Як Братка Трус застауся без хваста

Казкі дзядзечкі Рымуса
ЯК БРАТКА ТРУС ЗАСТАЎСЯ БЕЗ ХВАСТА
Джоэль Чэндлер Харыс
Пераклад на бел.
М.Procope

                ***

— Аднойчы... — пачаў дзядзечка Рымус, усаджваючыся ямчэй, — аднойчы ішоў Братка Трус па дарозе, размахваючы сваім доўгім, пухнатым хвастом...

     Тут стары змоўк і зірнуў скоса на хлопчыка. Але той прывык ужо да таго, што ў казках дзядзечкі Рымуса заўсёды здараліся самыя незвычайныя рэчы, і ніколькі не здзівіўся гэтым словам. Тады стары пачаў зноў, гучней:

— Аднойчы ішоў Братка Трус па дарозе занадта важны і памахваў сваім доўгім, пухнатым хвастом.
— Што ты, дзядзечка Рымус? — усклікнуў хлопчык, шырока расплюшчыўшы вочы. — Хто ж тое бачыў, каб у трусаў былі доўгія, пухнатыя хвасты?
    
     Стары выпрастаўся і строга паглядзеў на хлопчыка.

— Калі ты хочаш слухаць, дык слухай, а не перабівай, — сур'ёзна сказаў ён. — А калі не хочаш, я пайду па сваіх справах — у мяне вунь колькі працы сёння!
— Не, я слухаю, дзядзечка Рымус!
— Глядзі ж! Вось, значыць, аднойчы ішоў Братка Трус па дарозе, памахваючы сваім доўгім, пухнатым хвастом. І сустрэўся яму на дарозе… ну вядома, Братка Ліс, ды з якім вялізным звязкам рыбы! Трусік паклікаў яго і спытаў, дзе гэта той прыдбаў такую выдатную нізку. А Ліс адказаў, што налавіў. Братка Трус спытаў, дзе, а Ліс сказаў, што злавіў рыбу ў рэчцы. І Трус спытаў, як, таму што ён сам страх як любіў пескарыкаў. Ну, сеў Братка Ліс на бярвенне і кажа:

 — Гэта зусім няхітрая справа, Братка Трус. Як зойдзе сонейка, ідзі на рэчку, апусці ў ваду хвост і сядзі да зары, вось і выцягнеш цэлую кучу рыбы.

     Вось увечары адправіўся Трус на рыбную лоўлю. Пагодка была халодная, прыхапіў ён з сабой бутэлечку віна. Як прыйшоў на раку, выбраў лепшае мястэчка, сеў на кукішкі, хвост — у ваду. Сядзіць сабе, папівае віно, каб не змерзнуць, бачыць — і дзень настае. Пацягнуў хвост Братка Трус — нешта хруснула. Пацягнуў другі раз — дзе ж хвост? Глядзіць Трус, а на рэчцы — лёд, а ў лёдзе — пучок, ці то поўсць, ці то траўка, ці то хвост, ці то купіна.

     Тут стары змоўк.

— Ён адарваўся ў яго, хвост, а, дзядзечка Рымус?
— Адарваўся, сынок. І з таго часу сам Брацік Трус куртаты, і дзеткі ў яго куртатыя, і ўнукі куртатыя.
— І ўсё таму, што ў Браткі Труса хвост прымерз да лёду?
— Так я чуў, сынок. Напэўна, яны ўсе хацелі быць падобнымі на свайго татку.


Рецензии