Успамiны
Аднак зараз першае, што захапіла маю ўвагу – гэта цішыня. Цішыня з вялікай літары; я і сам здзівіўся, як так адбылося. Мы жылі зусім побач з чыгункай, таму вельмі выразна чулі, як цягнікі грукаталі і ўдзень, і ўначы. Посуд на паліцах звычайна падтакваў дробным бразгатаннем. З цягам часу колькасць цягнікоў па вядомым прычынам скарацілася, але пачалі лётаць машыны, бо нечакана заасфальтавалі нашу вуліцу. Моладзь і не паверыць у тое, што калісьці дарога зацягвала ўсё, што рухаецца, як багна. А пазней з’явіліся газонакасілкі, якія не давалі спакою з шасці гадзін раніцы і да самой цемры.
Але пасля шумнага гораду тут было так ціха, як нідзе. Цішыня адчувалася і звонку, і ўнутры, нібыта праходзіла скрозь мяне, у самыя патаемныя куточкі душы. Раней я адчуваў падобнае хіба што ў лесе.
Праз некалькі імгненняў прыйшлося прызнаць, што гэта не зусім так. Гукі былі, дый якія! З боку агароду, недзе ўдалечыні, праспяваў пеўнік, а праз некаторы час з іншага боку ў адказ прагучала такое ж бадзёрае «ку-ка-рэ-ку!»
Можна было прыплюшчыць вочы, але я вырашыў не рабіць гэтага. Успаміны і так цалкам захапілі мяне. Мінулае адчувалася недзе далёка і адначасова зусім блізка, толькі працягні руку і вось яно – тое, што, здаецца, сыйшло назаўжды.
Не хопіць словаў, каб апісаць мой узровень уражанасці. Далібог, варта некаторы час правесці ў горадзе, каб пачаць шанаваць вёску. І як я ўсяго гэтага раней не заўважаў і не адчуваў?
Хлусня, канешне. Заўсёды добразычліва ставіўся да вёскі і прыроды, хоць Яроміна і мае шмат гарадскіх рыс, а зараз і ўвогуле лічыцца аграгарадком. У нас не зачыняюць вокны на ноч, ты яшчэ паспрабуй знайсці такі вясковы дом – без шклопакета і каб аканіцы пакінулі хаця б для прыгажосці. У нас часцяком не вітаюцца адзін з адным нават знаёмыя ў твар аднавяскоўцы. У нас ёсць асфальт і гарадскія аўтобусы, а яшчэ раён з пяціпавярховымі «хмарачосамі» і спарткомплексам. Праз нас праходзіць шаша Е95/М8. У рэшце рэшт, у нас ёсць Еўраопт і Беларусбанк, аптавалакно і светлафоры. Шчыра сказаць, іншыя вёскі мне падабаліся значна больш – у нас занадта шмат прыкмет цывілізацыі.
Таму я і здзівіўся, калі ўбачыў усю прыгажосць толькі зараз. Сёння наш аграгарадок падаваўся мне самым прыгожым, спакойным і ўтульным. Тут не было мітусні горада.
Я зазірнуў праз плот да суседзяў і ледзь не заглынуўся: столькі ўспамінаў, што іх немагчыма ўсведаміць за раз.
Вось хата бабы Галі, насамрэч Ганны. Яшчэ стаіць, хаця труба з цэглы ўжо пакрысе руйнуецца. Памятаю гэтую бабулю. Здаецца, яна была вельмі добрай, хаця ўспаміны з цягам часу нібыта паглынае шэры туман. Баба Галя памёрла, калі мне было сем гадоў, а прайшло з таго часу гадоў дваццаць сем. На працягу ўсяго дзяцінства мы марылі наведаць яе хатку, якая таямніча стаяла закінутай і па сённяшні дзень. І колькі разоў снілася, як я апынуўся ўнутры, разглядаю мэблю і іншыя рэчы, адчуваю таямнічую і злавесную атмасферу хаты, у якой ніхто больш так і не пасяліўся...
Далей відаць дом бабы Тоні і дзеда Лёні, з якімі мы былі не заўсёды ў лепшых адносінах... Зараз там жывуць ужо іншыя людзі, і хату бабы Галі яны таксама купілі. Мяркую, што жыць у ёй ужо ніхто ніколі не будзе і яна назаўсёды застанецца помнікам мінуламу.
Я дакрануўся да плота і адчуў мінулае навобмацак. Ён не быў новым, але не такі ўжо і стары – памятаю, як раней тутака стаяў дзедаў сарай. Гадоў дваццаць таму, не менш. А мо гэта я ўжо такі стары, раз з’явіліся падобныя думкі?
Мой позірк рушыў далей. Суседскія дрэвы ўдалечыні... Яны ў свой час, усяго некалькі гадоў таму, заганялі мяне ў такую самоту, асабліва ўвечары, што я ледзь выбраўся з яе. Зацягвае як багна.
Я хуценька перавёў вочы на наш агарод, але тут жа ўздыхнуў. Толькі тры дрэвы засталіся з тых часоў: старая груша, такая ж старая маленькая яблыня і вішня, якую я памятаў дрэвам у поўным росквіце сіл. Вось памыйная яма – ну, яна была, ёсць і будзе. А дзесьці тут стаяў стары туалет, то-бок прыбіральня. Дзіўна, колькі гадоў пасля руйнавання гэтага будынку прасядала зямля, а зараз цяжка знайсці дакладнае месца, дзе ён знаходзіўся.
Перад вачыма зноў пачалі паўставаць постаці мінулага. Тут калісьці ляжалі дровы, па якіх мы любілі гуляць, хоць і з рызыкай для здароўя і жыцця. Крыху далей была легендарная «Крыша» – дах старога сараю дзеда Сашы, дзе таксама захоўваліся стратэгічныя дровы. Дошкі даху ўжо тады былі ў кепскім стане, але хіба гэта спыняла такіх дзяцей, як мы?..
Калісьці тут, на агародзе, дзядуля трымаў і сабаку, і кролікаў, нават парсюк і гусі бегалі ў свой час. А другі стары сабака Цюця з жахлівым вокам? А ягоны сабрат Кон, ці Рыжык, які потым чамусьці нечакана памёр і яго пахавалі ля станцыйных будынкаў, якіх ужо таксама даўно няма?
Колькі дробных момантаў я памятаю, а калі распавядаю пра іх бацькам, яны не ўсё могуць прыгадаць...
Я паматаў галавой: як жа за некалькі дзесяцігоддзяў усё настолькі змянілася!.. Калі жывеш тут штодзённа, не заўважаеш плыні жыцця, жывеш сабе і жывеш, паступова і пакрысе. А які цудоўны таполевы парк быў побач з нашым домам? А яблыні, бярозы, ліпы, слівы, грушы-дзічкі, хмызнякі, палаткі, якія мы будавалі «на века»? Не засталося нават слядоў, хіба толькі некалькі фотаздымкаў. А курнік? Калісьці мы трымалі кур. А зараз на гэтым месцы прыбіральня...
Дарэчы, у дзяцей зараз канікулы, нечакана прыгадаў я. Забыўся... А раней мы лічылі дні, якія засталіся да цудоўных і такіх чаканых вакацый. Планавалі, як будзем вандраваць, сустракаць сяброў, дый увогуле цікава бавіць час... Эх, каб зараз той час і сённяшнія магчымасці!.. Толькі вось вяртання ў краіну дзяцінства не будзе, дарослым туды нельга – вельмі шмат часу прайшло.
Журбота была ўжо зусім побач, але выглянула сонейка і канчаткова прагнала сумныя думкі. Хто ведае, мо гэта апошні восеньскі сонечны дзень, а заўтра выпадзе снег?
З сонечнымі прамянямі з’явіліся і новыя пахі, і новыя гукі. Аднекуль вылецела муха, потым другая, і яны пачалі разам весела насіцца туды-сюды. Дзесьці далёка зноў праспавяў пеўнік, а пасля загаўкаў сабака. Вось дзе сапраўднае жыццё, а не сярод каменных джунгляў.
05 лістапада 2023 г., Яроміна;
06, 10, 11 лістапада 2023 г., Гомель;
28 чэрвеня 2024 г., Гомель (дробныя праўкі, выпраўленне памылак (было - «то бок», «меньш») і трасянкі (было - «стаўні»));
23 красавіка 2025 (выпраўленне памылкі «хаця бы»).
Свидетельство о публикации №224062801155