Плиточник на белорусском
Бацька патэлефанаваў, што бывае вельмі рэдка, і паведаміў
доўгачаканую навіну: ён задумаў рамонт кватэры, і ў той жа час паскардзіўся
на сваю жонку, маўляў, стаміўся ад яе ныцця. З нагоды рамонту ён запрасіў
плітачніка, якога выбіраў, відавочна, па рэкамендацыі сваіх калег, таму як
плітачнік аказаўся вельмі арыгінальнай асобай, і не прысвяціць яму некалькі
радкоў я не маю права.
Я вырашыў у першы ж дзень, пасля працы, заехаць да бацькоў з
намерам на свае вочы пераканацца, наколькі паспяхова мяняецца знешні
выгляд ладна зацяганай кватэры.
Выйшаў я з ліфта і звярнуў увагу на ўваходныя дзверы, якія яшчэ з
тыдзень таму адрозніваліся ад іншых дзвярэй пад'езда сваёй белюткасцю, а
зараз па самы верх гэтыя белыя дзверы былі выпацканыя цэментавым
растворам, да таго ж іх нечаму расхіснулі насцеж.
Адразу ля ўваходу ў кватэру насыпана горка дробнага пяску, метра
паўтара вышынёй, побач – запыляныя папяровыя мяшкі з гажай і цэментам.
Каля ўвахода ў прыбіральню бачу шырокую спіну сівога мужчыны, які
нахіліўся над пакрытым іржой вядром, лапатачкай, не спяшаючыся,
памешваў раствор і бурчаў, нібыта размаўляў сам з сабою. Да мяне данеслася
яго абурэнне:
– Поўны абсурд! Як так можна...
Я знарок гучна патупаў чаравікамі, каб звярнуць на сябе ўвагу,
прадставіўся. Незнаёмец стрымана павярнуўся і з тым жа хмурным тварам
працягнуў весці няведама з кім размову.
– Гэта вы пра што? – устрывожана перапытаў я, хоць разумеў, што
незадаволенасць плітачніка звернута зусім не да мяне.
– Або возьмем, – павярнуўшыся ў мой бок, але гледзячы паверх мяне,
злёгку павысіўшы голас, працягваў абурацца ён: – Трэба ж папярэджваць
людзей!
– А што здарылася? – перапытаў я, здзіўлены такой
няветлівай сустрэчай.
– Уяві сабе, 400 даляраў штрафу табе абыйдзецца
каханне да жавальнай гумкі, – стаў тлумачыць плітачнік, –
калі з сабой у Сінгапур возьмеш хоць бы адну ўпакоўку.
Людзям то няўцям, што па тамтэйшых законах жуйку ў
Сінгапур увозіць нельга, а ўжо жаваць – і тым больш.
Даведаўшыся пра гэта, я адправіўся на кандытарскую
фабрыку «Ерэванскія прысмакі» да дырэктаркі Аракназ
Пагасоўны, маўляў, так і так. Трэба дадаць на пакаванні гумкі
папярэджанне: «Забаронена ўвозіць нашу прадукцыю ў
Сінгапур і тым больш жаваць яе там, каб пазбегнуць
вялізнага штрафу». Яна пагадзілася, нават падзякавала,
запісала ў штодзённік маю прапанову, каб не забыцца. А калі
я выходзіў ад дырэктара, пачуў як яна навучала сакратарку:
«Каб гэтага дурня я больш не бачыла».
Плітачнік узяў адну плітку, размазаў задні бок растворам
з ржавага вядра і нядбайна прымацаваў яе на сцяну. Ізноў
павярнуўся да мяне.
– Да прыкладу, у ЗША, у штаце Ілінойс, забаронена біць
пацукоў бейсбольнай бітай. За гэта належыць штраф 1000
долараў. Адправіўся я ў амерыканскую амбасаду з намерам
звярнуць увагу на гэтую акалічнасць, растлумачыць, як
належыць паступіць у дадзеным выпадку, а мяне нават да
амбасадара не дапусцілі...
Ці балгарскі казус, як я назваў гэтую анамалію, –
працягваў плітачнік, – Смех ды і толькі: просты ківок галавы
азначае, што ты з чым-небудзь не згодзен. А рух галавы
направа-налева, так мы выказваем сваю нязгоду, у іх
наадварот, азначае, што згодзен. Глупства якое!
Падлавіў я двух маладых балгараў у нас на плошчы, у
вясельнае падарожжа адправіліся, і пытаюся:
– Ці падабаецца вам Арменія?
Яны галавой матаюць, накшталт, як, не кажуць, але
чамусьці ва ўсю ўсміхаюцца. Тлумачу ім, што ў Арменіі
прынята па-армянску размаўляць. Калі падабаецца Арменія,
а я бачу, што падабаецца, то трэба ківаць, а не галавой
матаць.
Яны з перапуду да паліцыянта звярнуліся.
Плітачнік сеў на край іржавага вядра, дастаў папяросы
«Беламорканал», спрытна прыкурыў і, задраўшы галаву
ўверх, задумаўся:
– Я неяк з першым намеснікам старшыні Савета
Міністраў Уладзімірам Міграновічам Маўсясянам абмяркоўваў
жаласны стан нашай жывёлагадоўлі. Кажу яму: «
Міграныч...»
– Што?! – перабіў я плітачніка, – вы з Маўсясянам
наўпрост маеце зносіны?!
– Ну... Гэт адзін раз было... Я на прыём запісаўся. «Як
так, – кажу яму, – дробная жывёлагадоўля ў нас, у сэнсе
авечкі, добра развіваецца, слоў няма, а вось пашы з-за іх
гінуць. Калі да вайны ў нас тэрыторыя натуральных кармавых
угоддзяў складала каля 15 млн гектараў, у дадзены момант –
менш за 800 тысяч. А ўсяму віною дадатковыя зубы ў авечак –
разцы, размешчаныя на ніжняй сківіцы. Гэтым адрозніваецца
парнакапытная жуйная жывёла ад тых жа кароў. Авечкі
пасуцца і разцамі вырываюць з коранем хмызнякі, а каровы
зразаюць толькі верхнюю частку і расліна не гіне. Таму трэба
ў нованароджаных ягнят пагалоўна вырываць разцы. Гэта
нескладана».
Галоўнае, я зайшоў да яго ў кабінет, а гэты вялі-і-кі
начальнік вырашыў, што я, паслужліва прыгнуўшыся, буду з
ім гаворку весці.
Плітачнік усміхнуўся, ківаючы галавой, відавочна,
успамінаючы сустрэчу з першым намеснікам старшыні Савета
Міністраў Арменіі:
– Звычайна ў яго на прыёме просьбіты ў тры пагібелі
сагнуўшыся стаяць, так слязліва ў вочы яму глядзяць. А я без
запрашэння сеў, нага на нагу, і выдаў яму праўду матку.
Міграныч нават разгубіўся: не чакаў пачуць такога простага
вырашэння пытання, над якім, магчыма, увесь урад які год
галаву ламаў. Вось так, старонні, з вуліцы, прыйшоў і гатовы
паказаць выйсце са становішча.
– Ён падзякаваў вам? – спытаў я, ледзь стрымліваючы
ўсмешку.
– Яшчэ як ! Вядома падзякаваў... – хмыкнуў плітачнік і
бруднай рукой пагладзіў патыліцу: – Міграныч, заплюшчыўшы
вочы і абхапіўшы галаву рукамі, задумаўся. Я, гледзячы на
яго, ужо ўяўляў, як ён паднімае трубку і міністру сельскай
гаспадаркі Гранту Аганесяну кажа: «У мяне таварыш
Кіракосаў знаходзіцца з слушнай прапановай па тваёй лініі. Я
лічу, варта прыслухацца». Але адбылося адваротнае. Ён неяк
дзіўна павёў сябе: зажмурыўшы вочы, учапіўся ў падлакотнікі
крэсла, і яго закалаціла дробнай дрыготкай. На імгненне
замёр, затым, бліснуўшы шалёнымі вачыма, выгнаў мяне з
кабінета.
Пераклала Валянц іна
Драбышэўская
Свидетельство о публикации №224063001280