Раздзел 23. 19-06-2025

...у якім пацвярджаецца важнасць прыкмет



Вышыня. Хуткасць. Абароты ў хвіліну. Тэмпература і ціск масла. Ціск бензіну. Тэмпература галовак цыліндраў. Дыстанцыя да вядучага... Можна і павялічыць, няма нашто прыціскацца. Як гэта яна раней не заўважала, наколькі проста ісці вядзёнай Дубоўкі? Пасля вылазкі з Глебам гэтае адчуванне здаецца новым: ляціш як дыхаеш, нутром угадваеш наступны рух. Камэск не можа не ведаць, як гэта цэніцца, калі вядучаму не ўсё роўна, дзе там боўтаецца падначалены. Якому сачыць за бяспекай і камандзірскай, і сваёй.

Падчас запуску матора ў Ліды нібы перазапусціўся розум. Парашутная сумка легла ў адмысловую нішу крэсла, устала перад вачыма прыборная дошка, вывучаная да таго, што пераключаеш тумблеры ўсляпую... Свядомасць, зняможаная сумятнёй думак, скіравала іх у дзейнасць. Прэч кіданні і сорам, прэч яршыстае імкненне адштурхнуць, адмежавацца, закрыцца! Ёсць толькі рокат матора – ад першых жа гукаў мурашкі прабягаюць па патыліцы і саслізгваюць за каўнер. Ёсць азартная вібрацыя, у такт якой нервовыя імпульсы раскочваюцца па распешчаным спёкай целе, абуджаючы яго да апошняй клеткі.

Мо і ты, “сямёрачка”, застаялася? Даруй, што з ранку не пілатажылі... Дзе пачаткоўцу Колю зразумець, што такое еднасць з машынай!

Самалёты звяна Зелянкоўскага плылі наперадзе ніжэй, камуфляжная афарбоўка рабіла іх менш адрознымі на фоне зямлі. Вышыню і адлегласць усе чацвёра трымалі зладжана, як на парадзе. Ну яшчэ б, у Глеба нават Слаўка хадзіў па струнцы!

Ліда спыніла погляд на “дваццаць пятым”, які быў крайнім, і азірнулася на крайняга ў сваім звяне. Як там Арцёму ззаду ўсіх? Самая паганая пазіцыя, апошняга найпрасцей адсекчы ад групы. Яго “лавачкін” (“пяцьдзясят другі”, адваротны па лічбах) няцвёрда пакалыхваўся, але захоўваў месца ў страі; вечаровае сонца біла ў ліхтар, не даючы разгледзець кабіну. Гэтаксама хаваўся ў бліках гаспадар суседняга самалёта. Бартавы нумар у дапамогу: васьмёрка і нуль – нуль пры знаку бясконцасці. Саша. У лётным почырку не вылавіць ваганняў-хістанняў, але і яму, малавопытнаму вядучаму, прыйдзецца паспрабаваць новыя абавязкі.

А вось “лавачкін” нумар дваццаць, які на чале звяна. Ён па другі бок ад “сямёркі”, і яго абрысы чарнеюцца ў аранжавым небе выразна, нібы на вучэбным плакаце з самалётнымі сілуэтамі. За шклом паварочваецца галава ў шлемафоне, метадычна аглядваючы то левую паўсферу, то правую: ці не запрыкмеціцца праціўнік? Што хаваць, на зямлі Дубоўка бывае безуважным – быццам выпадае з рэчаіснасці. Адкуль тады паветраная хуткасць рэакцыі, з-за якой Ліда вярнулася з ранішняй трэніроўкі мокрая як мыш? Можа, ён пакідае ўнізе не толькі сваркі, але і лішнія развагі?

Як слепіць вочы захад... Калі яна будзе вось так узірацца ў сонца, ці не прарэжуцца ў яе гэткія ж зморшчынкі, як у Дубоўкі?

Што за лірыка лезе ў галаву!

Узлаваўшыся на сябе, Ліда працягнула руку, каб змахнуць некалькі назойлівых пясчынак, прыліплых да шкла ніжэй за лінію позірку. І тут жа скеміла: ніякія не пясчынкі. І не на шкле, а далёка-далёка – там, дзе неба зацягнута пазалочаным воблачным вэлюмам.

Адна кропачка, дзве... Чатыры... А там, вышэй? Пятая... Шостая...

– Бачу “месеры”, валакуцца васьмёркай. Як і мы! – будзённа папярэдзіў эфір у шоргаце перашкод.

Ліда нават без пазыўнога пазнала Глеба: ён адзін ураніў бы гэткую навіну так, нібы шклянкі з кампотам злічыў. Яму што, яны са Слаўкам на днях пакруціліся супраць трох пар “месершмітаў” і то паспяхова ўнеслі крылы. А Ліда, можа, у вочы не бачыла столькі варожых знішчальнікаў за раз. Ні ў мужчынскім палку, ні тым больш у жаночым. Вось калі пра “юнкерсы” казаць – было, але хіба гэта тое самае?

А што, калі і насамрэч выпаўзе чарада бамбардзіроўшчыкаў, якая яшчэ ідзе ў кантрольную кропку, каб працягнуць шлях пад аховай знішчальнікаў? Ну не проста так вартавыя сабакі выпраўляюцца цэлай зграяй! І лепей разагнаць зубатых, не дапусціўшы іх злучэння са статкам...

– Гэта “дваццаты”. Першае звяно, вам ніжэйшая чацвёрка, – распарадзіліся навушнікі. Дубоўка не забіваў сабе галаву падборам пастаяннага пазыўнога. – А мы звяжам боем тую, што прыкрывае.

– Ясна, – азваўся Зелянкоўскі. – Рабяты, усім звяном наскочым!

Ці заўважылі немцы небяспеку? Вось бы не... Усе ж “лавачкі” ідуць з перавышэннем, а жываты ў іх пафарбаваны ў блакітны колер – такі ж пакуль залівае гэтую частку неба. Ліда для праверкі хутка адцягнула на сабе прывязныя рамяні: ці добра трымаюць, ці не выпадзеш з сядзення падчас кульбітаў? “Перавага ў нас. Мы дзеўбанем першыя!” – запэўніла яна сябе, у той час як ад чагосьці сохлі вусны, вільгатнелі далоні, а сэрца адстуквала часта і гулка. “Сямёрка” падтаквала: дзеўбанем!

“Дваццатка” коратка паківала крыламі і нырнула ўніз. Ліда, не раздумваючы, сінхронна адсунула ручку кіравання ад сябе. Зелень лесу мажна гайданулася насустрач, у прыцэл уплыла намечаная чацвёрка... Як на далоні: імкліва расце, дэталізуецца! Зараз – з першай атакі!..

Сціскае скроні ад хуткасці, дрыжаць вялікія пальцы на гашэтках. Шчупальцы напружання працінаюць рукі з нагамі і звіваюцца ў клубок у галаве...

Ліда потым лаяла сябе: трэ было не так, нельга было дапускаць гэтай усхваляванай здзервянеласці! Не падчас выгаднага пікіравання, калі ахвяра сама ідзе ў рукі. Ох, не да месца плёснуў адрэналін!

Галаўны “месершміт” раптам выпаў са строю: яго хвастанулі чэргамі па корпусе і развалілі напалам. Ліда, якая прапусціла момант, калі стрэліла “дваццатка”, мітусліва загнала ў перакрыжаванне прыцэла суседні самалёт. Ударыў па вушах грукат пушак, вібрацыя скаланула “сямёрку”...

Міма! Трасы распаролі паветра ля самага хваста з агідна-сіметрычным чорна-белым крыжом.

Яшчэ, настойлівей!..

Позна – уверх. Уверх і ўбок за камэскам, у чортаў разварот, на якім пагарэла ў той раз!

Разладжаная промахам, Ліда паўтарыла манеўр залішне рэзка. Перагрузка жорстка ўціснула ў крэсла, змяла шчокі, пацягнула ўніз куточкі вуснаў... Мэта, аднак, была дасягнута: латаны фюзеляж (два з паловай шэрагі зорак) застаўся вісець збоку ад яе. Плюс адна зорка ў спіс.

Унутры ў Ліды свярбела дзіцячая крыўда і драпалася кіпцюрамі прыкрасць. Ат, узорная ў вас стральба, таварыш лейтэнант! А вывад з піке проста майстэрскі! Галоўнае ж – толькі цяпер, калі шанц выбіць праціўніка з наскоку быў незваротна страчаны, успомніліся словы камандзіра палка. Ён пакуль не прыняў рашэнне. Ён назірае і вагаецца. Значыць, яе поспехі павінны быць пераканаўчымі... Няма поспехаў – няма лётчыка Жук у складзе эскадрыллі. А полк вырасціць асаў з не такіх праблемных “жаўтароцікаў”...

Арцём, дарэчы, не згубіў звяно пры пікіраванні. Яны па-ранейшаму ішлі чацвёркай, ворагаў жа стала на аднаго меней – Ліда, азірнуўшыся, хуценька падлічыла вастраносыя сілуэты. Атаку іншага звяна яна не бачыла, але групы “месершмітаў” аказаліся адсечаныя адна ад другой.

– Уцягваем у заварушку. Нельга дазволіць ім ухіліцца ад бою!

“Ухіліцца?! Дзе ў цябе вочы, Дубоўка? Яны зараз будуць выпрабоўваць нашы “лавачкі” на трываласць! Усім вядома: немцы ахвотна закідваюць баявую задачу, калі можна пазбіваць”, – Ліда баялася адвесці позірк ад групы, якая страціла вядучага падчас іх атакі, а цяпер забірала ўверх і разварочвалася. Наўрад ці для таго, каб выразіць сваё захапленне “рашучымі дзеяннямі эскадрыллі, якія мелі плён дзякуючы эфекту нечаканасці”. Пэўна, так сітуацыя будзе пададзена ў рапарце...

За кошт разгону на пікіраванні “лавачкам” было куды прасцей набраць вышыню. І, разамкнуўшыся, атакаваць ізноў. Пад стрэламі “дваццаткі” адзіночны “месершміт” (мяркуючы па крыху патрапаным хваставым апярэнні – той самы, што мог дастацца Лідзе) адвярнуў да сваіх, і тыя прывіталі Дубоўку падвоеным агнём. Ліда палахліва дала непрыцэльную чаргу ім напярэймы і часова выдыхнула. А ну кыш пад лаўку! Пакуль яна вядзёная – дуля вам, а не збіты камэск!

Ніякіх больш пастраенняў чацвёркамі – у трохмернай сістэме каардынат мільгалі баявыя пары. З басавітым гудзеннем караскаліся свечкай у зеніт, зрываліся ў піке, лажыліся на крыло ў пагоні за вёрткім праціўнікам. Ліда таксама караскалася, пікіравала... Праўда, не была здольная ахапіць позіркам усё і ўсіх. Прыборы, прыцэл і паўкруг вінта, а за вінтом хвост “дваццаткі” з чырвонай зоркай. Асноўны клопат – каб не ўсплыў замест зоркі чорна-белы крыж, а ўсплыве – палі ў яго з усіх ствалоў! Бо “дваццатка” меціць у іншага ворага, які манеўруе там, наперадзе. Ганьба вядзёнаму, калі ў гэты час вядучы будзе подла нашпігаваны металам.

Да чаго ж нязносны гэты фрыц! Ліда люта ўзненавідзела хударлявы сілуэт “месершміта”, які, не даючыся “дваццатцы”, з лісінай вынаходлівасцю ладзіў выкрут за выкрутам. А значыць, і “сямёрка” мусіла вычэрчваць галаваломныя петлі, каб не згубіць абодвух. Пурпурны сонечны дыск – рыхтык падклеены да небасхілу кругляш каляровай паперы – то назаляў збоку, то слізгаў пад плоскасць, то ўсплываў над галавою, каб тут жа скаціцца знічкай і асляпіць скрозь лабавое шкло...

Ліда змокла за лічаныя хвіліны, перастала нават міргаць. Вар’яцкі кругаварот! Яна згрызе сябе да аголенага шкілета, калі адстане!..

Гэй, гэта што, усё? А дзе... Куды праваліўся “месер”? Не растаў жа ў небе, як зменлівыя кучары аблокаў?

Ліда сцяміла – ды як ляпне сябе кулаком па калене. Колькі элементаў накручана ўпустую! Яўна саслізнуў на меншую вышыню, згубіўся на фоне плямістай зямлі. Пашукаць бы, насесці, аддзячыць! Але камандзірскі самалёт... З якой ласкі ён паварочвае, спыніўшы пераслед?

“Калі вызвалася суправаджаць, то слова трымай!” – дакорліва мовіла памяць голасам Зелянкоўскага.

“І стрымаю!” – Ліда скрыгатнула зубамі. Ізноў ёй змагацца з сабою, не з ворагам... Поруч, Жучка, поруч!

Яна ўлавіла рух краем вока і ўскінула галаву: наўпрост над імі два знішчальнікі, савецкі і нямецкі, матыльнуліся адзін да аднаго на сустрэчных курсах. Паветра прашылі ніткі пушачных трас. “Размініцеся вы!!” – ударыла ў скроні, ды акруглы знішчальнік уздрыгнуў, дзюбнуў носам. Другі пераможна прамчаўся над ім – пагарда ў сухарлявых абрысах – і сышоў уверх.

Абстраляны “лавачкін” небяспечна хіснуўся, пайшоў няпэўна – асцярога канатаходца, які страціў раўнавагу над прорвай.

– Паспеў-такі! Дальбог, паспеў я пужнуць паршыўца! – узрадавана зашаргацелі навушнікі. Палёгка, дзівацкая пры такім раскладзе. – Для чаго яшчэ “чортаў тузін”? Чарцей дрэсіраваць, так? У хвост іх і ў грыву!

У Ліды ад трывогі скруціла страўнік. Ну з чаго вы так бязглузда падставіліся, Мацей Васіліч?!

– Што ў цябе? ...толькі з машынай ці?.. Парадак? – перадатчык, нібы падхапіўшы напругу Дубоўкі, забарахліў і пачаў зажоўваць словы.

Як на грэх, у эфіры стала людна, усё цяжэй было вычленіць у разрозненым мармытанні, выгуках, шорахах цэльную фразу. Але – цуд: на гэты раз радыёхвалі думак Ліды з Дубоўкам налажыліся. І “дваццатка” з “сямёркай” вокамгненна ўзняліся да самалёта Зелянкоўскага.

– Ані драпінкі! – знутры ім паказалі вялікі палец. Коратка, праўда, і відавочна ўстурбавана. – “Тузін” шкада... Кіраванне рулём вышыні перабіта, ручка ходзіць вольна. Ды матор... Сядаць трэба!

– Не спрабуй дадому, не дацягнеш! ...выскоквай, калі... цябе ведаю... Да д’ябла “тузін”!

– Як карта ляжа... Сам акуратней, згода?

Па-стаханаўску ўпарта пыхкаў пашкоджаны “лавачкін”, несучы сябе, і седака, і набор старых латак, што абяцалі папоўніцца. Нёс і як бы пакепліваў: “Гэта я не дацягну, таварышы афіцэры? Гэта мяне, ваяра, на запчасткі? Угару не магу – буду планіраваць, на колы не сяду – плюхнуся пузам. А дадому прыйду!” І Ліда гатовая была паручыцца, што праз адлегласць і шкло бачыць, канешне бачыць на твары ў Зелянкоўскага вінаватую ўсмешку: гэты самалёт разбіць нельга.

– Я “семдзесят першы”! Я на месцы, праводжу! – цвёрда адрапартавалі навушнікі. Складана было пазнаць гэты выразны і, аказваецца, добра пастаўлены, як у дыктара, голас. Ды і не размаўляла Ліда ў паветры з Ігнатам. Хай не будзе з яго Левітана, але ў эфір бою ён упісаўся як найлепш. І пакуль вядучы на дыбачках слізгаў прэч, гэты знішчальнік з вострымі тонкімі лічбамі трымаўся побач.

Унутрана Ліда разарвалася напалам, засталася часткай з Зелянкоўскім. Ёй не спадабалася, што эскадрылля падзелена. Карцела сабраць сваіх пад крыльца і пералічыць па галовах, як пералічвае важатая ў піянерлагеры. А вусны і цяпер калола шчака Зелянкоўскага, якога яна цмокнула надвячоркам. Ці можна лічыць добрым знакам? Добрыя знакі патрэбныя: яму выпала шукаць пасадачную пляцоўку, не маючы ўлады над тысячамі метраў вышыні.

А Ліда – у небе сам-насам з Дубоўкам, і ніякага перакладчыка з мужчынскага на жаночы...

У разрывах воблачнай пялёнкі, якая наплывала злева, мільгнуў і знік цень – хутчэй, чым Ліда магла пазнаць. А вось яшчэ два! Першы пятляе, як заяц, якога цапае за пяткі пара лісоў. Кідаецца з прасвету ў прасвет, заблытвае сляды з дапамогай аблокаў...

Выгук папярэджання замёр на языку: Ліда ўсумнілася ў сваім праве засмечваць эфір. Ды і што ім, занурацца туды ж, у воблачнасць? Вяршыня глупства!

Пялёнку тым часам прарэзаў імклівы сілуэт – вываліўся ў неба, вільнуў у іх бок. Свой! Самалёт з надрыўным гудам жыкнуў між Лідзінай “лавачкай” і камандзірскай, а з інтэрвалам у секунду – застрашлівае гырчанне і пара шэрых ценяў.

Уціснуць гашэткі!

Больш ад нечаканкі, чым з разлікам Ліда давярнула і ўсадзіла чаргу ў “месершміт” – ва ўсю дасяжную паверхню, пакуль тая праносілася міма. Адляцела хісткае крыло, ссечанае чаргой...

Шаснуць убок!

Нямецкі самалёт бескантрольна вухнуў уніз і з уражаным стогнам, які ўсё нарастаў і пераходзіў у пранізлівае выццё, грымнуўся сярод лесу.

Гэта... што? Збіты знішчальнік? Так лёгка і хутка?.. Ліда, агаломшаная, зрабіла круг над вогненнай пралысінай. Не трыумфальна – з недаверліва-прагнай дапытлівасцю. Колькі яна адточвала фігуры, зубрыла тактыку, цягалася ў хвасце іншых, каб... вось! Трапны момант, удалы ракурс. Яна ведае, як павесці будучы разбор вылету!

– Файна ўжарыла, – захапіўся голас у галаве. – Той, другі, мігам драпануў!

Ліда прывыкла не засяроджваць слых на фонавым шуме і не адразу ўсвядоміла: рэпліка адрасавана ёй. “Дваццаць пяты”! Слаўка! Прыстроіўся, як быў адваяваны ў пераследнікаў. Але чаму адзін, без Глеба?

Калі гэтую парачку разарвалі, то справы дрэнь.

– Чакай, я спярша вярнуся, і тады... – яна азірнулася, і ўнутры ўсё змерзлася ў лядзяк жаху.  Ш т о   я н а   ў т в а р ы л а?  Як можна было пераключыцца на ворага і... Дзе ёй шукаць Дубоўку?!

Не клапоцячыся аб тым, ці паспявае сябар, Ліда з месца ў кар’ер пайшла ў набор вышыні. Яны раздзяліліся толькі што, не мог ён узяць ды знікнуць. Яна і адрывацца не збіралася! Неадкладна трэба знайсціся, бо не засталося пры ім ні яе, ні Зелянкоўскага... А Мацей жа Васіліч ясна сказаў, інтанацыяй, рухамі самалёта свайго сказаў: я прыкрыў, я сыходжу, далейшая заслона – ты. Ён жа адцягнуў увагу на сябе, на “тузін” – так! Сам навязаў бойку, сам прыняў удар, які ледзь не абрынуўся ім на галовы... І чым адплаціла яна?

Зводдаль пчоламі раіліся знішчальнікі, трасы расчэрчвалі вечаровае неба. Вось куды ссунуўся бой! Да ўсіх і рванула Ліда: “лавачкін” нумар дваццаць проста абавязаны быць там, з рабятамі. Трывожна паводзячы лапаткамі, да якіх ліпла кашуля, яна хапалася за кожны выгук у навушніках: хоць бы што не здарылася, пакуль яна адстала! Падаваць жа голас самой... Ад гэтай думкі палахліва сціскалася горла.

 Што, калі ён не заўважыў яе адсутнасці? Можа, яна паспее?

– Снежань, ззаду!! Ты пад атакай! – узарваўся эфір, перакрыўшы ўсе воклічы. – Глеб-ды-кінь-яго-за-табой-“хвост”!

– Бачу! – хрыпла плюнулі ў адказ.

І перш чым Ліда сабрала ў галаве, што перасцярога прыляцела ад Слаўкі, што ён так і ідзе з ёй парай, што наперадзе сапраўды нечы “лавачкін” між двух “месершмітаў” (для аднаго – паляўнічы, для другога – ахвяра), але задужа, задужа далёка... Дык перш чым стала ясна ўсё гэта, загаўкалі кулямёты і пераважыла роля ахвяры.

– М-маць! – шыпенне лётчыка “лавачкіна” злілося з трэскам перашкод. Прыгнуўся шлемафон за прадзіраўленым ліхтаром, з правай плоскасці сарвала кавалак абшыўкі. Самалёт заслізгаў з пагражальным крэнам, але гнеўна паласнуў плоскасцямі вецер – і выдраў для сябе апору, і пачаў са зніжэннем адварочваць, унікаючы бойкі...

Што?

Ён жа  м о г  адказаць агнём! Ён мог і павінен быў куснуць-адпомсціць, зафінціўшы штось насуперак законам аэрадынамікі! Бо адгукаецца на пазыўны “Снежань” і мае почырк такога агрэсіўнага гатунку, што звярацца з нумарам, дзевяноста шэсць, ажно смешна.

Зазбоіла хвацкасць? Падвялі механізмы?

Дазнавацца не будзем.

– Трэба ўвагу адцягнуць, хутчэй! – Ліда знайшла позіркам “месер”-пераследнік. Ён, пацэліўшы раз, не адпусціць – вунь, прывідам наганяе “лавачкін”. Так драпежнік імкне па крывавым следзе. – Слаў, я пайшла! На табе Глеб!

Кароткае “Прынята” праскочыла і згубілася ў шорахах. Слаўка выканае.

Ёй адбіваць атаку на Глеба? Нешта ў лесе здохла. Ён не прысніў бы гэткую супрацу і ў страшным сне!

Загрукаталі яе пушкі – “месер” праслізнуў, ухіліўся з амаль элегантнай нядбайнасцю, і Ліда на паўсекунды ўгледзела за шклом сілуэт нямецкага лётчыка з павернутай у яе бок галавой. Гэта зблытала яе: яна бачыла бой змаганнем з машынамі, не з людзьмі, і з’яўленне чалавека выпала з яе сістэмы. Выпала і адняло яшчэ паўсекунды, даўшы ворагу паглыбіць пікіраванне, набраць хуткасць... Набраць спрытней, чым Ліда, і высмеяць характарыстыкі яе самалёта. Яна адарвацца не дазволіла – абураная, рванула следам і ўлілася ў хітрую вязь манеўраў.

“Чосу табе даць, выхваляка?! Паглядзім, хто больш трывалы!”

На рэзкай змене вышыні яна пакутліва сашчапіла сківіцы, пакуль “сямёрка” прадзіралася скрозь перагрузкі. У жываце ўсё скруцілася ў балючы вузел, павекі ўпалі самі сабой. Не, не, трэба сачыць! Трэба неадступна паўтараць фігуры, выкрадваючы адлегласць па дробязях! Адкуль бы яму ведаць, што ў савецкім самалёце дзяўчына? Калі яна стрывае, гэта не будзе мець розніцы!

Ды толькі Ліда быццам бачыла раней гэтую майстэрскую выкрутлівасць. Бачыла і адтуліны ад снарадаў на хваставым апярэнні. Вочы ёй хлусяць?..

Ліс, якога яна не выбіла ў пачатку. Якога не дастаў і Дубоўка. І чым больш мутнела ад стомы свядомасць, чым больш гарэў ліхаманкай твар, тым ясней было: праціўніка яна абрала не па зубах.

“Месер” то аддаляўся, то зноў насоўваўся на перакрыжаванне прыцэла, даводзячы яе да ўтрапення. Трасы клаліся так блізка – вось-вось пацэліш, вось зараз саб’еш!

– Давай-давай-давай, ну!.. – здушана шаптала яна, ледзь варушачы вуснамі.

Але што ж пушкі? Чаму яны татакнулі і змоўклі?

Заклінавала? Ізноў?!

– Сцешцы – галаву адкруціць! – гыркнула Ліда і таропка перазарадзіла. Нельга, нельга ўпускаць гэты “месер”!

Уціснула гашэткі яшчэ раз. Яшчэ і яшчэ – нічога.

А ці не скончыліся снарады?

Штосьці суха шарганула па фюзеляжы, дробна застукала па левай плоскасці, успорваючы абшыўку. Ліда яшчэ не ўсвядоміла небяспеку, а рукі-ногі самі прымусілі “сямёрку” вільнуць. Яна імкліва азірнулася: па ёй зацята страчыла яе ж здабыча, зайшоўшы ў хвост.

Калі паспеў?! Правароніла, разява!

Слаўка, дзе ты? А-ах, адаслала ж!.. Ладна, глядзі за Глебам. Неяк сама...

Ізноў бясконцыя змейкі і петлі, ізноў спаўзаюць-спаўзаюць шчокі, толькі на гэты раз у прыцэле яна. Ды снарады гэтыя, чорт бы іх падраў! “Не ў час, не ў час, зусім не ў час!” – адстуквала кроў у скронях, пакуль Ліда мітусліва перакідвала самалёт з крыла на крыло, з аднаго неверагоднага манеўру ў другі, ад чаго яе раз-пораз адрывала ад сядзення, а макушка ледзь не краналася ліхтара (недагледзела ўсё ж падгонку рамянёў). А ад ручкі, педалей сябе не аддзеліш – суцэльны арганізм, ні стыку, ні шва, і ўвесь ён імчыць ад куль у надрыве ды на мяжы высілкаў. Бо немец трымаецца ўчэпіста, паўтарае кожны рух. Як жа выслізнуць, як вылузнуцца, калі няма нават часу, каб дыхаць?..

А ў эфір какафоніяй сыплюцца склады і гукі, з плыні якіх прарвецца часам што зразумелае, ды адляціць, паглынаючы тлумам. Галасы, галасы... Дзе сярод іх патрэбны? Ці мо зусім ляснуўся ў яго перадатчык?.. Лідзе не было калі ўсведамляць, што чакае яна голас адзін, той самы. Цяпер не з тым, каб абараніць, а з тым, каб папрасіць абароны. Усе мышцы зацінае страхам адчуванне мужчынскага позірку ў патыліцу, у якім голы разлік і насмешка майстра. І наколькі ж цісне і глушыць адзінота!..

У кабіне горача да адурэння. Бровы пацяжэлі ад поту, сэрца лупіць па рэбрах, твар вось-вось пацячэ, аплываючы, як воск. Да скулы прыліпла пасма, якую не адкінеш...

Паклікаць рабят? Наўрад ці пачуюць. Ды ім і так не да яе. Адна, адна: адарвалася ад вядучага і засталася без падтрымкі...

Ні падтрымкі, ні пушак. А знішчальнік – зброя нападу, не абароны.

“Дык нападай! Бяры сваю вышыню! Скараеш ці просіш падарыць?” – заявіў у ёй хтосьці жорсткі, як мама, і ручка кіравання слізганула ў вільготных раз’ятраных пальцах.

Кулакі ў ход? Немагчыма, Коль...

Але магчыма інакш?

Яна ўкусіла губу, пацверазеўшы ад болю, і ў апошнім адчаі ссунула ручку ўбок. Нябёсы крутнуліся, зверху навісла неабсяжная цёмная зелень лесу – і гайданулася насустрач “сямёрцы”.

Праскочыў міма шэры кашчавы сілуэт – нарэшце скінула “хвост”!!

Аднак страціла метры. Блага, блага... Набіраем хуткасць зніжэннем – і разваротам уверх.

Ага, павярнуў і наш умелец, ляціць выпраўляць памылку! Як, і страляць не страляе? Прыняў правілы гульні?

– Што, у лоб жадаеш? Будзе табе шчасцейка!.. Я Бяроза, іду ў лабавую! – яна ўціснула ў шыю ларынгафон, каб лепей успрымаў і перадаваў вібрацыю горла. Нервовым рухам пераправерыла нагрудны замок парашута.

Вось цікава: ці схапіўся за галаву Круглы, пачуўшы гэты выгук у эфіры?..

Сэрца гарачкава заходзілася ва ўдарах, нібы спяшалася адстукаць усе тыя, якія маглі больш не прагучаць.

Калі ён дасць чаргу ў лоб.

Калі яна ўпусціць момант.

Калі задума зламаецца.

А корпус “месершміта” рос – залішне хутка! Думкі пырхнулі сінічкамі і схаваліся...

...але ў апошняе імгненне ў іх уварваўся эфір:

– ...на таран!

Секунда, долі секунды: мільгнуў, пікіруючы, латаны савецкі самалёт (два з паловай шэрагі зорак), вінт ударыў па шэрым нямецкім фюзеляжы... Ліда на інстынктах ірванула ручку на сябе – рэзка ўверх, на вышыню! Пурпурнае сонца, як ад выспятка, адляцела ўніз і распалася на светлавыя плямы, абрынуўшы яе ў ільсняны змрок перагрузак. Вышэй, вышэй... Ды не паспела разамгліцца перад вачыма, як перагрузкі цялесна пайшлі на спад, і вось “сямёрка” больш не працінае паветра носам – яна губляе, губ-ля-е хуткасць... і, замёршы, цераз крыло завальваецца ў штопар.

Гэты элемент не мог лічыцца выключным. Як і ўсе, Ліда шматкроць штопарыла на вучэбным У-2, на баявым Ла-5... Зрывала самалёт і для трэніроўкі, і – радзей – выпадкова. Цяпер жа такі выпадковы зрыў быў як ніколі не да месца. У спіральным падзенні яна не магла, не мела сіл назіраць, як зямля пад вінтом робіць абарот за абаротам; яна ўся засталася ў  т о й   с а м а й   к р о п ц ы  і прагнула не ўбачыць  т о й   с а м ы   н у м а р  – каб ні латак, ні зорак, ні ліку “дваццаць”, ні сутыкнення, ні нават выгуку; адкруціць час назад зваротнай спіраллю і ўпэўніцца, што  н і к о г а   н е   б ы л о...

– Гэта нельга, ну слухайся! Вывесці зараз жа!! – нема крыкнула яна ці сабе, ці “сямёрцы”, а рацыянальная іскра свядомасці лічыла віткі.

Урэшце ў сумятні выстаўлены педалі і ручка – рулі падпарадкаваліся, нос пайшоў уверх, і “сямёрка” з дакорлівым гудам перайшла ў гарызантальны палёт. Ліда перадыху не дала: паклала яе на крыло, пасля на другое, таропка аглядаючы зямлю і паветра праз лёгкую воблачнасць, але бачыла толькі, як вецер разносіць касмылі дыму ды асыпаюцца з вышыні абгарэлыя абломкі.

Адчуўшы, што пачынае задыхацца, а рэчаіснасць робіцца нейкай плоскай і штучнай, яна рынулася ў мёртвую пятлю і скрозь ціск, пакуль над галавой пакрысе пракочваўся лясны масіў, абмацвала гэты масіў позіркам дрэва да дрэва – так здавалася ёй ад ненатуральнай дэталёвасці позірку.

Абмацвала і не ведала, што іменна шукае. Не знаходзіла, але і не шукаць не магла.

Замкнуўшы пятлю, рушыла была роўна, ды зноў легла на крыло, як бы не ў змозе адляцець. Не запамінала, не заўважала, што робіць. Застарэлы дзіцячы страх узяў яе ў абцугі і намаляваў замест лесу мохавы лапік, які разглядваеш у пошуках мурашоў, прысеўшы на кукішкі, але патаемна верыш у многія-многія кіламетры да яго.

– Не можа быць. Не бывае. Не... – дзесьці па-за прытомнасцю шаптала яна аднымі вуснамі, якія імкліва сохлі, нібы набрала ў рот мукі. Мукі або... крэйды? – Лепш бы я, я сама. Навошта... ён... Я хацела крылом. Усяго крылом па крыле... Крылом, чуеш ты?!! – яна сарвалася на крык.

Зрок дзіўна, тунэльна звузіўся, адсякаючы права і лева, як звузіўся калісь ад прабітай асколкам рукі. Вось толькі зараз нічога прабіта не было, прынамсі нічога фізічнага. Утрымліваць сябе... сілком узнімаць і апускаць грудзі... Удых носам, выдых ротам і зноўку ўдых – усё, што ёй засталося ў плоскім сусвеце, які страціў рэалістычнасць. Пад дробны стук зубоў выплывала цьмянае асэнсаванне, што яна аддзяляецца ад свядомасці і праз тое ператвараецца ў мішэнь, ды вакол не знаходзілася апоры. З натугай заганяй паветра ў лёгкія. І выдыхай. І рабі новы ўдых...

– “Пяць два”, сядзеш, курс на прагал.

У бясконцасці да выдыху здалося, што навушнікі размаўляюць з ёй. Бо пяць плюс два – сем. Аднак голас... Чый?

– Сядзеш, “пяць два”. Прагал. Трымай роўна.

– Бачу прагал! Бачу, сяду! Але я... кха... я не...

– Сядай. А я хутка.

Гэтая інтанацыя, нягучная, стрыманая, вельмі выразная на кантрасце са зрывістай, зрушыла нешта ў Лідзе. Яна ўлавіла, што далёка-далёка – у боце – збілася ануча, націраючы мезенец. Гэты просты боль уключыў яе. Услед за мезенцам адчувальнасць вярнулася да стоп, якія варухнуліся на педалях, да пальцаў правай рукі ля бескарысных гашэтак. Занылі плечы, сціснутыя ўвесь вылет напружаннем. Слізгануў па сухіх вуснах сухі язык... А позірк сфакусаваўся на пагрозлівым вострым сілуэце знішчальніка вышэй за кабіну.

– Не трэба, не зараз... Дай мне... уцяміць!

Ёй насустрач жахнулі чэргі, куля драпнула плоскасць... Сілуэт нешта ўздрыгнуў сам і праскочыў убок ды ўніз. Чыйсьці “лавачкін”, які зрэзаў ворага раней, чым пацярпела “сямёрка”, ухіліўся і пайшоў уверх. На фюзеляжы васьмёрка і нуль – нуль пры знаку бясконцасці. А Ліда... Ліда ўсвядоміла моцны свой крэн, у які ўваходзіла ўсё глыбей і страшней. Правая плоскасць цаляла ў ружова-аранжавае неба, за левай жа ўскінуліся і бліжэлі хвоі, пашыхтаваныя ўздоўж ракі...

– Трасца!!

Рванулася, выраўняла, пранеслася над самымі вершалінамі, якія былі сюррэалістычна-прыгожа падсвечаны захадам. “Ледзь не забілася”, – тупа сказала сабе. Пачала набіраць вышыню, пакуль канечнасці слухаліся мозгу, і праскочыла бязлесны прагал унізе – вузкі-вузкі, наўрад ці ўшчэміш самалёт. Або ўшчэміш так, што зачэпіш плоскасцямі хвоі з аднаго боку і хмызняк з другога. Ды самалёт там быў і якраз палымнуў выбухам, агонь узвіўся па ствалах. Ліда выкруціла галаву, спрабуючы разгледзець, але прамчалася імкліва і не ўхапіла нічога, акрамя агню.

“Не думай. Не думай. Проста ляці. Ляці і ўсё, – паўтарала яна сабе, каб толькі не перагрузіць свядомасць, каб ізноў не выслізнуць у паніку. – Педалі, ручка. Ляці і ўсё...”

– Ляцім, усё! Падлятаем. Бачым вас, трэцяя, – стомленым рэхам адгукнуліся навушнікі, і Ліда спатыкнулася на думцы, ці не сказала ўслых.

Іншы голас прабурчаў:

– “Юнкерсы” болей згаворлівыя былі...

– Нічога, і гэтыя паскуды ляснуцца!

Галасы першай эскадрыллі? Адкуль яны тут? Ліда памацала позіркам і з туманна-мутнай палёгкай знайшла ў тым баку, дзе блакіт па-вечароваму цямнеў, некалькі кропачак Ла-5. За адной далёка расцягнуўся дымавы хвост. Мо і праўда ганялі яны дзесь бамбардзіроўшчыкі, пакуль трэцяя працавала са знішчальнікамі?

З’яўленне новых праціўнікаў дадало хаосу. Падляцець і ўступіць у бойку яны не паспелі, але два “месеры” ў мітусні сутыкнуліся, рухнулі – усё хутка, па-дурному і неяк несапраўдна. Успухлі купалы парашутаў, пачалі апускацца бадай што побач, бы вядучы і вядзёны працягвалі трымацца адзін аднаго.

Каторымі ліквідаванымі яны былі, Ліда не цяміла: пасля першых атак стала немагчыма кагосьці лічыць. Тым больш яна не была здольная лічыць зараз, пакуль праходзіла над двума шаўковымі купаламі – проста каб зрабіць нешта механічнае, каб аддаліць усведамленне праўды. Каб як даўжэй нічога не адчуваць...

– Што ў вас там, чаго прыціхлі?! А ну прэч адтуль зараз жа! – праскрыгатаў эфір з нечуванай раз’ятранасцю. – Усе самагубцы – куляй дадому, каб вас чэрці дралі! За гаручкай сочыце, не?!

І штосьці такое ўлавіла Ліда ў гэтым голасе, штосьці новае, што ніколі не належала камандзіру палка (а можа, так да яе прыходзіла здольнасць гэта ўлоўліваць), што тут-та яна і ачомалася. Паспешліва зірнула на паказальнік гаручага, на гадзіннік. Супаставіла з адлегласцю да аэрадрома, якую больш-менш прыкінула. Давай жа, азірайся, шукай эскадрыллю! Прыстройся ну хоць да каго-небудзь старшага! Яна сціснулася ад раптоўнага спалоху, бо начыста перастала ўяўляць, хто з ёй у групе. Сутаргава праглынула гэты спалох, заазіралася хутчэй. Прыкмеціла, як са зніжэннем аддаляюцца вастраносы сілуэт там, вастраносы сям – анягож, не даспадобы ў меншасці... Шукала яна не гэтых.

Чаму ніхто не склікае групу? Вяртацца адной? У вялікім баі яна не бывала і не ведала, чым ён мусіць заканчвацца...

І тут здагадка ўдарыла яе па макушцы. Выбліснулі ў бязладдзі пачуццяў шок, разгубленасць і яснасць – наўрад ці надоўга, але вельмі своечасова.

Ларынгафон ізноў пад нявернымі пальцамі. Секунда-прамаруджанне (але толькі секунда), і ён ізноў упіваецца ў шыю.

– Збор, збор, ідзем дадому! Я Бяроза! Усе, хто ёсць... Усе да мяне і дадому!

Глыбока заклікальна паківаць крыламі “сямёркі”. Таропка глянуць на лес, вычапіць характэрны выгін ракі, якая так заблытала ўдзень. Павярнуць да аэрадрома, ведаючы, што гэты курс правільны. Прыстроіцца неўзабаве да “лавачкіна” з васьмёркай і нулём, што ідзе тым жа курсам, і заўважыць, што ён саступае ёй месца вядучай. Саступае раней, чым яна пазнае ў ім Сашу. Узняцца вышэй разам, убачыць яшчэ адну пару, дзе вядучы “дзевяноста шосты” ідзе няцвёрда, а вядзёны “дваццаць пяты” пры ім – роўна-спагадліва. Убачыць і злучыцца ў звяно, у якім Ліда апынаецца першай.

Больш за ўсё яе ўразіла, што Глеб не выйшаў з бою. Хаця было яму відавочна блага. Яго знішчальнік упарта намагаўся захаваць пазіцыю між Сашавым і Слаўкавым, але запазняўся мяняць кірунак і вышыню і, быццам таго мала, валіўся на крыло. Галава за прабітым ліхтаром часцей хілілася, як падчас дзяжурства на старце, нібы здабывала сілы. Выглядала, што Глеб пратрымаўся дасюль за кошт вопыту – працягваў круціцца побач, дапамагаў эскадрыллі прынамсі колькасна, – а цяпер здаваў.

– Снежань, выпадаеш, як справы, Снежань? – у Ліды аж па старой памяці пачало зводзіць руку – левую, загоеную.

– Выпаду – зведаеш. Болей прыкалупвайся! – раздражнёна хрыпеў эфір.

Хрыпеў – і добра.

Бо вярталіся яны ўчацвярых.

Чырвань захаду разгарнулася на паўнеба, запалала, як барва штор з нядаўняга сну. Рака ярка-залатой падсвечанай ніткай адпаўзала ўбок, а з лесу, пакінутага ззаду, раслі дымавыя слупы. Ліда трымалася дарогі і амаль таго не заўважала: заўважала яна кожнага з ёю і кожнага адсутнага, як пачала заўважаць адсутнасць Зелянкоўскага з Ігнатам, калі яны сышлі. Не, нашмат раней. Яна выразна адчувала ўсіх у абодвух звеннях яшчэ тады, калі бой ледзь маячыў наперадзе. Адчувала нават  н а   з я м л і.  Абсурд: хто такая Ліда, каб умець улічваць усіх і каб пра ўсіх памятаць?

Якая розніца... Яна хацела сабраць усіх – і ўсё роўна не змагла.

На подступах да аэрадрома ляжаў у полі “чортаў тузін” – зямля была ўзараная чорнай паласой, але без прыкмет выбуху. Вакол шнырылі людзі, як мурашы вакол жука, а ў бок лётнага поля аддалялася палутарка.

Нейкія паўкіламетра не дацягнуў Мацей Васіліч. І ўсё ж пасадзіў.

Тут ажылі навушнікі: на КП ужо бачылі звяно. Аднак жывасці ў голасе было мала.

– Усім ісці на круг. Снежань, на пасадку. І... першая, хто ў вас дыміць?..

Ліда настолькі засяродзілася на трэцяй эскадрыллі, што пра першую забыла. А першая тым часам вярталася таксама, крыху зводдаль і вышэй. Пакуль абедзве групы абляталі аэрадром па перыметры і выстройвалі заход па правілах, селі тыя, каму гэта было патрэбна тэрмінова. Вось нязграбна стукнуўся коламі аб паласу “лавачкін” Глеба, падскочыў, стукнуўся зноў, зноў... Ліда курчылася, адчуваючы ўдары ўласным целам. І толькі пасля таго, як ён марудна, нібы паўсонны восеньскі чмель, адпоўз да ўзлеску, яна павяла на пасадку Сашу і Слаўку.

На месцы стаянка, Віктар даўно падняўся насустрач. Засталося рух за рухам выключыць матор, адкінуць паслухмяны ліхтар, сцягнуць шлемафон. Змучана схаваць гарачы твар у далонях... Пад павекамі быццам адціснуўся празрысты паўкруг вінта, а за вінтом мільгацелі нязвязныя вобразы бою, і праз сумятню ўражанняў ясней, танчэй адчувалася, як ветрык перабірае вільготныя ўскудлачаныя валасы. Ані думкі, ані ўцямнага жадання – размераныя штуршкі крыві ў скронях, і трапяткое пацепванне веек па скуры, і перашэптванне бяроз...

Віктар, занепакоены тым, што яго лётчык не выходзіць (у трэці раз за гэты бясконцы дзень), сунуўся да кабіны. Без пытанняў расшпіліў прывязныя рамяні, вызваліў Ліду ад лямак парашута, працягнуў руку. Яна паглядзела на яе, схапілася за яе і з намаганнем вырвала сваё цела з сядзення, прымусіла пералезці на плоскасць, усю ў свежых кулявых прабоінах.

Ледзь адступіла ад “сямёркі” – наляцела на Слаўку.

– Ты скажы толкам: што там хоць было? – тарашчыўся ён, змакрэлы, бы не ляцеў, а бягом шлях туды і назад адмахаў. – Па радыё – “лабавая”, “таран”, чорт разбярэ! Азіраюся – самалёты па запчастках...

Побач – Саша з застылымі пацвярдзелымі рысамі, з-пад шлемафона выбілася зблытаная чупрына. Маўчаў ён адчувальней за любыя Слаўкавы пытанні.

Ліда пераводзіла мутны позірк з аднаго на другога, і больш за ўсё ёй хацелася ўпасці тварам у падушку і схавацца ў непрабудным сне. Ні ўспамінаў, ні пачуцця віны, ні дзвюх пар вачэй, у якіх плёскаецца чаканне.

Чаго яны сцягнуліся да яе? Хто яна ім – камандзір?

Зрэшты, дакладваць усё роўна ёй...

Вобмацкам знайшла на бядры планшэт, узняла мапу да невідушчых вачэй. Пярэстую і абсалютна незразумелую. Памкнулася ўсвядоміць, што ж яна ўвогуле збіраецца па ёй спраўдзіць.

– Дзе... маё звяно збіла першага? Не памятаю...

Яны сышліся, сталі ўтраіх над яе планшэтам у прыцемку, які патроху накрываў узлесак. Пакуль Слаўка напружана зводзіў бровы, Сашаў палец замёр, а пасля ўткнуўся ў адпаведны квадрат.

– Дакладна... – Ліда выдыхнула, пачаўшы арыентавацца. Мапа перастала выглядаць бессістэмным наборам ліній і плям. – Значыць, вунь там збіла я. І зрабіла круг над лесам. Дзесьці тут кружыла таксама, калі... пасля таго як... – горла не дало вымавіць.

Слаўка зморшчыўся, крутнуў галавой:

– Не бачыў. Па сутнасці, не. Нас з Глебам якраз правей адцягнулі і... Ці лявей?.. А, халера, неістотна! Я толькі памятаю, што чуў эфір і азірнуўся. А раней лупіў міма фрыца пад гэткім вось ракурсам. Усё. Яшчэ... яшчэ памятаю, што твой фрыц сто адсоткаў упаў. І ўпаў той апошні, што паліў у цябе. Ну якога з лёту Гнядаш чыкнуў.

Ліда ўсё трымала палец на фатальным квадраце, які нібы азываўся сэрцабіццём, і прапусціла апошнія фразы.

– Хто ўпаў? Парашутысты?..

– Не. Парашутысты – тут, – Слаўка пастукаў па мапе, і Саша кіўком пацвердзіў.

– А, згодная. Я ж сачыла таксама. Але тады... – Ліда нахмурылася, паспрабавала суаднесці сказанае з убачаным, якія пачалі разыходзіцца. – Чакай! Дык падбіты Сашам упаў? Дзе ўпаў? Дзе прагал і хмызы?

– Далей, сярод лесу. Там! – Слаўка без сумневаў тыцнуў месца.

– А хто ў прагале? Я ж бачыла выбух! Роўна пад сабой бачыла!

Яны перазірнуліся, знянацку зразумелі адказ па вачах адно аднаго – і сцярожка ўтаропіліся ў Сашу. Той міргнуў, зразумеў сам і пастражэў тварам.

– Ён  м у с і ў  сесці! – сказаў адрывіста, з напятымі вужлакамі. Развярнуўся і шпарка пайшоў ад іх прэч.

“Там не сеў бы ніхто, тым больш Арцём!” – хацелася Лідзе крыкнуць яму ў спіну, а атрымалася выціснуць:

– Дзякуй.

Васьмёрка з нулём не толькі збіла той самы “месершміт”. Яна голасам выцягнула Ліду з панікі, не ведаючы гэтага.

Аднак па справядлівасці трэ было дазволіць немцу расстраляць яе чэргамі ва ўпор.

Бо сваімі бязглуздымі ўчынкамі яна забіла камандзіра. І павінна гэта ўрэшце прызнаць.

Цэлае жыццё таму на гэтым самым месцы ён падсадзіў яе ў самалёт – яна дагэтуль адчувае тое кароткае дакрананне. Папрасіў не дурыць... А потым убачыў яе небяспечную дурноту, адзіную магчымую пры раскладзе, у які яна сама сябе загнала. І, можа быць, не зладзіў з перадатчыкам. І, можа быць, сам больш не меў боекамплекта. І ўсё роўна не мог не ўмяшацца.

Яе занудзіла, вецер да дрыжыкаў выстудзіў спіну ў мокрай гімнасцёрцы. Аслабелыя рукі апусціліся разам з планшэтам. Занадта блізка была пустая стаянка, занадта востра ўсведамлялася тут адсутнасць таго, каго яна баялася цяпер нават назваць.

– Лід?

У сцішаным голасе Слаўкі было так шмат, што яна зразумела: паварочвацца не будзе і ў вочы яму глядзець не стане.

– Усё, разабраліся. Я да Круглага...

На ватных нагах брыла яна ўздоўж стаянак, брыла на КП як на эшафот. Ногі ўвабралі ўвесь дзённы цяжар – усе тры вылеты і ўсё пачуццё страты. І ніводны чалавек з тых, хто вакол рыхтаваўся ставіць латкі, чысціць пушкі, даглядаць маторы і электраабсталяванне, просячы падсвяціць, хто аддаваў каманды і хто каманд слухаўся, – ніводны з іх усіх не быў здольны гэты цяжар зразумець.

Наўрад ці разумелі і лётчыкі, чыя служба была скончана да наступнага светлавога дня.

– На, ты забыла.

Хто гэта? Коля? Працягвае ёй нешта, глядзіць пытальна. Яна таксама глядзіць пытальна. Доўга і тлумна спрабуе ўцяміць. Потым усё ж забірае з яго далоні аловак і бяздумна кладзе ў кішэню. Рушыць далей.

Вось ля стаянкі Глеба машына з чырвоным крыжам. Сам Глеб, упіўшыся ў барты самалёта, з гырчаннем выпіхвае няўклюдную правую нагу. Рамень перахоплівае яе жгутом, па калашыне распаўзлася вялізарная цёмная пляма. Вочы ў яго такія страшныя, што санітары не адважваюцца дапамагчы, толькі падстрахоўваюць. Але здагадлівая медсястра, шаснуўшы на плоскасць, лысаватую без абшыўкі, схіляецца вызваліць планшэт, які за нешта зачапіўся.

Аказваецца, Ліда цягне ўласны планшэт па зямлі за раменьчык, хаця не памятае, каб здымала з пляча.

Узняць?

Не бачна сэнсу. Няма і сіл.

Вось палутарка з вячэрай для тэхнароў, якія спозняцца ў сталовую ці наогул туды не трапяць.

Вось Ігнат сутулаватым скаваным шастом на фоне неба. Яўна пераймаецца пытаннем, ці не абавязаны быў вярнуцца ў бой.

Вось побач з ім шэры, змярцвелы Зелянкоўскі, які, вядома, заўважыў адсутнасць двух самалётаў. Глядзець на яго немагчыма, невыносна... Ён робіць да Ліды няпэўны крок, але яна валачэцца міма, схаваўшы позірк.

Вось камэск першай эскадрыллі заканчвае дакладваць Кругламу і адыходзіць, выцягваючы папяросы. Чамусьці ківае ёй напаследак.

А вось і Круглы ля самай зямлянкі, да якога яна ўсё-ткі дайшла і якому трэба гаварыць нешта афіцыйнае.

– Таварыш п-падпалкоўнік. Заданне выканалі. Дазволіце... далажыць?

Яна вымаўляла гэта ў нейкім замарачэнні і разумела, што на ёй няма галаўнога ўбора, што словы знайшліся і скончыліся, што адказу Круглага яна не чуе, а ўзняць вочы не можа: яе нібы ўцягвае ў калодзеж, усё глыбей і глыбей, дзе яна зліваецца з прыцемкам і робіцца бесцялеснай, а далёка ўверсе мігціць нябесны лапік, які хутка згасне ад насунутай накрыўкі.

Пакуль ён не згас, яна мусіла дасказаць.

– Я бачыла, што мы збілі тры “месершміты”... Над нашай тэрыторыяй. Пра чацвёртага сведчаць хлопцы. Яшчэ два ўпалі таму, што сутыкнуліся... Проста сутыкнуліся. І ўсе бачылі іх парашуты. Дакладней, усе, хто быў...

– Дзе Варонін? Дзе Дубоўка?.. – даляцеў да яе ў рэшце рэшт голас Круглага, нібы з паверхні зямлі, адбіваючыся ад гулкіх калодзежных сценак.

За ім даляцеў голас Слаўкі (адкуль ён тут?), рука кранулася пляча:

– Не трэба, Лід! Давай мы самі, а? Ты спалатнела – жах, так нядоўга і самлець!

Яна адштурхнула яго руку, сіпла працягнула:

– Вароніна быццам падбілі... Няўдалая пасадка быццам. А Дубоўка... Я думала – у лабавую, думала, што я ўсё сама, па крыле. А ён... апярэдзіў і... вінтом. Новік пацвярджае падзенне абломкаў...

– Пацвярджаю, – прыбіта мовілі з-за спіны.

– Абломкаў? Варожых таксама?  Т о л ь к і  абломкаў? – Круглы раптам насунуўся, схапіў Ліду за локці: – Хто што бачыў? Ці быў парашут? Што менавіта адбылося пасля тараннага ўдару?

Яна ўздрыгнула, убачыла блізка яго зеленаватыя вочы, жывыя чалавечныя вочы – не халодныя, не адчужаныя, – якія трывожна чакалі адказ. І ў свядомасць нібы ўліўся глыток паветра: у зацьменні прасвятлела, да цела вярнулася адчуванне матэрыяльнасці. Нават да сцёртага мезенца нагі.

– Н-не ведаю, я перацягнула ручку, потым зрыў у штопар... Вывела як хутчэй, ну вельмі спяшалася, але як змагла бачыць – не ўбачыла. Кружыла, глядзела... Не ўбачыла.

Круглы колькі секунд узіраўся ў яе, сканцэнтравана і настойліва. Не дачакаўся працягу – адышоў, расціснуўшы рукі. Яна па інерцыі павярнулася ўслед, як у шчымлівым спадзеве на далейшую чалавечнасць, і ўткнулася позіркам у Зелянкоўскага, які закрыў твар рукамі.

Яны ўсе выракуцца яе. Выракуцца зараз і назусім. Яна заслугоўвае гэтага. Заслугоўвае, каб мацнелі зябкія дрыжыкі. Каб вузел у грудзях туга, балюча закручваўся, выціскаючы здольнасць дыхаць. Каб зацьменне самкнулася.

Столькі сказаць яму не паспела. Столькі слоў заселі ў горле – і душаць.

– Нічога не ясна. Нічога. Такая рызыка, ён не стаў бы... Ляцець трэба! Кожны метр абшнарыць! – рашуча адсек Круглы. Ажно фуражку зняў, гатовы сарвацца з месца.

– Цямнее, не разгледзім зверху, – нясмела падаў голас Зелянкоўскі.

– Цямнее... І што ж, чакаць? Варажыць на картах? Чытаць па зорах? – агрызнуўся Круглы. Прыкра надзеў фуражку, выдыхнуў перарывіста і скрушна. – Таран даўно не ў модзе...

Лідзіну далонь тым часам намацала цёплая далонька Сцешы і ўсунула нешта папярова-мяккае, падатлівае.

– Лід, слухай, я хутка, мне да “сямёркі” трэба. На' вось, трымай, тэхнары на ўзлётцы знайшлі! Вецер жа быў, паразносіў усё, а яны і перахапілі. Я – да іх, значыцца...

Пакуль яна лапатала дзелавіта і ўрачыста, Ліда перавяла позірк на мяты канверт, спрабуючы зразумець хоць што-небудзь праз атупенне, якое накрыла яе і не адпускала. Пальцы, ратуючыся звычкай, адарвалі край і выцягнулі аркуш, дзе па клетках роўным ланцужком беглі словы. Вочы не чыталі, вочы выхоплівалі: “таксама ў эвакуацыі”, “Коля напісаў”, “Мама”.

– А я кажу: лётчыца мая – то і аддайце мне, папера важная... Ой, божухна, што?!..

Гэта быў перабор: Ліда зрабіла некуды крок, яе павяло... Зацьменне, праглынуўшы свядомасць, змусіла свет хіснуцца, а святло – згаснуць. Але разышлося ад дотыку вялікіх рук, што ўтрымалі за плечы.

– Сядзем, Жучок? Сядзем-сядзем... Жывучая дзяўчынка...

Яна адчула пад сабой лаўку і ўперлася аберуч у гладкае габляванае сядзенне. Пачула, як Сцеша апусцілася побач наўколенцы, як завуркатала, загаворваючы больш уласную боязь:

– А вось зараз мы планшэт паднімем, ліст прыхаваем – і будзе ўсё слаўненька, усё на месцы...

– Малайчына, што прывяла групу. Чуеш мяне? Гэта тое, што і было трэба, – цвёрда прагаварыў над ёю камандзір палка. – Не зберагчы кожнага. Прывесці групу! Усё, што было трэба.

Нехта перадаў Сцешы шклянку, Сцеша перадала Лідзе. Тая ўхапіла, пазнаўшы тактыльна грані, сутаргава глынула раз, другі, падавілася, надоўга зайшлася кашлем. Ледзь не спустошыла страўнік, пусты і без таго. Зноў прыпала да шклянкі, цяпер пазнала ваду і агромністымі глыткамі дапіла амаль да дна. Што засталося – плёснула ў далонь, з сілай расцерла па твары. І першае, што ўбачыла, калі аддыхалася і зміргнула кроплі, – чыюсьці самотную фуражку на століку сувязіста.

– Прымай эскадрыллю, Мацей, – глуха сказаў Круглы і пакульгаў да зямлянкі.


(працяг будзе)


Рецензии