткай аб забойстве ў тым жа снежні. Але хто ведае, куды насамрэч знікаюць людзі і дзе можна знайсці іх сляды?

Што з вайны вернецца адзіны брат, таксама Іван, Іван Свянціцкі, і ажэніцца з Вольгай, таксама з аптэкі. Дзякуючы ім праз тры пакаленні з’явіцца на свет аўтарка гэтых радкоў, а ў род будзе ўплецена медыцына, паўтараючыся віток за вітком у фармацэўтычным кірунку.

Што пасля мужа Каралёва будзе муж Кулікоў – уплывовы супрацоўнік СМЕРШ, «страшны чалавек», які дасць прыёмнай дачцэ Элеаноры прозвішча, імя па бацьку і малодшага брата Лёшу (названага ў гонар яшчэ аднаго Сонінага брата).

Што Кулікова Элеанора Міхайлаўна, зведаўшы праўду ў сталым узросце, пачне рассылаць запыты па беларускіх і нямецкіх архівах, шукаючы Каралёва Івана Аляксандравіча, ды не знойдзе, бо ведаць будзе адно год нараджэння – 1914.

Што Кулікова Соф’я Мікалаеўна праз гады цвёрда пажадае зноў стаць Свянціцкай – на магільным камяні з выявай ордэна Айчыннай вайны замест фатаграфіі.

І што баі за праўду ніколі не дарэмныя.


***

Соня вярнулася да прытомнасці, калі асэнсавала дзіўнае: зверху больш не даносіцца ні гуку. Больш за тое, змоўкла і зямлянка. Ні слова, ні ўздыху. Цішыня, святая цішыня – такая пранізлівая, што чуваць, як дзесьці тоненька звініць камар. Сунялася і Эля – здавалася, у цемры быў бачны вільготны бляск агромністых вачэй.

Урэшце паўшэпт скалыхнуў цішыню там і тут, абляцеў зямлянку і ператварыўся ў стрыманы гул галасоў. Падпарадкоўваючыся агульнаму імкненню, нехта закорпаўся ля ўвахода, адкінуў шырокую дошку – і Соня загарадзілася ад сляпучых прамянёў.

– Ой, гляньце – снег! – узвіўся голас Жэнькі. – Дальбог, людцы, снег!

Усе разам загаманілі і, больш не вагаючыся, павалілі да выхаду. Соня – таксама, працягваючы прыціскаць да сябе дачку, загорнутую ў халат. Яна так доўга прасядзела без святла ў душнай зямлянцы, што сонца рэзала вочы, паветра п’яніла, а неба, якое дыхала спякотай, здавалася незвычайна яркім і прыгожым. І куды ні глянь, трава і кусты былі засыпаны чымсьці белым-белым, нібы нехта клапатліва накрыў іх коўдрай.

Соня прысела, каб нясмела крануць гэтае белае, незразумелае, адчуць яго трапяткую мяккасць.

Жывая.

Яна жывая.

Яна засталася без скуры шматкроць, але аказалася не настолькі слабай, каб перастаць існаваць.

Таму што яна і не слабая.

_Яна моцная._

Непадалёк ад увахода ў зямлянку грувасціліся рэшткі воза, разбітага бомбавым ударам. Сярод абломкаў гайдаліся шматкі светлай тканіны – толькі гаспадар пазнаў бы ў тым, што засталося, свае каштоўныя падушкі і пярыны. Яны былі цудам уратаваны з хаты, але знайшлі свой канец пад адкрытым небам.

Вецер падхопліваў незлічоныя пёры і пушынкі, і яны лёгка кружыліся, разляталіся, як камячкі заўчаснага снегу.


14–17.09.2016
15.09.2020–13.05.2024


Рецензии