Зiма
Чаму я тут, а яны там? Справа ў тым, што тры дні таму прыйшлося ўзяць бальнічны – тэмпература трыццаць восем і ўсе «радасці» хваробы. Сёння ж, дзякуючы лекам, я адчуваў сябе амаль добра, дый прагулка не нашкодзіць. Мінус дзесяць градусаў, мароз, але паветра прыемнае, свежае, нікуды не задувае – прыгажосць!
У вёсцы сапраўднае жыццё, мабыць, у соты раз падумаў я. Пад маімі ботамі рыпеў снег – далібог, высокаякасны белы снег, а не тая брудная і слізкая каша на гарадскіх тратуарах. Ніхто не спрабаваў незнарок ці наўмысна штурхануць мяне, падрэзаць на ровары і самакаце, а імавернасць трапіць пад колы аўто зніжалася з кожным крокам – я накіроўваўся да балота.
Балота... Вось тут і адкрылася скрынка з успамінамі. Як жа нам, маленькім, было цікава, асабліва ўзімку, прабірацца скрозь чарот нібыта праз джунглі! Мы тады і ведаць не ведалі, што ён так называецца – ну, нейкія дзіўныя мяцёлачкі. Нам больш падабаўся рагоз, бо столькі ж пуху з яго! Аднойчы, дзякуючы нашым намаганням, гэты пух лятаў па ўсёй вуліцы. А як было цікава катацца па лядовых пляцоўках, хоць і без канькоў! А пралазіць пад чыгункай па двум тунэлям? Вось як у той час забаўляліся дзеці...
З такімі думкамі я перайшоў на другі бок чыгункі і пакрочыў да пасадак. Сярод дрэваў схавалася самотная хатка. І не баяцца ж тут жыць – зусім без суседзяў, прамільгнула ўжо традыцыйная думка. А вось сцежка, якая была, ёсць і будзе. Верагодна, гучыць саманадзейна, пачаў разважаць я, калі йшоў праз пасадкі. Колькі ў сваім жыцці прыйшлося назіраць за тым, як паміралі старыя і нараджаліся новыя шляхі – вялікія і маленькія.
Калі я выйшаў з пасадак на дарогу, то нават пашкадаваў, што народная сцежка так хутка скончылася, спыніўся і пачаў азірацца. Праваруч размяшчаюцца розныя прадпрыемствы – там людзі і сабакі. А што ў нас прама, на паўночным усходзе? Будзе крыху асфальту і поле, потым дачкі. Прывабна, але не, не сёння – сонца ўжо зайшло, хоць і зусім не цёмна. Значыць, курс на поўнач – вось дзе мяне чакаюць цікавасці.
Я зрабіў некалькі крокаў і здзівіўся так, што зноў спыніўся. Афіцыйнай дарогі, як і сцежкі, даўно няма – улетку ўсё зарастае як мае быць. Але ж па слядах было бачна, што якраз ўзімку знаходзяцца тыя, хто жадае пашпацыраваць па снежнай цаліне, вунь нават і лыжня ёсць. Відаць, накірунак сапраўды лічыцца цікавым.
Што ж, будзе прасцей ісці, падумаў я, і пашыбаваў насустрач прыгодам. Дарэчы, чаму мне і падабаецца зіма – не ўсюды можна прайсці ў іншы час. Дзесьці зарастае амаль як у афрыканскіх джунглях, дзесьці стаіць вада, а самае страшнае – гэта кляшчы. І нідзе не даюць нам спакою – ні ў полі, ні ў лесе: яны пачынаюць сваё паляванне на людзей і іншых жывёл у пачатку сакавіка і да самога лістапада могуць рабіць свае жахлівыя справы. Брр...
Сцежкі не было, я проста йшоў след у след, але радаваўся, што сёння сустрэчы з кляшчом пэўна не адбудзецца. Думаю, гэтая фобія мной апанавала пасля выпадку ў апошні дзень лютага: падчас прагулкі па полю я знайшоў у сябе на джынсах сапраўднага кляшча. У лютым! Ну, добра, тады столькі снегу не было і плюсавая тэмпература, але ж зіма! Яны павінны спаць, а не паляваць!
Далей пачыналася адметная мясцовасць – ці то балота, ці то лес, хоць і зусім маленькі. Верагодна, менавіта тут трэба было ладзіць свае карагоды ведзьмарам, калі б яны існавалі. Улетку сюды ўвогуле не зайсці ў цвярозым розуме.
Шкада, што так хутка прыходзіла цемра, цікава было б даследаваць такую цудоўную мясцовасць. Але ж і мароз пачынаў кусацца, таму, на жаль, прыйшлося ісці далей.
Наступныя некалькі хвілін мне было не да ўспамінаў – даволі цяжка ісці праз поле, дзе трэба пераадольваць сумёт за сумётам. Праз некаторы час я адчуў, што снег трапіў нават у мае высокія боты. Ну, нічога, усё роўна хутка буду дома, падумаў я, і ў гэты момант сумёты скончыліся.
Сцежка. Цікава, хто тут ходзіць акрамя мяне, паспела нарадзіцца думка, але адказ стаяў перад вачыма. Пасека. Ну канешне, хаткі для пчол! Ані плота, ні іншай агароджы: відаць, усё будуецца на даверы. Колькі сябе памятаю, вуллі стаялі тут спрадвеку. Мо ўжо і тых пчол няма і гэтыя домікі выконваюць ролю помнікаў мінуламу, хто ведае?
Я сашчурыў вочы і сфакусаваў позірк на хатах, якія мясціліся крыху далей. Можа, і яны таксама граюць ролю помнікаў? Не памятаю, каб там варушылася жыццё. Хаця... Сцежку хтосьці пратаптаў, не валацугі ж і вандроўнікі накшталт мяне?
Дзіўна, што людзі бягуць у горад, разважаў я і крок за крокам набліжаўся да дамоў. Мы называлі іх Хутарам, менавіта так. І гэтых жыхароў не пужае адсутнасць суседзяў? Дзве хаты наводшыбе, проста пасярод чыстага поля... Ноччу можа і якісь звер забегчы, і добра, калі мірны заяц. Калісьці ля пасекі я ўбачыў і ліску – на жаль, нежывую.
Крок, яшчэ адзін... Штосьці мяне бянтэжыла, але што? Я пачаў кружыцца на месцы і заўважыў святло ў вокнах і адной, і другой хаты. Значыць, ранавата запісаў Хутар у помнікі, пасміхнуўся я, але што парушыла мой спакой?
Пачуўся гук цягніка, позірк спыніўся на пасадках, і толькі зараз я зразумеў, у чым справа. Гэта было Зазеркалле! Я бачыў тыя ж высачэзныя дрэвы, якія штодзенна назіраў з вокан свайго дому, але тут было ўсё наадварот! Дрэвы не за чыгункай, а перад ёй – цягнікі так проста не разглядзець. Захоўвалася яскравае адчуванне, нібыта дзеянне адбывалася ў паралельным сусвеце. Шкада толькі, што наўрадці яшчэ хтосьці адчуваў тое ж самае, што і я.
Напэўна, трэба завязваць з праглядам навуковай фантастыкі, разважліва вырашыў я і працягнуў сваё невялікае падарожжа, якое амаль ужо скончылася.
Сапраўды, што можа здарыцца, калі да дому застаецца некалькі хвілін пешшу? Чаго яшчэ чакаць?
І зноў – ніколі не кажы «ніколі». Перад апошняй сцежкай праз пасадкі я ў чарговы раз за вечар стаў слупам. Вось жа, злева, зыходная сцежка, якая была тут спрадвеку! І як усе забыліся пра яе?
Я не мог устрымацца і вырашыў прайсці там, дзе даўно ўжо ніхто не хадзіў. Першая палова народнага шляху захавалася даволі добра, але прыйшлося ўважліва глядзець пад ногі, бо сустракаліся старыя галіны, смецце і, хто ведае, яшчэ якія сурпрызы. Дзіва, што сцяжынка амаль не зарасла хмызняком, бо гадоў пятнаццаць, мо і дваццаць, ёй не карыстаюцца.
Далей я чакана трапіў у тупік – другая палова шляху не захавалася, прыйшлося прадзірацца скрозь хмызняк да новай сцежкі. Але я і так убачыў вельмі шмат.
Што здарылася? Чаму сцежкай перасталі карыстацца і зрабілі новую? Тут трэба дадаць, што некалі побач існавала вялізная тэхнічная яміна – сапраўдны жалезабетонны стакан. Страшна? Ды не, дзецьмі мы лазілі ўніз, мне пэўна было менш за пятнаццаць гадоў. Дзесьці побач ляжалі і рэшткі транспарцёра камбайна, памятаю і ягоныя пульты кіравання. А яшчэ раней, калі дрэвы былі вялікімі, а мы маленькімі, ля дарогі размяшчаўся цэлы аўтобус, то-бок тое, што ад яго засталося. Ох, як добра запомнілася, як мы любілі гуляць у салоне, адчынялі і зачынялі дзверы-гармошкі, забіраліся нават на дах. Вось такія гульні. Потым аўтобус знік, а калі засыпалі яміну? Зусім не памятаю. Толькі адно ведаю – у нейкі момант сцежка пайшла кудысьці ўбок; верагодна, мы якраз і ходзім па гэтаму каменнаму стакану. Рэштак транспарцёра таксама не відаць – напэўна, справа рук «санітараў» вёскі, якія хапалі і вывозілі ўсё жалеззе, якое кепска ляжала.
Але ж усё-ткі дзіўна, што старая сцежка захавалася, хай і не цалкам. Моладзь ніколі і не зірне ў гэты бок – што ім нейкі прасвет сярод дрэваў? А то народны шлях – былы, стары, але ўсё яшчэ жывы.
Дзіўна, я разважаю пра сцежкі нібыта як пра жывыя істоты. А хто ведае, мо так і ёсць? Столькі людзей праходзіць штодзённа... А колькі ўсяго яны пакідаюць пасля сябе, акрамя смецця – думкі, планы, пачуцці...
09-14, 21, 28 студзеня 2024, Яроміна - Гомель;
20 сакавіка 2025 (пунктуацыйныя і іншыя выпраўленні: замена «было бы» на «было б», «але ж што» на «але што», «сустрэў і ліску, на жаль, ужо не жывую» на «ўбачыў і ліску – на жаль, нежывую»).
Свидетельство о публикации №224063001185